Вы тут

Сыход з дому — адзінае выйсце? Сын або дачка — блізкія, але іншыя людзі


Перыядычна ў зводках навін нам даводзіцца чытаць пра знікненне дзяцей. Варыянты і прычыны такой з'явы, вядома, могуць быць розныя. Аднак што рабіць, калі гэта стала вынікам добраахвотнага сыходу дзіцяці з дому, і ці магчыма прадухіліць падобнае — даведаемся ад спецыяліста.


Псіхолагі вылучаюць дзве разнавіднасці дзіцячых уцёкаў: матываваныя і нематываваныя. Першая мае пад сабой, як правіла, чыста псіхалагічныя прычыны, што ўзнікаюць на фоне канфліктаў ці нейкай сітуацыі. Тады сыход з дому можа ўспрымацца як варыянт пазбаўлення ад праблемы. А нематываныя ўцёкі — хутчэй, проста пратэст супраць нейкага стану спраў, з якім не згоднае дзіця. Што да прычын, сюды адносяць наступныя: псіхічныя захворванні, канфлікты (у школе, з бацькамі), стрэс пасля нейкай перажытай трагедыі ці жорсткага стаўлення да дзіцяці, страх пакарання, унутраныя праблемы (здараюцца падчас пабудовы зносін з супрацьлеглым полам) ці банальны сум і шмат іншага...

— Насамрэч, колькі дзяцей — столькі прычын можа быць. Сітуацыі бываюць самыя розныя: канфлікт у сям'і, дзе ёсць непаразуменне, альбо алкагалізацыя бацькоў, недахоп увагі, крыўда... Аднак асноўная ўсё ж такі — гэта жорсткае стаўленне дарослых да дзетак, асабліва калі ў бацькоў маецца нейкая залежнасць (алкагольная, наркатычная), што можа ў тым ліку выклікаць у дзіцяці сорам за блізкага чалавека. Здараецца і такое, што з дому малое сыходзіць з-за боязні пакарання за дрэнную адзнаку ў школе, — тлумачыць псіхолаг Вера ПРОХАРЧЫК. — Зыходзячы са сваёй практыкі, магу сказаць, што ідуць на падобнае дзеці гадоў з дзесяці, а да гэтага могуць хіба што пагражаць на словах. Усё індывідуальна — і ўзрост, і прычыны, але заўсёды ў такіх сітуацыях шмат пытанняў да бацькоў. Таму што калі дзіця без асаблівасцяў развіцця, то вельмі рэдка яно будзе хацець сысці ці не вяртацца дадому. Значыць, варта аналізаваць, чым такое жаданне абумоўлена: якая атмасфера ў сям'і, ці ёсць эмацыянальная сувязь у бацькоў і дзяцей. Бо часта збоку ўсё можа здавацца ідэальна, а потым аказваецца, што там зусім няма любові, клопату, увагі, прыняцця. І тады падобны сцэнарый становіцца адзіным варыянтам звярнуць на сябе ўвагу дарослых.

То-бок, як бачым, рызыка апынуцца ў сітуацыі, калі ваша дзіця раптам знікае і вам не ўдаецца яго знайсці, аднолькава рэальная для ўсіх бацькоў. Вядома, калі быццам і апрануты, і накормлены, то здаецца, што і не мае падстаў «паказваць характар» такім вось чынам. Аднак часта мы, дарослыя, усё ж вельмі засяроджваемся на тым, каб больш зарабіць (дзіця мае столькі патрэб!), каб уладкаваць асабістае жыццё, усё паспець і г. д. А ў гэты час нітачка ўзаемапаразумення, душэўнай блізкасці, на жаль, перарываецца...

Асабліва ўразлівыя ў гэтым сэнсе падлеткі. Яны на падобнае часта ідуць яшчэ і з прычыны моцнай гіперапекі. Дзеці лічаць, што ўжо дарослыя, а бацькі, у сваю чаргу, тут забараняюць, там кантралююць кожны крок, да сяброў не пускаюць... І тады сыход з дому падлетку бачыцца менавіта як магчымасць давесці дарослым сваю самастойнасць, хоць і робіцца тое хутчэй ад адчаю, на эмацыянальным парыве.

