Вы тут

З гісторый чытачоў


Ёсць такая прафесія — радзіму абараняць

Сённяшняя моладзь (не скажу, што ўся...) досыць дзіўна выбірае прафесіі: здае тэсты, набірае балы і потым, у залежнасці ад таго, колькі іх, вызначаецца з навучальнай установай, са справай, якой, любячы альбо не вельмі, будзе займацца ўсё жыццё. У бацькоў ды іхніх дзядоў усё іначай было.

...Вайна для майго школьнага таварыша Лёні Кандраценкава пачалася з бамбёжкі, з таго, што маці, палажыўшы дзяцей да сценкі, затуліла, закрыла іх сабой.

Дзякаваць богу, яны тады ўцалелі, а вось суседка і яе сынок былі цяжка паранены, абое заліваліся крывёй, і малы аж заходзіўся крыкам: «Мама, коф, коф!».

А таму не дзіва, што, спалохаўшыся першай бамбёжкі, людзі сталі ўцякаць з горада. Лёнева маці таксама схапіла дакументы, што-нішто з ежы і рушыла прэч. Самае маленькае з дзяцей яна несла на руках і ўвесь час азіралася, каб не згубіць старэйшых...

Гэтай сям'і зноў пашчасціла: калі выйшлі на шашу, яе падабрала машына з ваеннай калоны, якая ў бок Смаленска везла аўтамабільныя колы. Сярод іх пасажыры і размясціліся, нейкі час спакойна праехалі. А калі пачаўся чарговы налёт, пасаскоквалі з машын, кінуліся бегчы ад дарогі. І ўжо на нейкай адлегласці маці ўбачыла, што яе дзяўчынкі побач, пры ёй, а вось хлопчыка, Лёні, няма, ён застаўся ў кузаве.

Маці рвалася пабегчы назад, але шафёр не пусціў яе: сказаў, што прападзе за нішто: нічым не дапаможа сыну і сіротамі пакіне дачок.

Усё было так і не так. Калі скончыўся налёт і Лёневы родныя вярнуліся ў машыну, то ўбачылі, што малы, змарыўшыся, соладка спіць.

У тым заклятым 41-м ён бачыў, што самалёты з чорнымі крыжамі беспакарана кружаць над натоўпам бежанцаў, бамбяць і страляюць па іх, а вось нашых самалётаў — з чырвонымі зоркамі — нідзе не відаць.

Тады ж ён упершыню адчуў, як гэта цяжка — быць бездапаможным, і вырашыў, што, калі выжыве, будзе абараняць людзей, стане ваенным лётчыкам.

Так яно ўрэшце і выйшла: ён атрымаў гэтую прафесію і званне палкоўніка (цяпер, праўда, у адстаўцы), амаль усё жыццё праслужыў у паветраных войсках Беларускай ваеннай акругі.

Леанід ЕМЯЛЬЯНАЎ, г. Мінск.


«Каб размаўляць па-беларуску, трэба любіць гэтую мову...»

Чытаць я вучыўся з дапамогай рускага буквара. Дома лічылі, што так будзе лепш, што гэтая мова ў жыцці мне болей патрэбная. А вось школа была беларуская, і ніякіх цяжкасцей я там не адчуў, хіба зрэдку пісаў з памылкамі ды з лішнімі мяккімі знакамі.

Фо­та Анатоля Клешчука.Усе прадметы ў нас выкладаліся па-беларуску, праўда, недзе ў пачатку шасцідзясятых у школу сталі прыходзіць маладыя настаўніцы і весці ўрокі па-руску.

І яшчэ я помню, што ўвосень 1962-га мы, тады васьмікласнікі, на месяц з'ездзілі ў калгас на ўборку яблыкаў, зарабілі нейкія грошы. За іх нам прапанавалі аформіць падпіску на маладзёжныя выданні, якія потым сталі прыносіць у школу. Такім чынам, хто што выпісаў, бачылі ўсе: камсорг класа атрымліваў «Комсомольскую правду», чатыры чалавекі (з сарака), у тым ліку і я, — «Чырвоную змену», астатнія — «Физкультурник Белоруссии» (ён менш каштаваў) і «Знамя юности»...

Большасць, як бачыце, выбірала рускамоўныя газеты. Думаю, не з-за таго, што родную любілі менш, проста з рускай і ўжо тады адкрывалася больш магчымасцяў для далейшай адукацыі, для гарадскога, а таму багацейшага і лягчэйшага жыцця.

