Вы тут

Чаму электравеласіпеды загараюцца?


Жыхарка Шчучынскага раёна ўбачыла, што з зарадкай акумулятара яе электравеласіпеда ўзнікла праблема. Але не надала гэтаму значэння. Яна спакойна пакінула свой двухколавы транспарт у гаспадарчай пабудове і паехала на работу. Праз некаторы час суседзі паведамілі ў МНС аб пажары той самай пабудовы. Было ўстаноўлена, што крыніцай узгарання стаў электравеласіпед, акумулятарная батарэя якога поўнасцю выгарала. Вынікі судовай пажарна-тэхнічнай экспертызы паказалі, што прычына пажару звязана з аварыйным станам электратэхнічнага абсталявання, у прыватнасці літый-іоннай батарэі.


УДКСЭ па Гродзенскай вобласці

Як патлумачыў начальнік упраўлення спецыяльных экспертыз УДКСЭ па Гродзенскай вобласці Дзяніс Крапіўніцкі, у сучасным свеце выкарыстоўваецца вялікая колькасць электраабсталявання, якое здольнае функцыянаваць без пастаяннага падключэння да электрычных сетак. Такую магчымасць даюць акумулятары. Адны з самых папулярных — літый-іонныя і літыевыя. Яны выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў падзарадкі ў электратранспарце, мабільных тэлефонах, гідраскутарах, партатыўным абсталяванні, лічыльніках цяпла і іншых. Нягледзячы на практычнасць, існуе высокая пажарная небяспека гэтых прылад. Таму вельмі важна выконваць правілы іх эксплуатацыі і зарадкі. Як паказвае практыка, не ўсе ўладальнікі ведаюць гэтыя правілы, у прыватнасці аб тым, што нельга дапускаць перагравання батарэі.

Менавіта з такім выпадкам сутыкнуліся эксперты пры ўстанаўленні прычыны ўзгарання электравеласіпеда ў гродзенскім мікрараёне Фолюш. Пажар удалося хутка лакалізаваць, але гаспадар веласіпеда вырашыў высветліць: у чым была справа? Па дапамогу звярнуўся да спецыялістаў. Судовыя эксперты ўстанавілі, што зонай пажару была задняя частка веласіпеда, дзе знаходзіцца электронны блок кіравання з акумулятарам. Прычынай узгарання якраз і стаў гэты блок. Магчыма, ад высокага награвання альбо няспраўнасці.

Дзяніс Крапіўніцкі ўдакладніў, што ў кожнай прыладзе з выкарыстаннем Lі-іon ёсць мікрасхемы, якія кіруюць зарадкай і не павінны дапускаць перагравання батарэі. У цэлым мікрасхемы працуюць надзейна, аднак доўгая зарадка можа прывесці нават да выбуху. Таму варта карыстацца толькі штатнымі зараднымі прыладамі, якія распрацаваны спецыяльна для таго ці іншага аб’екта. Яны могуць абмяжоўваць велічыню току. У той жа час няштатныя зарадныя прылады могуць прывесці да няправільнага працэсу зарадкі акумулятара і, адпаведна, пажару.

У ліку прычын узгарання — парушэнне герметычнасці батарэі. У гэтым выпадку ў корпус трапляюць кісларод і пары вады. Яны ўступаюць у рэакцыю з матэрыяламі электродаў і электраліту. Як вынік — перагрэў і выбух. Парушэнне герметычнасці можа адбыцца не толькі ў выніку механічнага пашкоджання акумулятара, але і ў выпадку яго перазарадкі.

Вось чаму падчас зарадкі электронныя прылады не павінны заставацца без нагляду. Не варта карыстацца і захоўваць акумулятарныя батарэі з пашкоджаным корпусам, які працёк, набываць акумулятары сумнеўнага паходжання. Таксама судэксперты рэкамендуюць захоўваць электронныя прылады з літый-іоннымі батарэямі далей ад прадметаў, якія хутка ўзгараюцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Небяспечны электравеласіпед

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.