— Неадабрэнне сяброў сына ці дачкі, крытыка яго знешняга выгляду часта становяцца такім своеасаблівым бунтам супраць правілаў і прынцыпаў бацькоў, — заўважае спецыяліст. — І ў такія моманты добра, калі дарослыя здолеюць падумаць над тым, што адбываецца, а не пачнуць у адказ таксама дзейнічаць з пазіцыі эмоцый, або што яшчэ горш — пакарання.

Сілай і жаданнем настаяць на сваім у мам і тат наўрад ці атрымаецца данесці свае погляды дзіцяці. Нам можа здавацца, што мы лепш ведаем, з кім павінны сябраваць сын ці дачка, каго абраць для стасункаў і ў які ўніверсітэт паступіць.аА ці патрэбныяаму тая мудрасць і жыццёвы вопыт, калі ў выніку абодва бакі застануцца няшчасныя пакрыўджаныяі гэта прывядзе да разбурэння адносін? А значыць, асноўная прафілактыка тут — толькі любоў, павага адзін да аднаго і разуменне, што дзіця — не ваша ўласнасць і не шанц пражыць яшчэ адно жыццё. Сын альбо дачка — блізкія, але іншыя людзі, і варта прымаць іх такімі, якія яны ёсць. Дайце ім падтрымку і ўсведамленне, што побач з імі тыя, хто заўсёды прыме іх погляды, іх жаданне шукаць сябе і эксперыментаваць, памыляцца і прайграваць. Толькі не пераставайце верыць і любіць.

— Я сваім дзецям, якія зараз у падлеткавым узросце, заўсёды кажу: я дарослая і лічу вось так, але я таксама была падлеткам, і таму добра вас разумею. Не абясцэньваючы пачуцці дзіцяці, важна дакладна вытрымліваць баланс паміж сяброўствам і бацькоўствам, аднак не трэба быць занадта аўтарытарнымі, — кажа Вера Васілеўна. — Вашы погляды могуць разыходзіцца, але ж імкніцеся знайсці той варыянт, які задаволіць усіх. Таму што калі бацькі настойваюць на сваім, то дзіця ўнутры гэтую сітуацыю перажывае. А дазволіўшы свайму нашчадку рабіць уласны выбар у нечым, вы навучыце яго прымаць дарослыя рашэнні і несці за іх адказнасць. Няхай лепш сын ці дачка пафарбуюць валасы ў зялёны колер у падлеткавым узросце, чым зробяць гэта ў 40 гадоў. Я, працуючы з сем'ямі, якраз часта сутыкаюся з тым, што асноўная прычына канфліктаў — гэта нежаданне бацькоў разумець сваіх дзяцей. Ім жа важна, каб іх прымалі і любілі любымі. І тут, мабыць, вельмі важна памятаць, што мы, дарослыя, можам не падзяляць і не ўхваляць нейкія ўчынкі, меркаванні, але дзеці маюць на іх права.

Калі ж уявіць, што эпізод сыходу з дому — гэта ўжо факт, то ўзнікае пытанне: як паводзіць сябе, каб падобнага не паўтарылася, але і каб пэўны ўрок жыцця дзіця засвоіла. Як адзначалі раней, пакаранне ў такіх выпадках пад забаронай, паколькі можа толькі пагоршыць сітуацыю і замацаваць падобныя паводзіны дзяцей. Трэба проста спакойна сесці і пагаварыць. Пра бацькоўскія эмоцыі, хваляванне, пра наступствы і тыя рызыкі, да якіх мог прывесці іх учынак. Дарослым жа варта імкнуцца змяніць і свае паводзіны, каб не здарылася падобнага ў будучым. Будзьце больш уважлівыя да дзіцяці, праявіце цікавасць да таго, з кім сын ці дачка сябруюць, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, за якімі гульнямі бавіць час, чым жыве ўвогуле, якіх перамен яму ў сваім жыцці хочацца. Заўсёды ж лепш папярэдзіць учынак, чым перажываць яго наступствы. Дарэчы, у выпадку, калі вы заўважылі на вуліцы дзіця, па знешнім выглядзе якога можна дапусціць, што яно сышло з дому, то не варта пакідаць гэта без увагі. Для пачатку можна проста прадставіцца і прапанаваць дапамогу. А калі ад яе адмаўляюцца, але відаць, што для хвалявання могуць быць падставы, то можна звярнуцца па дапамогу ў міліцыю. Аб дапамозе часам цяжка папрасіць услых, тым больш у чужога дарослага. Таму, што б ні адбывалася, заставайцеся для сваіх дзяцей блізкімі людзьмі.

