Вы тут

Як сардэчніку выжыць у спякоту


Гэтае лета, якое неаднаразова біла тэмпературныя рэкорды, безумоўна, запомніцца нам сваёй спякотай. У такія дні пагаршэнне самаадчування можа наступіць нават у здаровых людзей, што ўжо казаць пра тых, хто мае захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Якія небяспекі чакаюць «сардэчнікаў» і гіпертонікаў? На якія сімптомы варта звяртаць увагу? Ці можна зніжаць дозу прэпаратаў, калі ў спякоту ў вас зніжаецца ціск? І якія лекі варта заўсёды мець пры сабе на адпачынку? Пра гэта нам расказала ўрач агульнай практыкі, загадчык 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына УЛАСІК.


— Ірына Уладзіміраўна, якія небяспекі ў гарачае надвор'е падпільноўваюць людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі?

 — Улетку ў перыяд павышэння тэмпературы паветра пры працяглым знаходжанні на сонцы нагрузка на арганізм узрастае, асабліва гэта датычыцца людзей з захворваннямі сардэчна- сасудзістай сістэмы. Гэта звязана і з магчымым паніжэннем насычэння крыві кіслародам, і з павышанай рызыкай абязводжвання за кошт узмоцненага потааддзялення і страты з потам мінеральных рэчываў — калію, магнію. Узрастае рызыка празмернага павышэння ці наадварот зніжэння артэрыяльнага ціску, развіцця вострых сітуацый з боку сістэмы кровазвароту —арытмій, трамбозаў, інфарктаў міякарда, вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту.

— Летам у гіпертонікаў ціск паніжаецца. Ці варта ў такім выпадку памяншаць дозу звыклых лекаў?

 — Сапраўды, многія пацыенты, якія пакутуюць на  артэрыяльную гіпертэнзію, адзначаюць, што ў гарачую пару года лічбы ціску могуць зніжацца. Але памылкова лічыць, што на гэтым фоне магчымая адмена прыёму гіпатэнзійных прэпаратаў. Самастойнае зніжэнне дозы можа прывесці да гіпертанічнага крызу і развіцця ўскладненняў артэрыяльнай гіпертэнзіі. Па карэкцыі дозы і схемы прыёму прэпаратаў, якія зніжаюць артэрыяльны ціск, абавязкова варта пракансультавацца ва ўрача, ні ў якім разе не адмяняючы лячэнне самастойна. Таксама людзям з павышаным артэрыяльным ціскам варта ўзяць за правіла яго вымярэнне перад прыёмам чарговай дозы лекаў, а таксама пры дрэнным самаадчуванні  — галаўным болі, галавакружэнні, млоснасці іншым.

— Як не прапусціць небяспечны стан і на якія сімптомы звяртаць увагу? У якіх выпадках трэба неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу?

— Нельга заседжвацца на дачы ў чаканні палягчэння пры зяўленні такіх сімптомаў, як боль у грудзях, парушэнне рытму сэрца, здранцвенне і парушэнне рухомасці ў руцэ або назе, парушэнне маўлення, раптоўнае пагаршэнне зроку, вострая боль у руцэ, назе, задышка. Калі з'явіліся падобныя скаргі і сімптомы, неабходна выклікаць хуткую дапамогу або як мага хутчэй звярнуцца да ўрача.

   — Пажылыя людзі часта праводзяць усе летнія месяцы на дачы ці ў вёсцы. Якія лекі заўсёды трэба мець пры сабе?

    — Пры ад'ездзе за горад абавязкова варта пралічыць, ці хопіць у вас лекаў на перыяд адпачынку. У паліклініцы, пры стабільным цячэнні вашага захворвання і падабранай дзейнай схеме лячэння, ёсць магчымасць выпіскі лекавых прэпаратаў на тэрмін да паўгода. Адпраўляючыся на працяглы тэрмін за горад ці на дачу, неабходна ўзяць з сабой не толькі лекі для штодзённага прыёму, але і аптэчку на выпадак неадкладнай дапамогі. Абавязкова таксама мець пры сабе танометр, прэпараты на выпадак празмернага павышэння артэрыяльнага ціску (напрыклад , каптапрыл або максанідзін), нітрагіцэрын (таблеткі ці ў форме спрэю), валідол.

— Што яшчэ можна парэкамендаваць пажылым людзям, якія і ў спякотнае надворе працуюць на агародзе?

— Канешне, няправільна нагружаць сябе празмернай працай у агародзе, асабліва ў гарачыя гадзіны. Зразумела, што неабходна выконваць пэўныя работы, але для іх варта выбіраць ранішнія або вячэрнія гадзіны, калі тэмпература паветра больш камфортная і ніжэйшая сонечная актыўнасць. Абавязкова выконваць пітны рэжым з улікам павышанай тэмпературы паветра, не абмяжоўваць сябе ў вадкасці. Важна карыстацца галаўнымі ўборамі, калі знаходзіцеся на адкрытым сонцы.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.