Вы тут

Крымінальную адказнасць за грумінг і распусныя дзеянні ў адносінах да дзяцей прапануецца ўзмацніць


Зараз у Беларусі расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да злачыннай групы, якая пад выглядам дзіцячага мадэльнага агенцтва займалася вырабам парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх. Акрамя яе 37-гадовага арганізатара, прэтэнзіі ў праваахоўнікаў маюцца і да маці дзяўчынак, якія пра ўсё ведалі і рыхтавалі дзяцей да здымак, атрымліваючы за гэта ўзнагароджанні. Штогод у Беларусі выяўляюць амаль 500 дзяцей, якія пацярпелі ад педафілаў. Больш за 200 злачынстваў зарэгістравана ў першым паўгоддзі сёлета за выраб парнаграфічных матэрыялаў з удзелам дзяцей.


І калі злачынцаў часта ўдаецца знайсці, то пакараць у адпаведнасці з цяжкасцю здзейсненага — не заўсёды. Тут трэба сказаць, што ў многіх краінах заканадаўства ў адносінах да педафілаў куды больш жорсткае, чым у Беларусі, як і адказнасць за выраб, набыццё і захоўванне дзіцячай парнаграфіі. Праваахоўнікі лічаць, што надышоў час мяняць яго і ў нас. Камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ініцыявала абмеркаванне ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства ў сферы барацьбы з сексуальнай эксплуатацыяй дзяцей у інтэрнэце.

Кожнае пятае дзіця атрымлівае непрыстойную прапанову ў інтэрнэце

У цяперашні час кожнае пятае дзіця ў Беларусі ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў хоць бы раз атрымлівала ў інтэрнэце прапанову сексуальнага характару ад дарослых людзей, адзначае член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Марыя Васілевіч.

— Сям'я ў сістэме каштоўнасцяў беларусаў заўсёды займала лідзіруючыя пазіцыі, і асабліва важнае такое пытанне, як бяспечнае дзяцінства. Сексуальны гвалт над дзецьмі з'яўляецца агульнасусветнай праблемай, якая не абышла ні адну краіну. Шырокае распаўсюджанне інтэрнэту і яго ўплыў на наша жыццё, а таксама з'яўленне новых гаджэтаў стала каталізатарам да сексуальнага гвалту над дзецьмі ў інтэрнэце. Тэхналогіі, якія былі закліканы служыць на карысць, цяпер выкарыстоўваюцца злачынцамі для анлайн-кантактавання, схілення дзіцяці да рэальнай сустрэчы, злачынцы з лёгкасцю наладжваюць кантакт з дзіцем, абменьваюцца зашыфраванай інфармацыяй і выкарыстоўваюць для гэтага сетку «даркнэт».

Парламентарый заўважыла, што праблема абвастрылася больш за год таму ў сувязі з COVІD-19, калі дзеці ўсё часцей застаюцца дома і вялікую частку часу праводзяць на віртуальных пляцоўках.

— Мы павінны ўсведамляць, што цяпер гэта не той злачынца, які жыве побач з намі на суседняй вуліцы і яго можна злавіць за руку. Цяпер гэта правапарушальнік, які знаходзіцца ў іншай частцы свету, але ён лёгка можа пранікнуць у нашы дамы і разбурыць жыццё нашых дзяцей. На мой погляд, праблема патрабуе неадкладнага ўдзелу абсалютна ўсіх: і парламента, і ўрада, і грамадскасці, у тым ліку бацькоў.

Педафілам часта аказваецца сваяк

Як адзначыў часова выконваючы абавязкі начальніка 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Грачоў, злачынствы ў дачыненні да малалетніх з'яўляюцца адной з найбольш небяспечных формаў антысацыяльных паводзін і заўсёды выклікаюць вялікі грамадскі рэзананс.

— Сексуальным гвалтам у адносінах да дзіцяці мы лічым не толькі яго актыўнае супраціўленне дзеянням сексуальнага характару, але і любое іншае яго выкарыстанне. Сексуальны гвалт мае фізічную і псіхалагічную формы. Фізічны гвалт — здзяйсненне канкрэтных дзеянняў сексуальнага характару ці выкарыстанне цела непаўналетняга, яго выяў, вобразаў у сексуальных мэтах. Гэта і непасрэдна педафілія, выкарыстанне дзіцячай прастытуцыі і дзяцей для порназдымкаў, гандаль дзецьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі.

