Вы тут

Сямейныя таямніцы ваяводы полацкага


Цемнавокі чалавек, яшчэ малады, з крыху адвіслымі капрызлівымі вуснамі, сціскае знізанай пярсцёнкамі рукой пазалочаны падлакотнік фатэля і нервова прыслухоўваецца: ці не пад'ехала да палаца карэта, ці не вярнулася яе княская мосць пані Магдалена Агнешка, у дзявоцтве Любамірская? Вось, здаецца, грукочуць па брукаванцы колы, стукаюць падковы, бразгаюць дзверы... А вось і абцасікі атласных туфлікаў спяшаюцца па паркеце...


— Ну што, удалося? Граф паабяцаў?

Маладая кабета, гожая, беласкурая, пышнацелая, у французскім шаўковым раброне цаной, мабыць, у цэлую карэту, на нецярплівае пытанне сужэнца толькі ляніва пацепвае аголенымі плячыма.

— Няхай не пераймаецца залішне вашая княская мосць, будзе пан гетманам польным літоўскім...

І дадае паблажліва:

— Падчас наступнага візіту да ягамосці сына графа Бруля я нагадаю пра гэтае абяцанне.

Ваявода полацкі Аляксандр Міхаіл Сапега з палёгкай уздыхае і пачціва раскланьваецца з жонкай. Цяпер можа вярнуцца да ўлюбёнага музіцыравання... Палітыка ёсць справай сумнай і няпэўнай, але як без яе спраўдзіць свае амбіцыі?

Так і ўявілася гэтая сцэнка, калі чытала ў кнізе Адама Мальдзіса вытрымку з мемуараў Марціна Матушэвіча, нясвіжскага пісара: «Полацкі ваявода Аляксандр Сапега даў графу Брулю, правай руцэ караля Аўгуста ІІІ, дваццаць тысяч чырвоных злотых, каб той «выстараўся» для яго «булаву польнага літоўскага гетмана». Але гэтага аказалася мала. Тады «сама полацкая ваяводзіна, будучы прыгожай і маладой, ахвяравала графу Брулю свае фаворы, і кажуць, што сын Бруля, генерал кароннай артылерыі, выкарыстаў гэтыя фаворы».

Давайце ж бліжэй пазнаёмімся з героямі гістарычнага анекдота.

З залатой лыжкай у роце

Аляксандр Міхаіл быў вынікам саюзу двух наймагутнейшых родаў: бацька — ваявода берасцейскі Казімір Лявон Сапега, маці — Караліна Радзівіл. Старэйшы сын — вядома, галоўны спадчыннік, пястун лёсу... Але калі Аляксандру было восем, бацька памёр. А маці ў хуткім часе пазбавілі права апекі, бо праз два гады, як аўдавела, яна выйшла замуж за Юзафа Ябланоўскага. І… адпісала яму ўсе маёнткі, і свае, і дзяцей (у Аляксандра была старэйшая сястра, Ганна Паўліна, і два браты). Такім чынам княгіня Караліна фактычна пазбаўляла дзяцей спадчыны — бо іначай, паводле тастамента, амаль усё маёнткі мусілі адысці менавіта ім пасля паўналецця.

Зразумела, усчаўся скандал. Як пішуць гісторыкі Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж, «у рэшце рэшт уся Рэч Паспалітая аказалася падзеленая на два лагеры. Адны падтрымлівалі Радзівілаў, другія — Сапегаў. На чале апошніх паўстаў стрыечны дзядзька Ганны Паўліны, каад'ютар віленскі Юзаф Сапега. Супрацьстаянне цягнулася амаль два гады і скончылася ў снежні 1741 года».

Ябланоўскі надоўга звёз знерваваную жонку ў падарожжа па Еўропе. Гаспадыняй у адваяваных у айчыма сапегаўскіх уладаннях засталася непаўналетняя сястра Аляксандра Ганна Паўліна. А апекуном Аляксандра стаў згаданы дзядзька, віленскі каад'ютар, то-бок намеснік біскупа, Юзаф Сапега. І ў тым жа годзе дзесяцігадовы Аляксандр Міхаіл пры дапамозе дзядзькі робіцца пунькаўскім старастам. І надалей пасады дастаюцца спадчынніку роду адна за адной. У шаснаццаць яго абіраюць паслом на сейм, у васямнаццаць ён ужо кіруе палком, у дваццаць чатыры — становіцца ваяводай полацкім. Гэтай пасады, дарэчы, беспаспяхова дамагаўся яго бацька.

На што не пойдзеш дзеля булавы...

Сапраўды лёсавызначальным быў шлюб з Магдаленай Агнешкай з Любамірскіх. Аляксандру Сапегу было 27, Магдалене — 18. Але яна паспела ўжо пабываць замужам — за далёкім сваяком Юзафам Любамірскім. У чэрвені было вяселле, у жніўні Юзаф памёр. Праз два гады Магдалена Агнешка стала Сапегай.