Алена ДРАПКО


Парады бацькам, у якіх дзіця сышло з дому:

  • Перш за ўсё прыгадайце падзеі апошніх дзён: як дзіця сябе паводзіла, чым займалася, дзе было. Магчыма, нешта вы ўпусцілі.

  • Патэлефануйце знаёмым, сябрам сына ці дачкі. Калі гэта здарылася вечарам, то пагаварыце з класным кіраўніком, распытайце аднакласнікаў.

  • Праверце рэчы дзіцяці: знікла нешта альбо нічога не кранута.

  • Калі ніхто нічога не ведае і не прапалі ніякія рэчы — тады варта тэлефанаваць у «хуткую дапамогу» і ў міліцыю, каб даведацца, ці не забіралі з вуліцы ваша дзіця.

  • Калі і гэта не дасць вынікаў, неабходна ісці і пісаць заяву пра знікненне, складаць арыенціроўкі.

  • Вучыце сваё дзіця, як паводзіць сябе, калі раптам згубілася, заблукала: звяртацца па дапамогу да міліцыянера альбо дарослага з дзецьмі. І вядома, дзеці павінны ведаць кантакты бацькоў, адрас месца свайго пражывання.

Як бацькам паводзіць сябе, каб пазбегнуць сыходу дзіцяці з дому:

  • Прыміце той факт, што вашы сын ці дачка ўжо не дзеці (як мінімум, калі яны жадаюць, каб навокал так думалі), бо адносіны з падлеткамі важна будаваць на даверы.

  • Кантакты з аднагодкамі падлеткам вельмі патрэбныя. І таму важна, каб магчымасць сустракацца з сябрамі была ў іх і дома. Арганізуйце ім такую магчымасць, і тады дом будзе для іх самым прыцягальным месцам.

  • Не пагражайце дзецям, што выганіце іх з дому, калі раптам яны зробяць нешта не так. Напрыклад, заявы бацькоў, што не пусцяць дачку на парог дома, калі раптам тая зробіць памылку (ранняя цяжарнасць, трапіць у непрыемнасці з-за ўплыву кампаніі і г. д.), могуць абярнуцца трагедыяй.

  • Якая б праблема ні ўзнікла ў жыцці вашага дзіцяці, не вырашайце яе сілавымі метадамі (не хавайце рэчы дзіцяці, не зачыняйце яго дома...).

  • Калі сыход з дому ўжо адбыўся, то абмяркуйце сітуацыю адзін раз, але толькі сам-насам з дзіцем. Можна звярнуцца да псіхолага. Але не варта расказваць пра здарэнне ўсім навокал, бо з часам вы, можа, забудзеце ўсё, што адбылося, і вашы адносіны наладзяцца, а ў вачах вашых родзічаў і знаёмых падлетак застанецца няўдачнікам.

  • Імкніцеся разам вырашаць і абмяркоўваць, як праводзіць вольны час. Калі вы сумесна знойдзеце варыянты цікавага і карыснага адпачынку, гэта будзе на карысць вашым адносінам. Бо дзецям падабаецца займацца нечым карысным «за кампанію».

  • Любыя расповеды дзіцяці пра яго жыццё, праблемы, жаданне пагаварыць шчыра і падзяліцца нечым асабістым успрымайце як прыкмету вялікага даверу да вас. Сваё меркаванне выказвайце асцярожна і нейтральна, пазбягаючы катэгарычнасці ў высновах. Вашы падтрымка і дэманстрацыя таго, што пры любых умовах вы будзеце побач — найлепшая тактыка. Тады вашы сын ці дачка ў любой, нават самай складанай сітуацыі, прыйдуць да вас па параду і дапамогу, а не стануць шукаць іх у іншых, часам ненадзейных, месцах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.