Вы тут

Ад­кры­ла­ся мастацка-дакументальная выстава «Максім Багдановіч і Генадзь Чысты. Крыніца натхнення»


Мастацка-дакументальная выстава «Максім Багдановіч і Генадзь Чысты. Крыніца натхнення» адкрылася нядаўна ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сёлетні год багаты на святочныя даты ў багдановічазнаўстве, бо ў 2021-м адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння беларускага класіка, 40 гадоў таму быў створаны музей паэта ў сталіцы, а таксама 30 гадоў таму адкрылася экспазіцыя ў мемарыяльным музеі «Беларуская хатка».


Той самы дзіцячы пакой, што з'явіўся на месцы спіжаркі.

Не менш важная падзея ў жыцці Максіма Багдановіча адбылася і ў 1911 годзе — першая пасля доўгага расстання сустрэча з радзімай, калі паэт некалькі месяцаў жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечнам. Гэты перыяд стаўся плённым для класіка: ён напісаў цыклы вершаў «Места», «Старая Беларусь», паэмы «У вёсцы», «Вераніка». Пазней яго аднакласнік і найлепшы сябар Дзіядор Дзябольскі ва ўспамінах пісаў, што «толькі пасля гэтай паездкі Максім адчуў і зразумеў, што ён сапраўды беларускі паэт». Варта адзначыць, што напрыканцы ліпеня ў мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» традыцыйна пройдзе свята паэзіі і песні. Хэдлайнерам свята стане заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Свята», які прадставіць сваю праграму. Таксама ўдзел прымуць паэты і пісьменнікі, музычныя калектывы з Маладзечаншчыны.

А напярэдадні прыхільнікам творчасці паэта прапануюць натхніцца перад будучай сустрэчай, пазнаёміўшыся з тымі мясцінамі праз мастацкія работы і фотаздымкі Генадзя Чыстага. Імя гэтага чалавека на слыху ў многіх, паколькі Генадзь Рыгоравіч спрычыніўся да стварэння многіх музеяў, музейных экспазіцый, у прыватнасці прысвечаных Максіму Багдановічу: ён аўтар мастацкай канцэпцыі першай экспазіцыі Дома-музея паэта ў Яраслаўлі, і яму належыць ідэя таго, які выгляд мае экспазіцыя музея ў Ракуцёўшчыне.

— Усе прадстаўленыя тут карціны і фотаздымкі я рабіў 22 гады таму. Стваралі мы «Дом арандатара», і я хадзіў там па ваколіцах і фатаграфаваў. Так тыя фотаработы і ляжалі да гэтай пары. Спачатку хацеў зладзіць сваю персанальную выстаўку, а ў выніку вырашылі зрабіць усё вось у такім фармаце, прымеркаваўшы да 110-годдзя сустрэчы Багдановіча з радзімай. І ў канцы ліпеня ў Ракуцёўшчыне свята будзе, — дзеліцца ўспамінамі мастак Генадзь Чысты. — Яшчэ тут можна ўбачыць дзесяць маіх эцюдаў. Дарэчы, клеці, якую мы можам пабачыць (на фотаздымку яе выгляд знутры, а на эцюдзе яна толькі будуецца), цяпер ужо няма, згарэла ў 2002 годзе. Таму, калі б не сфатаграфаваў тады яе, сёння б і не ведалі, як усё выглядала.

Сярод фотаздымкаў ёсць магчымасць убачыць фрагменты з экспазіцыі «Дома арандатара» і «Дома гаспадара», якія даюць адчуванне атмасферы старога вясковага дома, гасціннасці яго гаспадара Вацлава Лычкоўскага, дазваляюць адчуць смак гарбаты, якой частавала Максіма пляменніца гаспадара Эмілія Шабуня. Між іншым, тут на адным з фотаздымкаў бачым дзіцячы пакой, дзе да гэтага быў зусім іншы антураж. Як распавяла Ірына Мышкавец, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, у доме гаспадара на месцы дзіцячага пакоя павінна была быць спіжарка (кладоўка), і яе музейшчыкі меркавалі напоўніць экспанатамі — тыповымі прадметамі таго часу. А пасля ўжо адбыліся змены ў экспазіцыі, якія звязаны з гісторыяй 1911 года, калі паэт адпачываў на Ракуцёўшчыне, дзе была Эмілія Шабуня са сваёй маленькай дачушкай Янінай.

— Ва ўспамінах (іх Яніна пісала са слоў маці) прыгадваецца, як Багдановіч адносіўся да дзяцей. І ідэя Генадзя Рыгоравіча была ў тым, каб з улікам гэтай рысы класіка ўнесці змены ў экспазіцыю дома гаспадара. Дзіцячы пакой важны, для мяне асабіста ён раскрывае Максіма як чалавека, які імкнуўся да стварэння сям'і, дэманструе цеплыню яго стасункаў з дзеткамі. І гэта выдатна, калі навуковая і мастацкая часткі злучаюцца і дапаўняюць адна адну. І мы гатовы ісці на падобныя змены, калі сутнасна гэта апраўдана, — распавядае Ірына Вітальеўна. — Звычайна мы прыходзім з ідэяй да Генадзя Рыгоравіча і тлумачым, што нам хацелася б паказаць, якія акцэнты расставіць. А далей ужо пачынаецца творчасць. Ён прыслухоўваецца да нашых ідэй, але па-мастацку іх увасабляе. У музейных экспазіцыях Генадзь Рыгоравіч стаіць за асобай творцаў, а ў дадзеным праекце «Крыніца натхнення» нам захацелася яго самога адкрыць і паказаць аўдыторыі як творцу.

Як распавядаюць музейныя супрацоўнікі, Генадзь Рыгоравіч — майстар на ўсе рукі, пры гэтым вельмі творчы, адказны і ўважлівы да кожнай дэталі. І на тых жа фота можна ўбачыць і стол, які некалі ён зрабіў сваімі рукамі, і палічкі, і дыванкі — іх стваралі таксама па эскізах мастака — і шмат іншага. Кожная работа — сведка мінулага часу, але тая цеплыня, утульнасць, якімі яны прасякнуты, абуджаюць жаданне ўбачыць тыя мясціны ўжывую. Бо тут і каларыт беларускай вёскі, і архітэктурныя збудаванні суседняга Краснага — пейзажы, якімі, хутчэй за ўсё, натхняўся і Максім Багдановіч.

Сам мастак адзначае, што мець дачыненне да стварэння музеяў, экспазіцый, прысвечаных беларускім творцам, — гэта для яго вельмі цікавая справа, яна дае магчымасць увасабляць розныя, самыя смелыя, ідэі, а гэта для яго галоўнае ў любым праекце. Вось і выстава «Максім Багдановіч і Генадзь Чысты. Крыніца натхнення», якая дэманструе яго работы, пераносіць ва ўспаміны і самога мастака-афарміцеля, і вяртае ў часы Багдановіча, дае адчуванне імклівасці жыцця і яго непрадказальнасці. І пабуджае выдаткаваць час на паездку ў Ракуцёўшчыну, пакуль там яшчэ ўсё гэта захоўваецца...

Зладзіць уласнае падарожжа ў часе і наведаць выставу «Максім Багдановіч і Генадзь Чысты. Крыніца натхнення» ўсе ахвотныя змогуць да 13 жніўня.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ва­ко­лі­цы на­тхнен­ня твор­цаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.