Вы тут

Гамяльчане — на пляжнай хвалі


Многія буйныя гарады могуць толькі пазайздросціць Гомелю з яго разнастайнасцю вадаёмаў і пляжаў, упісаных у гарадскую інфраструктуру. У гарачае надвор’е, папросту кажучы, рушнік няма дзе разаслаць — аматарам паплаваць-пазагараць, падрамаць на пясочку тут бы мёдам намазана. А чаму ж і не, калі ёсць дзе! У абласным цэнтры дзесяць легальных зон рэкрэацыі. Тут пастаянна дзяжураць ратавальнікі і медыкі, рэгулярна праводзяцца лабараторныя даследаванні вады, чысціцца дно вадаёмаў.


Фота: pixabay.com

Усе пляжы знаходзяцца ў межах горада і карыстаюцца вялікім попытам нават па буднях. Галоўным у горадзе называюць цэнтральны гомельскі пляж на левым беразе Сожа. Цэнтр горада і зону адпачынку плошчай у два з паловай гектары і даўжынёй берагавой лініі ў кіламетр злучае пешаходны мост у цэнтральным парку. Дабрацца сюды зручна з любога канца горада — непадалёк асноўныя прыпынкі грамадскага транспарту. Таму на цэнтральным пляжы заўсёды шматлюдна — знаўцы імкнуцца заняць найлепшыя месцы як мага раней. Сярод адпачывальнікаў тут мноства маладых пар, груп студэнтаў і школьнікаў. Шмат вясёлых шумных кампаній, пануе свая пляжна-спартыўная атмасфера.

— Я аматар такога адпачынку, часта хаджу на галоўны гарадскі пляж. За апошнія пяць гадоў яго тэрыторыя значна змянілася і стала, на маю думку, самай камфортнай у Гомелі, — абгрунтоўвае свой выбар месца адпачынку гамяльчанка, прафесійны фатограф Марыя. — Тут зручныя раздзявальні, ёсць біяпрыбіральні, дастатковая колькасць урнаў, маюцца пляцоўкі для заняткаў спортам і фудзоны. А самае галоўнае — чысты пясок і ратавальнікі ў добрай фізічнай форме.

А яшчэ на пляжы ў купальны сезон працуе прыватнае кафэ, па выхадных арганізаваны выязны гандаль з латкоў-халадзільнікаў марожаным і халоднымі напоямі. Алкаголь строга пад забаронай.

І ўсё ж такі ў апошнія гады цэнтральнаму «даюць фору» пляжы ў спальных мікрараёнах актыўнай жыллёвай забудовы. Адзін з прызнаных лідараў па асяроддзю для камфортнага пляжнага адпачынку — Савецкі раён Гомеля. Папулярны адносна новы (адкрыты ў 2015 годзе) Рапоўскі пляж. 

Адпачывальнікі могуць быць упэўненыя ў чысціні агароджанай буямі падводнай прасторы — вабіць купацца роўнае, чыстае дно. Увогуле пляж варты таго, каб ехаць менавіта сюды. Тут зманціраваны дзве пляцоўкі для пляжнага валейбола і адна футбольная, ёсць гарадок з брусамі і турнікамі для дарослых і дзяцей. Устаноўлены кабіны для пераадзявання, грыбкі ад сонца і лаўкі. Неабходны мінімум ежы і напояў забяспечваюць прыватнае кафэ і выязны гандаль. Ёсць урны і біяпрыбіральні. Гэты пляж аблюбаваны сем’ямі з дзецьмі, якіх смела можна адпраўляць купацца ў добра ўладкаваны «жабнік». Сярод дадатковых плюсоў гэтага пляжа, якія агучваюць мамы, — чысты пясок, нямоцная плынь вады, пастаянны кантроль за станам урнаў для смецця, што не менш важна.

