Вы тут

Сёлета за парушэнні ад удзелу ў ЦТ было адхілена менш абітурыентаў, чым летась


Першы этап уступнай кампаніі ў ВНУ і ССНУ падыходзіць да завяршэння. Іспыты стартавалі 16 чэрвеня з беларускай мовы, апошняе ЦТ па асноўным графіку (сусветная гісторыя, навейшы час) прайшло 8 ліпеня. Рэзервовыя дні вызначаны на 14, 16 і 18 ліпеня. Аб тым, як сёлета праходзіць уступная кампанія ў Беларусі, расказаў БелТА намеснік прэм’ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.


ЦТ у асноўныя і рэзервовыя дні

Усяго для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў 2021 годзе было зарэгістравана 62 618 абітурыентаў для праходжання 208 078 чалавека-тэстаў. Для ўдзелу ў рэзервовыя дні перарэгістраваліся абітурыенты, якія з уважлівай прычыны не змаглі прайсці ЦТ у асноўныя дні.

«Цэнтралізаванае тэсціраванне ў асноўныя дні прайшло ў спакойнай абстаноўцы, нягледзячы на тое, што надвор’е таксама выстаўляла абітурыентам свае выпрабаванні. Па медыцынскую дапамогу ў перыяд ЦТ у бягучым годзе звярнуліся 14 чалавек, што значна менш за колькасць такіх выпадкаў у мінулую ўступную кампанію (у 2020 годзе — 24 чалавекі).

Усім, хто не змог прайсці тэсты па стане здароўя, дадзена магчымасць паўдзельнічаць у ЦТ у рэзервовыя дні», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе абітурыенты больш свядома і арганізавана паставіліся да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. «Але, як і ў мінулыя гады, асобныя абітурыенты былі адхілены за парушэнні правілаў. На гэты момант іх колькасць меншая, чым летась.

Дзяржаўная камісія ўважліва аналізуе ўсе выпадкі парушэнняў парадку ўдзелу ў ЦТ, таму што мы зацікаўленыя ў прадастаўленні абітурыентам роўных магчымасцяў», — адзначыў віцэ-прэм’ер. У асноўныя дні ЦТ у бягучым годзе за парушэнні былі выдалены 10 абітурыентаў: сем — за выкарыстанне мабільнага тэлефона, два — за шпаргалкі і адзін — за работу над тэстам пасля заканчэння ўстаноўленага часу. Летась парушальнікаў было 14.

«У гэтым годзе, як і ў папярэднія, удзельнікі тэсціравання, выбраўшы ў якасці ўступнага экзамену адну з дзяржаўных (беларуская/руская) або замежных моў (англійская/нямецкая/іспанская/французская/кітайская), былі ў роўных умовах, што пацвярджаецца карэляцыяй вынікаў па гэтых прадметах», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер таксама звярнуў увагу на новыя арганізацыйныя элементы, увядзенне якіх было прадыктавана як запытамі абітурыентаў і іх бацькоў, так і напрацаванай практыкай арганізацыі і правядзення ўсіх этапаў уступных кампаній мінулых гадоў. Сярод навацый — электронная рэгістрацыя для праходжання ЦТ, магчымасць аплаты рэгістрацыйнага ўзносу праз сістэму мабільнага банкінгу, электронная чарга ў пунктах тэсціравання пры выдачы пропускаў, павелічэнне колькасці пунктаў і аўдыторый, праходжанне ЦТ па вучэбных прадметах «Руская мова» і «Матэматыка» ў два дні. Пры гэтым былі падрыхтаваны асобныя камплекты аднолькавых па структуры і складанасці варыянтаў тэстаў на кожны з двух дзён. Таксама была забяспечана рассадка абітурыентаў з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі не меншай як 1-1,5 м, не больш за 50 чалавек у аўдыторыі.

Выдаваць сертыфікаты ўдзельніка ЦТ у гэтым годзе будуць з 16 ліпеня пры абавязковым прад’яўленні дакумента аб адукацыі (напрыклад, школьнага атэстата). «Таксама абітурыентам трэба звярнуць увагу, што перыяд выкарыстання сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання складае два гады. Гэта значыць, тыя, хто ў мінулым годзе паспяхова прайшлі тэсціраванне, але не змаглі паступіць у ВНУ, змогуць выкарыстоўваць у бягучай уступнай кампаніі і сертыфікаты 2020 года», — нагадаў Ігар Петрышэнка.

Pixabay.com

Прыём дакументаў у ВНУ і залічэнне

Другі этап уступнай кампаніі, які пройдзе з 20 да 26 ліпеня, пачынаецца з прыёму дакументаў у ВНУ. «Сёлета мы на два дні прадаўжаем прыём дакументаў ад абітурыентаў на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці (да 28 ліпеня). Залічэнне на бюджэт у асноўны набор адбудзецца да 5 жніўня, на платнае — да 11 жніўня. Для тых, хто паступае на творчыя спецыяльнасці, тэрмін залічэння прадоўжаны да 6 жніўня», — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Прыём дакументаў у ССНУ пройдзе ў перыяд з 20 ліпеня па 3 жніўня, што дасць магчымасць абітурыентам, якія не паступілі ў ВНУ, узяць удзел у конкурсе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Залічэнне ў ССНУ завершыцца 18 жніўня.

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, асаблівасцю этапу прыёму дакументаў у ВНУ ў гэтым годзе будзе шырокае выкарыстанне магчымасцяў электронных кабінетаў абітурыентаў. Яны даюцца практычна кожнай ВНУ для папярэдняй рэгістрацыі дакументаў для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі І ступені. Кожны абітурыент зможа ўнесці неабходную інфармацыю ў асабістым электронным кабінеце. Прыёмныя камісіі арганізуюць папярэдні запіс для асабістага наведвання ВНУ (фарміруюць электронную чаргу) з мэтай непасрэднай падачы арыгіналаў дакументаў. Дадзеная мера будзе садзейнічаць змяншэнню колькасці людзей у прыёмных камісіях ВНУ, а таксама дасць магчымасць скараціць час для афармлення дакументаў. Інфармацыя аб выніках залічэння ў лік студэнтаў установы вышэйшай адукацыі можа накіроўвацца ў электронным выглядзе — з дапамогай электроннага сэрвісу «Лічбавы кабінет абітурыента».

У гэтым годзе плануецца прыняць у ВНУ каля 55 тысяч чалавек. У тым ліку для атрымання вышэйшай адукацыі І ступені за кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 27 тысяч 800 чалавек, што больш як на два працэнты перавышае план прыёму 2020 года. На платнай аснове плануецца залічыць 27 тысяч 100 чалавек, крыху менш за мінулагодні план прыёму. Што датычыцца дзённай формы навучання за кошт сродкаў бюджэту, павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на медыцынскія (плюс 160 месцаў), педагагічныя спецыяльнасці (плюс 78 месцаў), а таксама спецыяльнасці ў сферы архітэктуры і будаўніцтва (плюс 79 месцаў).

Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39,6 тысячы чалавек.

Загаловак у газеце: Выпрабаванне ведаў... надвор’ем

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.