Аляксандр Грачоў падкрэсліў, што сістэмная работа па папярэджанні такіх злачынстваў садзейнічала станоўчым зменам, але цяпер практыка паказвае рост злачынстваў у сферы новых тэхналогій. Яны сёння прымяняюцца ва ўсіх сферах злачыннай дзейнасці, у тым ліку і педафіламі. Выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, яны на крок і больш апярэджваць праваахоўнікаў, паспяхова хаваюць сваю злачынную дзейнасць, рэалізоўваючы ўвесь ланцужок дзеянняў, не выходзячы з-за камп'ютара.

— Відавочна, што злачынствы дадзенай катэгорыі здзяйсняюцца без сведак, пацярпелыя пра іх калі і паведамляюць, то праз працяглы час, калі сляды злачынства знішчаны. Гэта абумоўлена рознымі прычынамі: бояззю помсты з боку тых, хто ўчыніў злачынства, агалоскай, а таксама ўзростам пацярпелых, якія нярэдка не разумеюць, што ў іх адносінах здзейснена злачынства. Часта ўплывае меркаванне дзіцяці, што ва ўсім, што з ім адбылося, вінавата яно само. Такія злачынствы нярэдка здзяйсняюцца сваякамі і асобамі, якія пражываюць сумесна з дзецьмі. У сувязі з гэтым раскрыццё прадугледжвае пэўныя складанасці. Часта ролю адыгрывае і нежаданне дарослых разгалошваць злачынства, матываванае тым, што гэта негатыўна паўплывае на рэпутацыю дзіцяці і сям'ю, дзе яно выхоўваецца. Жаданне бацькоў абараніць такім чынам рэпутацыю свайго дзіцяці станоўча ўспрымаецца педафіламі, большасць якіх, дарэчы, мае псіхічныя расстройствы. І такія абставіны даюць ім магчымасць здзейсніць аналагічныя злачынствы ў адносінах і да іншых непаўналетніх, — расказвае Аляксандр Грачоў.

Праваахоўнікі выкарыстоўваюць праграмныя прадукты для адсочвання злачынцаў у інтэрнэце, прыцягваюць да супрацоўніцтва ўстановы адукацыі, аховы здароўя і іншыя. У цяперашні час у заканадаўстве замацоўваецца абавязацельства наймальніка ў педагагічных установах даследаваць работніка, якога ён наймае, і атрымаць звесткі аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці за падобныя злачынствы, а патэнцыйны работнік абавязаны прадставіць указаныя звесткі. Таксама наймальнік зможа атрымаць такія звесткі ў органах унутраных спраў. А вось пытанне адказнасці за набыццё і захаванне парнаграфічных матэрыялаў з выявай непаўналетніх застаецца нявырашаным.

Летась праваахоўнікамі краіны было ўстаноўлена 471 дзіця, пацярпелае ад педафілаў (у 2019-м — 477, у 2018-м — 609). За шэсць месяцаў бягучага года ўжо выяўлена 525 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і свабоды непаўналетніх, у тым ліку 230 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Рост склаў больш за 47 %. За паўгоддзе ўстаноўлены 394 дзіцяці, пацярпелых ад педафілаў, што на 69 % больш, чым за аналагічны перыяд летась. Па крымінальных справах праходзяць 250 падазраваных у педафіліі. Дадзеныя злачынствы займаюць 75 % у агульнай структуры злачынстваў у сферы гандлю людзьмі. За першае паўгоддзе 2021-га выяўлена 208 выпадкаў вырабу парнаграфічных матэрыялаў з непаўналетнімі (за ўвесь мінулы год было 45). Устаноўлены 45 дзяцей, якіх выкарыстоўвалі ў здымках.

У сеткі злачынцаў — праз чаты, форумы і сайты знаёмстваў

Аб праблемах, з якімі сутыкаюцца праваахоўнікі падчас выяўлення злачынцаў і пацяплелых, расказаў старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Панасенка.

— Кантактаванне педафіла і дзіцяці цяпер пераносіцца ў сетку інтэрнэт і злачынцы доўгі час могуць заставацца па-за нашай увагай. Пацярпелыя падвяргаюцца працягламу ціску і гвалту. Значная колькасць дзяцей трапляе ў сеткі злачынцаў праз знаёмствы ў розных чатах, на форумах, сайтах знаёмстваў і іншых сродках віртуальнага кантактавання. Злачынцы лёгка ўступаюць у кантакт са сваімі будучымі ахвярамі. Гэтыя дзеянні наносяць дзецям не толькі псіхалагічную шкоду і выкарыстоўваюцца як падрыхтоўка для фізічнага ці віртуальнага сексуальнага кантакту.

Аляксандр Панасенка падкрэсліў, што ўжо саму спробу нанесці шкоду дзіцяці, напрыклад, сексуальнае дамаганне ў інтэрнэце, варта прызнаць злачынствам. І гэта дазволіць знізіць не толькі рызыку ўцягвання дзяцей у сексуальныя адносіны, але і папярэдзіць выпадкі сексуальнага гвалту ў будучым.

