Вы тут

Мінск не спіць


Ва ўнутраным дворыку Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура ў Мінску пры падтрымцы праекта Cinemascope і Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў праходзіць IX фестываль нямога кіно і жывой музыкі «Кінямо». Як заўсёды, арганізатары падрыхтавалі цікавую і вельмі разнастайную праграму. Стужкі розных жанраў і розных краін аб’яднаны дзвюма агульнымі характарыстыкамі — гордай нематою і вытрыманасцю часам. З запланаваных пяці паказаў чатыры ўжо мінулі, таму спяшаемся падзяліцца з вамі ўражаннямі.


Кадр з фільма «Сем шансаў» (1925).

Нямыя фільмы

Афіша мерапрыемства па традыцыі вызначае наперад яго праграму. Сёлетні фестываль стартаваў фільмам «Сем шансаў» вялікага і непераўзыдзенага амерыканскага рэжысёра, класіка сусветнага кінематографа і легендарнага камедыянта Бастэра Кітана. Абаяльны кадр з трыма галоўнымі героямі, якія, седзячы на траве, паўтараюць кампазіцыю вядомага будыйскага сімвала Сандзару (нічога не чую, нічога не бачу, нічога не скажу), увенчвае сабой афішу і задае танальнасць для ўсяго паказу.

Дарэчы, без коміка Бастэра Кітана, які гулліва звесіў ногі на лагатып мерапрыемства, не абыходзіцца амаль ніводны сезон «Кінямо». Фільм адкрыцця «Сем шансаў» — адзін з найцікавейшых прыкладаў акрабатычна-цыркавога кінематографа гэтага віртуознага міма. Сюжэт карціны, як і дадзены пасаж, да камічнага просты: маладому чалавеку на грані банкроцтва далёкі родзіч пакідае неймаверную грашовую спадчыну… Пакідае, але з адной умовай: спадчыннік павінен быць жанатым. Па ўсіх правілах вострасюжэтнай драматургіі тэрмін здзелкі заканчваецца ў той жа дзень!

Як кажуць, панеслася! Дзяўчына галоўнага героя, само сабой, упарціцца, незнаёмкі адразу не гараць жаданнем выходзіць замуж, а час прыціскае… Напрыканцы, калі ўвесь горад даведаецца, які выкуп чакае шчаслівую нявесту, велічэзная калона маладых жанчын у шалёным парыве рванецца наўздагон абамлеламу герою. І ўсё гэта — у ліхаманкавым тэмпе дзёрзкага, неканвенцыянальнага кіно першай паловы XX стагоддзя, яшчэ не абцяжаранага фармальнымі канонамі і больш падобнага да стыхійнага балагану.

Такая дураслівая і злёгку інфантыльная інтанацыя вызначае большасць фільмаў актуальнай праграмы. Гэта, вядома, ніякім чынам не адбіваецца на вартасці карцін. Ад эфектных выбрыкаў французскага авангардыста Рэнэ Клера ў фільмах «Парыж заснуў» і «Антракт» да сюррэалістычных эксперыментаў Луіса Бунюэля ў «Андалузскім сабаку»; ад камедыйных паваротаў кітанаўскіх «Сямі шансаў» да абстрактных «дзівацтваў» Мана Рэя ў стужцы «Пакіньце мяне ў спакоі» — паўсюль адчуваецца той дзіцячы запал першых кінематаграфістаў, з якім пакараліся імі прасторы маладога мастацтва.

Кадр з фільма «Кабінет доктара Калігары» (1920).

Жывая музыка

Нельга не згадаць, што ўсе кінапаказы суправаджаюцца жывой музыкай, напісанай наўмысна для іх! Толькі ўявіце, месяцы працы, адна- або дзвюхгадзінныя партытуры для некалькіх інструментаў — і ўсё дзеля разавага жывога выступлення на пацеху публікі! З аднаго боку, несучасны, непрактычны падыход, які, тым не менш, вельмі падкупляе. А з іншага — чым гэта не метафара самога кіно? Высілкі соцень людзей, агромністыя рэсурсы і грашовыя сродкі канвертуюцца ў выніку ў паўтары-дзве гадзіны сядзення ў цёмнай зале, у паўтары-дзве гадзіны глядацкага баўлення!

Тут дарэчы будзе ўспомніць гісторыю «амузычвання» нямых кінастужак. Увогуле, нямым фільмам жа заўсёды акампаніравалі музыканты, гэта абавязковая частка любога тагачаснага кінапаказу. Прычым нярэдка бывала так, што адзін і той жа твор у розных кінатэатрах ішоў пад розную музыку. Гэтую вытворчасць спрабавалі манапалізаваць: аўтары кінафільмаў пісалі або замаўлялі акампанемент для сваёй карціны. Скажам, славуты Чарлі Чаплін, чалавек-аркестр, для многіх сваіх стужак напісаў і суправаджэнне. Але істотна на сітуацыю яно не паўплывала.

У выніку сёння маем бясконцыя спрэчкі аматараў рэтракінематографа наконт таго, які «саўндтрэк»  кананічны, а які больш пасуе той ці іншай карціне.

