Вы тут

Калекцыянер Алег Судлянкоў: Шэраг рэдкіх кніг мае каштоўнасць, супастаўную з каштоўнасцю дыяментаў


Ад папяровых кніг цяпер пазбаўляюцца.

Месца, кажуць, зашмат займаюць... Усё, што трэба, можна ў лічбе прачытаць.

Так, прамінулі часы, калі ў савецкіх кватэрах прыкметай дабрабыту былі новенькія томікі, урачыста выстаўленыя за шклом сценкі, набытыя на талончыкі Таварыства кнігалюбаў за здадзеную макулатуру... Сёння тыя дэфіцытныя набыткі нярэдка сіратліва стосамі мокнуць пад дажджом на сметніцах, пыляцца на паліцах букіністычных крам...

Але ёсць людзі, якія ва ўсе часы будуюць свой свет вакол Кнігі. Збіраюць, шукаюць, захоўваюць... Пра таямніцы свету бібліяфілаў мы гутарым з вядомым калекцыянерам Алегам Судлянковым.


Ад альтруізму да забойства

— Калекцыянер часта ўспрымаецца толькі як уласнік, гэткі скупы рыцар...

— Каб вы ведалі, наколькі гэта не так. Ну, вось прыклад... Аднойчы да вядомага бібліяфіла Івана Нікіфаравіча Завалокі трапіў унікальны рукапіс пратапопа Авакума. Завалока быў чалавекам складанага лёсу, адбыў сямнаццаць гадоў сталінскіх лагераў за тое, што ўзначальваў таварыства стараабрадцаў у Рызе... Страціў на лесапавале нагу. Атрымліваў ён пенсію 27 рублёў. Яму прапаноўвалі прадаць рукапіс Авакума за любыя грошы, асабліва стараверы. Акадэмія навук нават перавяла яму за той артэфакт тысячу рублёў... Ён адмовіўся іх атрымліваць. І бясплатна перадаў знаходку ў рукапісны аддзел Пушкінскага дома. І звыш сямісот рэдкіх рукапісаў сваёй калекцыі аддаў таксама.

— Калекцыянерам гэта ўвогуле ўласціва — такія бескарыслівыя акты?

— Так. Адзін з найбуйнейшых бібліяфілаў Савецкага Саюза — Алег Ласунскі з Варонежа, ён і цяпер жывы, яму 85 гадоў, усю сваю калекцыю аўтографаў і кніг перадаў ва ўніверсітэт і абласную бібліятэку. Зразумейце, калекцыянеру важна, каб па ім засталася памяць. У Маскве быў створаны музей прыватных калекцый. Ініцыятар яго стварэння, Ілья Зільберштэйн, перадаў туды ўвесь свой збор жывапісу, некалькі соцень палотнаў. Яго прыклад паўтарылі іншыя, у тым ліку вядомы калекцыянер Міхаіл Чуванаў, які аддаў збор ікон. І цяпер у музеі ёсць залы, прысвечаныя Зільберштэйну і Чуванаву.

— А з другога боку, вядома, што калекцыянер за экспанат, якога ў яго няма, здатны на многае...

— Так, былі выпадкі, калі забівалі за кнігі. Гісторыя бібліяфільства — драматычная рэч. Калі ты аб'яўляеш, што ў цябе ёсць адзіны ацалелы асобнік нейкай кнігі, а потым нехта кажа, што ў яго другі асобнік... Што рабіць з той другой кнігай? Ці яе спрабуюць купіць, а было, забівалі ўладальніка.

— А не прасцей знішчыць «лішні» асобнік?

