Вы тут

Вянок шчырасці, дабрыні і дапамогі сплялі ў Мірскім замку на Купалле


Удзельніцы свята ўплялі ў гэты вянок кветкі мужнасці, кахання, шчасця, мацярынства, традыцый, экалогіі, здароўя, шчодрасці, бяспекі, творчасці і мноства іншых, якія яны злучылі ніткамі гісторыі. Усё гэта — сімвалічныя складальнікі 12 сацыяльных праектаў, якія прадставілі маладзёжныя суполкі БСЖ на вернісажы ідэй «Дзявочы вянок Міра». Слова «мір» вельмі пасуе да жаноцкасці і валошак, якія з’яўляюцца сімвалам БСЖ, заўважыў Алесь ЛОЙКА, дырэктар замкавага комплексу «Мір», вітаючы ўдзельніц, і прапанаваў кожнай з прысутных выбраць: заставацца прынцэсай ці каралеўнай побач з 500-гадовым волатам-мужчынам — Мірскім замкам.


Гісторыя і сучасныя праекты

Старт дзейнасці маладзёжнага крыла БСЖ быў дадзены каля сцен знакамітага гістарычнага помніка Карэліччыны ў купальскае свята як сімвал еднасці, духоўнасці і міру. Акцэнт на моладзь — будучыню краіны — дадаў сімвалізму ў пераемнасць гістарычнай спадчыны для нашчадкаў, лічаць арганізатары свята.

— Моладзь трэба выхоўваць у патрыятычным ключы. Яна павінна ведаць і бачыць, як развіваецца грамадства, — перакананая Таццяна РУНЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. — А тое, што мерапрыемства праходзіць у Мірскім замку, — вельмі знакава. Гэта спалучэнне нашых каранёў (мінулага), нашай сучаснасці і нашай будучыні (моладзі). Таму сімвалічна і правільна, што сучасныя праекты прэзентуюцца ў такім гістарычным месцы.

Моладзь павінна бачыць, што ў яе ёсць уласныя магчымасці, каб дапамагаць людзям, падкрэсліла Алена БОГДАН, старшыня БСЖ і выказала спадзяванне, што вернісаж ідэй «Дзявочы вянок Міра» стане яшчэ адной традыцыяй саюза:

— Слова «мір» мы бачым у некалькіх кантэкстах. Гэта і Год народнага адзінства, і сам Мірскі замак — культурная спадчына нашай краіны. Таму вельмі сімвалічна, што новая традыцыя зараджаецца ў месцы з гістарычнымі каранямі. Каб гэта здарылася, патрэбны тры складальныя: месца, дзень і ідэя. Вось і ў традыцыю апускання дзяўчатамі вянкоў на ваду ў купальскае свята, каб знайсці нарачонага, моладзь БСЖ дадала ідэі міру, духоўнасці і адзінства.

«Валошкавы свет» і «Маладзёжная хваля»

У гадавое падарожжа па дванаццаці месяцах (па колькасці праектаў) гасцей першымі запрасілі дзяўчаты з Гродзеншчыны. Яны прапанавалі акунуцца ў «Валошкавы свет», які ўяўляе маладосць, ідэю і яе рэалізацыю. Гродзенкі паказалі творчыя здольнасці сваіх каляжанак: уменне пісаць іконы, ствараць калекцыі адзення, такія як «Валошкавая мара», і спяваць душэўныя песні. Яны ўплялі ў вянок кветкі святасці, чысціні, прыгажосці, дабрыні і пяшчоты і за свае памкненні атрымалі трэцяе месца на вернісажы ідэй.

Брастаўчанкі ўклалі свае дасягненні ў праект «Вайна. Памятаем... Шануем!» 2000 кніг для дзяцей пра Вялікую Айчынную вайну яны перадалі ў школы і бібліятэкі вобласці. А яшчэ стварылі настольную гульню «У тыле ворага», заснаваную на рэальных з’явах партызанскага руху падчас вайны. Неўзабаве з’явіцца і электронны варыянт гульні. А літаральна днямі ўздоўж трасы М1 у напрамку руху да Калдычэўскага лагера смерці ўстановяць білборд, якім дзяўчаты хочуць падкрэсліць ролю жанчыны ў захаванні міру на зямлі.

Віцяблянкі агучылі свае ідэі ў праекце «Купальскае кола». Яны ўплялі ў вянок кветкі дапамогі (дзецям, старым, жывёлам), традыцый (праз захаванне роднай мовы і культуры), экалогіі (праз дабрачынныя акцыі). Дзяўчаты плануюць стварыць віртуальны музей маці, якая дае пачатак усяму жывому.

Уплесці ў агульны вянок кветку жаночага шчасця дапамаглі гамяльчанкі, якія прадставілі праект «Шчаслівая я», скіраваны на дапамогу сельскім жанчынам Гомельшчыны. Студэнткі Гомельскага дзяржмедуніверсітэта разам з урачамі і касметолагамі расказваюць жанчынам, як клапаціцца пра сябе. Разам з псіхолагамі вядуць гутаркі супраць насілля ў сям’і і павышаюць самаацэнку жанчын. А яшчэ ладзяць сустрэчы з паспяховымі знакамітымі жанчынамі вобласці. У гэтым крэатыўным спаборніцтве гамяльчанкі атрымалі прыз глядацкіх сімпатый.

У межах праекта «Лічбавізацыя. Моладзь. Будучае» дзяўчаты Міншчыны рэалізоўваюць інтэрнэт-рэсурс «Сям’я.by». Пакуль толькі ў Капыльскім раёне, аднак з часам ён пашырыцца на ўсю краіну. Тым больш што дзяўчаты сталі пераможніцамі вернісажу ідэй, і іх пачынанне дакладна будзе рэалізавана. Яго асноўная ідэя — павысіць прававую і інфармацыйную даступнасць падтрымкі сем’яў. На платформе можна знайсці карысную інфармацыю пра дапамогі, сямейны капітал, падрыхтоўку да школы і іншае — трэба толькі завесці асабісты электронны кабінет. А яшчэ тут ёсць «пенсійны калькулятар», у які можна ўвесці пэўныя даныя і атрымаць прыблізную суму сваёй пенсіі на бягучы момант.

Магіляўчанкі сваім праектам «Маладзёжная хваля Падняпроўя» ўплялі ў вянок кветкі мудрасці, пакою, шчырасці, пяшчоты і любові і расказалі пра жаночую самарэалізацыю ў розных галінах.

Сталічная каманда паведаміла ў праекце «3D», што ўсе іх пачынанні — гэта «дамінанта добрых спраў». Дзяўчаты сталічнай суполкі БСЖ уплялі ў вянок кветкі падарожжаў, здароўя, міру, бяспекі, жаночай моцы і надзейнасці і прапанавалі ўсім гарадам Беларусі падхапіць эстафету добрых спраў.

У свяце ўзялі ўдзел таксама суполкі Беларусбанка, Белаграпрамбанка, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Генеральнай пракуратуры.

Фіналам свята стаў запуск у возера каля замка 12 вянкоў ад аўтарак маладзёжных праектаў. І ўся гэтая прыгажосць з кветак і добрых спраў паплыла па хвалях часу насустрач будучыні.

Ірына СІДАРОК
Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вянок шчырасці, дабрыні і дапамогі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?