Вы тут

За мінулы тыдзень у краіне патанулі 33 чалавекі


Гэтае лета б’е рэкорды не толькі па гарачыні. Кожны тыдзень на вадаёмах нашай краіны гінуць людзі. Ахвярамі спёкі, вады, а ў першую чаргу — бацькоўскай няўвагі, на жаль, становяцца і дзеці...


Pixabay.com

У мінулыя выхадныя следчыя некалькі разоў выязджалі да вадаёмаў, у якіх патанулі непаўналетнія. Узрост загінулых — ад 3 да 16 гадоў. Адна з трагедый у нядзелю адбылася ў Лунінецкім раёне, дзе патанула 11-гадовая дзяўчынка. Па папярэдняй інфармацыі, школьніца разам са сваёй 22-гадовай цёткай купалася ў штучным вадаёме. Раптам дзяўчынка знікла. Калі на месца прыбылі ратавальнікі і выцягнулі яе з вады, сэрца дзіцяці ўжо не білася...

У той жа дзень магла здарыцца яшчэ адна бяда. Вечарам 11 ліпеня ратавальнікі атрымалі паведамленне, што на вадасховішчы Міхайлаўскае ў Пухавіцкім раёне дзяўчына 2005 года нараджэння наступіла на металічны трос і самастойна з вады выбрацца не можа.

— На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі пажарна-выратавальнай часці № 1 Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама прадстаўнікі штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Дзяўчына знаходзілася ў вадзе непадалёку ад берага, скардзілася на боль у назе — частка троса знаходзілася на верхняй трэці яе правай галёнкі. Пасля таго як медыкі абязболілі нагу, ратавальнікі з дапамогай гідраўлічнага інструмента «перакусілі» частку троса і перадалі пацярпелую супрацоўнікам «хуткай». Пасля аказання першай медыцынскай дапамогі дзяўчыну даставілі дадому.

Хэпі-эндам скончылася і перакульванне катамарана на акваторыі возера Нарач, што на Мядзельшчыне. Пяць чалавек апынулася ў вадзе, своечасова ім на дапамогу прыбылі супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах. Увогуле, за мінулы тыдзень супрацоўнікамі таварыства і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях быў выратаваны 31 чалавек.

— Дзявятага ліпеня ў 14.42 у цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ад старшыні ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах паступіла паведамленне аб тым, што на гарадскім пляжы № 2 горада Петрыкава нашымі супрацоўнікамі выратавана трое дзяцей, — паведаміў начальнік вадалазна-выратавальнай службы Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Дзмітрый БАРАНОЎСКІ. — Высветлілася, што мужчына купаўся разам са сваімі дзецьмі 2009-га, 2012-га і 2017-га гадоў нараджэння. Ён не бачыў, калі малыя пачалі тануць. Яны былі выратаваныя работнікамі Таварыства ратавання на водах, якія знаходзіліся непадалёку.

За мінулы тыдзень у Беларусі патанулі 33 чалавекі. Часцей за ўсё да трагедый на вадзе прыводзяць купанне ў стане алкагольнага ап’янення, заплывы на далёкія дыстанцыі, мышачныя сутаргі, адсутнасць нагляду за дзецьмі. Ратавальнікі адзначаюць, што вада не даруе бестурботнасці, і нагадваюць правілы паводзін, якія неабходна выконваць падчас адпачынку каля вадаёмаў:

  • выбірайце толькі спецыяльна абсталяваныя для купання месцы
  • знаходзьцеся ад дзіцяці на адлегласці выцягнутай рукі, а не на беразе
  • не скачыце з дамбаў, мастоў і прыстаняў.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Вада не даруе бестурботнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».