— Кнігу знішчыць вельмі цяжка — невядома, колькі экзэмпляраў яшчэ ўсплыве. Калі яна была аддрукаваная, ішла цэнзарам, рэдактарам, у выдавецтва. Дзесьці некалькі кніг нават ад знішчанага накладу заўсёды «захрасалі», таго ж «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» Радзішчава ўжо больш чым дзесяць асобнікаў знойдзена. Тут жарсці вялікія. Шэраг рэдкіх кніг мае каштоўнасць, якая супастаўная з каштоўнасцю дыяментаў. Напрыклад, адна старонка першай друкаванай кнігі, «Бібліі» Гутэнберга, каштуе каля 80 тысяч долараў. А як вы думаеце, якія самыя рэдкія кнігі з існуючых? Падручнік «Буквар» Івана Фёдарава ў ідэальным стане захаваўся толькі адзін, прычым ён знаходзіцца ў Гарвардскай бібліятэцы, куды трапіў з калекцыі Дзягілева, а Дзягілеў яго купіў у Венецыі.

— Нагадаю, што наш вядомы даследчык Алесь Суша знайшоў першы беларускі буквар, выдадзены, дарэчы, раней за буквар Фёдарава, у прыватнай лонданскай бібліятэцы ордэна тампліераў.

— Усё правільна, успомніце, што такое для дзяцей, якія вучацца, іх падручнік — і самая чытаная кніга, і адначасова многімі ненавідная.

— Падручнікі яшчэ традыцыйна размаўлёўваюць... Дарэчы, а маргіналіі ў кнігах цэняцца?

— Цэняцца. Яшчэ як. Маргіналіі, усякага кшталту рукапісныя пазнакі. Асабліва калі аўтар сам робіць пазнакі ў сваіх кнігах.

— Гэта таму, што калі перачытваеш сваю кнігу, заўсёды знаходзіш памылкі...

— Без памылак не абыходзіцца. Францыска Скарыну і Івана Фёдарава часам называюць не першадрукарамі, а першаабдрукоўшчыкамі — набор жа ўручную быў... Рука здрыганулася — іншая літара трапіла. Часам з-за абдруковак людзі гінулі. Мне расказвалі, як у 1947-м выдалі газету, прысвечаную юбілею Ленінграда. Ніхто не заўважыў, што замест «Слава героям Ленінграда!» на першай старонцы было напісана «Слава героям Ленінгада!». Калі галоўны рэдактар прыйшоў на працу і яму на стол паклалі газету, ён перакрэсліў гэтую фразу, ні слова не сказаў і сышоў. Больш яго ніхто ні-
колі не бачыў.

Скінуцца на трактат

— З аднаго боку, чым большы наклад — тым большы прыбытак выдаўца... З другога боку, эксклюзіўныя кнігі каштуюць даражэй...

— І гэта ўлічваецца. Часам частку накладу робяць адрознай. Напрыклад, зараз выйшла кніга Франсуа Віёна ў выдавецтве «Віта Нова». У пяцьдзясят асобнікаў уклеены арыгінальныя афорты мастака Канстанціна Каліновіча. Летась там гэтак жа выдалі кнігу Гофмана. Каштоўнасць асобнікаў з афортамі, вядома, узрасла ў дзесяць разоў. Французскія бібліяфілы ў XІX стагоддзі выпускалі наклад кнігі, скажам, у 300 асобнікаў, з іх 20 асобнікаў — на японскай паперы, 50 — на кітайскай, 100 — на паперы вержэ... Часам нават колер паперы ў часткі накладу можа адрознівацца.

— Ну, гэта толькі для калекцыянераў цікава...

