Вы тут

У Мінску адбылася выстава, прымеркаваная да 80-годдзя Фелікса Фёдаравіча Гумена


У Мінску адбылася выстава, прымеркаваная да 80-годдзя выдатнага майстра Фелікса Фёдаравіча Гумена. Мінчане яго творчасці амаль не ведаюць (зрэшты, як і многіх рэгіянальных мастакоў), хоць у Віцебску яго імя знаёмае кожнаму.


Гумен — мастак-легенда, які здольны стварыць за адзін дзень 5—10 акварэляў, а ў студэнцкія гады паставіў рэкорд: да 50! Некаторыя кажуць, прыходзячы на выставу: «Такіх фарбаў не бывае ў жыцці, гэта ўсё не з натуры напісана, гэта ўсё яго фантазіі». Але ад Гумена фатаграфічнасці мы і не чакаем, хоць працуе ён на пленэры.

Акварэлісты — асаблівая каста сярод мастакоў, яны заўсёды адчувалі сваю асобнасць і з 1995 года вылучыліся ў супольнасць «Віцебская акварэль». Гумен — лідар віцебскіх акварэлістаў, якія прызнаныя асаблівай школай, асаблівым эстэтычным феноменам. Ён нарадзіўся ў Амурскай вобласці ў пачатку вайны і быў абпалены ёю (у літаральным значэнні гэтага слова — у тры гады атрымаў апёкавую траўму ад зарада «кацюшы»). У творцы намяшана шмат розных крывей: з аднаго боку — славацкая, з другога — украінская, руская. А дзяцінства яго прайшло ў гарнізонах: вандравалі з сям'ёй па ўсім СССР. Гумен лічыць, што яркі колер яго акварэляў ідзе ад шчаслівага дзяцінства ў Сярэдняй Азіі, дзе і ў вайну было шмат садавіны, шмат святла і сонца. Бацька-памежнік пасля дэмабілізацыі прыехаў у Ваўкавыск, дзе у 1958 годзе Фелікс скончыў сярэднюю школу.

Яго шлях у мастацтва — ланцуг «невыпадковых выпадковасцяў». У 1948 годзе ў Мінску ў Оперным тэатры адкрылася мастацкае вучылішча. Па прыкладзе свайго сябра Гуліна вырашыў паступаць. Усе селі пісаць пастановачны нацюрморт. Фелікс умеў маляваць як усе дзеці. Але вось нацюрморт напісаць акварэллю яшчэ не спрабаваў. Аднагодкі сталі смяяцца, сказалі, ідзі змый, нармальна намалюй, ты не паступіш з такім.

Ён выйшаў з класа, паклаў планшэт пад ваду, і гэты паўзмыты малюнак прынёс і паставіў на мальберт. Прыйшоў мастак Лейтман, які прымаў экзамен, сам вядомы эксперыментатар, убачыў яго эцюд і паставіў у прыклад: які прыгожы эфект, каларыстычна вытрыманая работа. «Ужо чацверка есць!» І нечакана для сябе Гумен паступіў. Але праз некалькі месяцаў дырэктар вучылішча абвясціў, што ў Віцебску арганізоўваецца педагагічны інстытут, там не пяць гадоў тэрмін навучання, а чатыры і можна адразу атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. З 1958 года пачынаецца віцебская эпапея Гумена, які са сталіцы трапіў у абсалютна разбураны горад. Але ацалеў старадаўні выдатны будынак, які неўзабаве атрымаў назву «Віцебскі мастграф». Там выкладалі мастакі Іван Сталяроў і Валянцін Дзежыц. І вось тут пачаўся мастак Гумен як акварэліст.

Калі ў яго пыталіся, чаму ён стаў менавіта акварэлістам, ён тлумачыў гэта і жыццёвымі абставінамі. На першым курсе адразу ж ажаніўся, здымалі пакой плошчай 8 метраў, нарадзілася дзіця, жонка не пераносіла пах алейнай фарбы, і немагчыма было з-за цеснаты паставіць мальберт. І ён вырашыў, што акварэль экалагічна чысты матэрыял і што ён будзе займацца акварэллю, якой аддаў усе жыцце.

Кажа аб акварэлі як аб жывой істоце: «Яна жывая, рухомая. Яна як жанчына, з ёй трэба далікатна, многае сабе не дазваляць. Яна як кошка: не трывае дрэсуры». Нават дыпломную працу ён рабіў у тэхніцы акварэлі, што было да гэтага строга забаронена: толькі жывапіс! І зноў — выпадак: старшынёй дзяржаўнай камісіі быў у той год мінскі мастак Казлоўскі, які нядаўна прыехаў з Парыжа і, натхнёны вольным духам Францыі, дазволіў такі дыплом, які прапанаваў Гумену Дзежыц.

