Вы тут

Конкурс «Наймацнейшы пажарны-ратавальнік» прайшоў каля «Мінск-Арэны»


Менавіта гэтыя словы, як мне здаецца, маглі б стаць дэвізам Рэспубліканскіх спаборніцтваў «Наймацнейшы пажарны-ратавальнік», якія днямі прайшлі на пляцоўцы каля «Мінск-Арэны». Супрацоўнікі МНС з Мінска сталі пераможцамі.


Гэтыя спаборніцтвы ўяўляюць складаную камбінацыю сілавых і хуткасных нагрузак, якія трэба выканаць за мінімальны час у поўнай экіпіроўцы пажарнага-ратавальніка. Вага такога камплекта — каля 30 кілаграмаў. На шляху да фінішу ўдзельнікам трэба было падняцца з рукаўнай лініяй на пляцоўку чацвёртага паверха спецыяльнай вежы, з яе падняць рукаўную скатку, вага якой 19 кілаграмаў, кувалдай перамясціць жалезную 72-кілаграмовую бэльку, затым прабегчы з пажарным рукавом, запоўненым вадой, і накіраваць струмень вады ў мішэнь, а ў завяршэнне перацягнуць манекен вагой каля 80 кілаграмаў.

У спаборніцтвах удзельнічалі самыя моцныя і мужныя ратавальнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Універсітэта грамадзянскай абароны МНС і рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР». Тут спаборнічалі не толькі мужчыны, жанчыны нароўні з моцнай паловай праходзілі праз сапраўды складаныя выпрабаванні. На ўрачыстай цырымоніі закрыцця міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі адзначыў:

— Гэта не проста, будзем казаць так, прастаяць, падыхаць у масцы, гэта ўсё ж баявая работа на павышаных пульсах з магчымасцю сілавога экстрыму. Таму людзі рыхтуюцца да гэтага пастаянна і, шчыра кажучы, не ўсе спецыялісты спецыяльных падраздзяленняў могуць вытрымаць тое, што праходзяць сёння, на гэтых спаборніцтвах, ратавальнікі.

Як лічыць Дзмітрый Пашык, старшы пажарны-ратавальнік ПАВЧ № 6 г. Мінска, асобныя этапы даводзіцца трэніраваць, каб запомніць якія-небудзь элементы. «Але складанага тут нічога няма. Проста патрэбная добрая фізпадрыхтоўка. Усе гэтыя практыкаванні важныя ў нашай прафесійнай дзейнасці. Тыя ж самыя пажары ў вышынных будынках, дапамога пацярпелым, у якіх розныя вагавыя катэгорыі. Таму ўсё гэта дапамагае быць гатовымі для нашай дзейнасці», — мяркуе пажарны.

Спаборніцтвы праходзілі ў катэгорыях «Індывідуальныя забегі», «Тандэм» і «Камандная эстафета».

У агульнакамандным заліку трэцяе месца атрымалі ратавальнікі з Віцебскай вобласці. Другое месца заваявалі супрацоўнікі МНС Магілёўшчыны. І пераможцамі сталі ратавальнікі сталічнага гарнізона. Найлепшыя з іх прадставяць нашу краіну на чэмпіянаце свету па пажарна-выратавальным спорце ў Казахстане.

Прафесія пажарнага была і застаецца адной з самых складаных. І справа тут не толькі ў неабходнасці трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Самае цяжкае — перамагчы страх і рызыкнуць сваім жыццём дзеля выратавання іншага чалавека. Супрацоўнікі МНС — сапраўдныя героі, а іх работа — падстава для гонару.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: І вучэнне, і баявая работа

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.