Аляксандр Міхаіл не быў ні ваяўнічы, ні хітрамудры. Калі папраўдзе, дык лічылі яго сучаснікі не вельмі кемным. Меў князь схільнасць да мастацтва — музыкі, малявання. Падобна да дзядзькі Юзафа, стаў бібліяфілам — вядома, што калі яму было дзевятнаццаць, віленскі гравёр Францішак Бальцэвіч зрабіў для яго два экслібрысы. Аляксандр сабраў цэлую карцінную галерэю... Пераклаў на польскую мову Цыцэрона і выдаў у Вільні «на карысць шляхецкай моладзі, якая вучыцца ў дзярэчынскім пансіёне». Пры гэтым быў задужа ціхмяны для свайго статусу.... Так што жонка-рухавік была вельмі дарэчы... Бо каб зрабіць у той час кар'еру, зусім не абавязкова было мець таленты. У часы Аўгуста ІІІ Саксонца, які нават моў сваіх падданых не ведаў і, атлусцеўшы, займаўся тым, што выразаў у сваіх пакоях папяровых чалавечкаў, пасадамі і нават патэнтамі на шляхецтва шырока гандлявалі. Асабліва тыя, хто быў у фаворы ў караля, а найперш — граф Генрых Бруль, які пачынаў пажам яшчэ пры двары бацькі сённяшняга караля. Вось да яго вабная пышнацелая Магдалена Сапега і скіравалася... Бо надта ж загарэлася Аляксандру Сапегу стаць гетманам польным літоўскім! Пасада якраз вызвалілася, была трохі ніжэйшая за вялікага гетмана. Але прэстыжная! Ваяка з Сапегі быў ніякі, а булавы хацелася. Так што гатовы быў узамен прапанаваць вабноты жонкі.

На той час сам граф Бруль быў ужо ва ўзросце, таму дагаджала Магдалена яго сыну Алаізію.

І выстаралася-такі ваяводзіна для сужэнца булавы! Хоць шляхта здзекавалася: куды гэтаму сібарыту кіраваць войскам!

То на адзін бок, то на другі

А далей пачаліся палітычныя мітрэнгі... Партыя Чартарыйскіх прасоўвала на трон свайго стаўленіка, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, фаварыта расійскай царыцы. Радзівіл Пане Каханку таксама меў каралеўскія амбіцыі... Аляксандр Сапега пераходзіў то на адзін бок, то на другі — гледзячы куды сваякі папхнуць. Калі выбіралі яго ў 1756-м ваяводам полацкім, быў ён прадстаўніком Фаміліі, палітычнай групоўкі Чартарыйскіх. Як піша гісторык Андрэй Мацук, «не ўсе магнаты ВКЛ былі згодныя з кандыдатурай на ўрад полацкага ваяводы Аляксандра Сапегі. Галоўнымі праціўнікамі былі Радзівілы, якія супрацьстаялі Фаміліі...» І каб вы разумелі, як тады вырашаліся інтрыгі: Юзафу Сапегу давялося выдаткаваць на абранне пляменніка ваяводам чатыры тысячы чырвоных злотых, уклаўся і сам Аляксандр, запазычыўшы ў каго мог. Было паслана ў Полацк 10 бочак венгерскага віна, мёд і гарэлку закупілі ў полацкіх езуітаў, якія славіліся такой прадукцыяй, а яшчэ адправілі воз шабель і шапак для раздачы шляхце.

Нейкі час Аляксандр Сапега падтрымліваў Радзівіла Пане Каханку — пакуль не пасварыўся з тым з-за жонкі... Потым падтрымаў абранне Панятоўскага. Калі пачалася Барская канфедэрацыя — рокаш шляхты супраць новага караля, Аляксандр Сапега таксама доўга вагаўся... Ягоная сястра Ганна Паўліна Ябланоўская была такой актыўнай канфедэраткай, што яе празвалі «мадам дэ Бар». Частка войска Сапегі таксама перайшла пры ягоным папушчальніцтве на бок канфедэратаў... Потым гетман польны перайшоў на бок караля. Некаторыя гісторыкі кажуць, каб Сапега рашуча падтрымаў са сваім войскам барскіх канфедэратаў, гісторыя магла б пайсці іншым шляхам.

Але кароль паабяцаў булаву вялікага гетмана...

Міхаіл Казімір Агінскі, які займаў гэтую пасаду, знаходзіўся пасля паразы канфедэратаў у Парыжы. Страшэнна абурыўся, даведаўшыся, што ягоная булава абяцана Сапегу, калі вярнуўся на Радзіму, нават выклікаў таго на двубой. Эпічную бойку двух магнатаў прадухілілі, калі паабяцалі Аляксандру Сапегу «вялікую літоўскую пячатку» — пасаду літоўскага канцлера.

Як і чакалася, і канцлер з Сапегі атрымаўся ніякі. На сеймы не хадзіў, падпісваў, што казалі...

