Вы тут

Ці будзе ў нас масавая вытворчасць экалагічных машын


У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» маштабна адзначылі Дзень электратранспарту. Скутары, самакаты, а таксама аўтамабілі і аўтобусы на электрычным хаду — не проста сродак перамяшчэння, а транспарт заўтрашняга дня. Пераход на экалагічна чыстыя машыны дазволіць знізіць негатыўны ўплыў на прыроду. Пра свой намер адмовіцца ад выпуску аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання ўжо абвясцілі найбуйнейшыя аўтамабільныя канцэрны. І наша краіна не застаецца ўбаку. Курс на экалогію падтрымліваецца на самым высокім узроўні.


Парк электракараў павялічыўся практычна ўдвая

Адкрываючы дзень электратранспарту, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч адзначыў, што колькасць электрамабіляў у нашай краіне дасягнула 4 тысячы штук. За першае паўгоддзе гэтага года ў нашу краіну ўвезена 2112 электрамабіляў — больш, чым за ўвесь мінулы год (1810 штук). Расце аб’ём спажывання электраэнергіі зараднымі станцыямі для электрамабіляў — за пяць месяцаў бягучага года ён склаў 3,8 млн кВт.г, што на 23 % больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Віктар Каранкевіч заўважыў, што вядучыя краіны свету летась пачалі рух да глабальнай электрыфікацыі транспарту. Толькі ў 2020 годзе ў свеце было прададзена больш за 3 млн электрамабіляў. Іх агульная колькасць перавысіла 10 млн адзінак. Па прагнозах Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года сусветны парк электрамабіляў можа вырасці да 145 млн. Аб сваім намеры адмовіцца ад выпуску аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання ўжо абвясцілі найбуйнейшыя аўтаканцэрны. Дынамічна абнаўляецца і парк гарадскога электрычнага транспарту.

«У павышэнні ўзроўню электрамабільнасці зацікаўлена і наша краіна. Для гэтага ствараюцца неабходныя ўмовы, прыняты стымулюючыя меры. Развіццё электратранспарту, пашырэнне сеткі зарадных станцый пазначана кіраўніком дзяржавы як адна з важных задач у бягучай пяцігодцы. Будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі — гэта новыя магчымасці для ўмацавання патэнцыялу галіны», — падкрэсліў міністр.

Кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка расказаў, што ў парку згаданы кірунак актыўна развіваецца. «З 71 рэзідэнта, якія ў цяперашні час зарэгістраваныя ў „Вялікім камені“, восем тым ці іншым чынам прасоўваюць тэму электратранспарту. Літаральна ў хуткім часе некалькі будучых рэзідэнтаў-інвестараў плануюе таксама зайсці да нас у парк і развіваць дадзеную галіну», — адзначыў ён.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» Янь Ган адзначыў, што гэтым летам у розных кутках свету фіксуецца анамальна высокая тэмпература паветра. І Беларусь не выключэнне. Тут на працягу месяца стаіць гарачае надвор’е — гэта яркі прыклад праўлення глабальнага пацяплення. У сувязі з гэтым ААН у рамках глабальнага супрацоўніцтва ў сферы клімату актыўна прасоўвае выкарыстанне экалагічна чыстых крыніц энергіі, стварэнне «зялёнай» экасістэмы і забеспячэнне ўстойлівага развіцця нашага грамадства. У аўтамабільнай галіны, якая займае лідзіруючую пазіцыю па выкіду вуглякіслага газу ў атмасферу, пераход да новых крыніц энергіі і сыход ад традыцыйных паліўных крыніц з’яўляецца вельмі важным.

Наш Мінпрам не спіць у шапку — тралейбусы на аўтаномным хаду

Ні для каго не сакрэт, што вядучыя краіны свету імкнуцца да поўнага пераходу на электратранспарт. Буйныя аўтаканцэрны анансавалі адмову ад выпуску аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання — як легкавых, так і грузавых. Сёлета чакаецца з’яўленне каля 150 новых мадэляў электракараў. У Беларусі таксама адным з прыярытэтных напрамкаў у прамысловасці на найбліжэйшыя гады з’яўляецца развіццё электратранспарту. Пра тое, якая ў сувязі з гэтым работа праводзіцца ў сістэме Мінпрама, аб стратэгіі яе рэалізацыі, а таксама да чаго ідзе краіна ў галіне электрабудавання, распавёў першы намеснік міністра прамысловасці Сяргей Гунько.

