Вы тут

Аляксандр Малькоў за лета скінуў 27 кілаграмаў, але з залішняй вагой ваюе дагэтуль


Схільнасць да «пульхнасці» ў яго была з дзяцінства. Яна пачалася яшчэ ў першым класе, пасля таго як у пяць гадоў яму выдалілі гланды і адэноіды. Вага пачала расці, і да 14 гадоў ён меў ужо 87 кілаграмаў. Як змагацца з лішкамі, калі жонка любіць цябе «пухнацікам», а ўласны арганізм кажа, што трэба змяншаць вагу, ён падзяліўся з карэспандэнтам «Сямейнай газеты».


Цяперашні стан, калі ізноў хочацца спыніць набор вагі і паменшыць колькасць «кіло».

«Калоў дровы  і піў кампот»

Першае і самае экстраннае пахудзенне ў героя здарылася ў 17 гадоў. На той час ён вучыўся ў тэхнікуме і быў самы важкі ў групе. Аднак на апошнім курсе ў яго з’явілася жаданне «быць нармальным». За адно лета хлопец, з’ехаўшы на хутар, скінуў 27 «кіло». З таго часу ён з пераменным поспехам ваюе з вагой.

— Калі я ўпершыню вырашыў стаць зграбным, я ўсё лета калоў дровы, піў кампот і бегаў у лесе басанож па шышках, — смяецца Аляксандр. — «Фізуху» ўзняў да бязмежжа і нагрузку проста не лічыў. Перакалоў тады 15 кубаметраў дроваў, касіў траву (а тады трэба было памахаць звычайнай касой, а не як цяпер), еў па мінімуме. 

А прадукты былі толькі натуральныя, хатнія: тварог, мяса, сала, малако.

Герой у той час начытаўся Поля Брэга, які ўхваляў лячэбнае галаданне ў тэрмін ад сутак да тыдня і дзесяці дзён. Аднак больш за суткі сябе не катаваў, хоць аднойчы спрабаваў трое.

«Я не магу не падабацца дзяўчатам»

Увосень аднагрупнікі яго не пазналі, а статус прывабнасці ў вачах супрацьлеглага полу (адна з галоўных прычын, дзеля чаго і задумвалася пахудзенне) значна падрос. Упэўненасць ва ўласнай прыцягальнасці перарасла пэўным чынам нават у самаўпэўненасць, прызнаецца Аляксандр:

— У мяне з’явілася ўстаноўка: я не магу не падабацца дзяўчатам, таму што яны дзеляцца на два тыпы. Тыя, каму я падабаюся апрыёры, і тыя, каму яшчэ трэба растлумчыць, што я ім падабаюся. А калі я пайшоў на рынак па джынсы і пачуў ад гандляркі «Мы на вас знойдзем 44-ы памер», я быў збянтэжаны — прывык, што заўжды меў большы чым 50-ы.

Пяць гадоў, як ажаніўся,  і жонка пачала прыводзіць у «форму».

Аднак праз колькі часу герой зразумеў, што задума была так сабе, і цяпер папярэджвае, што настолькі моцна кідацца ў працэс пахудзення не варта. Праз такое экстрэмальнае скіданне вагі ён нават «пажаўцеў» — з’явіліся праблемы з печанню. Не крытычныя, аднак з узростам адчуваюцца.

— Мой арганізм так пабудаваны, што яму трэба пратрымацца два тыдні на паніжаным сілкаванні — пасля знікае жаданне «жэрці» і ты ўжо не адчуваеш дыскамфорту. Да сарака гадоў я зразумеў, што мужчыне не варта захапляцца дыетамі, а трэба больш ставіць на фізічную актыўнасць. Фактычна, можна есці, як еў, але нагрузку павялічыць у разы. Мой арганізм рэагуе менавіта так, але ўсё індывідуальна.

«Жонка мяне вярнула ў «форму»

У студэнцкія гады і ў сваёй ідэальнай вазе Аляксандр знайшоў і сваю другую палоўку. Ён займаўся гіравым спортам і нават займеў рэльефную спартыўную форму. 
Ажаніўся герой на чацвёртым курсе.

— За час вучобы ў ВНУ адзін раз я быў ізноў патаўсцеў. Як толькі ў мяне пачаліся пастаянныя адносіны з дзяўчынай, падкралася і лішняя вага. Як разышліся — лішкі зніклі. А ўжо як ажаніўся — барацьба з вагой спынілася ўвогуле. Жонка — вельмі пастаянная дзяўчына, і яна мяне вярнула ў «форму» — адкарміла, — з гумарам успамінае герой. — А галоўная бяда ў тым, што каханая не падтрымлівае маю дыетычную барацьбу, бо любіць мяне «больш габарытнага». Ды яшчэ кажа: «У цябе і бацька такім быў, гэта спадчыннае, чаго ты з ім ваюеш?». Так мае 80 з лішкам «кіло» хутка вярнуліся.

Адразу пасля ўніверсітэта малады мужчына працаваў у аператыўна-выязной брыгадзе ў электрасетках, быў больш мабільны і яшчэ неяк трымаўся. Праз нейкі час работа стала сядзячая — ён пайшоў на пасаду дыспетчара электрасетак. Хутка Аляксандр схамянуўся, што трэба ізноў худзець.

Універсітэцкая ідэальная форма арганізма. Мінус 27 «кіло».

— Змяншаць вагу пачаў ужо не для таго, каб падабацца дзяўчатам, а для самога сябе, каб нармальна хадзіць і нармальна дыхаць. У мяне пачаўся другі цыкл пахудзення — сямейнага тыпу, — жартуе герой. — Было цяжка, прарываўся праз церні дамашняй ежы, бо ніхто для мяне асобна не гатаваў — сілкуйся як хочаш. А ў мяне яшчэ тады былі начныя змены...

