Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Як пераканаліся нашы чытачы, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзівосныя, ідыёцкія, камічныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагікамічныя... А ўжо колькі праўдзівых — за час існавання рубрыкі...

Для тых, хто забыўся, нагадаем, што ў апошнія гады яна стала конкурсам на найлепшую. Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуюць. Пішыце. І, калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!


Фота: pixabay.com

Трэба слухаць дзеда

Праўду кажуць: не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Вось і ў нашых работнікаў культуры накладка выйшла: надоечы, перад Купаллем, не знайшлося ахвотнага на ролю дзеда Яўсея...

Што рабіць? Прыйшлося выручаць самадзейных артыстаў.

...Тэкст ролі я атрымаў за суткі да прадстаўлення. Прачытаў, парадаваўся, што нічога складанага, апроч таго, што ў пачатку дзеда звалі Яўсеем, а бліжэй да канца — чамусьці Аўдзеем. Але ж размова не пра тое.

...Адкрыў мерапрыемства народны калектыў аднаго з Дамоў культуры — файна праспяваў купальскія песні! І потым мог бы застацца на месцы — паслухаць іншых. Аж не — дружна рушыў у аўтобус, каб там пасядзець, пачакаць астатніх (а хоць бы дзеда Яўсея... З Аўдзеем) ды паехаць дамоў.

У чаканні, праўда, час амаль не ідзе...

А на сцэне, між тым, усё было паводле сцэнарыя: моладзь шукала папараць-кветку і правярала на шчырасць каханне, дзед (той самы) дзяліўся сваёю бядой: маўляў, засунуў ён бутэлечку ў кубелец з зернем, а яна ўзяла ды разлілася... Баба здуру курэй накарміла...

Калі «дзед» нарэшце ўсё расказаў і зайшоў у аўтобус, іншыя артысты былі павесялелыя, бо, як выглядала, кульнулі пакрысе — адзначылі ўдалае выступленне... На «Яўсея», што быў раней пры пасадзе, зірнулі з насцярогай і хуценька прыбралі пляшку. Туды ж, у сумку, апусцілі акуратныя лустачкі пірага ды аддалі каманду ехаць, а то ж, маўляў, затрымаліся, час позні, а поспех можна і дома адзначыць.

...Як пачуў назаўтра «Яўсей», сарвалася гэтае «мерапрыемства»! І ўсё таму, што з бутэлечкай у сумцы зрабілася тое ж, што ў кубельцы з зернем — перакулілася, бедная!

А зрэшты, бедная мо была не яна, а гаспадыня, што абы-як паставіла? Альбо куры ці гусі...

Як ні круці, а трэ было глядзець купальскае прадстаўленне! Бо калі чалавек нешта бачыць, чуе альбо чытае, то міжволі набіраецца розуму.

Аляксандр Матошка,

Расонскі раён.


Дом пад ліпамі, альбо Хто папярэджаны, той узброены

Прыкмета часу: з досыць шырокага кола нашых знаёмых будуюцца толькі трое: пляменнік узяў крэдыт на кватэру, сусед — узводзіць гараж на лецішчы, супрацоўнік дабудоўвае ў вёсцы лазню. А вось некалі...

Тады, у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, дачны бум быў у самым разгары: ледзь не кожны паважаючы сябе прафкам (і наш таксама) як кот з селядцом насіўся са спісамі ахвотных будавацца, ён жа вышукваў і ўсімі праўдамі-няпраўдамі «прабіваў» участкі зямлі.

Як правіла, гэта былі няўдобіцы — хмызнякі ды пагоркі, былыя пясчаныя кар'еры, на якіх нічога не расло, бо проста не магло — па вызначэнні...

Але ж нават яны — асабліва блізу горада і па ходу электрычкі — лічыліся шчасцем. Ну як жа — сам Колас пісаў, што зямля не зменіць і не здрадзіць!

І таму, каб займець яе і ўжо там свой кут, — людзі страсалі апошнія грошы, залазілі ў даўгі, ездзілі «чаўночыць», шукалі блату і даставалі будаўнічыя матэрыялы, з рук у рукі (па сваіх супрацоўніках бачыла) перадавалі нумары тэлефонаў... Круціліся, карацей, як вавёркі ў колах.

Цягнула туды і маю каляжанку Тоню. Ёй вельмі хацелася быць як усе, гэта значыць, мець лецішча. Дзеўка, відаць, спала і бачыла свой домік на беразе сажалкі пад старымі ліпамі, малявала яго, замаўляла праект...

Гэта з аднаго боку, а з іншага — мама аднекуль з-пад Жытоміра — памагчы дачцэ не магла, мужа ў свае 35 Антаніна не мела, грошай свабодных — таксама...

Выйсцем было адно — шукаць мужчыну.

З імі (супрацоўнікі ведалі) Тоні шчасціла, а часцей не шчасціла, бо нават каханкі каля яе чамусьці не трымаліся...Казалі, праўда: пасля аднаго пад ліпамі застаўся падмурак намаляванага доміка, пасля другога — спісаны будаўнічы вагончык.

Зрэшты, я, відаць, не ўспомніла б іх (як і саму Антаніну), бо лёс нас звёў і развёў — я памяняла работу, але ж...

Неяк, гадоў праз пяць, муж сказаў, што Дзяніс, яго армейскі сябра, надумаў паставіць дачу, хоча параіцца і папрасіць грошай. Справа, значыць, сур'ёзная, вечарам павінен зайсці.

...Справа гаспадыні тады — сабраць на стол (госць прыйшоў з каньяком) ды прывеціць. А далей...

