Вы тут

Старонкі ваеннага ліхалецця. У Вялікую Айчынную вайну ў Ашхабадзе асобнай кнігай выйшла паэма пра Канстанціна Заслонава


Пакуль грымелі снарады, пакуль фашысты яшчэ хадзілі па савецкай зямлі, у сталіцы Туркменістана асобнай кнігай пабачыла свет паэма туркменскага літаратара, прысвечаная Канстанціну Заслонаву. Зразумела, на туркменскай мове. 


... Журналісцкія ўдачы, звязаныя з сустрэчамі, якія прагназуе адзін толькі Бог, здараюцца не так і часта. У свой час, на мяжы 1984-1985 гадоў амаль два месяцы я праходзіў практыку ў калектыве «Во славу Родины» — сённяшняй газеты Міністэрства абароны краіны. У вайну яна называлася «Красноармейской правдой» (сёлета газеце споўнілася 100 гадоў!) і выходзіла выданне як газета Заходняга фронту, а пазней — 3-га Беларускага фронта... Тады ў рэдакцыі працавалі паэт Аляксандр Твардоўскі, кінадраматург Морыс Слабодскі, кніжны графік Арэст Верэйскі...

Выдавалася «Красноармейская правда» і па-туркменску... І вось у 1985 годзе пасля заканчэння Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча трапляю на службу ў Туркменію. Неяк гутару з дырэктарам выдавецтва «Магарыф» Нарклычам Атаевым. І ён, ведаючы, што я родам з Беларусі, заўважыў: «Не спяшайся сыходзіць, зараз пазнаёмлю цябе з земляком...» Праз хвіліну-другую заходзіць пажылы, але рухавы стройны туркмен. Маўчанне. З усмешкаю пазірае на мяне Нарклыч Атаевіч. Пасля кароткай паузы патлумачвае:

— Знаёмцеся...Аннакулі Мамедкуліеў...Ваяваў у Беларусі...

Так я пазнаёміўся з франтавым карэспандэнтам газеты «Красноармейская правда», якая па-туркменску выдавалася пад назвай «Гызыл эсгер хакыкаты». Пасля ўжо даведаўся пра наступнае сведчанне старшага палітрука Аннамурада Аннанурава (прачытаў у кнізе «З франтавых сшыткаў» — Ашхабад, 1972 год): «... Гонар арганізацыі і выдання франтавой газеты выпалі на нашу долю. Першы нумар ... „Гызыл эсгер хакыкаты“ выйшаў 31 студзеня 1943 года, а апошні — 25 мая 1944 года. Усяго за гэты час мы выдалі каля 90 нумароў газеты і 30 лістовак.

Да канца кастрычніка 1943 года рэдакцыя складалася з двух чалавек: з моманту арганізацыі са мною працаваў старшы лейтэнант А. Мамедкуліеў...» 

Туркменскі народ напісаў пісьмо сваім суродзічам, якія ваявалі на розных франтах. Ліст быў надрукаваны ў газеце «Правда». Аннакулі Мамедкуліеў падрыхтаваў паэтычны адказ. Пасля гэты тэкст быў надрукаваны і ў кнізе «Лісты з фронта», якая пабачыла свет у Ашхабадзе. Нялёгка было працаваць у франтавой газеце, якая выходзіла па-туркменску два разы на тыдзень. Галоўныя складанасці былі звязаны з тым, што часці, дзе туркмены складалі большасць, былі раскіданы па розных участках фронту. І ўсё ж журналісты настойліва расшуквалі землякоў. Аннакулі Мамедкуліеў праяўляў асаблівую настойлівасць, стараўся часта бываць не толькі ў палкавых і дывізійных штабах, але і ў стралковых ротах, артылерыйскіх батарэях, кавалерыйскіх эскадронах. Плён не прымушаў сябе чакаць. На старонках франтавой газеты з’яўляліся карэспандэнцыі, нарысы, якія выклікалі ўвагу салдат-туркменаў. А яшчэ Аннакулі пісаў вершы, стараўся як верны спадчыннік Махтумкулі і Кемінэ выкладаць свае думкі пра ўбачанае, пра народную трагедыю, пра думкі, якімі былі заклапочаны насельнікі вызваленых гарадоў і вёсак. Асабліва ўсхвалявала ваеннага журналіста гісторыя з Канстанцінам Заслонавым. Аннакулі па гарачых слядах напісаў паэму пра беларускага героя. Твор быў надрукаваны ў некалькіх нумарах франтавой газеты. 

А пасля выйшаў асобнай кнігай у Ашхабадзе. Яшчэ толькі пачыналася слава Канстанціна Заслонава, а наш зямляк ужо стаў персанажам туркменскай паэзіі. У 1985 годзе паэма ваеннага часу была перавыдадзена да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Адзін асобнік гэтай кнігі ўжо на пачатку 1990-х я перадаў у бібліятэку Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны...

У 1990 годзе ў Мінску пабачыла свет унікальная анталогія перакладаў паэзіі народаў СССР «І ўспомнім былыя паходы» , дзе былі змешчаны вершы тых мастакоў слова, хто ваяваў у Беларусі, вызваляў наша Айчыну ад фашысцкага супастата. Калмык Міхаіл Хонінаў і рускі Барыс Дубровін, узбек Назармат і Набі Хазры, татарын Закі Нуры і таджык Мухіддзін Фархат...Знайшлося месца сярод гэтых аўтараў і туркмену Аннакулі Мамедкуліеву. У кнізе «І ўспомнім былыя паходы» былі надрукаваны два вершы былога ваеннага журналіста — «За Радзіму» і «Няма яму роўных». 

Сотні тысяч вачэй выглядаюць з надзеяй, 

Прагавіта глядзяць на дарогу.

За спіной столькі чорных начэй,

Столькі горкіх спапеленых дзён!

Выглядаюць яны столькі год,

Ці нясём мы для іх Перамогу, 

Каб зямля апранулася ў краскі

І загуў срэбразвонны паўдзён...

Пераклаў творы Аннакулі Мамедкуліева на беларускую мову Васіль Макарэвіч. 

...Як жа склаўся пасляваенны лёс франтавога журналіста? Аннакулі Мамедкуліеў вярнуўся у туркменскую журналістыку, працаваў у выдавецтвах, займаў высокія пасады. І заўсёды захоўваў памяць пра ваенныя сцежкі-дарожкі, якіх нямала пралягло і па Беларусі. 

Дарэчы, у Беларусі ваявалі з фашыстамі і іншыя туркменскія пісьменнікі: сярод іх — Сейітніяз Атаеў, Чары Ашыраў, Ашыр Назараў. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.