Вы тут

Храм Узнясення Гасподня ў Ждановічах


Распавяду пра наш Храм Узнясення Гасподня, што ў маіх родных Ждановічах, найбліжэйшым прысталіччы. Ён новы, яго летапіс толькі пачаўся, таму не прадставіш шматвяковую гісторыю ў яркіх фарбах... Але як цудоўна быць каля вытоку гэтай жыццядайнай крыніцы духоўнасці! На свае вочы бачыць, як усё пачыналася, назіраць за станаўленнем, быць часткай гэтага. Памяць назаўсёды захавае ўспаміны пра мары мясцовых жыхароў аб вялікім прыгожым храме і планах па іх ажыццяўленні, узвядзенне новага будынка, хрэсныя хады да будоўлі, закладку ў падмурак капсулы-паслання, усталяванне купалоў і крыжоў, першую літургію ў новым храме... Пра ўсё па парадку. І ў цесным дачыненні да маёй сям'і.


Храм Узнясення Гасподня, аг. Ждановічы, Мінскі р-н.

1995 год. З гэтай кропкі часу вядзе сваю гісторыю ждановіцкі Храм Узнясення Гасподня. Менавіта тады ў часовым памяшканні на тэрыторыі санаторыя «Крыніца» прайшло першае богаслужэнне. Аб тым, што стаў дзейнічаць храм, я напачатку не ведала. У той час была яшчэ школьніцай, на вялікія святы ў царкву хадзіла з маёй бабуляй Яўгеніяй. Часцей за ўсё ездзілі ў Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, бывалі ў Саборы Святых Апосталаў Пятра і Паўла, што на Нямізе, ці ў Пакроўскім храме ў Вяснянцы. Вось з апошняга згаданага я і прыйшла ў наш мясцовы, але пазней, праз дзесяць гадоў.

2005 год. Добра, да драбніц памятаю 19 чэрвеня, Дзень Святой Тройцы. Мая бабуля Яўгенія збіралася да споведзі, рыхтавалася да Прычасця. Майму сыну Стасіку тады быў амаль годзік. Бабуля прапанавала і яго ўзяць у храм, каб прыняў Святое Прычасце. Мы паехалі разам. Пабылі на літургіі, прычасціліся. Пасля богаслужэння мы ўжо рухаліся да выхаду з храма, калі, праходзячы побач з намі, святар затрымаўся, усміхнуўся і сказаў, што мой сын малайчынка, добра сябе паводзіў, відавочна, часта бывае ў храме, прычашчаецца. Я адказала, што гэта другое Прычасце ў яго жыцці, першае было ў мінулым верасні, калі мы яго пахрысцілі. Святар так шчыра засмуціўся! Ён паглядзеў мне ў вочы, і я адчула, як зазірнуў у самыя глыбіні маёй душы, ды прамовіў: «Вы пазбаўляеце яго самага важнага! Чаму ж вы, мама, часцей не прыносіце дзіцятка?» Я разгубілася і адказала толькі, што няпроста прыязджаць сюды з немаўляткам. Святар запытаўся, дзе мы жывём і, даведаўшыся, што ў Ждановічах, з палёгкай уздыхнуў: «Выдатна! У вас жа на месцы храм ёсць! А айцец Дзімітрый які ў вас цудоўны! Хадзіце ў храм, часцей прыносце дзіцятка да Прычасця!» Словы святара вельмі мяне ўразілі. І я пайшла з сынам у наш Храм Узнясення Гасподня, які тады размяшчаўся ў драўляным бараку санаторыя. Памяшканне маленькае, людзей па нядзелях багата, дзетак шмат прыводзяць. Пачалі і мы часта наведваць храм.

Заснавальнік, першы настаяцель храма айцец Дзмітрый.

У нашым храме настаяцелем з 2000-га года быў іерэй Дзімітрый Вятошкін. Я пераканалася, што абсалютна правільна было мне сказана: «Айцец Дзімітрый у вас цудоўны!» Дабрыня яго адчувалася ва ўсім, клопат аб прыходзе быў відавочны. Прыхаджане празвалі яго «Вялікае Сэрца». Як толькі стаў настаяцелем, айцец Дзімітрый распачаў актыўную дзейнасць, каб пабудаваць у Ждановічах новы вялікі храм. Па блаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі, 15 лістапада 2001 года было прынята рашэнне пабудаваць новы храм. Як расказваў айцец Дзімітрый, калі ён сказаў Мітрапаліту, што хоча пабудаваць невялікі храм, Мітрапаліт запытаў: «На маленькі храм ёсць грошы?» Айцец Дзімітрый адказаў, што няма. «Тады будуй вялікі!» — параіў Мітрапаліт.

