Вы тут

Экіпажы, якія адляцелі ў вечнасць… Пошукі працягваюцца


Мне прыйшоў ліст ад расійскага пошукавіка з горада Зарайска Маскоўскай вобласці Сяргея Пятрухіна. Ён паведамляў, што па просьбе Ніны Дзмітрыеўны Бяловай шукае месца гібелі яе бацькі, Дзмітрыя Іванавіча Бялова, 1909 г. н., які загінуў у першыя дні вайны ў Беларусі. Паводле яе расповедаў, 24 чэрвеня 1941 года ў адным самалёце з яе бацькам Дзмітрыем Бяловым ляцеў яго камандзір — Іван Іванавіч Пудак. У раёне Клецка пры трапленні нямецкага снарада ў самалёт Пудак даў каманду ўсім пакінуць паветранае судна. Калі выскокваў сам, то бачыў, што хтосьці ўжо пакідае палаючы самалёт. Але хто гэта быў, дакладна сказаць не мог.


Злева-направа: штурман Дзмітрый Іванавіч Бялоў, лётчык Мікалай Міхайлавіч Харчанка, лейтэнант Аляксей Дзмітрыевіч Леўчанка.

Вечарам Іван Пудак дабраўся да найбліжэйшага сяла, дзе мясцовыя жыхары далі яму жаночую вопратку, дзякуючы чаму ён праз два тыдні дайшоў да свайго аэрадрома, сустрэўся з жонкай Бялова і распавёў пра гэты паветраны бой. Разам з Бяловым і Пудаком у гэтым баі ўдзельнічаў і камандзір звяна 98-га ДБАП (далёкабамбардзіровачнага авіяпалка) Георгій Якаўлевіч Гарачкін (быў ён з імі ў адным экіпажы ці не — невядома). Гарачкін таксама быў збіты, выскачыў на парашуце, атрымаў раненне ў ступню, але выйшаў да сваіх. І пасля лячэння працягваў ваяваць.

Збіраемся групай і выязджаем у раён Клецка, па ўжо вядомай шашы пад назвай Варшаўка. У пошуках інфармацыі метадычна аб'язджаем усе найбліжэйшыя населеныя пункты.

Вёска Грыцэвічы

У музей школы в. Грыцэвічы, утвораны ў 1984 годзе, мяне ласкава запрасілі дырэктар школы Наталля Аляксандраўна Аўдзей і экскурсавод музея Валянціна Леанідаўна Гвозд. У музеі захоўваюцца фатаграфія і імя лётчыка з 98-га ДБАП малодшага лейтэнанта Мікалая Міхайлавіча Харчанкі, 1918 г. н., ураджэнца Украіны, які загінуў тут 24.06.1941 г. Другім яго таварышам, які загінуў на тэрыторыі раёна, з'яўляецца стралок-радыст малодшы сяржант Дзмітрый Вітальевіч Белікаў, 1919 г. н., з Казані. Выратавацца тады ўдалося толькі штурману, лейтэнанту Паўлу Кавальскаму.

Вёска Цапра

Гэты паветраны бой адбыўся над вёскай Бабаевічы, а падбіты самалёт дацягнуў да Цапры. Алена Васілеўна Цісневіч добра памятала той дзень: «Тады жылі небагата, таму правіянт для сям'і нарыхтоўвалі самі. Мы якраз збіраліся ісці малоць муку да суседа, у яго жорны стаялі. І тут людзі пачалі крычаць: «Зачыняйце дзверы! Самалёт ляціць!»... Алена Васілеўна бачыла, як з самалёта падаў лётчык, у якога не раскрыўся парашут. Проста з парога паказала нам невялікі хмызняк, дзе скончылася зямное жыццё лейтэнанта Аляксея Леўчанкі. А праз пару дзясяткаў метраў — на мясцовых могілках — упаў і сам самалёт... Упаў пасярэдзіне, скасавурыўшы бярозы... «Калі я падбегла, лётчык ляжаў прама каля дарогі. Мой бацька падабраў яго цела, а таксама абвугленыя целы яшчэ дваіх лётчыкаў і з дапамогай іншых мужчын загарнуў усіх трох у адзін парашут і пахаваў. А дакументы лётчыка

Леўчанкі захаваў парторг калгаса таварыш Каганскі. І потым, пасля вайны, перадаў у ваенкамат і напісаў у газету. Так знайшліся яго сваякі». Алена Васілеўна дадае: «Мы так пасябравалі са сваякамі лётчыка, што з часам сталі як родныя». Шмат гадоў жонка Леўчанкі, Вера Рыгораўна, дачка Рыма Аляксееўна і ўнучка Міра Валер'еўна з г. Бранска прыязджалі да Цісневічаў у госці, наведвалі магілку свайго бацькі і мужа і нават усе разам ездзілі ў Брэсцкую крэпасць.

