Вы тут

Свой крок да Алімпу робіць Бабруйск


Спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу» стала неад'емнай часткай беларускага лета. Святочную чаргу прымае Магілёўская вобласць. З 15 да 17 ліпеня Бабруйск стане маладзёжнай, культурнай і спартыўнай сталіцай. Галоўным крытэрыем выбару горада для правядзення «Вытокаў» арганізатары называлі яго адметнасць і цікавую спадчыну. Расказваем, якім чынам у гэты пералік трапіў Бабруйск.


Згодна з археалагічнымі данымі, людзі жылі на тэрыторыі сучаснага Бабруйска ўжо ў бронзавым веку, прыкладна ў канцы ІІІ тысячагоддзя да нашай эры. А з сярэдзіны І тысячагодззя нашэй эры тут жылі вядомыя са школьнага курса гісторыі дрыгавічы. Як самастойнае паселішча Бабруйск упершыню ўпамінаецца ў рукапіснай крыніцы ў 1387 годзе ў грамаце вялікага князя Ягайлы. Пасля Другога падзела Рэчы Паспалітай Бабруйск увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1810 годзе была пабудавана Бабруйская крэпасць, якая праславіла горад. У 1812 годзе тут тры дні адпачывала армія Пятра Баграціёна.

З ліпеня да лістапада крэпасць была заблакіравана французскімі войскамі і вызвалена арміяй Тармасава. Тут служылі будучыя дзекабрысты Міхаіл Бястужаў-Румін, Сяргей Мураўёў-Апостал, Васілій Нораў. Бабруйская крэпасць — цытадэль у выглядзе многавугольніка, складаецца з васьмі бастыёнаў. Падобных пабудоў у Беларусі няма. Сёння Бабруйская крэпасць — найстарэйшы архітэктурны помнік горада і абавязковы пункт у турыстычных даведніках.

У канцы XVІІІ стагоддзя Бабруйск уваходзіў у мяжу яўрэйскай аседласці. Па даных перапісу насельніцтва 1897 года, яўрэі складалі 60 % ад агульнай колькасці насельніцтва горада. Акрамя праваслаўных і каталіцкіх храмаў, у горадзе дзейнічала некалькі сінагог. Адна з іх працуе і сёння. Сінагога XVІІІ стагоддзя была ўзарвана бальшавікамі, але ў канцы 1990-х гадоў адноўлена.

Пабываць у Бабруйску і не сфатаграфавацца каля помніка бабру — грэх. Некалі гэты звярок даў назву гораду. Лічыцца, што ў старажытнасці тут квітнеў бабровы промысел, адсюль і пайшла назва. Фігурка бабра ў адзенні дарэвалюцыйнага часу стала сімвалам горада і «зоркай» сацыяльных сетак.

Вытокі незабыўных выхадных

Актыўна ў горадзе кіпіць і культурнае жыццё. З 2012 года тут працуе Бабруйскі мастацкі музей, дзе ў першы дзень фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» адкрыецца выстаўка «Кола часу» і выстаўка дзіцячых малюнкаў. Яшчэ ў 1930-я гады ў Бабруйску быў створаны першы ў Беларусі тэатр з механічнай сцэнай, пасля яго перамясцілі ў Магілёў. Але трупа засталася і дала пачатак тэатру драмы і камедыі абласнога значэння. Афіцыйна тэатр быў адкрыты ў 1944 годзе, з 1977 года ён носіць імя класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У пятніцу 16 ліпеня Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі прыме маладзёжную адукацыйную праграму «Вытокі», семінар па прасоўванні творчых і інавацыйных праектаў «Маладзёжны брэнд», літаратурна-музычны салон «Ніць» і канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Валерыя Шмата.

Бабруйск падарыў Беларусі плеяду герояў спорту. Самыя знакамітыя — алімпійскія чэмпіёны 2008 года па веславанні браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы, адзінаццаціразовы параалімпійскі чэмпіён па плаванні Ігар Бокій. На ўсю краіну гучыць бабруйская школа барацьбы, дзе выраслі сярэбраны прызёр алімпійскіх гульняў Сяргей Ліштван, двухразовая чэмпіёнка свету Ванеса Каладзінская і чэмпіёнка Еўропы Ірына Курачкіна. Ніна Савіна (лёгкая атлетыка), Надзея Макарчанка (веславанне на байдарках і каноэ), Дар'я Навумава (цяжкая атлетыка) — спартсмены, якія свой першы крок да Алімпу зрабілі ў Бабруйску, а цяпер рыхтуюцца зрабіць яго і ў Токіа.

Галоўная частка фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» — спартыўны квэст — адбудзецца каля спартыўнай славутасці горада — лядовага палаца «Бабруйск-Арэна» ў суботу 17 ліпеня.

«У спартыўным квэсце ў нас ужо налічваецца каля 28 спартыўных пляцовак, на якіх удзельнікі змогуць праверыць свае магчымасці. І гэта рэкорд сярод усіх астатніх гарадоў, дзе ўжо праходзіў фестываль. Мы прадставім усе віды спорту, якія развіваюцца ў Бабруйску. У нас будзе працаваць асобная пляцоўка, дзе будуць прадстаўлены ўсе адзінаборствы — таэквандо, барацьба вольная і грэка-рымская, дзюдо, самба і бокс. Гэта будзе цэнтральная лакацыя. Пакуль захаваю інтрыгу, хто ў суботу будзе адкрываць фестываль. Скажу толькі, што гэта будзе вельмі вядомы спартсмен», — расказаў Аляксей Варанкоў начальнік аддзела спорту і турызму Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Гістарычная спадчына, культурныя традыцыі і спартыўнае цяперашняе аб'яднаюцца, каб зрабіць фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» ў Бабруйску незабыўным. Будзе горача — ва ўсіх сэнсах.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.