Вы тут

Паспытаем кавуны? Адкуль яны прыехалі і колькі зараз каштуюць


Чым падтрымліваць сілы ў гэтую неверагодную, нязвыклую для нашых шырот спякоту, калі зусім нічога не хочацца? Менавіта для такіх гарачых дзён і існуюць кавуны!


Невыпадкова радзімай гэтай гіганцкай ягады лічыцца трапічная Афрыка (дзікія кавуны і сёння растуць на мяжы пустыні Калахары). «Прыручылі» кавун тысячы гадоў таму — яго акультурылі старажытныя егіпцяне. У самых старажытных мовах ужо ёсць слова для яго абазначэння. Заходняя Еўропа пакаштавала кавун амаль дзве тысячы гадоў таму, а вось нашы людзі — толькі ў XVІІ стагоддзі.

Вядома, што кавун складаецца на 80 працэнтаў (некаторыя гатункі — на 95 працэнтаў) з вады. Гэта мяккае прыроднае мачагоннае дапаможа справіцца з цяжкай інтаксікацыяй любой тыялогіі (напрыклад, з сімптомамі пахмелля). Дэтаксікацыйныя ўласцівасці кавуна звязаны з актыўнай адсорбцыяй клятчаткай таксінаў у кішэчніку. Вітамінна-мікраэлементны комплекс, што змяшчаецца ў кавунах, дапамагае метабалізму печані, кавуны — частка лячэбнай дыеты пры мочакаменнай хваробе і прафілактыка камянёў у жоўцевым пузыры. Гэты плод змяшчае велізарную колькасць жалеза, таму кавун рэкамендуюць дзецям пры нізкім гемаглабіне ў крыві. Есці кавун вельмі карысна маладым маці, што кормяць дзіця грудзьмі. Ну, а дыетолагі рэкамендуюць кавуновыя разгрузачныя дні.

«Не спадабаецца — не возьмеце...»

Яшчэ гадоў 10 таму кавуны ў нашых шыротах былі сезонным ласункам — з'яўляліся ў продажы ў жніўні, заканчваліся восенню. Цяпер кавуны ў буйных гіпермаркетах прадаюцца круглы год, а кавуновы сезон на рынку пачынаецца разам з летам.

Зараз на Камароўцы пад кавуны адведзены цэлыя гандлёвыя рады — побач з прадаўцамі ўзвышаюцца горы паласатых «мячыкаў», што хаваюць унутры халаднаватую салодкую мякаць.

— Месяц таму кавуны былі іранскія, цяпер ужо ў асноўным гандлююць кавунамі з Казахстана. А потым будзем ужо расійскія прадаваць, — кажа прадаўшчыца Вольга.

— Раней сярэдзіны лета кавуны дакладна купляць не варта: адны нітраты, — мяркуе пакупніца.

— Вось тут вы не маеце рацыю. Іранскія кавуны, якія ў пачатку лета прадавалі, на мой смак, былі самыя смачныя. І казахскія таксама сакавітыя і салодкія. І ўжо не так дорага, як было ў пачатку лета, і з пункту гледжання смаку — гарантую, застанецеся задаволеныя.

— Пакупнікі сярэдняга ўзросту асцерагаюцца купляць кавуны зараз, у іх стэрэатып: толькі ў жніўні, — тлумачыць Вольга. — Але цяпер кавуны вязуць да нас з многіх краін, дзе яны паспяваюць у розныя тэрміны.

Цэны на кавуны ўсё яшчэ не сказаць, каб нізкія: 3,50 за кілаграм. Невялікі кавун важыць каля 8 кг, і каштаваць будзе, адпаведна, каля 30 рублёў. А вялікі — і зусім стане ў капеечку.

Кавуны, у асноўным, на рынку цяпер буйныя. Можа быць, таму прадаюць іх у асноўным мужчыны, жанчын на кавунах значна менш.

— Магу выбраць на 8—10, і на 15, і на 20 кілаграм. Кавуны — супер! Надрэжу, паспрабуеце, не спадабаецца — не возьмеце. Калі дорага, вазьміце палову, толькі разрэзалі. Ці вось, чвэртачку, — прапануюць пакупнікам.

Палоўкі і чвэртачкі спакаваныя ў харчовую плёнку. І ўсё ж такая эканомія можа абярнуцца бядой, сцвярджаюць медыкі. Сакавітая салодкая мякаць кавуна — ідэальнае асяроддзе для размнажэння бактэрый, якія трапляюць у разрэзаны плод з пылам, з нажа і з паветра. Як вынік, можна атрымаць сур'ёзнае харчовае атручэнне. Па гэтай жа прычыне не варта набываць цэлыя кавуны з расколінамі, увагнутасцямі і нават вельмі маленькімі падгнілымі ўчасткамі.