Прозвішчы астатніх членаў экіпажа, на жаль, засталіся нявызначанымі. Не дажыла да выхаду гэтага артыкула і сама Алена Васілеўна. Час няўмольны...

Вёска Заельня

Пераязджаем на другі бок Варшаўкі.

Яшчэ ў Грыцэвіцкай школе нам параілі звярнуцца да мясцовага энтузіяста, неабыякавага чалавека з Заельні, які хварэе душой за сваю малую радзіму, — Валерыя Іванавіча Кірыка. Ён і стаў нашым далейшым гідам. Валерый Іванавіч чуў пра самалёты шмат. «Старыя распавядалі, што збітых савецкіх самалётаў у адзін дзень каля нас было тры. (А чацвёрты ў Цапры назаўтра збілі.) Адзін упаў у нас, у Заельні, недалёка ад могілак. Другі — у вёсцы Мервіны, а трэці — дзесьці за вёскай Нагорнае, каля Лубянецкіх хутароў. Гэтыя хутары даўно знеслі і зямлю зааралі». Валерый Іванавіч таксама паказаў стагадовы дуб, пад якім расстрэльвалі мірных жыхароў, а таксама нашых ваеннапалонных, якія знаходзіліся тут за калючым дротам і прыходзілі пад канвоем у вёску — па ваду. Працавалі яны тут жа — па ўкладцы бетоннай паласы ваеннага нямецкага аэрадрома. Палонныя цішком праносілі цвікі, а мясцовыя жанчыны давалі ім узамен ежу... І бедаваў Валерый Іванавіч, што нідзе не згадваецца пра гэты лагер. Як потым склаўся лёс салдат? Нікому не вядома...

Валерый Іванавіч вядзе нас да сведкі падзення самалётаў у тым далёкім-блізкім 1941-м... Іван Сандрозд яшчэ хлапчуком бегаў з сябрамі на месца падзення. Успамінае, як яны збіралі асколкі шкла і падпальвалі іх... Дзятве падабалася, як яны шыпяць і іскрацца.

«Гэта тут, недалёка, метраў сто пяцьдзясят — вунь у той даліне», — паказвае ён. З самалёта ў в. Заельня ніякіх дакументаў і імёнаў знайсці не ўдалося... Але гэта было адно звяно з лётчыкам Харчанкам, які загінуў у Мервінах.

Вёска Мервіны

Там нам таксама пашанцавала. Спагадлівыя людзі знаходзяцца ўсюды.

Валянцін Васілевіч Хмялеўскі — былы старшыня сельсавета. «Расказвалі, што паветраны бой ішоў над вёскай Мервіны. Наш самалёт быў збіты. Лётчык спрабаваў выскачыць, але беспаспяхова, ён разбіўся... Абломкі самалёта валяліся злева ад дарогі, у кар'еры, як ехаць на вёску Рубеж. Дакументы забралі немцы. Але мясцовы жыхар паспеў схаваць фатаграфію лётчыка».

Цёзка па прозвішчы нашага суразмоўніка — Уладзімір Фёдаравіч Хмялеўскі — дастае з хлява вялікую пасудзіну чырванавата-меднага колеру. І наглядна дэманструе, што людзі рабілі потым з абломкаў самалёта і як гэта прымянялася ў побыце... «Быў я зусім маленькі на той час, многае памятаю толькі паводле расповедаў старэйшых. Казалі, што загінулых закруцілі ў парашут і пахавалі пад дубам. Пасля вайны двух лётчыкаў перапахавалі ў Грыцэвічах. Па фота, надрукаваным у газеце, сваякі апазналі лётчыка Мікалая Харчанку». Па словах вяскоўцаў, яшчэ адзін самалёт упаў дзесьці каля вёскі Нагорнае, пад Іспасам — так называлі поле, дзе па традыцыі перад вайной збіраліся ўсёй вёскай жыхары, выносілі сталы і святкавалі свята Спас. Вось туды і ўпаў самалёт.

Вёска Рубеж

Лен-Ждан — такім неардынарным імем называюць Вячаслава Георгіевіча Жданко мясцовыя. Аказалася, што гэта ад назвы яго фірмы «ЛенжданЕўратранс». Ён расказаў: «Лётчык, паранены ў нагу, хаваўся ў доме маёй бабулі і мамы, на хутары вёскі Рубеж, якую падзяляе на дзве часткі рака Лань. Вось на гэты прыбярэжны хутар у дом Жданко і пракраўся паранены. Ён прыйшоў, калі ў хаце нікога не было. А немцы ў гэты час заўзята абшуквалі ўсё ў акрузе. Гаспадары, вярнуўшыся, знайшлі параненага ў нагу лётчыка ў шафе. Яго пераапранулі, ён пражыў у іх некалькі дзён. Затым паказалі дарогу, і лётчык пайшоў, пакінуўшы свой парашут, з якога дзяўчаты потым шылі сабе сукенкі»...

