Вы тут

На роднай зямлі Алаізы Пашкевіч


У Шчучыне ўпершыню прадстаўлены арыгінальныя і вельмі рэдкія сёння выданні знакамітай беларускай паэтэсы Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад псеўданімам Цётка.


Спецыяльна да святкавання 145-годдзя з дня нараджэння знакамітай паэтэсы Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая сёння з’яўляецца галоўнай захавальніцай кніжнай спадчыны нашай краіны, перадала калегам — Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі — шэраг каштоўных выданняў для арганізацыі знакавай выстаўкі.

Большасць выданняў паэтэсы сёння з’яўляецца вялікай бібліяграфічнай рэдкасцю. Многія з іх ствараліся ў перыяд забароны ці абмежавання беларускага друку, калі царская цэнзура кантралявала ўсе публікацыі, спыняла многія выдавецкія ініцыятывы, знішчала ўжо надрукаваныя тыражы. Частка твораў Цёткі выйшла з несапраўднымі выхаднымі данымі або друкавалася за мяжой. Непапраўны ўрон кніжнай спадчыне асветніцы нанеслі Першая і Другая сусветныя войны.

Таму асаблівую каштоўнасць маюць упершыню прадстаўленыя ў Шчучыне зборнікі паэзіі «Скрыпка беларуская», «Хрэст на свабоду», кнігі і падручнікі для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», часопіс для моладзі «Лучынка», нелегальныя выданні «Песні», Калядная пісанка», лістоўкі, маніфесты і інш. Для жыхароў і гасцей Шчучына, дзе ўсталяваны помнік паэтэсе, выстаўка стала цудоўнай магчымасцю пабачыць арыгінальную творчую спадчыну слаўнай зямлячкі.

На днях выстаўку ўнікальных выданняў прэзентаваў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства атрымалі магчымасць не толькі пабачыць знакамітыя рарытэты і паслухаць расповед эксперта пра іх, але і патрымаць каштоўныя публікацыі ў руках.

Аляксандр ЛІБЕРАУ

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?