Вы тут

Аскепкі вострава. Што адбываецца на Гаіці?


Падзеі на Гаіці шакіравалі ўвесь свет. На мінулым тыдні прэзідэнта гэтай астраўной краіны Жавенэля Маіза застрэлілі ў яго ўласным доме ў прыгарадзе сталіцы Порт-а-Прэнс, цяжка паранілі жонку кіраўніка дзяржавы. Мяркуючы па відэа з месца падзей, тут адбылася сапраўдная бойня. Сцены дома як сіта прабіты кулямі. На целе 53-гадовага Маіза налічылі 12 агнястрэльных раненняў. Паводле даных гаіцянскіх улад, напад здзейсніла добра ўзброеная і арганізаваная група, у якую ўваходзілі 26 адстаўных калумбійскіх ваенных і два амерыканцы гаіцянскага паходжання. 23 з іх, у тым ліку абодва амерыканцы, затрыманы. Адразу пасля нападу паведамлялася, што злачынцы размаўлялі адзін з адным на англійскай і іспанскай мовах (Гаіці — франкамоўная краіна). «Замежнікі прыйшлі ў нашу краіну, каб забіць прэзідэнта», — заявіў кіраўнік гаіцянскай паліцыі Леон Шарль на прэс-канферэнцыі, дзе журналістам прадэманстравалі арыштаваных і адабраную ў іх зброю. Што ж адбываецца на Гаіці?


Уладны трохкутнік

Згодна з гаіцянскай канстытуцыяй, у выпадку гібелі, недзеяздольнасці або адстаўкі прэзідэнта часова выконваць яго абавязкі павінен старшыня Вярхоўнага суда, але ён нядаўна памёр ад каранавіруса. Наступны ў чарзе — прэм'ер-міністр. Як паведаміла «Бі-бі-сі», Маіз з 2018 года змяняў іх шэсць разоў і за дзень да забойства прызначыў сёмага, Арыэля Анры. Аднак ён не паспеў прыняць прысягу, а папярэдні прэм'ер, Клод Жазеф, яго паўнамоцтваў не прызнае. Анры, якога апазіцыя лічыць больш прыдатным для ролі прэм'ера, сказаў гаіцянскай газеце Le Nouvellіste, што ён больш не лічыць Жазефа законным прэм'ер-міністрам, і яму варта вярнуцца да ролі міністра замежных спраў. «Я думаю, нам трэба пагаварыць. Клод павінен быў застацца ва ўрадзе, які я збіраўся стварыць», — сказаў Анры.

Па паведамленні Agence France-Presse, Жазеф заявіў аб прыняцці на сябе паўнамоцтваў па кіраванні дзяржавай адразу пасля таго, як стала вядома аб жорсткім забойстве прэзідэнта. Пазней ён абвясціў, што на падставе канстытуцыі ўзначаліў надзвычайны Савет міністраў з пашыранымі паўнамоцтвамі, які на сваім пасяджэнні прыняў рашэнне аб увядзенні ў краіне надзвычайнага становішча. Адначасова сенат Гаіці абвясціў часовым прэзідэнтам свайго старшыню Жазефа Ламбера, які сцвярджае, што Вашынгтон падтрымлівае менавіта яго. Атрымаўся такі «ўладны трохкутнік». Спецыяльны пасланнік ААН у Гаіці Пол Фармер заявіў, што выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Клод Жазеф застанецца лідарам краіны да правядзення выбараў. Пра гэта паведаміла Reuters. Фармер таксама заклікаў бакі, якія прызнаюць і аспрэчваюць легітымнасць яго ўлады, адкласці рознагалоссі.

У той жа час стала вядома, што ЗША адхілілі просьбу ўрада Гаіці даслаць войскі для аховы аб'ектаў інфраструктуры, але накіравалі на востраў прадстаўнікоў Дзярждэпартамента, ФБР і Савета нацыянальнай бяспекі. Прадстаўнічая дэлегацыя прыбыла на востраў, каб ацаніць сітуацыю і правесці перагаворы з трыма асобамі, кожная з якіх лічыць сябе законным лідарам краіны. Таксама стала вядома, што амерыканская адміністрацыя накіравала ў Гаіці спецыялістаў з Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША для дапамогі ўладам краіны ва ўмацаванні бяспекі крытычна важнай інфраструктуры. Пра гэта заявіў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Нэд Прайс.

