Вы тут

Карыснае выкарыстанне скошанай травы


Многія косяць траву і пакідаюць скошанае проста там, куды яго адкінула газонакасілка, ці выкідваюць у смецце. Хоць ёсць шмат карысных спосабаў выкарыстання скошанай травы.


Дабаўка ў кампост

Скошаная трава, проста лежачы на зямлі, дапамагае ўгнаіць газон, але калі вы маеце намер выкарыстоўваць яе для градак, прыйдзецца сабраць і дадаць траву ў кампост.

Правільная кампоставая куча мае патрэбу як у зялёным, так і ў карычневым рэчыве, таму свежаскошаная трава запатрабуе трохі карычневага рэчыва, змяшанага з ёй. Добра спрацоўваюць сухія лісты і сухая трава. Калі вы дазволіце скошанай траве высахнуць, перш чым дадаць яе ў кампоставую кучу, не давядзецца думаць пра дадаванне якога-небудзь іншага карычневага або сухога матэрыялу.

Вадкае ўгнаенне

Свежаскошаная трава ўтрымлівае шмат азоту і калію, што выдатна падыходзіць для вырабу ўгнаенняў або кампоставага чаю. Усё, што трэба зрабіць, гэта сабраць свежаскошаную траву, напоўніць ёю 20-літровую ёмістасць прыкладна на дзве траціны, дадаць ваду і пры перамешванні даць настаяцца на працягу трох дзён.

Вадкае ўгнаенне даволі хутка дзейнічае. Яно творыць цуды з перасаджанымі квітнеючымі або пладаноснымі раслінамі.

Але не захапляйцеся: дадавайце вадкае ўгнаенне толькі раз на два тыдні ці калі расліне неабходная невялікая падкормка. Занадта шмат угнаення можа нашкодзіць раслінам.

Дом для чарвякоў

Свежаскошаная трава ўтрымлівае здаровую дозу азоту, які з'яўляецца добрай крыніцай ежы для чарвякоў. Зноў жа, не варта дадаваць занадта шмат. Проста перасыпце скошаную траву ў кошык.

Пры выкарыстанні скошанай травы для чарвякоў раскладзіце яе ў сонечным месцы, дайце высахнуць і стаць карычневай. Скошаная карычневая трава з'яўляецца выдатнай крыніцай вугляроду для глебы, дзе жывуць чарвякі.

Падсцілка

Скошаная трава з'яўляецца добрай падсцілкай для большасці дамашніх жывёл.

Яна вельмі падабаецца трусам, таму што яны могуць закусваць ёю і спаць на ёй амаль адначасова. Добра высушыце траву і замяніце ёю старую травяную падсцілку, якую, у сваю чаргу, можна адправіць у кампоставую кучу.

Таксама скошаную сухую траву можна выкарыстоўваць як падсцілку для сабакі. У больш прахалодныя месяцы вазьміце сухую траву і зрабіце маленькую нару або гняздо ў сабачай будцы, каб той спаў, — і яму гэта спадабаецца.

Корм для жывёл

Свежая і сухая скошаная трава — выдатны корм для трусоў (хоць гэта не адзіная ежа, якую яны ядуць). Козы таксама могуць не адмовіцца. Але важна пераканацца, што ў траве, якую вы збіраецеся выкарыстоўваць для корму, няма шкодных раслін або хімічных рэчываў.

Натуральны фарбавальнік

Травяныя плямы вельмі цяжка выдаліць з адзення або нейкага матэрыялу, што значыць — скошаная трава можа быць добрым натуральным зялёным фарбавальнікам. Адпаведна, можна выкарыстоўваць свежаскошаную траву, каб фарбаваць тканіны! Звычайна ў выніку атрымліваецца жоўта-зялёны колер. Каб стварыць натуральны фарбавальнік, трэба сабраць свежаскошаную траву, пакласці яе ў каструлю, дадаць вады (прыкладна ў два разы больш), давесці да кіпення, паварыць на слабым агні гадзіну і настаяць.

Тканіну, якую вы хочаце пафарбаваць, пакладзіце проста ў ёмістасць з травой.

Калі патрэбнае больш цёмнае адценне, пакіньце тканіну замочанай нанач.

Мульча

З травы атрымліваецца неверагодная якасная мульча, як для кветкавых, так і для агароднінных культур. Травяная мульча можа ахалоджваць каранёвую сістэму, затрымліваць вільгаць падчас засушлівага перыяду, спрыяць памяншэнню колькасці пустазелля і забяспечваць культурныя расліны неабходнымі пажыўнымі рэчывамі.

Пры выкарыстанні свежаскошанай травы неабходна вылажыць пласт таўшчынёй у 1 см вакол раслін. Гэта дазваляе траве раскладацца хутчэй і пазбегнуць празмернай вільготнасці для каранёў раслін. Лішак вільгаці можа выклікаць гніласць і цвіль. Сухую скошаную траву можна пакласці і таўсцейшым пластом.

Засцярога ад пустазелля

Нашы бабулі і дзядулі часта карысталіся такім трукам. Яны размяркоўвалі ўсю скошаную траву па ўчастках, дзе не хацелі, каб з'яўлялася якое-небудзь пустазелле або новая трава, таму што ў іх былі планы на гэты ўчастак у наступным сезоне.

Затым можна сабраць гэтую траву і дадаць яе ў кампоставую кучу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».