Па яго словах, асноўная сфера прымянення электратранспарту — гэта пасажырскі транспарт. Над гэтым кірункам у Беларусі працуюць два прадпрыемствы — «Белкамунмаш» і Мінскі аўтазавод. Электрычны сегмент прадстаўлены тралейбуснай тэхнікай класічнай формы пабудовы, а таксама з аўтаномным ходам.

«Мы цалкам закрываем патрэбы краіны ў гэтым відзе тэхнікі. У прыватнасці, летась мы павялічылі магутнасці за кошт увядзення зборачнай вытворчасці ў Жодзіне. На яго плошчах будуць выпускацца найноўшыя электробусы розных мадыфікацый. Штогод тут змогуць збіраць больш за 300 транспартных сродкаў. А гэта новыя магутнасці ў дапаўненне да тых, якія ўжо ёсць на МАЗе і «Белкамунмашы», — заявіў спецыяліст.

Электробусы і электракары

Што датычыцца электробусаў, тут тыя ж лідары — «Белкамунмаш» і МАЗ. «Прадпрыемствы выкарыстоўваюць дзве розныя канцэпцыі пабудовы тэхнікі. Прычым абедзве з іх абсалютна жыццяздольныя. Канцэпцыя „Белкамунмаш“ заснаваная на хуткіх зарадных станцыях. Методыка МАЗа грунтуецца на большай ёмістасці батарэі», — растлумачыў прадстаўнік Мінпрама.

У сферы грузавога электратранспарту распрацоўваецца канцэпцыя машыны для рытэйл-сетак, здольнай перавозіць да 10 тон тавару, а таксама электрагрузавік, але з меншай грузападымальнасцю — да 6 тон.

Распрацоўкай легкавых электрычных машын займаецца завод «БелДжы». «У нас ёсць вялікае жаданне арганізаваць у Беларусі масавую вытворчасць электрычных аўтамабіляў. Маюцца дамоўленасці з кампаніяй „Джылі“ па першай тысячы адзінак ужо сёлета. Узор у нас ужо ёсць. Машына сабрана на абсталяванні ў нашай краіне. Мы плануем у найбліжэйшы час правесці яго тэсціраванне. Дарэчы, літаральна нядаўна пачалі прымаць заказы на першую партыю дадзеных машын і ўжо атрымалі запыт на 254 машыны. Што наконт кошту, наша пазіцыя такая: цана не павінна перавышаць 30 тысяч долараў», — расказаў Сяргей Гунько. Першапачаткова будзе стварацца машына прадстаўнічага класа. Услед за яе выпускам, можна падумаць і над спрошчанай камплектацыяй. Такая машына будзе крыху таннейшая.

«Першая прамысловая партыя неабходная для таго, каб вывучыць гэты рынак, паказаць новую мадэль, прывіць культуру куплі электрамабіля з дапамогай сістэмы крэдытавання і лізінгу», — дадаў ён.

Рухавікі і акумулятары

Наконт элементнай базы Сяргей Гунько адзначыў: «Трэнд такі — спачатку мы прыцягваем максімальна вядомыя брэнды. Калі вытворчасць адладжана і атрыманы прадукт — займаемся лакалізацыяй. Адзін з буйных праектаў, які мы хочам завяршыць у пачатку наступнага года, — гэта цягавы рухавік для электробусаў. Дадзены праект мы рыхтуем сумесна з Інстытутам машынабудавання Акадэміі навук. Ужо атрыманы вопытныя ўзоры рухавіка і адпрацаваны тэхнічныя рашэнні. Вырабы нядрэнна сябе зарэкамендавалі, і ў планах на базе „Магілёўліфтмаша“ стварыць новую вытворчасць гэтых рухавікоў».

Гаворачы аб стварэнні акумулятараў на базе айчыннай вытворчасці, прадстаўнік Мінпрама звярнуў увагу, што акумулятар даволі складаная прылада з вялізнымі патрабаваннямі. «Асноўны элемент акумулятара — гэта ячэйкі. Яны ў Беларусі не вырабляюцца, таму што ў нас няма неабходных карысных выкапняў. У асноўным такую прадукцыю вырабляе Кітай, — сказаў спецыяліст. — Напрыклад, „Белкамунмаш“ максімальна лакалізаваў сябе ў будаўніцтве акумулятарных батарэй. Завод набывае ў розных вытворцаў ячэйкі і на іх базе робіць акумулятары. У сваю чаргу, МАЗ правёў плённыя перагаворы з кампаніяй-пастаўшчыком батарэй. Спадзяёмся, што створым сумесную вытворчасць».