Ва ўцёках ад каралеўскага рамана

Была важкая прычына саюзу Сапегі са Станіславам Панятоўскім. Справа ў тым, што Магдалена Агнешка Сапега з Любамірскіх пяшчотна сябравала з каралём. Яшчэ да ягонага абрання, як піша Матушэвіч, мела «пачуцці да літоўскага стольніка Панятоўскага». Той быў аматарам жаночага полу, але чароўная Магдалена заняла трывалае месца ў ягоным сэрцы. Кароль нават прызначыў ёй тры тысячы дукатаў гадавой пенсіі, нягледзячы на абурэнне прыбліжаных. Магдалена ззяла дыяментам на каралеўскіх балях, іграла ў прыдворным тэатры пад псеўданімам «Магдалена Сапежына». І хоць Аляксандр Сапега быў не супраць карыстацца ўплывам жонкі на ўладных мужчын, відаць, кпіны шляхты яго закраналі. У 1765—1771-м ён нават жыў асобна ад Агнешкі. А тая за гэты час... нарадзіла каралю дваіх дзяцей, Міхаіла і Канстанцыю Цікоцкіх, якія былі аддадзены на выхаванне ў дом варшаўскіх купцоў Пятра і Дароты Петэрсаў. Як сцвярджае польская гісторык Марыя Чэпе, Магдалена Агнешка плаціла за іх выхаванне да самай сваёй смерці.

У 1772 годзе Магдалена Агнешка нарадзіла сына Францішка, які афіцыйна лічыўся сынам Аляксандра Сапегі. Але Сапега вельмі доўга не хацеў прызнаваць Францішка сваім дзіцем. Але ўрэшце прызнаў... Бо, як паблажліва заўважаў кароль, без сваёй жонкі нічога не значыў.

Што ж, усё залежыць ад таго, наколькі пашанцавала чалавеку ў супадзенні прыродных уласцівасцяў з тым, чым ён мусіць займацца. У выпадку з Аляксандрам Сапегам супадзенняў было мала... Займаў пасады — кіраваць не хацеў, узначальваў войскі — ваяваць не ўмеў... Але хіба мяккасць і міралюбнасць, якімі яго папракалі, такія ўжо дрэнныя якасці? У палітычнай сатыры таго часу Сапега паказаны як «гнюсны сібарыт». Як піша гісторык Мікола Пракаповіч, «адныя даследчыкі сцвяржаюць, што А. Сапега не вызначаўся высокай мараллю, ганьбіў маладых дзяўчат і меў пазашлюбных дзяцей, вельмі жорстка ставіўся да сваіх сялян і падаўляў іх бунты. Існуе легенда аб яго незаконнанароджаным сялянскім сыне Ніле, які падняў сялян на змаганне за лепшае жыццё і быў за гэта разам са сваімі прыхільнікамі пакараны смерцю. Астатняя частка сялян-бунтаўшчыкоў была выселена ў асобнае паселішча, якое сталі называць Варанілавічы — месца, дзе жывуць «вары-нілаўцы» (сяляне, што падтрымлівалі бунтаўшчыка-«вора» Ніла). Другія сцвяржаюць, што Аляксандр быў асобай неардынарнай, адукаванай і высокамаральнай».

Аляксандр Сапега захапляўся дакладнымі навукамі, асабліва хіміяй, аднойчы спусціўся ў ртутныя шахты Славеніі за пробамі ртуці. Рыхтаваў падручнікі па хіміі і мінералогіі. Рэпутацыю баязліўца абвяргае і той факт, што ён займаўся альпінізмам і скараў вяршыні Альпаў. Дарэчы, выдаў кнігу на французскай мове пра свае падарожжы па Грэцыі, Аўстрыі і Турцыі. У Ружанах і Дзярэчыне, дзякуючы яму, існавалі выдатныя тэатры, дзейнічала самая вялікая ў Рэчы Паспалітай музычная, оперная і балетная школа, бралі туды і дзяцей прыгонных сялян. Самых таленавітых адпраўлялі вучыцца ў Італію. А згодна з тастаментам, пасля смерці гаспадара ўсе прыгонныя артысты Ружанскага тэатра, балета, аркестра атрымалі волю.

Займаўся канцлер і гаспадаркай: у Ружанах заснаваны фабрыкі «аднатонных, а таксама ў кветкі і ўзоры шаўковых тканін, паясоў, адамашкавых шпалераў, аксамітаў, сукон, абрусаў на самыя вялікія сталы з рознымі ўзорамі і гербамі, ззяючых свечак, карэт і пакрытых лакам павозак». Як піша ў мемуарах Лявон Патоцкі, «пад канец праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага князь Аляксандр Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага, выбудаваў y Дзярэчыне прасторны дом, прызначаючы яго пад навуковую ўстанову для трыццаці сыноў заслужаных вайскоўцаў. Сумныя абставіны ў краі не дазволілі магнату давесці такі шляхетны намер да канца».

Памёр Аляксандр Сапега ў 1793 годзе, пахаваны ў Бярозе-Картузскай. Магчыма, там жа была пахавана і няверная яго жонка Магдалена Агнешка, якая памерла ў 1780-м.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?