— Тым бібліяфіл і адрозніваецца ад кнігалюба. У бібліяфілаў свая шкала каштоўнасцяў. Каму трэба быў у Венецыі «Буквар» Фёдарава, які там знайшоў Дзягілеў? Там у яго была цана зусім смешная ў параўнанні з Расіяй. Знакаміты кніжнік Максіміліян Шык у 1920-х знайшоў кнігу «Гісторыя стварэння помніка героям Плеўны ў Маскве». Ён ведаў, што яна высока цанілася ў царскі час, каштавала 900 рублёў. Гэта вельмі вялікія грошы, калі ўлічыць, што карова каштавала ад 5 да 8 рублёў. Шыку тое выданне было без патрэбы, але ён ведаў, што адзін з найбуйнейшых біліяфілаў, Шыбанаў, ім цікавіцца. Прыйшоў, паказаў знаходку, нібыта не ведае яе цаны. Шыбанаў не падаў выгляду, што зацікавіўся, — маўляў, каму зараз трэба кніга пра той помнік... Але вунь там куча выданняў на замежных мовах, выберы, на што хочаш яе выменяць. Шыбанаў не ведаў замежных моў, таму не вельмі такімі кнігамі даражыў. А Шык валодаў вольна двума дзясяткамі моў. Пачаў перабіраць і знайшоў поўны камплект журнала «Le Charіvarі» (выходзіў у Францыі такі часопіс гумарыстычны ў 1830-х гадах). У Шыка гэты часопіс быў, але ў вельмі кепскім стане. А тут — у ідэальным. Шык таксама не паказаў выгляду, што часопіс каштоўны... Шыбанаў кажа: «Ну, бяры гэтую іншаземшчыну». І кожны застаўся ў выйгрышы.

— Але калі рэдкія кнігі настолькі дарагія, устае праблема з іх набыццём для бібліятэк...

— Мне дзіўна, што не хочуць у нас пра гэта гаварыць. У нашых бібліятэк сапраўды няма грошай на рарытэты, на пакупку нашых святынь. Але ёсць выхад. Памятаеце, як для Беларусі купілі трактат Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі»? Сабралі 40 тысяч долараў. У любых краінах гэта прынята. У Англіі на аўкцыёне карціна Тыцыяна была ацэнена ў 75 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Вярхоўны суд Англіі забараніў гэтую карціну да вывазу, і было прынята рашэнне купіць яе для Нацыянальнага музея. Пяць гадоў збіралі патрэбную суму, але ж сабралі. Пасля смерці балетмайстра Сержа Ліфара, які жыў у Францыі, засталося 12 лістоў Пушкіна — 11 да жонкі і адзін да цешчы. Гэтыя лісты ён хацеў падарыць Пушкінскаму дому, але з умовай: яму дазволяць паставіць два аднаактовыя балеты ў Вялікім тэатры. Ліфар — эмігрант, у яго мелася шмат ворагаў... У Вялікі яго не пусцілі — прапанавалі ставіць у Ленінградскім Малым. Ліфар згадзіўся... Але і там не дазволілі. Дык вось, калі яго ўдава вырашыла прадаць лісты Пушкіна на аўкцыёне, цану выставіла мільён дзвесце тысяч долараў. Расійскія мільянеры сабралі гэтую суму, выкупілі лісты і бясплатна перадалі Пушкінскаму дому.

Боты з вокладкі

— Які лёс у кніжных калекцый? На Беларусі дасюль шукаюць вядомыя кніжныя зборы — ад легендарнай Полацкай бібліятэкі Сафійскага сабора да бібліятэк Тышкевічаў і Храптовічаў...

— Самае сумнае, калі бібліятэкі разлятаюцца. Напрыклад, быў у 1860—1880-х вядомы бібліяфіл Яфрэмаў. У завяшчанні ён загадаў сваю калекцыю распрадаць. А некалькі гадоў таму памёр вядомы навуковец, у якога была ўнікальная бібліятэка па гісторыі Беларусі — і дзе яна? Распалася, ёсць такі тэрмін. Часам калекцыянер загадзя завяшчае сваю бібліятэку... Напрыклад, Сяргей Фарцінскі пры жыцці сорак пяць тысяч сваіх экслібрысаў прадаў расійскай бібліятэцы імя Леніна. Экслібрысы знаходзіліся ў яго, але пасля смерці мусілі адысці бібліятэцы. Знакаміты кніжнік Смірноў-Сакольскі завяшчаў свае зборы з адной умовай: не павінны распадацца. Але яго калекцыя дасюль не мае свайго памяшкання.

