Вы тут

Небяспекі алкаголю ў спякотныя дні


Асноўная небяспека ўжывання спіртных напояў у спякоту — гэта парушэнне тэрмарэгуляцыі і рызыка цеплавога ўдару з-за абязводжвання арганізма. Алкаголь, як вядома, садзейнічае вывядзенню вадкасці з арганізма, з-за чаго павялічваецца рызыка цеплавога ўдару. Чаму не варта імкнуцца наталяць смагу півам ці тонікамі і па якіх прычынах лепш увогуле ўстрымацца ад іх прыёму, расказалі спецыялісты.


Pixabay.com

Як адзначыў начальнік Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Арцём Малмыгін, агульная колькасць асоб, якія знаходзяцца пад дыспансерным наглядам з сіндромам залежнасці ад алкаголю, летась у параўнанні з 2019 годам зменшылася на 3,4 % (у 2019 г. — 154 842 пацыенты, у 2020 г. — 149 538 пацыентаў). За гэты ж перыяд першасная захваральнасць на сіндром залежнасці ад алкаголю знізілася на 20,7 % (у 2019 г. — 15 418 чалавек, у 2020 г. — 12 220 чалавек).

У той жа час ужыванне алкаголю застаецца высокім: на аднаго беларуса, старэйшага за 15 гадоў, у год прыпадае больш за 10 літраў. Высокім застаецца і ўзровень смяротнасці ад выпадковых атручванняў.

— Гэта часткова звязана з высокай даступнасцю алкаголю, у тым ліку цэнавай, вялікай доляй моцнага алкаголю ў структуры спажывання, ужываннем яго ў вялікай колькасці і за кароткі прамежак часу, —  падкрэсліў Арцём Малмыгін.

Спецыяліст парэкамендаваў катэгарычна ўстрымацца ад выпівак у спякоту:

— Многія лічаць, што ўжыванне такіх алкагольных напояў, як піва, тонікі, віно, дапамагае наталіць смагу, аднак гэта памылка. Алкаголь не аблягчае стан чалавека, а спякота ўзмацняе таксічнае ўздзеянне спіртнога. Ёсць тры прычыны, па якіх непажадана ўжываць спіртное ў спякотныя дні. Па-першае, алкаголь узмацняе смагу, што выклікае абязводжванне і, такім чынам, істотна павялічвае верагоднасць узнікнення цеплавога і сонечнага ўдару, якія суправаджаюцца галаўным болем, слабасцю, ванітамі, непрытомнасцямі, павышэннем тэмпературы цела (часам да 40°С), парушэннямі пульсу, сутаргамі. Акрамя таго, чалавек у стане алкагольнага ап'янення не здольны адэкватна ацэньваць свой стан, ды і сімптомы цеплавога ўдару і алкагольнага ап'янення вельмі падобныя. Па-другое, ужыванне алкаголю ў спякоту рэзка павялічвае нагрузку на сэрца, можа выклікаць гіпертанічны крыз, адным з наступстваў якога з'яўляюцца інфаркт і інсульт. Па-трэцяе, ужыванне алкаголю ў спякоту можа прывесці да абвастрэння хранічных захворванняў.

Арцём Малмыгін звярнуў увагу на некалькі аспектаў, якія патрабуюць абмежавання. У прыватнасці, усім зацікаўленым ведамствам трэба разгледзець забарону продажу моцных напояў маладым людзям да 21 года, а таксама забарону размяшчэння яго ў прыкасавых зонах і рэкламу ў месцах продажу і інтэрнэце.

Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення прыцягнута больш за 4,3 тысячы грамадзян, паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў. На прафілактычным уліку за неаднаразовае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за злоўжыванне спіртным знаходзіцца 2,5 тысячы асоб. Найбольш эфектыўнай мерай з'яўляецца ізаляцыя хранічных алкаголікаў у ЛПП. З пачатку года туды накіравана 410 мінчан, да адпраўкі асуджана яшчэ 356 асоб.

У сваю чаргу вядучы спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі АСВОД Алена Жалабковіч паведаміла, што купанне ў стане алкагольнага ап'янення — адна з асноўных прычын гібелі людзей на вадаёмах:

— Чалавек на падпітку губляе над сабой кантроль і дрэнна арыентуецца. Яму здаецца мора па калена. Вось чаму нельга купацца ў нецвярозым стане. Па статыстыцы кожны чацвёрты тапелец быў у стане алкагольнага ап'янення.

Алена Жалабковіч адзначыла, што п'яныя нярэдка заплываюць за буйкі, не разлічыўшы свае сілы, і вяртаць іх на бераг даводзіцца ратавальнікам. Таксама садзяцца на катамараны і засынаюць, а судна адплывае далёка ад берага, у такім выпадку зноў патрабуецца дапамога ратавальнікаў. Партрэт чалавека, якому найчасцей патрабуецца дапамога на вадзе, выглядае так: гэта мужчына перадпенсійнага ўзросту, які мае работу.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Сезон пад градусам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.