Вы тут

Жорсткі «квэст». Як не згубіцца ў лесе?


Сезон лясных ягад — у самым разгары. Дзесьці ўжо пайшлі лісічкі і маладзенькія баравічкі. У аматараў ціхага палявання работы непачаты край. Аднак не ўсе з іх, ідучы ў лес, памятаюць пра элементарныя правілы бяспекі. Не ўлічваючы свой стан здароўя, наведваюць лес у спёку. У пагоні за ягаднымі і грыбнымі мясцінамі страчваюць арыенціры, а потым не могуць знайсці дарогу дамоў...


Фота: pixabay.com

Жонка забіла трывогу

Штодзень з пачаткам ягадна-грыбнога сезона ратавальнікам паступае дзясяткі паведамленняў аб тым, што нехта заблудзіўся ў лесе. У асноўным размова ідзе пра пажылых людзей. На днях, ныпрыклад, у Бярэзінскім раёне 70-гадовы мужчына на ўласным мотаблоку з самага ранку адправіўся ў лес па ягады. Калі ён не вярнуўся дамоў да абеду, як заўсёды бывала, яго жонка забіла трывогу — на пошукі пенсіянера выехалі ратавальнікі.

— 8 ліпеня пасля абеду бярэзінскім ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лесе згубіўся чалавек, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Супрацоўнікі пажарнага аварыйнаратавальнага паста адразу выехалі на пошукі. Дапамагалі пляменнікі мужчыны, які згубіўся ў лесе, а таксама мясцовыя жыхары. Мотаблок, на якім пенсіянер накіраваўся па ягады, ратавальнікі знайшлі адразу. Уключыўшы сірэну, прадстаўнікі МНС неўзабаве адшукалі і мужчыну, які сядзеў каля дарогі. Знойдзенага напаілі вадой і даставілі да хаты, тэхніку дамоў прыгналі аднавяскоўцы.

Нядаўна на «гарачую лінію» МНС патэлефанаваў мужчына, які паведаміў, што яго бацька згубіўся ў лесе. Ён удакладніў, што спачатку спрабаваў шукаць самастойна, але, калі стала вечарэць, звярнуўся па дапамогу да ратавальнікаў. Праз лічаныя хвіліны прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ужо знаходзіліся ў лясным масіве каля гарадскога пасёлка Урэчча Любанскага раёна, дзе, па папярэдняй версіі, згубіўся пенсіянер.

У пошуку былі задзейнічаны не толькі любанскія ратавальнікі, але і супрацоўнікі штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый Салігорскага гарадскога раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама прадстаўнікі міліцыі, лясгаса і вайскоўцы тэрміновай службы — усяго ў пошукава-ратавальнай аперацыі прымалі ўдзел 25 чалавек. Перад пачаткам пошукаў спецыялісты вызначылі два маршруты і пачалі прачэсваць лес. Ужо праз 15—20 хвілін група, у складзе якой былі ратавальнікі і ляснікі, адшукала пенсіянера. Мужчына быў абяссілены і абязводжаны. Але абышлося: пасля агляду ўрачамі хуткай дапамогі пенсіянера адпусцілі дахаты. Як высветлілася пазней, родныя пажылога чалавека ў лес не адпускалі, але мужчына настаяў на сваім і пайшоў.

Ідзяце ў лес — папярэдзьце родных

Добра, калі падобныя выпадкі заканчваюцца хэпі-эндам. Але, як паказвае жыццё, у такіх гісторыях бываюць і трагічныя фіналы. Невыпадкова ратавальнікі акцэнтуюць увагу на тым, што, калі вы дрэнна арыентуецеся ў мясцовасці, лепш не рызыкуйце! Калі ж вам як піць даць патрэбна ў лес, то запрасіце з сабой таго, хто добра ведае лясны масіў. Асаблівай асцярожнасці трэба прытрымлівацца пажылым людзям, у якіх ужо мала сіл для працяглых лясных падарожжаў. А калі яны яшчэ сябе дрэнна адчуваюць, аб паходзе ў лес не павінна быць нават размовы.

— Нельга забываць, што да паходу ў лес трэба рыхтавацца, — удакладняе Анастасія Швайбовіч. — Варта апрануць на сябе непрамакальнае адзенне, абавязкова выкарыстайце ў вопратцы яркі элемент: кепку, хустку — тое, што зробіць вас заўважанымі, калі вы раптам згубіцеся. Нават калі вы цалкам разлічваеце на свае сілы, не перашкодзіць узяць з сабой вады, штосьці з ежы, медыкаменты, якія пастаянна прымаеце, компас і зараджаны мабільны тэлефон. Абавязкова папярэдзьце родных, што ідзеце ў лес, а таксама раскажыце ім, у якім месцы збіраецеся заходзіць, па якім маршруце плануеце ісці і калі мяркуеце вярнуцца.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.