Мужчыны размаўлялі і выпівалі, я займалася дзецьмі і гаспадаркай, але ж па абрыўках фраз разумела, што за будоўлю (да таго ж — не маючы грошай) Дзяніс не браўся б, аднак... Ну дужа ж прывабнае месца: у трыццаці кіламетрах ад Мінска і ў трох — ад прыпынку электрычкі... Да таго ж сам участак проста на дзіва — восем сотак (нашым ды іншым давалі тады па пяць), на беразе сажалкі (?), пад старымі ліпамі (?!).

Пасля гэтых слоў мне ўжо хацелася «ўклініцца» ў мужчынскую размову, спытаць у госця, ці ведае ён, як завуць суседку? Але ж той расказваў сам: што таварыства ўжо не новае, што электрычнасць і вада падведзены, што ўрадлівай глебы людзі навазілі, сады пасадзілі і домікі паставілі... Што пустуюць хіба лічаныя ўчасткі: у яго суседкі, напрыклад, толькі вагончык стаіць!..

Зрэдку, але ж часам здаралася — я варажыла знаёмым па руцэ, казала пра лініі сэрца, розуму, лёсу...

Вось і тут падышла да Дзяніса, папрасіла паказаць далоні. Сказала, што той участак зямлі не яго, што за будоўлю яму лепш не брацца.

— Гэта чаму ж?! — абурыўся госць.

Давялося растлумачыць, што, мяркуючы па руцэ (ды і не толькі...), чалавек ён досыць рамантычны і ўлюблівы, што чарговае каханне (а Тоня — я ведала — свой шанц не ўпусціць) можа напаткаць яго якраз на дачы і што тады пад пагрозай апынецца не толькі яго будоўля, але і сям'я...

— Ды кінь ты!.. Не дуры галаву! — зашумелі на мяне працверазеўшыя мужчыны. — Хірамантка знайшлася! Ідзі адсюль!

Я пайшла, сказаўшы, што мая справа — папярэдзіць чалавека, а яго — думаць ды вырашаць.

...Як там ні было, але грошай Дзянісу мы пазычылі, і дачу пад ліпамі ён паставіў.

А вось адносіны з суседкай, казаў, не склаліся, бо (даслоўна) «ліпла, — як тая смала, а я ўжо быў папярэджаны».

...Народ сказаў: папярэджаны — значыць узброены.

Таццяна Гайко,

г. Мінск.


Хавайце вашы грошыкі...

Гэтую гісторыю мне расказаў мой муж — відаць, пад вельмі добры настрой, бо звычайна з яго слова не выцягнуць.

Дык вось. У нашым двары два шматкватэрныя дамы, і ў адным з іх жыве Міхась — аптыміст, весялун... Каля яго пад'езда ўсе мужчыны збіраюцца (нават цяпер, калі Міша на пенсіі), а ўжо некалі раней... І пажартаваць з ім можна было, і новых анекдотаў наслухацца, і нарагатацца, а часам дык яшчэ і песню падхапіць: Міхась зацягваў...

Так было і ў тую нядзельку: мужчыны з абодвух дамоў акружылі Мішаву лавачку, завялі гамонку пра грошы. Коля і кажа:

— Праблема з імі...

— Праблема без іх! — папраўляе Міхась.

— Як быццам ты ведаеш? — сумняваюцца мужчыны. — Дальнабойшчыкі ж добра зарабляюць! І жонка твая пры грашах...

— Ага. Якраз яна і вінаватая: ад'язджала ў санаторый, — сказала, каб я долараў купіў... Ну схадзіў я па іх, ну прынёс, а далей што рабіць — куды іх схаваць?.. Бо я ж такі — дзверы гады ў рады замыкаю. Забываюся... А нехта ж можа зайсці...

— Грошы ў банку лепш трымаць, — слушна заўважыў Пятро.

— Во... А гэта ідэя! — узрадаваўся Міхась. — Давай яшчэ па адной і па дамах, бо заўтра ж на работу.

...Раніцай ён ледзь яе не праспаў! Потым цэлы дзень займаўся рамонтам сваёй машыны. І толькі бліжэй да вечара стаў успамінаць учарашнюю размову пра грошы і думаць, куды ж ён іх паклаў?

...Дома пачаўся вобыск. У ходзе яго былі ператрэсены ўсе рэчы ў шафах і шафках, увесь посуд на паліцах і ў тумбачках, агледжаны ўсе куты і закуточкі (нават трубы ў прыбіральні)... Грошай нідзе не было.

Мішу зрабілася млосна, і ён падаўся на вуліцу: сеў на лавачку, закурыў. Амаль тут жа побач з'явіліся ўчарашнія сабутэльнікі, спыталі:

— Ты чаму не ў гуморы?

— Я ў трансе! — адказаў ім Міхась. — Не ведаю, што і рабіць — хоць вяроўку намыльвай...

— Чаму?!

— Ды заўтра жонка дамоў вяртаецца, а я не помню, дзе грошы дзеў.

— Дык мы ж казалі, што ў банк іх трэба, што тады працэнты...

— У банк? — ажывіўся Міхась, падхапіўся з месца і куляй памчаў дамоў.

Там, спехам агледзеўшы ўсе магчымыя пустыя слоікі ў кухонных ды іншых шафках, ён нарэшце дайшоў да поўных, што стаялі ў халадзільніку і...

На ніжняй паліцы, у самым кутку, за каструлямі ўбачыў сімпатычны паўлітровічак з нечым незразумелым. Дрыжачаю рукою выцягнуў («Няўжо мая згуба знайшлася?»), зняў накрыўку, пералічыў. Грошы былі на месцы.

І таму гаспадар зноў паклаў іх у банку і паставіў у халадзільнік, бо — цікавая ж схованка: злодзей наўрад ці знойдзе!.. А жонка — няхай прыязджае і няхай пашукае лепшую.

Таццяна Новік,

г. Клецк.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.