— Я ўжо ведаю, што ў вашых кніжных зборах важнае месца займаюць кнігі Пушкіна і Віёна... А беларускім кнігам там якое месца адведзена?

— Мяне заўсёды цікавілі беларускія кнігі. Напрылад, меў «Жалейку» Янкі Купалы, калі яе яшчэ не было ў музеі Янкі Купалы. У мяне ёсць аўтографы многіх вядомых беларускіх пісьменнікаў. А колькі кніг знішчана па загадах Галоўліту! Кнігі аўтараў, расстраляных у 1930-х, як правіла, знішчаліся. Калі ў нейкіх выданнях забаронены аўтар проста згадваўся, бібліятэкары сядзелі і выкрэслівалі яго імя. Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы была выстава французскіх суперэкслібрысаў. Ведаеце, чаму пасля вайны іх мала засталося, такіх кніг у скураных пераплётах? Таму што скуру з іх пускалі на абутак. Тым больш сярод іх былі кнігі вялікіх памераў, так званыя аўражы. Боты лёгка атрымліваліся. Я сам бачыў такія боты...

— А ці ёсць у вашай калекцыі рукапісныя кнігі?

— Так, вядома! Аднойчы Арлен Кашкурэвіч, пабачыўшы ў мяне рукапісныя кніжачкі рускага мастака Палякова, прапанаваў зрабіць такія ж. У якасці тэксту абраў паэму Уладзіміра Караткевіча «Явар і каліна». Яе забаранялі, бо там былі радкі, якія не супадалі з савецкай мараллю. Давыд Гарадзенскі заклікае беларусаў ісці на Марыенбург і Берлін, гераіня загадвае сыну забіваць прусаў, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей.

І такая рукапісная беларуская кніга з'явілася. Пасля ў мяне з'явілася яшчэ адна, з той жа паэмай «Явар і каліна», але з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава.

— Як цэніцца беларуская кніга на сусветным рынку?

— Скарына вельмі цэніцца. Поўнага збору кніг Скарыны няма ні ў адной бібліятэцы свету. Памятаю, як на ўрачыстасцях, прысвечаных 450-годдзю беларускага кнігадрукавання, прыехаў у Мінск адзін чэшскі прафесар, у яго рукі дрыжэлі, ад шчасця ледзь не плакаў, калі трымаў у руках скарынаўскія выданні.

— Па якім прынцыпе вы адбіраеце кнігі для сваёй калекцыі?

— Збіраю тое, што мне падабаецца. Некаторых аўтографаў у маёй бібліятэцы ніколі не будзе.

— Вялікі кніжны збор і захоўваць нялёгка...

— Адна з самых знакамітых калекцый аўтографаў належала Маісею Лесману, музыканту-акампаніятару. Каля яго дзвярэй вісела шыльдачка: «Кватэра ахоўваецца дзяржавай». Бачыў яшчэ адну выдатную калекцыю — паштовак, Мікалая Тагрына. У 1940 годзе Ленсавет вылучыў яму пад яе сяміпакаёвую кватэру. Калекцыя ўтрымлівала каля 700 тысяч паштовак. Калі пачалася вайна, да Тагрына прыйшлі з разведупраўлення і папрасілі паштоўкі з відамі гарадоў Еўропы, дзе працавала разведка. Тагрын аддаў усё, што меў. Пасля вайны да яго завітала некалькі афіцэраў, унеслі набітыя мяшкі: «Гэта вам». Ён адкрывае мяхі, а там паштоўкі. Гэта былі не яго паштоўкі, відаць, разведчыкі дзесьці знайшлі калекцыю і вырашылі ў знак удзячнасці яму падарыць. Тагрын да канца жыцця той падарунак сартаваў.

— Дзе ў найбліжэйшы час можна пабачыць кнігі з вашай калекцыі?

— У Нацыянальнай бібліятэцы, на выставе рукапісных кніг. Там вы пабачыце і згаданыя дзве кніжкі з паэмай «Явар і каліна».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.