Вы тут

Топ-5 летніх эка-масак для скуры. Б’юці-эксперымент ад «Звязды»


На паліцах магазінаў сёння можна пабачыць настолькі разнастайны выбар касметычных масак, што не цяжка і разгубіцца. Кожны брэнд падкрэслівае сваю ўнікальнасць, абяцае стварыць цуд з вашым абліччам і настойліва заклікае абраць менавіта яго прадукцыю. Сучасны маркетынг — справа тонкая, але падчас лета ёсць цудоўная магчымасць адмовіцца ад крамных доглядавых сродкаў і звярнуць увагу на натуральны прадукт без кансервантаў.


Карэспандэнт сеткавага выдання zviazda.by правяла незалежны б’юці-эксперымент і праверыла на сабе, як «працуюць» сезонныя ягады і гародніна з градкі. 

Правілы выкарыстання.

  • Праводзім візуальны агляд скуры. Пры адкрытых ранах, парэзах, укусах насякомых, пры наяўнасці запаленчых працэсаў на скуры ў стадыі абвастрэння дамашнія маскі лепш не выкарыстоўваць. 
  • Выключаем алергію. Перад тым, як наносіць на скуру натуральныя маскі ці аплікацыі, трэба правесці тэст на наяўнасць алергічнай рэакцыі. Зрабіць гэта вельмі проста: дастаткова нанесці невялікую колькасць на запясце і пакінуць на 7-10 хвілін. Калі скура не пачырванела і не свярбіць, можна смела наносіць на твар.

Пры адсутнасці вышэй пералічаных момантаў, можна пераходзіць непасрэдна да правядзення б’юці- эксперымента. 

1. Клубніцы. Ягада вельмі карысная ў касметалогіі, канечне, пры адсутнасці на яе алергіі. На 98% яна складаецца з вады, дзякуючы чаму выдатна ўвільгатняе скуру. Утрымлівае вялікую колькасць вітаміна С, а гэта значыць, спрыяе добраму тонусу сасудаў. Арганічныя кіслоты дапамагаюць змагацца з вуграмі, звужаюць поры на скуры, асвятляюць пігментныя плямы. 

Як карыстацца?

Маска для твару. Клубніцу разрэзаць напалову. Нанесці на скуру твару, пазбягаючы вобласць вакол вачэй. Пакінуць на 10-15 хвілін. Калі маска пачне падсыхаць, змыць прахалоднай вадой. Для сухой скуры аптымальна выкарыстоўваць раз на тыдзень, для тлушчавога тыпу — 2-3 разы на тыдзень. 

Клубнічны пілінг. Здрабніць 3-4 ягады клубніц да кансістэнцыі пюрэ, дадаць 1-2 ст.л. аўсянкі (ідэальна падыдзе памол № 3), перамяшаць. Нанесці пілінг мяккімі кругавымі рухамі на шыю, зону дэкальтэ і скуру твару, не закранаючы вобласць вакол вачэй. Змыць цёплай вадой.

2. Агуркі. Па сваім складзе плады агурку — гэта 97% вада і клятчатка, 3% — нутрыенты і хларафіл. У 100 г мякаці ўтрымліваецца 177% сутачнай нормы крэмнію, які, як вядома, стымулюе выпрацоўку калагену. Дзякуючы ўтрыманню аскарбінавай кіслаты і вітаміна К, агуркі з’яўляюцца добрымі антыаксідантамі, якія эфектыўна змагаюцца з першымі прыкметамі старэння. Калій, магній, кальцый, фосфар, якія ўтрымліваюцца ў агурках, таксама будуць карыснымі для вашага твару. 

Як карыстацца? 

Агурковыя патчы на вейкі. Пазбавяць ад стомленасці, сінякоў пад вачыма і тлушчавога бляску. Нарэзаць агурок на тонкія слайсы і размясціць вакол вачэй ці пакласці на заплюшчаныя вочы. Праз 10-15 хвілін зняць. Прымяняць зранку праз дзень ці 2-3 разы на тыдзень. Такія агурковыя патчы аднаўляюць водны баланс, запавольваюць утварэнне маршчынак, пазбаўляюць ад ацёкаў. 

Агурковы тонік. Выдатны варыянт для жанчын, у якіх заўсёды не хапае часу на прыгажосць. Ахалоджаны агурок нарэзаць на невялікія кавалкі. Праціраць скуру ўранку і ўвечары. Змываць такі тонік вадой не трэба.

Агурковы лёд. Агурок перацерці ў блэндары, замарозіцць у формачках для лёду. Кожную раніцу праціраць твар такімі кубікамі. Гэта дапаможа звузіць поры, палепшыць тонус скуры і запаволіць працэсы старэння. 

3. Маладыя кабачкі. Утрымліваюць вялікую колькасць аскарбінавай кіслаты і крэмнію, таму стымулююць выпрацоўку калагену і спрыяюць асвятленню скуры. Валодаюць танізуючым эфектам, падпітваюць ды здымаюць запаленні. Акрамя таго, падцягваюць авал твару, здымаюць ацёкі і надаюць абліччу свежасць. Ідэальна падыходзяць для адчувальнай скуры.

Як карыстацца? 

Аплікацыі з кабачкоў. Нарэзаць маладыя кабачкі на тонкія слайсы. Палажыць іх на ўвесь твар або на яго праблемныя ўчасткі. Калі слайсы хутка падсохлі, перавярнуць на іншы бок. Праз 10-15 хвілін зняць садавіну. 

4. Бульба. Калі вашаму твару патрэбна экстрэнная дапамога, аплікацыі з бульбы — гэта тое, што трэба! У сваім складзе бульба мае крахмал, шэраг вітамінаў і арганічных кіслот. Выкарыстанне бульбы дапамагае зменшыць маршчыны і кругі пад вачыма, а таксама зняць ацёкі. Акрамя таго, наш нацыянальны брэнд спрыяе актывізацыі кроватоку і асвяжае твар. Асабліва карысная бульба для ўвядаючай скуры.

Як карыстацца? 

Бульбяныя патчы. Свежую бульбу нарэзаць на тонкія слайсы. Палажыць на праблемныя ўчасткі твару. Праз 15-20 хвілін зняць. 

Бульбяны тонік. Свежую бульбу нарэзаць на невялікія кавалкі. Праціраць твар уранку і ўвечары. 

Бульбяная маска. Пры дапамозе блэндара здрабніць 2 клубні свежай бульбы без скуры да стану пюрэ. Дадаць у яго 0,5 ч.л. лімоннага соку, змяшаць. Нанесці маску на скуру твару, пазбягаючы вобласці вакол вачэй. Праз 15-20 хвілін змыць цёплай вадой. 

5. Чырвоны агрэст. Маленькая ягада, але колькі ў ёй карысці! З’яўляецца прыродным антыаксідантам і валодае рэгенерыруючымі якасцямі. У сваім складзе ўтрымлівае вітаміны А, групы В, С і Е. Акрамя таго, чырвоны агрэст багаты на калій, кальцый, магній, фосфар і прыродныя кіслоты. Выкарыстанне агрэсту ў касметычных мэтах дапамагае дасягнуць ліфтынг-эфекту і асвятліць скуру. 

Як карыстацца?

Маска з чырвонага агрэсту. Здрабніць некалькі ягад агрэсту да кансістэнцыі кашыцы і нанесці яе на скуру твару. Праз 10-15 хвілін змыць цёплай вадой. 

P.S. Зараз самы разгар збірання чарніц, аднак эксперымент з гэтай ягадай праводзіць не раім. Лепш яе ўсё ж такі есці!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?