Звыклая справа

Журналіст тэлеканала Sky News Сцюарт Рэмзі па гарачых слядах патэлефанаваў сваім гаіцянскім знаёмым. Яны ў адзін голас сцвярджалі, што ўсё да таго і ішло, а галоўныя ўзрушэнні наперадзе. «Гэта зацішша перад бурай», — сказаў адзін з іх аб цяперашняй даволі спакойнай абстаноўцы ў краіне. «Гэта маглі быць бандыты, але яны звычайна не бываюць так добра арганізаваны. Гэта маглі быць палітыкі, але ўпэўненасці няма», — сказаў другі суразмоўца Рэмзі. У гаіцянскіх сацсетках распаўсюджваюцца заклікі да пратэстаў супраць праўлення Жазефа.

Буйны крымінальны аўтарытэт Джымі Чэрызье па мянушцы Барбекю абвінаваціў у гібелі Маіза «смярдзючую буржуазію» і заявіў, што яго людзі выйдуць на вуліцы, каб не дазволіць ёй захапіць уладу. Каго ён падтрымлівае, Чэрызье не ўдакладніў.

Перавароты на Гаіці — звыклая справа, але ў такіх выпадках лідар змоўшчыкаў звычайна адразу з'яўляецца на тэлеэкранах і выступае з заявай. На гэты раз такога не здарылася. Апошняя няўдалая спроба мела месца не далей, як у лютым гэтага года. Былі арыштаваныя 23 чалавекі, у тым ліку член Вярхоўнага суда Гаіці і высокі паліцэйскі чын. Яны сцвярджалі, што гэта быў не путч, а дзеянні, накіраваныя на аднаўленне канстытуцыйнага ладу, паколькі тэрмін паўнамоцтваў Маіза, на іх думку, скончыўся 7 лютага. Прэзідэнт настойваў, што павінен пакінуць сваю пасаду годам пазней. Спрэчка паўстала з-за таго, што ў першы год пасля выбараў Маіз не мог прыступіць да прэзідэнцкіх абавязкаў з-за шматлікіх абвінавачванняў у фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Апазіцыя абвясціла адстаўнога члена Вярхоўнага суда Жазефа Жан-Луі часовым прэзідэнтам, а далейшае праўленне Маіза неканстытуцыйным. Узровень падтрымкі кіраўніка дзяржавы апошнім часам рэзка ўпаў з-за эканамічных цяжкасцяў, карупцыі і разгулу бандытызму. Зрэшты, надзвычай нізкай была і яўка на выбарах 2017 года, якія прывялі яго да ўлады.

У кастрычніку 2019-га скончыўся тэрмін паўнамоцтваў гаіцянскага парламента. Паколькі дэпутаты не паспелі да гэтага часу прыняць новы закон аб выбарах, Маіз адклаў іх на два гады і пачаў кіраваць пры дапамозе дэкрэтаў. Да апошніх крывавых падзей ён ужо перажыў адзін замах. У кастрычніку 2018-га ў Маіза стралялі, ён застаўся жывы, але загінулі трое ахоўнікаў. У лютым і сакавіку гэтага года ў Гаіці прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць прапанаваных кіраўніком дзяржавы паправак да канстытуцыі. Ён хацеў скасаваць пасаду прэм'ер-міністра і верхнюю палату парламента, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з чатырох да пяці гадоў і дазволіць яму абірацца на два тэрміны запар (цяпер паміж імі павінен быць перапынак). Дэманстранты блакіравалі вуліцы вогнішчамі з аўтапакрышак і смецця. Паліцыя выкарыстоўвала гумовыя кулі.

