Вы тут

Прыз імя Алега Молчана адправіўся ў Белгарад


У 2017 годзе Ірына Відава сама была ўдзельніцай конкурсу «Чырвоны гваздзік» ім. І.Д. Кабзона. Тады песня на беларускай мове ўпершыню за ўсю гісторыю конкурсу была ўганаравана прэміяй. А цяпер Ірына Відава — удава кампазітара Алега Молчана — уручае прыз імя свайго мужа, які так рана пакінуў гэты свет.


Ірына Відава і пераможца конкурсу Надзея Бандарэнка

— Як вы самі трапілі на конкурс?

— Мы з Алегам Молчанам заўсёды цікавіліся музычным жыццём не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. А конкурс «Чырвоны гваздзік» памяталі з юнацтва. Гэта быў прэстыжны міжнародны форум. Так склалася, што паўдзельнічаць у конкурсе нам прапанаваў кіраўнік аргкамітэта фестывалю Андрэй Батурын. Я паспяхова прайшла адборачны тур. Вядома, было і прыемна, і ганарова стаць лаўрэатам гэтага конкурсу. Удвая прыемна, што журы высока ацаніла песню на беларускай мове «Карабель маёй краіны», якую напісалі Алег Молчан і паэт Алесь Ліпай.

— А калі б такая прапанова не паступіла?

— Магчыма, мы самі вырашылі б паўдзельнічаць, тым больш, што быў добры музычны матэрыял. Конкурс цалкам адкрыты — калі ласка, дасылайце заяўкі. А тое, што нас запрасілі, не адмяняла адборачнага тура. На мой погляд, на фестывалі, конкурсы трэба ездзіць для таго, каб паглядзець, як працуюць калегі, атрымаць новыя творчыя сувязі.

Старшыня аргкамітэта фестывалю Андрэй Батурын, Ірына Відава і старшыня журы Алег Іваноў

— Як вы думаеце, можа, некаторых артыстаў бянтэжыць савецкі бэкграўнд фестывалю?

— Гэта якраз вельмі добрая спадчына СССР, бо савецкія эстрадныя песні былі якасныя, іх стваралі прафесійныя кампазітары і паэты.

— Ірына, не ўзгадаю, каб прыз імя беларускага кампазітара быў на конкурсе, які праходзіць у іншай краіне. Як вам гэта ўдалося?

— З такой прапановай да мяне звярнулася кіраўніцтва фестывалю. Натуральна, я адгукнулася, таму што гэта вельмі супала з маім жаданнем і такім вось чынам увекавечыць імя Алега Молчана.

Да таго ж Алег Молчан прымаў удзел у рабоце журы фестывалю, выступаў у канцэртах «Чырвонага гваздзіку», а з яго песнямі на гэтым фестывалі звання лаўрэатаў ўганараваны Вадзім Касенка і гурт «Бай сіці».

Эскіз прыза прыдумала я сама, і ўпэўненая, што Алегу ён бы вельмі спадабаўся: хрустальная нота, якая ўзлятае ў неба. Молчан заўсёды імкнуўся наперад і ўвысь. Вырабляюць прыз на шклозаводзе «Нёман».

Ірына Відава

— Як удава кампазітара вы маеце вырашальнае слова, каму ўручыць прыз. Якімі крытэрыямі кіруецеся?

— Хочацца, каб гэта быў прафесійны і яркі артыст, харызматычная асоба. Сёлета прыз атрымала Надзея Бандарэнка — салістка Белгарадскай філармоніі. Акрамя статуэткі я перадала ёй у рэпертуар песню Алега Молчана «Чаечка». Песню абрала прама на фестывалі. Ён праходзіў у Керчы, на ўзбярэжжы, а Надзея паедзе ў Белгарад, які стаіць на берагах Белгарадскага вадасховішча. Вось так у мяне склаўся вобраз чайкі, якая лётае ад берага да берага.

— Ірына, другі год прыз атрымліваюць расійскія выканаўцы. Вы хацелі б, каб нота, што ўзлятае ў неба, апынулася ў руках беларускага артыста?

— Я хачу, каб гэтыя ноты, а разам з імі і імя Алега Молчана, разляцеліся па ўсім свеце. Гісторыя прыза імя Алега Молчана толькі пачынаецца, і я ўпэўненая: яна будзе вельмі яркай і прыгожай.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Ірыны Відавай-Молчан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».