Гумен са студэнцкіх гадоў адкрыў для сябе Віцебск як маляўнічы горад, «беларускі Таледа», як назваў яго Рэпін. Ён ахвотна пісаў на вуліцы. Гэта віртуёзнасць як прадстаўленне, перформанс. Неяк сказаў, што ў кожнага карабля свой порт, і для яго такі прычал — Віцебск. Віцебск у яго разнастайны, часта рамантычны, начны. Вельмі цяжка пісаць поўню, святло ў вокнах. У Гумена нараджаецца свая манера,«па- мокраму»,  белае месца выбіраецца спецыяльным лязом. Асабліва мастака прыцягвае зімовы Віцебск. Ён ператварае яго ў казку. Расплываюцца абрысы цэркваў, мякка растае снег.

Вельмі прыгожыя яго нацюрморты. Ён любіць пісаць празрыстасці: шкло, бутлі, шклянкі. Тыя, хто займаўся акварэллю, ведаюць, як складана знайсці гэтыя найтанчэйшыя суадносіны колеру. Гумен выкарыстоўвае тэхніку залівання. Асабліва любіць кветкавыя нацюрморты. Ён можа спалучаць раскошныя садовыя півоні і дзьмухаўцы, сарваныя пры дарозе. Заўсёды выклікае захапленне серыя «Летнія букеты». Пры нашым колеравым голадзе такія выставы карысныя нават арт-тэрапеўтычна.

Гумен кожны летні дзень пачынае з напісання кветкавага нацюрморта. Здзіўляе і нечаканымі сюжэтамі ў духу фламандскіх кухонных нацюрмортаў, як, напрыклад, «Бараніна». Для Гумена не існуе «нізкай» натуры, згадаць хоць бы нацюрморт «Певень і фарш» у спалучэнні з апельсінамі. Успамінаецца Суцін, які таксама любіў пісаць тушкі куранят.

Частка экспазіцыі прысвечана эксперыментам. Напрыклад, выказвае асацыяцыі ў музыцы сродкамі акварэлі. Часам спрабуе перадаць пачуцці, эмоцыі праз фарбы: здзіўленне, надзея, азарэнне. Калі б абстракцыі Гумена выкарыстала наша тэкстыльная прамысловасць, то гэта былі б цудоўныя па дэкоры тканіны.

«Гумяноіды» — асобная тэма, гэта вучні Гумена. Так іх жартам празвалі на мастграфе за вернасць настаўніку. Выкладчыкам ён быў нетрадыцыйным: не стаяў над кожным вучнем, не правіў акварэлі, ён проста падыходзіў і казаў: «Паглядзі, як я гэта пішу». Методыка ў яго была інтуітыўная. І «гумяноідаў» сфарміравалася ў Гумена за гады выкладання досыць вялікая колькасць, каля 150 (на курсе ў яго вучылася па 12 чалавек штогод). Многія вядомыя сваімі графічнымі работамі.

Адзін з журналістаў назваў свой артыкул «Віцебск у аблозе Гумена». Кожны год ен арганізуе выставу, ці дзіцячы пленэр. Падараваў  музею звыш тысячы твораў. У 2019 годзе мастака папрасілі пісаць на вуліцах падчас правядзення «Славянскага базару» — гэта прывабіла шмат турыстаў. Усе бібліятэкі Віцебска любяць выставы Гумена, бо ён яшчэ піша партрэты бібліятэкараў і дорыць ім партрэты. Адна акцёрка Віцебскага тэатра, маладая мама, у яе было двое маленькіх дзяцей, захварэла. Пухліна мозгу. «Яна віцябчанка, я яе ведаю, я бываў на яе спектаклях, я павінен ёй чым магу дапамагчы», — сказаў мастак. І прапанаваў, каб цэлая выстава работ Гумена была прададзеная, а грошы пайшлі на дапамогу гэтай жанчыне, яна акрыяла. Таму мы можам сказаць, што Гумен сапраўдны народны мастак Віцебска.

У Гётэборгу, у Швецыі, ёсць Музей акварэлі. У краінах Скандынавіі наогул вельмі шануецца акварэльная тэхніка. На востраве сярод цудоўных халодных вод пабудаваны невялікі ангарчык у стылі ІКЕА. Туды прыязджаюць мастакі, жывуць і працуюць, штодня бачаць праз шкляныя сцены выдатны водны пейзаж.

Мастак і мастацтвазнаўца Уладзімір Рынкевіч, вучань Гумена, вырашыў падхапіць гэтую ідэю і такі ж музей зрабіць у Беларусі. Ён знайшоў такую сядзібу — дом памешчыка Глазко на беразе возера Расоны за 43 км ад Полацка. Рынкевіча падтрымалі мясцовыя ўлады. І, вядома, першая выстава ў новым музеі была Фелікса Гумена.

Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Загаловак у газеце: Гумен, «гумяноіды» і Віцебск

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.