Вы тут

Ад чаго залежыць дабрабыт малых гарадоў?


Дабрабыт малых гарадоў залежыць ад паспяховасці прадпрыемстваў.​ Гэта дэманструе Любанскі раён, дзе, нягледзячы на складаную сітуацыю, пандэмію каранавіруса, прадпрыемствы знаходзяць новыя рынкі збыту, паляпшаюць сваё фінансавае становішча, а значыць, і дабрабыт жыхароў раёна ў цэлым і сваіх калектываў у прыватнасці. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на Любаншчыне і сустрэлася з кіраўнікамі суб'ектаў гаспадарання.


Лес не высякаецца бескантрольна

Першы прыпынак — «Любанскі лясгас». Мяне сустрэла начальнік пітомніка Валянціна Скрыган.

— Наша асноўная мэта — вырошчванне сеянцаў лесаўтваральных парод, тых саджанцаў, якія неабходны для аднаўлення лесу: сасна, елка, дуб, бяроза, вольха, лістоўніца, ясень, ліпа дробналісцевая. Яшчэ адзін кірунак — вырошчванне дэкарытыўна-пасадачнага матэрыялу. Невялікая яго частка выкарыстоўваецца для азелянення лясніцтваў Любанскага лясгаса. Усё астатняе рэалізоўваецца камунальнікам для ўпрыгожання населеных пунктаў, а таксама прыватным асобам. І не толькі Мінскай вобласці, але і Гомельскай, Гродзенскай, сталіцы. Усяго лясніцтва вырошчвае больш чым 100 відаў дэкаратыўных раслін, — кажа гаспадыня зялёнага царства.

У пітомніку шмат рэдкіх раслін, назвы якіх, упэўнена, чуў не кожны. Напрыклад, паўлонія, піраканта, мядзвежы арэх, цюльпанавае дрэва... У спажыўцоў найбольшым попытам карыстаецца туя заходняя. Менавіта дзякуючы дэкаратыўным культурам пітомнік зарабляе і працуе з прыбыткам. Мінулы год выручылі больш як 302 тысячы рублёў, у тым ліку 270 тысяч ад продажу дэкаратыўна-пасадачнага матэрыялу. Акрамя таго, летась пітомнік вырасціў больш
за сем мільёнаў сеянцаў лесаўтваральных парод метадам закрытай каранёвай сістэмы, які забяспечвае добрае прыжыванне саджанцаў.

— Гэта толькі здаецца, што лес расце сам па сабе. Да таго, як пачала працаваць у лясгасе, я таксама гэтак думала, — напрыканцы экскурсіі сказала Валянціна Скрыган. — Насамрэч за зялёнымі густымі лясамі стаіць цяжкая і карпатлівая праца вялікай колькасці людзей.

— Лясы не высякаюцца бескантрольна, у чым нас вінавацяць некаторыя грамадзяне. Яны высаджваюцца і аднаўляюцца, — запэўніў дырэктар лясгаса Сяргей Шулякоўскі.

Пачынаючы з 2015 года было шмат высмаглага лесу. Гэта патрабавала прыцягнення
дадатковых сіл для сечкі дрэў і павелічэння аб'ёмаў перапрацоўкі драўніны. У 2020-м высыханне дрэў скарацілася. Цяпер практычна ажыццяўляюцца планавыя высечкі асабістымі сіламі. Сёлета лясгас плануе будаўніцтва 250 метраў чыгуначнага палатна да асноўнай чыгункі, што праходзіць побач. Гэта дасць магчымасць назапашваць на спецыяльнай пляцоўцы лесапрадукцыю і загружаць яе ў вагоны для адпраўкі спажыўцам.

А экспартуе прадукцыю лясгас у Германію, Бельгію, Польшчу, Эстонію Латвію, Літву, Кітай. Сёлета аб'ём экспарту павялічыўся на 15—20 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам.

У нагу з часам і попытам

Любанскі маслазавод пачаў сваю дзейнасць у 1932 годзе. Размяшчаўся ён у прыстасаваным памяшканні, усе працэсы ажыццяўляліся ўручную.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны вытворчасць аднавілі. У 1961-м быў пабудаваны невялікі завод з выкарыстаннем механічнага абсталявання, наладжаны выпуск масла, смятаны, сыроў. У 1981-м пабудаваны сыраробны камбінат з усёй неабходнай інфраструктурай. У 2012-м прадпрыемства далучана да ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».

