Вы тут

Беларускі спорт: на нізкім старце і ў поўнай баявой гатоўнасці


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, як беларускі спорт жыве напярэдадні Алімпіяды.


Гераіні тыдня. Беларускія спартсменкі выступілі на этапе Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Тэль-Авіве. Лідары беларускай каманды сабралі ў суме 10 медалёў. Аліна Гарнасько і Настасся Салас заваявалі «серабро» і «бронзу» адпаведна ў мнагаборстве. У фіналах асобных відаў беларускі таксама не засталіся без медалёў. Аліна Гарнасько стала другой у практыкаваннях з мячом (28.700 бала), булавамі (28,300) і стужкай (22,900), трэцяй — з абручом. Настасся Салас заваявала «серабро» ў выступленні з абручом (27,900), «бронзу» — з мячом, булавамі і стужкай.

Медалі тыдня. Беларускія лёгкаатлеты выступілі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-20) у Эстоніі. Марыёла Букель заваявала «бронзу» ў кіданні молата. У найлепшай спробе беларуская спартсмнека паказала вынік у 63 м 25 см. Аліна Нікіценка стала бронзавым прызёрам у кіданні дыска. Яна адправіла снарад на 55 м 4 см. Ілья Місоўскі — сярэбраны прызёр у штурханні ядра. Беларус адправіў снарад на 19 м 49 см. Бронзавы медаль турніру заваяваў дыскабол Уладзіслаў Пучко. Яго медальны вынік — 61 м 6 см. Мацвей Волкаў, які выступае ў скачках з шастом, заваяваў «серабро» турніру. Яго вынік — 5 м 44 см.

Заклік тыдня. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах перасцярог спартсменаў ад любых палітычных пратэстаў падчас цырымоній узнагароджання на маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях у Токіа.

«П’едэстал і цырымонія ўзнагароджання медалямі створаны не для палітычных дэманстрацый, — адзначыў Томас Бах. — Яны створаны для таго, каб ушанаваць спартсменаў і тых, хто заваяваў медалі, за спартыўныя дасягненні, а не за іх асабістыя погляды». Кіраўнік МАК падкрэсліў, што Алімпіяда павінна аб’ядноўваць народы і краіны, а не раз’ядноўваць.

Адкрыццё тыдня. У сталіцы Японіі адкрылася Алімпійская вёска, якая распачала сваю работу за 10 дзён да старту Гульняў. Комплекс размясціўся на беразе Такійскага заліва, тут будуць пражываць 18 тысяч спартсменаў і прадстаўнікі нацыянальных камандаў.

У сувязі з пандэміяй каранавіруса аб’ект быў адкрыты без афіцыйнай цырымоніі. На тэрыторыі будзе арганізавана кругласутачная работа медыцынскага блока для агляду атлетаў з сімптомамі заражэння. Атлеты будуць прыязджаць у вёску за пяць дзён да пачатку сваіх спаборніцтваў, а з’язджаць не пазней, чым праз 2 дні пасля завяршэння выступлення. Афіцыйна распачаў сваю работу і Алімпійскі медыяцэнтр. Гульні ў Токіа плануе асвятляць больш за 6 тысяч акрэдытаваных журналістаў.

Адмена тыдня. Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні — 2021, які павінен быў прайсці ў Шанхаі, адменены з-за сітуацыі з каранавірусам. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі вяслярнага спорту (World Rowіng). Рэгата з удзелам найлепшых спартсменаў свету павінна была прайсці 17–24 кастрычніка 2021 года.

Гэта другі планетарны форум па акадэмічным веславанні запар, які быў адменены ў сувязі з пандэміяй COVІD-19. Раней адменены чэмпіянат свету павінен быў прыняць славенскі Блед.

Каманда тыдня. Баскетбалісткі маладзёжнай зборнай Беларусі (U-20) удзельнічаюць у розыгрышы Кубка выкліку, які праходзіць у Турцыі. У стартавым паядынку беларускі пацярпелі паражэнне ад польскіх саперніц — 53:71. Затым уступілі камандзе Расіі — 60:88, прайгралі турэцкай камандзе — 59:83. Доўгачаканую перамогу беларуская каманда здабыла ў матчы з камандай Партугаліі — 63:54. Самай выніковай у беларускай камандзе стала Яна Яхнавец, якая набрала 22 балы.

Цытата тыдня. «Я прыняла вельмі цяжкае для сябе рашэнне не браць удзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа. У мяне шмат выдатных успамінаў, калі я выйгравала „золата“ Алімпійскага турніру і прадстаўляла Беларусь на папярэдніх Гульнях, але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся ў сувязі з пандэміяй, у глыбіні душы я ведаю, што гэта правільнае рашэнне для мяне і маёй каманды. Я з нецярпеннем чакаю Алімпіяду 2024 года ў Парыжы, каб прадстаўляць Беларусь. Жадаю ўсім спартсменам бяспечных, здаровых і паспяховых Гульняў!» — напісала ў сваіх саыцяльных сетках Вікторыя Азаранка. Алімпійская чэмпіёнка 2012 года не будзе ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях — 2021.

Намінацыі тыдня. Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» правяла традыцыйнае апытанне сярд журналістаў беларускіх СМІ. Максім Скавыш прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў чэрвені. У першым летнім месяцы 31-гадовы нападаючы барысаўскага БАТЭ правёў тры матчы, забіўшы ў іх тры галы. Усяго ў цяперашнім першынстве Максім Скавыш забіў дзевяць мячоў. Па выніках галасавання ён набраў 22 ачкі з 36 магчымых.

Найлепшым трэнерам чэрвеня стаў настаўнік БАТЭ Віталь Жукоўскі. Яго падапечныя атрымалі перамогі ва ўсіх трох праведзеных матчах з агульным лікам 8:0. Футбалісты БАТЭ цяпер маюць 39 ачкоў і займаюць другое месца ўслед за салігорскім «Шахцёрам», у якога на адзін бал больш.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?