Два долары ў дзень

Паводле інфармацыі «Бі-бі-сі», 60 працэнтаў дзесяцімільённага насельніцтва Гаіці жыве менш чым на два долары ў дзень. Журналіст Sky News, які пабываў там некалькі месяцаў таму, убачыў, што пасля разбуральнага землятрусу 2010-га сталіца па-ранейшаму выглядае як поле бітвы. Не адноўлены нават прэзідэнцкі палац, з-за чаго Маіз жыў не ў афіцыйнай рэзідэнцыі, а ў сваім доме.

Словы «банда» , «выкраданне» і «карупцыя» трывала замацаваліся ў лексіконе гаіцянцаў. Маіз запэўніваў, што прысвеціць свой апошні год ва ўладзе падрыхтоўцы дэмакратычных выбараў. Апаненты называлі яго безадказным і некампетэнтным лідарам і падазравалі ў намеры застацца ва ўладзе і пасля 2022 года.

Акцыі пратэсту рознага маштабу, якія звычайна завяршаюцца сутычкамі з паліцыяй, апошнія тры гады адбываліся ў гарадах краіны ледзь не штодня. У лютым 2020-га на вуліцах сталіцы з'явіліся барыкады, а паліцэйскія, якія патрабавалі паляпшэння ўмоў службы, атакавалі армейскі штаб. Супраць Маіза аб'ядналіся палітыкі, суддзі, праваабаронцы і рэлігійныя групы. На яго баку да канца заставалася камандаванне ўзброеных сіл.

Стратэгічнае становішча Гаіці амерыканцы неаднойчы параўноўвалі са становішчам Мальты і Гібралтара, адзначае topwar.ru. Гэта першая зручная гавань на выхадзе з Панамскага канала праз Карыбскае мора ў Атлантыку і апошняя — на ўваходзе з Атлантыкі праз Карыбскае мора ў Панамскі канал. Зразумела, што ЗША імкнуліся трымаць Гаіці пад поўным кантролем.

Але, як кажуць, «штосьці пайшло не так». Незадоўга да сваёй гібелі Жавенэль Маіз ушчэнт пасварыўся з амерыканскімі ўладамі, заўважыла rіa.ru. Вашынгтон патрабаваў ад яго хутчэй сысці з пасады. Пасля лютаўска-сакавіцкіх падзей напал вулічных пратэстаў некалькі знізіўся. Збольшага гэтаму паспрыяла і пандэмія COVІD-19. «Прыкметнае паслабленне рэакцыі грамадства на заклікі да масавых пратэстаў паказвае, што народ Гаіці стаміўся ад бясконцых лакдаўнаў і сваркі з-за ўлады», — заявіў у сувязі з гэтым прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША. Магчыма, гэта і падштурхнула невядомых пакуль ворагаў Маіза да рашучых дзеянняў.

Каламутная гісторыя

Судмедэксперты правялі ўскрыццё цела Жавенэля Маіза, паведамляе мясцовая газета Nouvellіste. Аб гэтым сказаў выданню міністр па справах галасавання і міжпартыйных адносін Гаіці Маціяс П'ер. Пасля судова-медыцынскай працэдуры былі распаўсюджаны фатаграфіі і рэнтгенаўскія здымкі цела. На адным з рэнтгенаўскіх здымкаў відаць, што ў грудной клетцы Маіза затрымаліся некалькі куль. На рэнтгенаграме чэрапа бачны пералом паміж лобнай і цемянной косткай — гэта падобна на кантрольны стрэл, які быў зроблены, калі прэзідэнт ужо ляжаў на спіне. На апублікаваным відэа з камер назірання чуваць, як узброеныя людзі ў чорным прадстаўляюцца супрацоўнікамі агенцтва ЗША па барацьбе з абаротам наркотыкаў і загадваюць усім легчы на падлогу.