І ўсё ж разрэзаны кавун можа быць карысны асцярожнаму пакупніку — у якасці «ілюстрацыйнага матэрыялу». Справа ў тым, што кавуны лёгка назапашваюць хімікаты, якія выкарыстоўваліся падчас іх вырошчвання. Уважліва ўгледзьцеся ў разрэзаны кавун, які выстаўляюць на вітрыне прадаўцы. Лішак нітратаў праявіць сябе ўшчыльненнямі ў мякаці.

На адным з прылаўкаў з гарой кавуноў чытаем: «Дастаўка да машыны бясплатна». Канкурэнцыя высокая, і многія прадаўцы робяць маркетынгавыя крокі. Дзякуючы спякоце, багаццю кавуноў і дыняў, вялікай колькасці ўсходніх мужчын за прылаўкамі і прызыўным выкрыкам прадаўцоў («Купі кавун, дарагі!») мінская Камароўка ў гэтыя дні набыла каларыт усходняга базару.

— Прыгожым дзяўчатам зніжка: па тры рублі палічу, — шырока ўсміхаецца прадавец каўказскай знешнасці. — Цукровы, салодкі кавун з Азербайджана.

— А які гэта гатунак?

— Сабірабадскі, — скорагаворкай.

— Які-які? — пытаемся хорам з яшчэ адной пакупніцай, што таксама палічыла сябе досыць прыгожай для зніжкі.

— У Азербайджане ёсць Сабірабадскі раён, — цярпліва тлумачыць някемлівым прадавец. —

А гэта сабірабадскі кавун, самы смачны кавун на рынку.

— Тут усюды самы смачны, — смяецца пакупніца.

Скурка кавуноў, якімі гандлююць на Камароўцы цяпер, святлейшая, чым у больш позніх гатункаў, да якіх мы прывыклі. Большасць з прадаўцоў не могуць назваць гатунак кавуноў, якімі гандлююць. Але ёсць і выключэнні.

— У мяне кавуны ўзбекскія, — кажа хлопец за прылаўкам. — А гатунак — «Амерыканка», сярэднеранні.

— Я толькі «Халадок» ведаю...

— «Халадок» будзе пазней, у канцы лета — у жніўні, як мы і прывыклі. Напэўна, гэта самы вядомы і самы любімы пакупнікамі гатунак, — кажа прадавец. — Ён выдатна захоўваецца (калі правільна захоўваць — нават да снежня) і пры гэтым не губляе сакавітасці. Але і «Амерыканка» — таксама вельмі смачны кавун: мала костачак, мякаць шчыльная, сакавіты і вельмі салодкі. Але захоўваць яго не варта, ешце адразу!

Пра «хвосцікі» і «шчочкі»

Саспелы кавун — найкаштоўнейшы харчовы прадукт. Ён салодкі на смак і пры гэтым змяшчае не так шмат цукру (амаль у тры разы менш, чым салодкія гатункі дыні), вітаміны А, В і С. Бялкоў у кавуне вельмі мала, менш за адзін працэнт, затое яны вельмі каштоўныя: утрымліваюць незаменныя ў харчаванні чалавека амінакіслоты. Прысутнічаюць у кавуне і арганічныя кіслоты (цытрынавая, яблычная, бурштынавая), а таксама табліца мікраэлементаў: калій, магній, натрый, жалеза, сера, кальцый.

Але гэта — калі плод сапраўды саспелы і без нітратаў. Спярша разбяромся са спеласцю.

Аб вызначэнні прыкмет спеласці кавуна без яго надразання можна пісаць навуковую дысертацыю — прыкмет існуе мноства. І ні адна, узятая ў асобнасці, не дае стапрацэнтнай гарантыі.

— Спелыя плады становяцца глянцавымі (скурка няспелых матавая), — кажа прадавец Мансур. Ён тлумачыць, што ў саспелых кавуноў малюнак кары больш выразны, чым у недаспелых. Таксама крытэрыем «сталасці» кавуна лічыцца трэск пры моцным сціскванні.

Прадаўцы ахвотна выберуць вам кавун самі. Але калі вызначыць спеласць кавуна на вока вы не можаце, а выбару прадаўцоў не давяраеце, медыкі ўсё ж не раяць надразаць плод пры куплі. На лупіне кавуна могуць быць узбуджальнікі кішэчнай інфекцыі, таму разрэзаць кавун можна, толькі вымыўшы (лепш за ўсё — з мылам або сродкам для мыцця посуду).

У адваротным выпадку мікробы пранікнуць у мякаць, і паўстане сур'ёзная пагроза для здароўя.

— На «шчочку», на «шчочку» глядзіце, — раіць прадавец Тамара.

«Шчочкай» прадаўцы называюць светленькую плямку на баку ў кавуна, на якой плод ляжаў пры паспяванні на бахчы. Гэты ўчастак быў схаваны ад сонца, таму ён інакш афарбаваны. «Шчочка» павінна быць жоўценькай, а не белай: чым яна цямнейшая, тым спялейшы кавун. Калі гэта плямка вялікая, кавун спеў пры недахопе сонца — ён будзе недастаткова салодкім, «як вада».