— На сёння нашы магутнасці дазваляюць прымаць каля 320—350 тон малака ў суткі. Акрамя Любанскага раёна, бяром сыравіну ў гаспадарках Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў. На сваіх магутнасцях перапрацоўваем 100 % малака, — расказаў дырэктар Аляксандр Усціновіч.

Каля 85 % прадукцыі філіял экспартуе ў Расійскую Федэрацыю, Кітай, Бангладэш, Казахстан, Арменію, Узбекістан, Украіну, Філіпіны, Японію — усяго ў 28 краін свету. За паўгода адгружана прадукцыі на суму 29,3 мільёна рублёў.

Прадпрыемства выпускае каля 15 відаў сыроў, чатыры віды масла, сухое абястлушчанае малако і сухую малочную сыроватку. Асаблівым попытам у спажыўцоў карыстаюцца элітныя сарты сыроў, адзначае Аляксандр Валянцінавіч. З улікам гэтага прадпрыемства мадэрнізуе цэх № 1 для пашырэння іх вырабу.

За элітнымі сырамі — будучыня, — лічыць дырэктар. — Мы думалі і над тым, каб выпускаць сыры з цвіллю. Але гэта вельмі сур'ёзная вытворчасць. Магчыма, у перспектыве і ажыццявім задуму.

Сакрэт поспеху просты: філіял крочыць у нагу з патрабаваннямі часу і попытам спажыўцоў. Тут распрацавана стратэгія развіцця. Яна мае на мэце ўкараненне сучасных тэхналогій перапрацоўкі малака, пашырэнне асартыменту прадукцыі з вывучэннем попыту на рынку. На гэта накіраваны комплекс мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні ды мадэрнізацыі вытворчасці, зніжэнні матэрыяльных затрат на выпуск прадукцыі.

Ад ікрынкі да гатовай прадукцыі

ААТ «Рыбакамбінат «Любань» — адна з найбуйнейшых рыбных гаспадарак Беларусі. Тут налічваецца 49 вадаёмаў, якія займаюць дзве тысячы гектараў воднай паверхні. Прадпрыемства з цалкам закрытым цыклам: ад вырошчвання рыбы з ікрынкі да выпуску прадукцыі.

— Дзесьці 70 % складае карп, 25 % — таўсталобік і белы амур, астатняе — шчупак і сом. У гэтым годзе плануем атрымаць 1700 тон рыбы, 1300 тон таварнай і 400 тон пасадачнага матэрыялу, — расказаў дырэктар рыбкамбіната Валерый Гормаш. — У асноўным прадаём жывую рыбу. Таксама працуюць два цэхі па перапрацоўцы. Першы ўведзены ў эксплуатацыю ў 2010 годзе. Тут выпускаецца замарожаная рыба (філе карпа ў вакуумнай упакоўцы, наборы для юшкі, тушка рыбы ў вакуумнай упакоўцы), рыба халоднага і гарачага вэнджання.

У 2017-м адкрыты цэх па вытворчасці рыбных кансерваў. Напачатку выпускалі 40—50 тысяч банак у месяц, а цяпер 150 тысяч.

Штогод на прадпрыемстве з'яўляюцца новыя віды прадукцыі, на сёння іх 28. У прыватнасці, кансервы з рачной і марской рыбы, марынаваныя прэсервы з карпа і таўсталобіка, шашлыкі. А нядаўна асартымент папоўніўся рыбнымі пельменямі.

У двары рыбкамбіната можна нават пачаставацца духмянай юшкай, якую вараць у палявой кухні. Яна карыстаецца попытам у кіроўцаў, якія едуць па трасе, жыхароў горада і раёна, якія бяруць яе літаральна па некалькі літраў.

— Штомесяц прадаём юшкі на 4000 рублёў. За месяц можна купіць два бензавозы паліва, — кажа Валерый Іванавіч.

Як кажуць, капеечка да капеечкі... і вось табе рубель.

На прадпрыемстве выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб знізіць сабекошт вытворчасці прадукцыі. У прыватнасці, акрамя камбікорму, пераважна закупляюцца мясцовыя віды кармоў для рыбы: брага і бульбяная мязга — адходы спіртавай і крухмальнай вытворчасці. У сельгасарганізацыях набываюць зерне і яго адходы, жмых, арганіку. Штогод своечасова праводзяць зарыбленне і атрымліваюць добры ўраджай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.