...Сярэднюю спецыяльную адукацыю я атрымліваў у Расіі і зноў жа ніякіх моўных цяжкасцяў там не меў, хіба што аднойчы насмяшыў сяброўку, ужыўшы слова «сабака» ў мужчынскім родзе. А ў Гомель прыехаў пасля службы ў войску. Горад размаўляў па-руску. На гэтай жа мове вялася дакументацыя на нашым хімічным заводзе. Але ж у тыя часы яшчэ хапала астраўкоў беларускасці: на роднай мове друкавалася шмат газет, працавала радыё, па-беларуску я рабіў асабістыя запісы, пісаў і атрымліваў пісьмы ад беларусаў.

...З тых часоў многае змянілася. Мая беларуская нароўні з рускай атрымала статус дзяржаўнай, прычым першай з іх, але...

Па тэлебачанні штогод паказваюць інтэлектуальныя спаборніцтвы школьнікаў 5—11 класаў «Я знаю», і мне ў час праглядаў проста да болю крыўдна бачыць, як асобныя прадстаўнікі нашай школьнай эліты адказваюць на пытанні, зададзеныя па-беларуску і бывае, нават трох слоў звязаць не могуць!

Што, дарэчы, цалкам зразумела, бо, каб размаўляць па-беларуску, трэба любіць гэтую мову, а каб любіць, трэба чуць яе і бачыць: на вуліцы, па тэлебачанні, на шыльдах, на этыкетках і ўпакоўках прадуктаў харчавання.

Дарэчы, у нашых гомельскіх крамах бываюць украінскія тавары, якія падпісаны па-ўкраінску. І мы ж купляем іх, не бяжым шукаць перакладчыка. Вось і ўбачыўшы на ўпакоўцы словы «цукар», «воцат», «вяршкі», «гарэлка», «марозіва», думаю, зразумеем, што там знаходзіцца. Адпаведна, нашы дзеці ды ўнукі будуць разумець...

...Час ад часу я ўспамінаю эпізод з аповесці Васіля Быкава «Сцюжа». Перакажу яго сваімі словамі. Так званага нацдэма накіравалі на перавыхаванне ў працоўны калектыў, і ў ім жа праз нейкі час правялі сход з абмеркаваннем вынікаў, дзе адзін з рабочых (трэба разумець, «выхавальнікаў») спытаў у «выхаванца», чаму ён размаўляе па-беларуску. Той здзівіўся гэтаму пытанню, бо той, хто яго задаваў, таксама ж гаварыў па-беларуску... І патлумачыў потым, чаму: я, маўляў, непісьменны, мне — можна...

У сучасных рэаліях уменне свабодна размаўляць і чытаць на роднай і першай з дзяржаўных — прыкмета якраз адукаванасці, патрыятызму, культуры. І таму ў справе адраджэння мовы найбольшыя надзеі на нашу інтэлігенцыю. Я не русафоб, не ўхваляю некаторых краін, якія спрабуюць забараніць ужыванне рускай. На мой погляд, гвалтам ды забаронай нічога добрага тут не зробіш. Гісторыя ўжо адказала на прымусовую калектывізацыю, вырошчванне кукурузы там, дзе яна не расла, на барацьбу з п'янствам...

І, тым не менш, нельга аддаваць мову на волю лёсу. Ну сапраўды, не кідаем жа мы бацькоў, якія далі жыццё і вырасцілі нас — паставілі на ногі?

Мікалай СТАРЫХ, г. Гомель.


Каму пляж, а каму і «сталоўка»

Чым адрозніваецца пляж трэцяга Лідскага возера ад іншых вадаёмаў? Магу пералічыць: неверагодна спадзістым пясчаным берагам, празрыстай і цяпер надзвычай цёплай вадой, з якой ну ніяк не хочацца вылазіць на бераг, і парай лебедзяў.

Скажаце, што для заходняй Беларусі гэтыя птушкі не ў навіну? Так, але ж не ўсе яны гэткія смелыя.

Маша з Пашам (як іх празвалі) не проста жывуць на трэцім Лідскім, — яны пачуваюцца тут сваімі: досыць ахвотна падплываюць да людзей на беразе, «пазіруюць», частуюцца... Што здзіўляе — усёй сям'ёй...