— Ну, а калі стукаць? Або сціскаць? Што менавіта мы павінны пачуць? — у многіх нашых суайчыннікаў пазнанні аб выбары саспелага кавуна запазычаныя з мультфільма «Ну, пачакай!».

— Стукаць і сціскаць ёсць сэнс, калі вы ведаеце, як павінен «гучаць» кавун, — усміхаецца Тамара. — Саспелы сакавіты кавун сапраўды пры пастукванні выдае звонкі і гулкі гук, а калі кавун не саспелы, гук будзе глухі. Але каб пачуць гэта, патрэбна ўсё ж некаторая практыка. Тым больш тут таксама ёсць свае нюансы: напрыклад, глухі гук пры прастукванні кавуна пальцамі можа выдаваць і даспелы кавун ранніх гатункаў. Можна, дарэчы, выбіраць па скурцы — асабіста я заўсёды бяру кавун з вялікай адлегласцю паміж палосамі: ён будзе салодкі.

— Яшчэ «хвосцік» павінен быць сухі? — успамінаю народную прык- мету.

— Так, па «хвосціку» можна вызначыць спеласць кавуна, але трэба глядзець толькі на кончык: ці быў плод зрэзаны або яго адламалі. Калі зрэз няроўны — плод даспяваў на бахчы, а не ў кузаве фуры.

Яшчэ адзін пакупніцкі міф — што ў пладоў кавуна ёсць пол: «дзяўчынкі» саладзейшыя за «хлопчыкаў». Ці праўда гэта і ці мае якія-небудзь адносіны да батанікі, прадаўцы не ведаюць. Сапраўды, у кавуна фарміруюцца кветкі розных тыпаў. Мужчынскія кветкі размяшчаюцца на расліне блізка да семядольных лісцікаў, жаночыя раўнамерна размяркоўваюцца па ўсёй даўжыні плеці.

У прадаўцоў «дзяўчынкамі» лічацца плады, у якіх плямка там, дзе была кветка, плоская і большая, а «хлопчыкамі» — плады з плямкай меншай і больш выпуклай.

— Калі хочаце салодкі кавун, бярыце «дзяўчынку,» — раіць Тамара.

...І пра нітраты

Угнойваючы бахчу азотам з перавышэннем нормы, цалкам рэальна вырасціць плод вагой каля 10 кг усяго за 20 дзён. Але такім плодам можна атруціцца.

Не варта купляць кавун, калі на лупіне ёсць праколы. Цалкам магчыма, гэта сляды ад іголак.

— Калі «дзірачкі» не дасягаюць мякаці — гэта сляды, якія пакінулі насякомыя. Яны, наадварот, кажуць аб экалагічнасці кавуна, — сцвярджае прадавец Тамара. — Тое ж самае датычыцца бэжавых, шэрых або залацістых «шрамаў» на скурцы. Гэта пчолы хацелі дабрацца да мякаці. Але такіх кавуноў на «Камароўцы» вы не знойдзеце: пакупнік зараз прыдзірлівы.

Патрымайце ў руках кавун перад набыццём — ён павінен быць цяжкім, важкім. Калі плод вялікі, але лёгкі — нешта тут не так.

Каб не з'есці нітратны кавун, разразаем яго дома і глядзім на колер унутранага зрэзу лупіны. Калі яна жоўтая, а не белая — кавун лепш не есці. Бачым прожылкі ў мякаці (белыя або жоўтыя) — тое ж самае. Калі ў мякаці разрэзанага кавуна мы бачым пустыя поласці, гэты плод вырошчвалі пры дапамозе гармонаў росту.

Народны спосаб праверыць кавун на ўтрыманне нітратаў — змясціць лустачку мякаці ў чыстую халаднаватую ваду. Калі вада афарбуецца ў насычана-ружовы, такі кавун ужываць не варта.

Ядуць кавун звычайна ў свежым выглядзе. Але калі ёсць час і хочацца чагосьці гэтакага, можна з кавуна што-небудзь прыгатаваць. Напрыклад, бекмез (кавуновы мёд). Кавуны мыем, рэжам на дзве ці чатыры часткі. Мякаць здабываем сталовай лыжкай і здрабняем драўляным таўкачыкам, пасля чаго праціраем праз сіта і працэджваем праз марлю. Варыць мякаць трэба, пастаянна памешваючы і здымаючы пену. Гатоўнасць мёду правяраецца так: астуджаныя кроплі бекмезу практычна не расплываюцца, захоўваючы форму на талерцы.

Ну, або летняя салата: бяром вялікую лусту кавуна, пучок салаты, 200 г нятлустай вяндліны, зялёны яблык, сок аднаго буйнога лімона, 8 лісточкаў мяты, пяць сталовых лыжак аліўкавага алею, соль і перац на смак. Рэжам салату адвольна, вяндліну — саломкай, яблык — долькамі, кавун — кубікамі. Для падліўкі змешваем сок паловы лімона, аліўкавы алей, перац, соль. Паліваем салату запраўкай, змешваем і ўпрыгожваем лісцікамі мяты.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.