Дзеці прэзідэнта пасля яго забойства былі дастаўлены ў бяспечнае месца, заявіў Клод Жазеф. Цяжка параненую жонку прэзідэнта вывезлі ў Маямі ў спробе выратаваць ёй жыццё. Паведамляецца, што ўрачы змаглі стабілізаваць яе стан. Клод Жазеф сказаў у інтэрв'ю «Бі-бі-сі», што прэзідэнта маглі застрэліць, паколькі ён «змагаўся з некаторымі алігархамі». «Мы не ведаем, ці ёсць сувязь паміж гэтымі алігархамі і замежнымі наймітамі», — сказаў часовы кіраўнік дзяржавы. Ён таксама заявіў, што прэзідэнта Гаіці катавалі перад смерцю. Аб чым менавіта імкнуліся даведацца арганізатары забойства, пакуль невядома.

Вядомы расійкі палітолаг Яўген Сатаноўскі ў сваім тэлеграм-канале пракаментаваў забойства прэзідэнта Гаіці. Паводле яго слоў, забойства прэзідэнта паказала, што ЗША не выконваюць міжнароднае права. «Ну, вось і прыйшла яснасць з Гаіці. Амерыканцы там прэзідэнта забілі», — напісаў эксперт. Ён адзначыў, што так і невядома, хто і чаму выдаў ордэр на арышт кіраўніка дзяржавы, аб якім расказалі на допыце затрыманыя.

Тым часам стала вядома, што быў затрыманы 63-гадовы грамадзянін ЗША гаіцянскага паходжання Крысціян Эмануэль Саньён. Ён, як лічаць гаіцянскія праваахоўнікі, наняў кілераў, якія забілі прэзідэнта Жавенэля Маіза. Паводле даных газеты Mіamі Herald, набор наймітаў ажыццяўляўся праз ахоўную фірму CTU Securіty, якая базіруецца ў Маямі і належыць выхадцу з Венесуэлы Антоніа Інтрыяга. Крыніцы, блізкія да следства, расказалі СМІ, што арыштаваныя калумбійцы сцвярджаюць, быццам іх вербавалі на Гаіці для работы ахоўнікамі, у тым ліку ў прэзідэнта. Па іх словах, яны нібыта хацелі не забіць, а толькі арыштаваць Маіза, але, уварваўшыся на вілу, знайшлі яго ўжо мёртвым.

Пацвердзілася сувязь амерыканскага антынаркатычнага ведамства DEA з меркаванымі забойцамі прэзідэнта Гаіці. Адзін з падазраваных аказаўся інфарматарам агенцтва. Пра гэта ў DEA паведамілі РІА «Навіны». Новы маштаб гэтай справе надаюць паведамленні з Венесуэлы. Ахоўная кампанія CTU Securіty таксама магла быць датычная да замаху на Нікаласа Мадура. Такую інфармацыю абвясціў спікер Нацыянальнай асамблеі гэтай краіны Хорхе Радрыгес. Як вядома, замах на прэзідэнта Венесуэлы з выкарыстаннем дронаў быў здзейснены ў жніўні 2018 года.

Да трыбуны, дзе знаходзіўся падчас параду Мадура, накіраваліся некалькі лятальных апаратаў з выбухоўкай. Раненні атрымалі некалькі гвардзейцаў, кіраўнік дзяржавы не пацярпеў.

Як бачым, гэтая гісторыя надзвычай мутная і ў ёй досыць шмат цёмных плям. Дзіўна, што шакавальная падзея ў Гаіці не выклікала заўважных водгукаў у свеце. З заяў міжнародных арганізацый можна згадаць хіба што фактычна пратакольнае выказванне старшыні Генеральнай Асамблеі ААН Волкана Базкыра. Ён заклікаў правесці дбайнае расследаванне ўсіх абставін забойства прэзідэнта Жавенэля Маіза. «Неабходна вызначыць тых, хто нясе адказнасць за гэтае злачынства, і дамагчыся справядлівасці. Нельга дапусціць, каб узялі верх страх і тэрор», — адзначаецца ў заяве Базкыра, зачытаным на цырымоніі ў памяць аб прэзідэнце Гаіці ў зале Генеральнай Асамблеі ААН. Аднак можна сказаць дакладна: адну з найбяднейшых краін свету чакаюць складаныя часы. Зрэшты, як апошнія некалькі стагоддзяў.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.