Асабіста я назірала гэтую карціну і летась, і сёлета. Першым — нібы ў разведку — падплывала дарослая асобіна, пераконвалася ў тым, што небяспекі няма, і тады ўжо вярталася з вывадкам шэрых малых.

— Каб падсілкавацца, гэта сямейства прыплывае на пляж гады з тры ўжо, — расказваў матрос-ратавальнік Віталь Афонін. — Хачу папярэдзіць, што набліжацца да птушак (асабліва калі побач вывадак) досыць небяспечна: можна спазнаць сілу моцнай дзюбы ды магутных крылаў...

Не рэкамендуюць прыкормліваць лебедзяў і арнітолагі, бо з часам птушкі могуць страціць свае прыродныя інстынкты — развучацца здабываць корм і з надыходам халадоў сутыкнуцца з сур'ёзнымі праблемамі.

А вось фатаграфавацца на фоне сямейства можна. Прыгожыя выходзяць кадры!

Лілія ЛЯЎКОВІЧ, г. Ліда.


«Гэта не па-людску — жыць за высокім плотам...»

Не ведаю, як вам, а мне дык падабаецца сённяшняя мода. Людзі ходзяць ледзь не босымі, дзяўчаты і жанчыны — у светлых сукенках ды спадніцах, у лёгкіх шортах і штоніках. Гэта досыць прыгожа і ў спёку зручна, да таго ж, відаць, нічога не каштуе.

Надоечы мы з госцяй-унучкай перабралі, напрыклад, старыя рэчы і чаго там толькі не знайшлі! Паўдня прасядзеўшы за швейнай машынкай, прыбралі дзяўчыну, можна сказаць, з ног да галавы: вярнулі да жыцця старыя матуліны джынсы і камізэлькі, дзве спадніцы, сарафан, а заадно я паказала ўнучцы, як рабіць брыджыкі, як можна (і модна!) падлатаць дзіркі на каленях...

Аднак пішу я пра гэта зусім не для таго, каб пахваліцца сабой, а якраз наадварот. Гадоў пятнаццаць таму ў нас узнікла патрэба памяняць агароджу вакол дома. Зяць сказаў, што выгадна зрабіць яе з бетонных пліт: адзін раз паставіць і забыцца. Я тады катэгарычна адмовілася, бо не хацела жыць як на могілках... «Ну тады давайце з металу зробім, — прапанаваў зяць. — Будзе дорага, але модна і прыгожа».

Я гэтую «прыгажосць» тады дрэнна ўяўляла, бо ў нашай вёсцы нічога падобнага яшчэ не было, і таму неяк лёгка згадзілася: са спакойнай душой паехала ў санаторый. А калі вярнулася і ўбачыла сваю сялібу, з тыдзень не магла супакоіцца! І тады, і цяпер па-ранейшаму думаю, што гэта не па-людску — адгароджвацца, хавацца ад іншых, жыць за высокім плотам, не бачыць (хіба ў шчылінку?), што робіцца на вуліцы, хто там ідзе і едзе...

Зяць суцяшаў — даводзіў, што сама цяпер магу не садзіць свае кветкі, не палоць грады, хадзіць галяком...

І тым самым яшчэ больш нерваваў, бо атрымлівалася, што высокі плот — гэта выбар дрэнных гаспадароў і гаспадынь, розных гультаёў ды неахайнікаў. А я ж заўсёды старалася, каб вакол дома ўсё акуратна і прыгожа было, каб радавала вочы — і не толькі мае...

На жаль, справа зроблена, грошы патрачаны. Як — ды хай Бог сцеражэ!.. Але ж я жыву, жыву ў трывозе за іншых, бо многія цяпер, разбураючы старыя платы, ставяць новыя — высокія, глухія, за якімі, як мне здаецца, добра толькі злодзеям. А што — неяк пералез (ці перамахнуў) і рабі што хочаш: ніхто нічога не ўбачыць, нікому не скажа, міліцыю не выкліча...

І яшчэ адзін мінус: за такім вось высокім плотам (да таго ж з замком на варотах) адзін знаёмы дзядуля жыў. Вечарам яму дрэнна стала, — выклікаў дзяцей і «хуткую»... Пакуль прыехалі ды адамкнулі замкі...

Вывад, як той казаў, зрабіце самі.

Алена С., Барысаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.