Вы тут

Як адкрываўся XXX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»


Канцэрт ганаровага адкрыцця XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прадэманстраваў, што ў Беларусі ўмеюць арганізоўваць маштабныя культурныя мерапрыемствы на самым высокім узроўні.


Месца, дзе здзяйсняюцца мары

Гэтую высокамастацкую казку, творчы цуд, яскравую феерыю па тэлебачанні і ў інтэрнэце ўбачылі і ўбачаць мільёны людзей. Летась прагляд трансляцый на афіцыйным сайце «Базару» і ў сацыяльных сетках перавысіў 7,5 мільёна. Самыя рэйтынгавыя шоу — адкрыцця і закрыцця фэсту. У дырэкцыі лічаць, што названая вышэй лічба — не мяжа.

За ўсе гады правядзення фестывалю афармленне сцэны не паўтаралася. Колькі б ні даражэла адпаведнае задавальненне, арганізатары не шкадавалі грошай, каб была прыгожая карцінка як для тых, хто ў зале, так і для тэлегледачоў. Сёлета сцэна зроблена ў выглядзе чароўнага куфэрка, напоўненага талентамі. Перыядычна яна нагадвала лабірынт з люстэрка. Часам сцэна станавілася дзіцячым пакоем, дзе рэалізоўваюцца мары. Святлодыёдныя экраны, здавалася, гнуліся, ляталі, падымаліся і апускаліся. Карцінка асвятлення трансфармавалася — хацелася глядзець і глядзець, стаіўшы дыханне.

Вакол галоўнай сцэнічнай пляцоўкі дызайнеры і спецыялісты па азеляненні зрабілі чарговую прыгажосць: ужо мноства сэлфі і фота зроблена на фоне паўліна з раслін, вялікага скрыпічнага ключа і эмблемы фестывалю — валошкі.

У гэтым годзе, юбілейным для «Базару», многае адбылося ўпершыню. Цырымонія ўзняцця сцяга на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра пачалася ў першыя секунды пасля апоўначы. Ноч, і раптам — прадстаўленне «Святло часу». Кавалак гарадскога асяроддзя каля «сэрца» «Базару» пераўтварыўся ў міні-казку з падсветкай, феерверкамі, ілюмінацыяй у руках акцёраў. На імправізаванай сцэне выступілі артысты і «жывыя скульптуры». Гэты сюрпрыз стаў цудоўным падарункам гледачам.

Сцяг фестывалю паднялі зорка сусветнай велічыні, уладальнік Гран-пры XXІV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2015» Дзімаш Кудайберген (Казахстан) і пераможца леташняга дзіцячага музычнага конкурсу «Базару» Ангеліна Ламака (Беларусь).

Больш за пяць тысяч удзельнікаў «Базару» прадстаўляюць каля трыццаці пяць краін. У фестывальнай праграме больш чым паўтары сотні мерапрыемстваў. Колькасць гасцей свята цяжка падлічыць.

Грамадзяне фестывалю

На адкрыцці прэс-цэнтра кіраўнік дырэкцыі XXX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі заявіў: удзельнікі фестывалю з 14-гадовым стажам і больш атрымаюць адмысловы пашпарт. Маўляў, у Беларусі ўручаюць пашпарты грамадзяніна ва ўзросце ад 14 гадоў. Першай незвычайны сувенір атрымала заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч, адна з вядучых галоўных фестывальных праектаў. Без яе цяжка ўявіць «Базар».

Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў уручыў работнікам сродкаў масавай інфармацыі ганаровыя граматы за актыўную плённую працу па асвятленні мерапрыемстваў фэсту. Паводле яго слоў, больш за 400  чалавек з 76 СМІ сёлета працуюць на фестывалі. Сярод іх і 62 журналісты з 33 замежных медыя. У прыватнасці, з Расіі, Эстоніі, Казахстана, Сербіі, Літвы і іншых.

Россып выстаў

На сёлетнім «Базары» вельмі багатая музейная праграма. У ратушы адкрылася этнаграфічная выстава з прыватнай калекцыі Людмілы Каюравай «Амто, Каракія!». Першае слова перакладаецца як «прывітанне».

Яна знаёміць з яркай і самабытнай матэрыяльнай культурай карэнных малалікіх народаў, якія пражываюць на паўночнай ускраіне Расіі: каракаў, чукчаў, ітэльменаў, эвенаў і іншых. Выстава ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Камчацкага краю Расійскай Федэрацыі. Увазе гледачоў прадстаўлена больш чым шэсцьдзясят карцін, выкананых у розных тэхніках. Лепш зразумець непаўторныя паўночныя пейзажы і людзей, якія жывуць у гармоніі з прыродай Крайняй Поўначы, дапамогуць прадметы побыту. А яшчэ — этнаграфічныя і рытуальныя рэчы і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя з футра паўночнага аленя, нерпы, маржа, скуры і пацерак, у традыцыйнай манеры разьбы і гравіроўкі па косці, маржовым клыку і дрэве.

Наведвальнікі ўбачаць традыцыйныя адзенне, абутак і паясы паўночных народаў. Сярод экспанатаў — сапраўдны рарытэт, падобных якому захавалася толькі некалькі адзінак, — жаночы краільны нож. Уражвае калекцыя жаночых сумачак для паўночнага рукадзелля з лапак дзікіх гусей, лебедзя, качак і рыбінай скуры. Ёсць і мужчынскія каракскія і эвенскія кісеты і табакерка, рытуальныя скураныя акуляры і іншае.

У Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання (які з'яўляецца адным з філіялаў Віцебскага абласнога краязнаўчага) учора ў рамках «Базару» адбылося адкрыццё выставы работ фатографа Хаміда Хусейна і мастака Джымі Інжынера «Скарбы Пакістана». На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусі Саджад Хайдэр Хан. Дыпламат выказаў жаданне кожны год прадстаўляць культуру Пакістана на віцебскім фестывалі. «Скарбы Пакістана» можна будзе ўбачыць да 29 ліпеня.

У Віцебску з раніцы да глыбокай ночы цяпер адбываецца нешта цікавае. Шмат ахвотных пачуць выступленні вулічных музыкантаў, купіць сувеніры ў горадзе майстроў, пасядзець з сям'ёй і сябрамі ў кавярні пад адкрытым небам. Транспарт курсіруе круглыя суткі, так што дабрацца дамоў ці ў гатэль не праблема.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Казачна! Чароўна! Феерычна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.