Яшчэ адно папулярнае месца адпачынку жыхароў Савецкага раёна — пляж на Любенскім возеры. Так па гарадской звычцы называюць адзін з заліваў Сожа. У гарачыя дні на беразе не праціснуцца. Кожны год да пачатку купальнага сезона бераг на Любенскім падсыпаюць спецыяльным чыстым пяском. Пляжная зона абсталявана распранальнямі і біяпрыбіральнямі. Як і на цэнтральным пляжы, тут арганізаваны раздзельны збор смецця, ёсць фантанчык з пітной вадой. На Любенскім, як правіла, адпачываюць жыхары мікрараёна Манастырок, а таксама вуліц Мележа, Багдана Хмяльніцкага і 60 гадоў СССР. 

У разгар лета хапае і гасцей з іншых раёнаў Гомеля і нават з іншых рэгіёнаў Беларусі. Некалькі гадоў таму па грамадскай ініцыятыве менавіта Любенскі пляж быў абвешчаны «свабоднай зонай» ад алкаголю, курэння і брыдкаслоўя. Пастаянныя наведвальнікі кажуць, што выпадкаў адкрытага спажывання спіртных напояў, курэння ў неўстаноўленых месцах, ды і наогул неадэкватных паводзін людзей тут не заўважана. Перыядычна абстаноўку адсочваюць супрацоўнікі АМАП. Звяртаецца ўвага, што за ўжыванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў такім месцы ў п’яным выглядзе пагражае штраф да 8 базавых велічынь, за паўторнае аналагічнае правапарушэнне на працягу года — ад 2 да 15 базавых велічынь, грамадскія работы альбо адміністрацыйны арышт.

У іншай частцы абласнога цэнтра жыхарамі Чыгуначнага раёна аблюбаваны Валатаўскія азёры. Вабіць добрая лагістыка, строгі кантроль ратавальнікаў. Але здараецца, купальны настрой ахалоджвае насцярожанасць да каскада азёраў спецыялістаў санэпідэмслужбаў абласнога цэнтра. Зона адпачынку «Каскад-1» штогод «фаніць» па гігіенічных нарматывах мікрабіялагічных паказчыкаў бяспекі (утрыманне кішэчнай палачкі). Тым не менш, гэта мала каго спыняе, калі на градусніку ў ценю больш за 30? C. Каля каскада азёраў — вялікая колькасць новых шматпавярховікаў. Іх жыхары — сем’і з дзецьмі — аматары вады і пляжа. Зоны адпачынку цяпер запоўненыя да позняга вечара.

І ўсё ж трэба адзначыць, што спецыялісты Гомельскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя папярэджваюць: па выніках апошняга аналізу проб вады ў зонах рэкрэацыі купанне для дзяцей абмежавана на пляжы «Каскад-1» на вуліцы Петруся Броўкі з боку вуліцы Каменшчыкава ў Гомелі. Прынамсі, у гэтым жа спісе — абмежаванне купання дзяцей на вадаёме ў вёсцы Аляксандраўка Жлобінскага раёна, прыпыненне купання дзяцей і дарослых на гарадскім пляжы на рацэ Дняпро ў парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» ў Жлобіне. Наогул забаронены купанне і заняткі відамі воднага спорту ў гарадской сажалцы ў Калінкавічах.

Жыхарам абласнога цэнтра можна разгледзець яшчэ адно афіцыйна дазволенае месца для купання. Гэта спецыяльна абсталяваны ўчастак ракі Сож у пасёлку Чонкі Гомельскага раёна. Зона адпачынку таксама на строгім канролі ратавальнікаў і санслужбаў. 

Дарэчы, дзе б вы ні адпачывалі, пры наведванні пляжаў варта прыслухацца да парад медыкаў. Яны заклікаюць (асабліва ў спёку) не грэбаваць правіламі асабістай гігіены: абавязкова вымыць рукі ці працерці іх вільготнымі сурвэткамі, калі збіраецеся перакусіць на пляжы, не браць на адпачынак харчовыя прадукты, якія патрабуюць асаблівых умоў захоўвання. Дбайна сачыць за мерамі прафілактыкі кішэчных захворванняў у дзяцей, для якіх і так асабліва павышаная рызыка развіцця захворванняў з-за заглынання вады пры купанні. Не варта таксама забываць і аб захаванні супрацьэпідэмічных мер прафілактыкі распаўсюджвання інфекцыі COVІD-19.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?