Вы тут

Да 100-гадовага юбілею БДУ рэалізуецца праект «100 гадоў — 100 фота»


Сёлета свой векавы юбілей святкуюць БДУ і Фундаментальная бібліятэка ўніверсітэта.


У канцэпцыю праекта пакладзена ідэя паказаць праз гістарычную анлайн-фотагалерэю станаўленне і сучаснасць першай і адной з найстарэйшых бібліятэк ВНУ Беларусі. У пачатку ХХ стагоддзя яна не толькі забяспечвала адукацыйны працэс у БДУ, але і стала заснавальніцай нацыянальнай бібліятэчнай сеткі. У 1926 годзе на яе базе стварылі Беларускую дзяржаўную бібліятэку, вядомую цяпер як Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Фотагалерэя аформлена ў храналагічным парадку і структурна падзелена на перыяды: 1921-1960, 1961-1990, 1991-2021 гады. Яны адлюстроўваюць асноўныя вехі развіцця бібліятэкі. У пачатку 1960 года бібліятэка пераехала з корпуса факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі ў галоўны корпус БДУ, а з 90-х гадоў мінулага стагоддзя тут сталі ўкараняцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Фота адлюстроўваюць самыя розныя бакі дзейнасці бібліятэкі за векавую гісторыю яе існавання: знамянальныя падзеі, нюансы працы супрацоўнікоў, асобы наведвальнікаў. Напрыклад, першы здымак датуецца 1934 годам. Ён адлюстроўвае працу бібліятэкара і абслугоўванне наведвальнікаў. На фота 1983 года можна ўбачыць урачыстае адкрыццё чытальнай залы геаграфічных навук, а фота, датаванае 1978 годам, зафіксавала сустрэчу з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылем. У сучасным раздзеле можна ўбачыць наведванне Фундаментальнай бібліятэкі намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем у 2018 годзе, а ў 2021-м — устаноўку ўнікальнага кніжнага сканера.

Усяго анлайн-выстава ўключае 100 сімвалічных здымкаў. Пад кожным фота размешчана падрабязнае апісанне падзей, якія адбываюцца.

Стварэннем і напаўненнем фотагалерэі займаліся супрацоўнікі аддзела аўтаматызацыі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Усе матэрыялы ўзятыя і аблічбаваныя з архіваў і памятных альбомаў універсітэта, а таксама з асабістых калекцый супрацоўнікаў.

У цяперашні час бібліятэка захоўвае амаль два мільёны тамоў фонду айчыннай і замежнай літаратуры, абслугоўвае больш за 25 тысяч карыстальнікаў, штогод ажыццяўляе звыш 1,5 мільёна кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Паводле міжнароднага рэйтынгу «Transparent Ranking of Repositories» , Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у тройку найлепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў у свеце.

Больш падрабязна азнаёміцца з галерэяй можна па спасылцы: https://library.bsu.by/index.php/nam-100/sto-let-sto-foto

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.