2005 год. Пакуль вырашаліся справы з дакументамі ды іншыя будаўнічыя клопаты, богаслужэнні так і праходзілі ў маленькім драўляным будынку, куды мы з мужам Дзмітрыем і сынам Стасікам па нядзелях і прыходзілі. Малому падабалася быць там, ён разглядаў іконы, любіў запальваць свечкі, чакаў, калі пачнецца Прычасце.

Стасік выконвае свае абавязкі.

2007 год. Ужо распачалося будаўніцтва новага храма. 4 снежня здзейснілі хрэсны ход да месца будоўлі і ў падмурак заклалі капсулу з памятнай граматай, у якой напісана, што ў гэты дзень, у вялікае Свята Уводзін у Храм Прасвятой Багародзіцы, быў заснаваны Храм Узнясення Гасподня. І мы былі на той цырымоніі, нават фотаздымак ёсць у сямейным архіве, дзе сярод прыхаджан на першым плане стаіць наш трохгадовы сынок.

Клопатамі настаяцеля, дапамогай ахвярадаўцаў, намаганнямі прыхаджан і, вядома, Божай апекай узводзіліся сцены новага храма. Кожны чалавек меў магчымасць зрабіць свой унёсак у добрую справу. Імёны людзей, што садзейнічалі будоўлі, у прамым сэнсе ўпісаны ў сцены. Можна было набыць цагліну і маркерам напісаць на ёй імя сваё ці таго, для каго хацелася б зрабіць добрую справу, альбо імёны родных і блізкіх, якія ўжо адышлі ў вечнасць. На памяць чалавеку давалася пасведчанне «Імянная цаглінка».
А імёны перапісваліся ў кнігу, і маліцца за гэтых людзей у нашым храме будуць столькі, колькі ён будзе існаваць.

Падымаліся сцены, клаліся рад за радам цагліны з імёнамі. Любаваліся на макет будынка прыхаджане і чакалі таго блаславёнага дня, калі ў новым храме адбудзецца першая літургія. Хто, як мог, прыспешваў гэту падзею.

2008 год. І вось нашаму сыну ўжо чатыры гады. Неяк аднойчы пасля літургіі айцец Дзімітрый падышоў да нас. Пагладзіў маленькага верніка па галоўцы, спытаўся, як яго справы. А Стасік нечакана папрасіў даць яму крыж і паказаў на той, што быў у святара. «А навошта табе крыж?» — зацікавіла айца Дзімітрыя просьба малечы. «Буду прычашчаць, як вы!» — быў шчыры адказ. Тады я расказала, што дома сын гуляе «ў святара». Просіць мяне выразаць крыж з паперы, потым расстаўляе ў чаргу сваіх «прыхаджан» мядзведзікаў, мышку, жырафу ды іншыя мяккія цацкі і прамаўляе ім: «Да Святога Прычасця падыходзім моўчкі, склаўшы рукі крыжападобна правую наверх левай...» Паслухаў нас айцец Дзімітрый, парадаваўся, што такі ў яго маленькі прыхаджанін ёсць, і паабяцаў майму сыну ўзяць яго ў алтар. У вачах дзіцяці засвяцілася такая радасць! Увогуле, гэта быў асаблівы момант, які словамі не апішаш. «Хочаш дапамагаць мне ў алтары?» — запытаўся святар. «Вельмі хачу!» — адказаў Стасік. «Добра, хутка возьмем цябе! Як толькі сем гадоў споўніцца!» — паабяцаў айцец Дзімітрый. Тут ужо я дадала, што гэта будзе аж праз тры гады. Мой маленькі хлопчык зразумеў, што чакаць доўга, і сумна ўздыхнуў. «Добра, возьмем у шэсць!» — усміхнуўся настаяцель. І Стасік пачаў чакаць.

2010 год. Сцены новага храма высока ўзвышаюцца, будоўля рухаецца. Колькасць прыхаджан павялічваецца, у часовым памяшканні ўтульна, праўда, цеснавата.

Наш сын з нецярпеннем чакае 29 чэрвеня, калі яму споўніцца шэсць гадоў. На свой дзень нараджэння Стасік нагадаў айцу Дзімітрыю, што прыйшоў час узяць яго ў памочнікі. І першая літургія, на якой ён быў у алтары, — свята Пятра і Паўла ў 2010 годзе. Яму давалі нескладаныя даручэнні, ён хадзіў па запіскі, падаваў кадзіла. Праз паўгода сын усхвалявана паведаміў, што яму абяцалі даць стыхар, але трэба здаць «экзамен»: ведаць на памяць 90-ы псалом і вучыцца чытаць на царкоўнаславянскай мове. І вось наш шасцігадовы сынок узяўся рыхтавацца да «іспыту». Мы яму дапамаглі вывучыць псалом, і на свята Вадохрышча ён пайшоў «здаваць». Адкрываецца алтар — і мы бачым нашага сына ў маленькім белым стыхарыку. І такі ён задаволены, шчаслівы! І мы з татам таксама. Пасля службы, як ішлі дадому, распытвалі, ці добра «здаў» псалом. «Святар спытаўся, ці вывучыў. Я адказаў, што вывучыў. І ён проста даў мне стыхар!» — радасна сказаў малы.

