Вы тут

Пазнаёміцца з праектам Уладзіміра Кандрусевіча «Opus Magnum. Initium» можна было на працягу толькі аднаго тыдня


Мастак Уладзімір Кандрусевіч — адзін з тых, хто заўсёды на слыху. Самому творцу, здаецца, ужо надакучыла распавядаць пра ўплыў знакамітай дынастыі і разнастайную адукацыю, у тым ліку ў рэстаўрацыйных майстэрнях у Фларэнцыі, дзе ён удасканальваў свае веды ў тэхніцы фрэсак…


Уладзімір Кандрусевіч на адкрыцці выстаўкі «Opus Magnum. Initium».

Нягледзячы на працу з фрэскамі, а таксама эксперыменты з керамікай, сёння размова пойдзе пра жывапіс. Нядаўна ў галерэі сучаснага мастацтва «АРТ Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2 — гістарычны будынак былой Мінскай фабрыкі-кухні) прадставілі персанальную выстаўку Уладзіміра Кандрусевіча «Opus Magnum. Initium». У праекце былі аб’яднаны работы, што паслужылі натхненнем для вялікага творчага праекта — міксу адразу некалькіх відаў мастацтва: жывапісу, музыкі і танца. Па вызначэнні арганізатараў, сюррэалістычныя сусветы, створаныя аўтарам, сталі адпраўным пунктам для фантазіі міжнароднай каманды аўтараў у рабоце над харэаграфічным перформансам «Opus Magnum», які прэзентавалі на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі. Рэжысёр з Грузіі Тэкла Гелбахіяні ў свой час так уразілася творамі беларускага мастака, што вырашыла «ўзнавіць» іх у рэальным свеце. Над харэаграфічным перформансам па матывах карцін працуе адзін з самых запатрабаваных балетмайстраў Беларусі Сяргей Мікель сумесна з Вольгай Рэпінай.

Музычная аснова — плён грузінскага кампазітара, уладальніка мноства ўзнагарод у галіне кінематаграфіі Давіда (Дато) Еўгенідзэ. Поўнафарматная прэм’ера «Opus Magnum» запланавана на восень і ўвойдзе ў рэпертуар тэатра HomoCosmos. Праект праводзіўся пры падтрымцы Пасольства Грузіі ў Беларусі.

Уладзімір Кандрусевіч «Купалле».

Перформанс не стаў харэаграфічнай ілюстрацыяй да твораў Уладзіміра Кандрусевіча. Рэжысёр падкрэслівае, што сцэнарый пастаноўкі будаваўся на яе ўспрыманні карцін: «Вазьміце некалькі чалавек і пастаўце іх перад адной з работ Кандрусевіча. Інтэрпрэтацыя ў кожнага будзе рознай у залежнасці ад узроўню развіцця. Хтосьці бачыць павярхоўна, толькі прыгожыя целы і папяровыя самалёцікі, а іншы мысліць па-філасофску. Я ставіла кампазітару або балетмайстру канкрэтную задачу: што мне хацелася б выявіць у пластыцы, музыцы, ператварыць у прыгожыя рухі, каб цела распавяло аб незямных-зямных радасцях і смутку чалавека».

Узіраючыся ў карціны Уладзіміра Кандрусевіча, сувязь з харэаграфіяй заўважыць нескладана: пластыка, рух чалавечага цела, гульня з прасторай… Сустракаюцца і відавочныя «спасылкі», напрыклад, балерыны на пуантах ці медныя духавыя ў руках анёлаў. Акрамя гэтага, уважлівы, а дакладней інфармаваны, глядач знойдзе і аўтабіяграфічныя згадкі. Экспазіцыя пачыналася з, калі так можна сказаць, аўтапартрэта — рукі з пэндзлем, а завяршалася выявай рук за фартэпіяннай клавіятурай. Як можна зразумець, бацькоўскіх рук.

У ліку таго, што адразу кідаецца ў вочы, — змешванне жанраў і відаў мастацтва. Але даследаванне прыгажосці сучаснага чалавека, погляд на яго як на частку вялікага механізма — галоўнае ў жывапісе Уладзіміра Кандрусевіча. Аголенае (але не толькі) цела стала для аўтара моцным выразным сродкам для паказу многіх праблем сучаснасці, якая больш за ўсё хвалюе жывапісца. Пры гэтым прадстаўленая натура не мае сексуальнага падтэксту — акцэнт на гумарыстычным, гульнявым.

Уладзімір Кандрусевіч. Вальпургіева ноч.

Ледзь не на кожным палатне Уладзімір Кандрусевіч іншасказальна перадае захапленне чалавека, які займеў звышздольнасці. Дарэчы, «Гармонія» (2021) — своеасаблівая мадэль сусвету — перададзена праз барацьбу ў кухоннай ракавіне, што зацягвае ў неймаверны вір. Побач з рознымі механізмамі на карцінах жыццё выглядае яшчэ болей крохкім, і такому ўспрыманню, між іншым, паспрыялі вершы Паўла Міхалькевіча, змешчаныя побач з карцінамі.

Некалі аўтар згадваў, што сёння сутнасць айчыннага мастацтва — вызваліцца ад комплексаў і ад адчування правінцыяльнасці, знайсці тое, чым беларускія творцы цікавыя свету — без стаўкі на нацыянальны кантэкст. Творчасць мастака, дзякуючы пэўным спасылкам (пейзажам Мінска, напрыклад), дэманструе, што гэта магчыма. На жаль, пазнаёміцца са змястоўным праектам «Opus Magnum. Initium» можна было на працягу толькі аднаго тыдня. Спадзяёмся на тое, што ў далейшым тэрмін дзеяння выставак у «АРТ Фабрыцы» ўсё ж павялічыцца. Пра іх карысць для ўсіх і гаварыць не варта.

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».