«Мужык — істота лянівая, дзеля сябе „забівацца“ не будзе»

З 25 да 40 Аляксандр двойчы скідваў па 15 кілаграмаў і вяртаў іх. Першым разам герой ізноў стаў менш есці і больш бегаць. Прычым пачаў узімку, як толькі прыняў рашэнне.
— Проста выйшаў у снег у красоўках, уставіў навушнікі з паўторам песні Not Afraіd («Не баюся») спевака Emіnem і пабег. Пасля абавязковыя брусы, а на вячэру —  100 грамаў тварагу, — успамінае ён.

Аляксандру ўдалося скінуць 15 кілаграмаў і вярнуць сабе «хлапечую» форму. Гэта, як ён кажа, «вельмі расстроіла жонку і бязмежна ўзрадавала мяне». Гады тры ён утрымліваў вынік. Кажа, што гэта ўсё роўна быў час абмежаванняў, бо прыходзілася есці менш, чым хацелася б, каб не перабольшваць. Плюс адмова ад салодкага.

— Аднак ёсць жа яшчэ паездкі ў госці. Перабраў раз, перабраў два, а на трэці арганізм кажа: «Ды супакойся ты ўжо, жыві нармальна!» Аднак гэта пастка для худзеючых. Эндакрынолаг мне паясніў, што калі мэтанакіравана худзееш, то ў арганізме ўзнікае інертнасць метабалізму. Нейкі час пасля тулава працягвае скідваць вагу па інэрцыі, нават калі ты пачынаеш есці больш, — дзеліцца Аляксандр. — Пасля ты, падмануты такім становішчам, ясі ўжо як хочаш, а арганізм у нейкі момант кажа «А што гэта я дарма столькі ежы ўжываю?» і пачынае хутка набіраць вагу. І ўжо ізноў праз інерцыю назапашвае кілаграмы, нават калі ты намагаешся ад іх пазбавіцца.

Другі раз ён пабіўся аб заклад з калегамі, што скіне 15 «кіло» за чатыры месяцы. Праўда, недабраў за адведзены тэрмін да нормы 300 грамаў, так што лічыцца, што прайграў, смяецца герой:

— Каб пахудзець, мне патрэбны знешні фактар. Я павінен некаму даць абяцанне, а самога сябе вельмі цяжка стымуляваць. Мой сябра неяк сказаў: «Мужык — істота лянівая, дзеля сябе „забівацца“ не будзе». А жонка ў гэты час думае: «Дзеля каго гэта ён «забіваецца»?

«Скінуў восем — наеў пятнаццаць»

Свае перыяды пахудзення Аляксандр заўжды бачыць не толькі на вагах, але і па аб’ёмах адзення (памяншаецца на 15 сантыметраў у дыяметры) і смяецца, што ў яго гардэробе назапасіліся памеры на розныя станы арганізма. Цяпер у героя перыяд, калі ён ізноў гатовы худзець. Восем кілаграмаў скінуў у «ковідны» час, калі хварэў, а пасля яго наеў 15.

16 гадоў. 87 кілаграмаў.

— Мая задача зараз — спыніць рост вагі і павярнуць яго ў супрацьлеглы бок. Мая  14-гадовая дачка ў гэтым мяне падтрымлівае. Яна наслухалася дыетолагаў і кажа, што «ад салодкага не трэба адмаўляцца рэзка, бо ў арганізма будзе стрэс, і ты да гэтага зноў вернешся, табе трэба змяніць харчовыя звычкі». А яшчэ, што «трэба худзець не з-за таго, што ты сябе ненавідзіш, а з-за таго, што ты сябе любіш, бо нельга худзець на нянавісці».

Аляксандр пэўным чынам згодны, але лічыць, што ўтрымліваць адзнаку вагі перашкаджае не толькі яго схільнасць да паўнаты, але і сацыяльны фактар:

— Сабраліся ўсе, скажам, дзень нараджэння адзначаць, а ты такі сядзіш насуплены, салату жуеш і адчуваеш сябе сацыяльна непаўнацэнным. Я лічу, што «загрузачныя» дні ўсё роўна павінны быць, галоўнае, каб яны не перацякалі ў звычку. А ў мяне гэта так і здараецца: сёння пераеў — няхай сабе, але ж на наступны дзень думаеш: «Нічога ж не здарылася — можна яшчэ куснуць». Гэта як наркаманія. І як зрабіць так, каб не проста худзець, а ўтрымлівацца ў вазе, я дагэтуль не ведаю.

Тым не менш Аляксандр скіраваны на далейшую барацьбу, бо, хоць яшчэ і не выйграў вайну, але ж ужо атрымаў перамогу ў чатырох баях (калі значна худзеў), значыць, справіцца зноў. Праблема гэтым разам у героя, як ён кажа, у катастрафічным недахопе часу на сон. А без яго арганізму не хапае энергіі і ён пачынае яе назапашваць. Для барацьбы ўжо ўзнята артылерыя з ровара, плавання і хадзьбы. Важна, што адразу пачынаць бегаць пры вялікай вазе нельга, бо гэта дадатковая нагрузка на суставы, папярэджвае Аляксандр.

Матывуе і тое, што калі менш кілаграмаў, меншая нагрузка на сэрца і суставы. А яшчэ адзін прыемны бонус — калі побач з дочкамі 14 і 16 гадоў будзе зграбны тата.

Ірына СІДАРОК

Фота з дамашняга архіва героя

Загаловак у газеце: «Фізуха» да бязмежжа, лячэбнае галаданне і бег па шышках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».