— Мы мяркуем, што схіленне асобы, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, да дзеянняў сексуальнага характару ёсць нішто іншае, як адна з формаў распусных дзеянняў, кваліфікаваных у артыкуле 169 Крымінальнага кодэкса. І тут неабходна толькі прадугледзець адпаведныя заўвагі да дадзенага артыкула, — адзначыў праваахоўнік.

Аляксандр Панасенка таксама спыніўся на праблеме адсутнасці ў нашай краіне адказнасці за набыццё і захаванне парнаграфічных матэрыялаў з выявай непаўналетніх. Пры гэтым відавочна, што такі матэрыял з'яўляецца вынікам здзяйснення ў дачыненні да малалетняга цяжкага злачынства.

— Попыт на такую прадукцыю вядзе і да яе актыўнай прапановы. Таму трэба на дзяржаўным узроўні ажыццяўляць барацьбу з вырабам дзіцячай парнаграфіі. МУС штогод выяўляе каля 50 дзяцей, якія пацярпелі ад выкарыстання ў порназдымках, значная частка з іх, акрамя псіхалагічнага гвалту, падвяргаецца яшчэ і сексуальнаму. Зніжэнне попыту, на нашу думку, акажа ўплыў на яе вытворчасць, што, у сваю чаргу, дазволіць папярэдзіць выкарыстанне многіх дзяцей. Сусветная практыка развіваецца ў дадзеным кірунку і дэманструе сваю эфектыўнасць. Шэраг краін забаранілі захаванне дзіцячай парнаграфіі, сярод іх Аўстралія, ЗША, Канада, Новая Зеландыя, Вялікабрытанія, Германія, Нарвегія, Аўстрыя, Швецыя, Эстонія, Украіна, Польшча, Літва, Турцыя. Некаторыя пайшлі далей і адкрылі грамадскаці доступ да базы асоб, якія ажыццявілі гвалт у адносінах да дзяцей.

Паслабленні ў заканадаўстве, апроч іншага, садзейнічаюць секс-турызму замежнікаў, лічыць праваахоўнік. І гэта вядзе да гандлю людзьмі.

Часам дзіця само з'яўляецца аўтарам парнаграфічных матэрыялаў — робіць свае фотаздымкі пад уплывам дарослага ў інтэрнэце.

— Схіленне непаўналетняга падчас электроннай перапіскі да вырабу такіх матэрыялаў для перадачы іх потым злачынцу ёсць нішто іншае, як выкарыстанне непаўналетняга. Гэта таксама неабходна замацаваць у заканадаўстве як схіленне дзіцяці да вырабу дзіцячай парнаграфіі, — выказаў меркаванне Аляксандр Панасенка.

Неабходны і адзіны крымінальны артыкул, які аб'яднае адказнасць за гандаль дзецьмі.

— Па міжнародным заканадаўстве любыя дзеянні, якія накіраваны на выкарыстанне дзіцяці, нават не звязаныя з уздзеяннем на яго, лічацца гандлем дзецьмі. Разам з тым адказнасць за падобныя дзеянні ў нашай краіне раздроблена па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса і не адпавядае цяжкасці здзейсненага. А асобны артыкул аб крымінальнай адказнасці за гандаль дзецьмі адсутнічае. За апошнія пяць гадоў больш за 100 беларускіх дзяцей было ўцягнута ў падкантрольную прастытуцыю, аднак усе злачынцы панеслі адказнасць не як гандляры дзецьмі, а як звычайныя сутэнёры, якія выкарыстоўваюць дарослую жанчыну. Таксама выяўлена 10 дзяцей (а рэальная іх колькасць значна большая), якія на працягу доўгага часу выкарыстоўваліся дарослымі для папрашайніцтва, што з'яўляецца нічым іншым, як формай эксплуатацыі дзяцей. Вінаватыя адказваюць толькі за ўцягванне дзяцей у антыграмадскія паводзіны, што адносіцца да менш цяжкіх злачынстваў, — аргументуе суразмоўнік.

Усе прапановы будуць разгледжаны парламентарыямі, у тым ліку ўнясенне ў заканадаўства такіх паняццяў, як «грумінг» (схіленне дзіцяці да сексуальнага кантакту) і «распусныя дзеянні» ў адносінах да дзяцей. Мяркуецца ў найбліжэйшы час узмацніць і крымінальную адказнасць за злачынствы супраць палавой свабоды непаўналетніх.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Паляванне ў Сеціве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.