У алтары быў яшчэ хлопчык Мікалай, аднагодка нашага Стасіка. Як цудоўна выглядалі малечы-панамары ў белых стыхарыках, калі з'яўляліся на «ўваход», несучы вялікія свечкі!

Прыгожая архітэктура натхняе мастакоў.

2012 год. Час ішоў у нястомных клопатах настаяцеля, звязаных з будоўляй. Накрылі дах, паставілі вокны. Далей нас чакала падзея — усталяванне купалоў і крыжоў. Спачатку былі богаслужэнні, на якіх сабраліся шматлікія прыхаджане і духавенства, потым адбылося асвячэнне крыжа. Гэту місію выканаў цяперашні Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, які ў той час быў епіскапам Барысаўскім, вікарыем Мінскай епархіі. Калі ставілі крыж, можна было сімвалічна пацягнуць за вяроўку, прымацаваную да купала, дапамагчы ўсталяваць. Сын вельмі стараўся! Ну і я далучылася да яго шчырых намаганняў.

2013 год быў для прыходу асаблівы. 13 чэрвеня, на прастольнае свята Узнясення Гасподня, у новым будынку адбылася першая літургія. Хачу дадаць, што ў гэты ж дзень настаяцелю споўніўся 51 год. Тое свята стала незабыўным. Першая літургія ў новым храме бывае толькі аднойчы!
І вельмі радасна ад таго, што мы былі там. Запомніўся адзін асабісты момант. Перад пачаткам богаслужэння высветлілася, што стыхар нашага Стасіка выпадкова забыліся ў часовым храме. У дзіцяці на вачах выступілі слёзы, бачу, трымаецца з апошніх сіл, каб не расплакацца. І тут адзін з панамароў, юнак па імені Максім, супакоіў яго: «Не перажывай, я прынясу!» Вялікі дзякуй Максіму, якому давялося прыкласці ўсе свае спартыўныя здольнасці, каб збегаць і вярнуцца да пачатку літургіі. Стасік шчаслівы, і я разам з ім.

2016 год. У нашым храме Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адслужыў літургію. А перад яе пачаткам у храм быў урачыста ўнесены каўчэг з часцінкамі мошчаў святога Георгія Пераможца і святых пакутнікаў Ваніфація і Халарампія. Тут дадам, што сярод святыняў Храма Узнясення Гасподня ёсць іконы з часцінкамі мошчаў Лукі Крымскага, Іаана Кармянскага, Матроны Маскоўскай, пакутніцы Ірыны.

Ішлі гады, храм дабудоўваўся, аздабляўся. У выніку атрымалася найцікавейшае архітэктурнае збудаванне старарускага стылю шатровага тыпу. Вышыня храма — 38 метраў, мае дзевяць купалоў і крыжоў, змяшчае да 500 прыхаджан. «Наш храм падобны да яркага чырвонага церама сярод смарагдавых соснаў!» — казаў айцец Дзімітрый, любуючыся вынікамі галоўных у сваім жыцці клопатаў.

2021 год. Сумны раздзел летапісу храма, адбылася вялікая страта. 7 лютага на 59-м годзе жыцця адышоў да Госпада наш настаяцель протаіерэй Дзімітрый Акімавіч Вятошкін. Заўчасна і нечакана. Адчувалася, прыход асірацеў. Дваццаць гадоў правёў з намі наш айцец Дзімітрый. Прыціхлыя і разгубленыя былі прыхаджане. Прызнаваліся, што не могуць паверыць, што наш настаяцель больш не будзе служыць, не завершыць канчаткова ўнутраныя будаўнічыя работы, не пабачыць, якім прыгожым стане храм. Развітацца з любімым айцом Дзімітрыем, з настаяцелем, празваным «Вялікім Сэрцам», прыйшлі ўсе. Храм і двор былі запоўнены людзьмі. Чын адпявання ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Партыяршы Экзарх усея Беларусі. Пахавалі айца Дзімітрыя ў двары храма.

Настаяцелем прызначаны іерэй Аляксандр Гацко, які служыць у нашым храме з 2019 года.

...Прыход жыве, расце, піша ўласную гісторыю. І як радасна на душы і хораша на сэрцы ад таго, што ты і твая сям'я — частка гэтай гісторыі.

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ

Загаловак у газеце: Чыр­во­ны це­рам ся­род сма­раг­да­вых сос­наў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».