Вы тут

Урачыста адкрываецца юбілейны «Славянскі Базар»


Канцэрт урачыстага адкрыцця XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яго пачатак а палове на дзявятую гадзіну. На канале «Беларусь 1» у 22.00 кожны жадаючы зможа ўбачыць гэта свята.


Светлавое афармленне сцэны сёлета зробіць шоу незабыўным. Гледачы галоўнай пляцоўкі «базару», а гэта больш за шэсць тысяч чалавек, непасрэдна адчуюць энергетыку таленавітых людзей, якія будуць выступаць. Сярод іх: Тамара Гвердцытэлі, Ларыса Доліна, арт-група «Хор Турэцкага», Мікалай Баскаў, Стас П'еха, Кім Брэйтбург, Алёна Ланская, Ірына Дарафеева, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Вікторыя Алешка, Аляксандр Саладуха, Руслан Аляхно, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», Філіп Жмахер (Сербія), Таісія Павалій (Украіна), група OTTAWAN (Францыя) і іншыя. Несумненна, зоркі зноў высока ацэняць прафесіяналізм рэжысёрска-пастановачнай групы. Цяпер можна канстатаваць: заклікі масава ігнараваць юбілейны фестываль скончыліся паражэннем.

За ўсю гісторыю правядзення «базар» ні разу не адмянялі. Афіцыйна ён завершыцца 18 ліпеня. Але па традыцыі перад і пасля свята маюцца дадатковыя дні.

Учора вечарам у канцэртнай зале «Віцебск» выступіла арт-група «Хор Турэцкага», а ў Летнім амфітэатры можна было ўбачыць унікальнае шоу — сімфанічную рок-феерыю «Уверцюра да фестывалю. Агонь і лёд». Спецыяльна для гэтага праекта на сцэне зманціравалі лядовую пляцоўку плошчай 150 квадратных метраў. Італьянскі аркестр, які адзіны ў свеце танцуе, і «Санкт-Пецярбургскі балет на лёдзе» — відовішча прымушала гледачоў затойваць дыханне. На плошчы Перамогі Грыгорый Лепс напярэдадні свайго дня нараджэння (16 ліпеня яму спаўняецца 59 гадоў) вырашыў даць сольны канцэрт. Уваход быў бясплатны.

Заўтра ў Віцебскім музеі прыватнага калекцыяніравання ў дзве гадзіны дня — прэзентацыя выстаўкі «Скарбніцы Пакістана».

16 ліпеня, а восьмай вечара на Пушкінскай плошчы адкрыццё VІІ фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Яскравы праект адразу палюбіўся ўсім, хто яго хоць бы раз бачыў. Гэта магчымасць бясплатна наведаць на вуліцы спектаклі, імправізацыі, выступленні ілюзіяністаў, майстроў вогненных шоу.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі конкурсы маленькіх і юных спевакоў.

Журы дарослага конкурсу, які, дарэчы, з'яўляецца равеснікам «Базару», узначальвае Анатолій Ярмоленка, народны артыст Беларусі, спявак, мастацкі кіраўнік ансамбля «Сябры». За перамогу ад нашай краіны будзе змагацца дваццацігадовы Данііл Мышкавец. А «экспертны савет» XІX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу ўзначаліць сербскі выканаўца Філіп Жмахер. Трынаццацігадовы мінскі гімназіст, які будзе прадстаўляць Беларусь, Канстанцін Мазуркевіч, паспрабуе заваяваць Гран-пры.

Як ні дзіўна можа паказацца тым, хто ні разу не быў на «Базары», падчас яго нямала і спартыўных мерапрыемстваў. Сёлета каля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі можна будзе ўпершыню ўбачыць адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце («Кубак губернатара»), матчавую сустрэчу па боксе зборнай каманды Беларусі і прадстаўнікоў Расіі. Арганізуюць традыцыйны турнір па шахматах і іншыя спаборніцтвы.

Каб гасцям не заблукаць у святочным горадзе, арганізавана дзейнасць часовых турысцка-інфармацыйных цэнтраў. Там усе ахвотныя змогуць атрымаць неабходную інфармацыю аб горадзе і яго славутасцях. Да работы цэнтраў прыцягнуты валанцёры.

З мэтай папулярызацыі цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Віцебска 17 і 18 ліпеня плануецца акцыя «Любімаму гораду прысвячаецца ...» — з правядзеннем бясплатных тэматычных экскурсій. Для самастойнага знаёмства гасцей з горадам распрацаваны новы квэст.

Славянскі базар, як заўсёды, абяцае быць разнастайным, вясёлым, гасцінным, па-беларуску шчырым, па-руску шчодрым, па-еўрапейску стыльным. Але пры гэтым непаўторным.

«Звязда» раскажа самае цікавае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: На старт, увага, марш!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».