Вы тут

На 84-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, кампазітар Андрэй Мдзівані


Жыццёвы шлях Андрэя Юр'евіча пачаўся 1 кастрычніка 1937 года ў Тбілісі, рос ён у сям'і грузінскіх інтэлігентаў. Спачатку былі вучоба ў музычнай школе па класе скрыпкі і фартэпіяна і баўленне вольнага часу за праслухоўваннем класікі. А калі будучаму маэстра споўнілася 15 гадоў, яго маці накіравалі працаваць у Беларусь. Пасля вучобы ў школе ў Віцебску Андрэй Мдзівані скончыў спачатку Смаленскае музычнае вучылішча, потым Беларускую кансерваторыю.


За гады жыцця Андрэй Юр'евіч не толькі стаў аўтарам шматлікіх сімфоній, музычна-тэатральных твораў, канцэртаў і сімфанічных паэм, харавых і вакальных цыклаў, музыкі да спектакляў, але і працаваў як выкладчык у Мінскім музычным вучылішчы (з1969 года) і Беларускай кансерваторыі (з 1992 года), дзе з 1993 года з'яўляўся прафесарам кафедры кампазіцыі. Талент майстра быў адзначаны шэрагам узнагарод, сярод якіх Дзяржаўная прэмія БССР за Пятую («Памяць зямлі») і Шостую (Полацкія пісьмёны») сімфоніі, яе кампазітар атрымаў у 1988 годзе. А ў 1996 годзе яго ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за балет «Жарсці (Рагнеда)», які быў пастаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі.

Таксама Андрэй Мдзівані быў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (яго ўзнагародзілі за оперу «Маленькі прынц»). У 2013 годзе атрымаў званне народнага артыста Беларусі...

Смерць здарылася пасля інсульту. Пахаванне адбудзецца на Усходніх могілках у сераду 21 ліпеня, дзе таксама можна будзе развітацца з легендарным кампазітарам.

Спачуванні родным і блізкім маэстра даслаў кіраўнік дзяржавы: «Творчасць майстра застанецца ў айчыннай культуры сапраўдным прыкладам высокага прафесіяналізму, арыенцірам для многіх пакаленняў беларускіх кампазітараў. У нашых сэрцах назаўсёды захаваецца светлая памяць пра Андрэя Юр'евіча, які прысвяціў сваё жыццё самаадданаму служэнню мастацтву і Радзіме».

Загаловак у газеце: Згасла зорка легенды

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.