«Для аўтамабіляў мы яшчэ не гатовыя распрацоўваць такія высокаінтэлектуальныя прадукты, бо, на жаль, у нас няма досведу поўнага цыклу вытворчасці электрычных машын. Такім чынам, казаць пра акумулятары яшчэ рана», — заявіў Сяргей Гунько.

Зарадныя станцыі: для сябе і на продаж

Вытворчасцю зарадных станцый у краіне займаюцца чатыры кампаніі. Нацыянальны аператар ВА «Беларуснафта» — «Маланка», працуе з імі.

Намеснік генеральнага дырэктара ВА «Беларуснафта» Андрэй Коцік распавёў, што першыя суперхуткія электразарадныя станцыі з’явяцца ў Беларусі ў 2022 годзе. Ужо праз год — у ліпені ў Мінску будзе запушчаны першы суперхуткі зарадны комплекс для электрамабіляў. У прапрацоўцы — праект па ўстаноўцы зарадных станцый і для электробусаў. «У тых месцах, дзе ёсць попыт на зарадку электрамабіляў, мы плануем ставіць суперхуткія комплексы як для электрамабіляў, так і для электробусаў», — растлумачыў Андрэй Коцік.

Акрамя таго, у рамках супрацоўніцтва з ПРААН будзе рэалізаваны праект па ўстаноўцы трох суперхуткіх зарадных комплексаў на трасе М1. У цэлым, сёння ў краіне маецца 450 зарадных станцый для электрамабіляў, да канца 2021 года іх колькасць вырасце да 600.

У сваю чаргу, намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз адзначыў: «Лічым, што для аптымізацыі матэрыяльных і часавых выдаткаў устаноўка электразарадных станцый павінна ажыццяўляцца ў першую чаргу паблізу падстанцый, дзе маецца адпаведны рэзерв магутнасці».

Фактычна, па зарадных станцыях наша краіна сёння можа ў поўным аб’ёме задаволіць заказчыка і пакупніка. Такія «падзарадкі» можна ўстанаўліваць у двары і гаражы — бо ёсць самы шырокі выбар мадыфікацый.

Сяргей Гунько таксама нагадаў, што сумесна з Міністэрствам эканомікі распрацаваны праект указа, які прадугледжвае падатковыя і іншыя льготы для юрыдычных асоб пры куплі электрамабіля, а таксама стымулюючыя меры для насельніцтва. Праект дакумента ўзгадняецца з урадам і ў канцы лета — пачатку верасня будзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. «У цэлым у Беларусі мы разлічваем стварыць усе кірункі вытворчасці электратранспарту. Да канца года мы хочам закрыць усе нішы рэальнага і ў будучыні магчымага рынку эксплуатацыі электрычных машын, — падсумаваў Сяргей Гунько.

Машыны маленькія, але ж свае

На выстаўцы былі прадстаўлены як легкавыя аўто, так і спецтэхніка на электрацязе. Напрыклад, лёдазалівальная машына МТЗ. У ліку экспанатаў — электробусы «Белкамунмаш» і МАЗ, адны з апошніх мадэляў электрамабіляў Tesla, BMW, Chevrolet.

Сярод знакамітых экспанатаў арыгінальнасцю вылучалася адна мадэль, распрацаваная айчыннымі навукоўцамі.

Намеснік начальніка НДЦ «Электрамеханічныя і гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі мабільных машын» Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Дзмітрый Кабанаў пазнаёміў нас са сваёй распрацоўкай у сферы электратранспарту. Гэта макетны ўзор каркасна-панэльнага электрамабіля Academіc Electro. Ён прызначаны для перавозак па закрытых тэрыторыях (без выезду на дарогі агульнага карыстання) і разлічаны на двух пасажыраў. Максімальная хуткасць — 50 км/г. Каркасна-панэльны тып кузава дазваляе ажыццяўляць выпуск дробнымі серыямі пад патрабаванні заказчыка.

«Яго асаблівасць у тым, што сілавая частка кабіны не ўтрымлівае металічных элементаў: яна зроблена з шклапластыку. Уся кіравальная электроніка распрацавана і выраблена ў нас. Гэта электрамабіль для закрытых тэрыторый (лясныя гаспадаркі, паркі, прадпрыемствы). Калі на такую машыну будзе попыт, можна дапрацаваць гэтую мадэль, каб яна магла ездзіць па дарогах агульнага карыстання і з большай хуткасцю», — распавёў Дзмітрый Кабанаў.

Што ж, магчыма, і гэтую мадэль мы хутка ўбачым у рэальным жыцці.

Сяргей КУРКАЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Электратранспарту шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.