Дапоўніла аповед цётка Вячаслава Георгіевіча, Гвозд (у дзявоцтве Рудко) Таццяна Дзмітрыеўна, якая была дзіцем, але памятае, што самалётаў, збітых каля вёскі Рубеж, налічылі аж цэлых тры!.. І «ляглі» яны фактычна побач адзін з адным з інтэрвалам 50—70 метраў: адзін — каля моста, другі — ва ўрочышчы Кашары, трэці — на краі поля, каля самай дарогі. Парашуты лёталі ў небе як матылі. «І ў гэты ж час у нас у доме пачаў пражываць нейкі савецкі салдат. Звалі яго Грыгорый, Грыша... Так ён назваўся». (Параненага ў нагу лётчыка Гарачкіна звалі Георгій. Імёны па гучанні падобныя.) А яшчэ памятае Таццяна Дзмітрыеўна, як ужо пасля вайны яе дзед Карней Ермалаевіч Марчук са сваёй нявесткай Лідзіяй Міхайлаўнай Рудко спілавалі ў лесе на патрэбы будаўніцтва дуб, на галінцы якога вісеў абрывак ад адзення лётчыка з кішэняй зялёнага, ахоўнага колеру. Знайшлі ў той кішэні нейкую трубачку, у якой ляжала фатаграфія сястры і маці лётчыка. «Памятаю як цяпер: жанчыны былі ў белых кофтах з русымі валасамі. І адрас пазначаны: г. Смаленск». Пасля вайны яе бацька напісаў ліст на гэты адрас і адправіў фота. Адказу, праўда, не прыйшло...

Такім чынам, самалётаў налічвалася ўжо шэсць: у в. Заельня, у в. Мервіны, пад «Іспасам», або па-іншаму паблізу хутара Лубянец; тры самалёты — у полі, насупраць хутароў в. Рубеж.

* * *

...З кнігі маршала авіяцыі М. С. Скрыпко, які камандаваў на той момант 98-м ДБАП, 52-й ДБАД, аэрадрома Шаталава ў Смаленскай вобласці:

«У 18 гадзін 40 хвілін вылецела апошняя эскадрылля... у складзе 9 самалётаў для бамбардзіроўкі аўтакалон з войскамі ў раёне Картуз- Бярозы. Пры падыходзе да цэлі яна была перахоплена вялікай групай знішчальнікаў праціўніка. У выніку няроўнага паветранага бою з пераўзыходзячымі сіламі ворага эскадрылля страціла 8 самалётаў Іл-4. Толькі адзін самалёт вярнуўся на свой аэрадром. Гэтыя цяжкія страты яшчэ раз пацвердзілі неабходнасць суправаджэння бамбардзіроўшчыкаў знішчальнікамі. Але прыкрыцця не было».

З-за вялікіх страт, панесеных у першыя дні вайны, 98-ы ДБАП быў расфарміраваны ў жніўні 1941-га. І большасць яго дакументаў, як і паэкіпажныя спісы лётчыкаў, да гэтага дня, на жаль, не знойдзена. Таму мы не спыняем пошукі месца гібелі лётчыка Дзмітрыя Бялова, які загінуў у першыя дні вайны ў Беларусі. Тое-сёе праясняецца, кола звужаецца.

Працяг будзе...

Ларыса КАРАСІНА


Наш пазаштатны аўтар Ларыса Карасіна закончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. Актрыса, рэжысёр. Яна, акрамя таго, яшчэ і пошукавік. У свабодны ад асноўнай работы час займаецца гістарычнымі расследаваннямі, архіўнымі матэрыяламі. Вядзе пошукі самалётаў і актыўна ўдзельнічае ў аднаўленні імён тых, хто без вестак прапаў у часы Вялікай Айчыннай.

Знайшла і аднавіла імёны савецкіх лётчыкаў, якія загінулі 27 чэрвеня 1941 года ў раёне г. Бабруйска, каля в. Падарэссе Старадарожскага раёна, вяла пошукавую работу па невядомым экіпажы, які загінуў побач з вёскамі Аступішча і Ліпнікі Слуцкага раёна, а таксама па экіпажы, які згарэў паблізу в. Бярозаўка Слуцкага раёна, працягвае працаваць па экіпажах, што прапалі ў Капыльскім і Клецкім раёнах. Адзін з галоўных дэвізаў — «Не забывай сваіх бацькоў!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.