Часам бываюць і адваротныя сітуацыі: спрачацца няма аб чым, бо да фільма не захавалася ніводнай партытуры. У такім выпадку вельмі да месца сучасныя кампазітары з іх ідэямі. Некаторыя стужкі на правах класікі, якая не старэе, увесь час падлягаюць новым музычным інтэрпрэтацыям. Трэба сказаць, карціны з такім статусам годна глядзяцца ў суправаджэнні як арыгінальных гукавых дарожак, так і новапрыдуманых варыяцый на тэму.

Музычныя кінапаказы ў дворыку дома па адрасе Азгура, 8 — працяг даўняй традыцыі акампаніравання «ціхіх» фільмаў і спроба яе асучасніць. Да супрацоўніцтва запрошаны кампазітары з Беларусі, Польшчы і Германіі. Заўсёднікі «Кінямо» — выканаўцы Five-Storey Ensemble і творцы-складальнікі Віталій Эпаў ды Вольга Падгайская, пастаянныя партнёры фестывалю, — таксама на месцы. Беларускія эксперыментатары ад свету акадэмічнага музіцыравання, яны з вялікай адказнасцю ставяцца да справы пастаноўкі голасу старым кінакарцінам.

У суправаджэнні да фільма «Парыж заснуў» 1923 года артыстамі быў выкарыстаны надзвычай рэдкі электрамузычны інструмент тэрменвокс, амаль равеснік карціны. Пад акампанемент тэрменвокса прайшлі ўсе дваццатыя. Асабліва палюбіўся ён авангарду як найлепшы адпаведнік эпохі, які арганічна спалучае тэхналогію і мастацкі патэнцыял, спараджаючы музыку, што выразна адгукаецца ў сэрцы сучаснага чалавека. Ігра на гэтым інструменце больш падобная да шаманскага рытуалу заклікання добрага надвор’я. Уласна кажучы, выканаўца Арцём Атрашэўскі і займаўся гэтым перад сеансам.

 Кадр з фільма «Парыж заснуў» (1923).

Свежае паветра

Усе кінапаказы адбываюцца пад адкрытым небам ва ўтульнай атмасферы дворыка майстэрні Заіра  Азгура. Як абяцаюць арганізатары, летні кінатэатр будзе працаваць і ў дождж, і ў спёку, не зважаючы на пагодныя ўмовы. Тым больш не трэба непакоіцца, калі ў працэсе бярэ ўдзел тэрменвокс. Ва ўмелых руках гэтае прыстасаванне магіяй электрамагнітных хваляў разгоніць любыя хмары. А яшчэ лепш з гэтай задачай спраўляюцца самі фільмы, бо ад іх часта немагчыма адарвацца. Успомнім той жа «Парыж заснуў» рэжысёра Рэнэ Клера…

Фільм адчуваецца як «свежае паветра» (нават на фоне сучаснага кіно), ды і ў змесце зашыты матывы бунтарства і асвяжальнага брызу гарэзлівасці. Стракатая група герояў раптам адкрывае, што ўсе парыжане, а, магчыма, і ўсе людзі на планеце, акрамя іх, застылі ў нейкім летаргічным сне. Доўга не думаючы, яны вырашаюць, што для жыцця дастаткова і адно аднаго, і разам пачынаюць пракудзіць і весяліцца. Купанне ў гарадскіх фантанах, дробны і не надта крадзеж, гульні і выпіўка на вяршыні Эйфелевай вежы ды ў шыкоўна абсталяванай каморцы з «Монай Лізай» на сцяне…

«Парыж належаў ім», — даводзіць інтэрцітр. Канешне, потым героі ачомаюцца і зразумеюць, што без людзей сумна, і ўсё іх новапрыдбанае багацце не мае сэнсу пры такіх абставінах. Яны пачнуць шукаць спосаб вылечыць свет, раскрыюць прычыну катаклізму і г. д. Але цяпер гэта ўжо няважна. Трапна падабраныя жартаўлівая і гуллівая інтанацыі, якія распальваюць у грудзях агонь падлеткавай бесклапотнасці, саграваюць лепш, чым плед, абавязковы на падобных open-air мерапрыемствах.

Відаць, тое ж самае адчуваюць і наведвальнікі фестывалю, бо, як ні дзіўна, людзі прыходзяць сотнямі (літаральна!). Сярод 250 запланаваных месцаў занята ў сярэднім… Як думаеце, колькі? Ажно трыста! Квіткі распрадаюцца задоўга да пачатаку ўласна сеансу, а перад самім кінапаказам да касы выстройваецца чарга ў спадзеве займець які-небудзь вернуты квіточак або неяк дамовіцца і купіць праход, каб сядзець хаця б на зямлі. Самае ж уражлівае заключаецца ў цане аднаго месца — за права прысутнічаць трэба аддаць 15 рублёў! Гэта неверагодны поспех у сённяшніх умовах!

Неверагодны, але цалкам заслужаны! Заўважна, што арганізатары стараюцца, робяць сваю справу  з любоўю і ўвагай, атрымліваючы ад гэтага асалоду і, што заканамерна, удзячную аўдыторыю. Відаць, з якой гордасцю супрацоўнікі музея расказваюць аб такім вялікім попыце, як ветліва яны сустракаюць новых людзей. Іншымі словамі, фестываль «Кінямо» — узор для арганізатараў кінаімпрэз, дзе сышлося літаральна ўсё: добрае надвор’е, сыграная каманда, клапатлівае кіраванне, цудоўны рэпертуар і, нельга не ўлічыць, адкладзены попыт кінааматараў.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».