Вы тут

У Смалявіцкім раёне прадпрымальнік вывез мужчыну ў лес і забіў яго выстралам у галаву


Амаль чвэрць стагоддзя прайшло, як ва ўжытак трывала ўвайшоў выраз «ліхія 90-я» — час у многім страшны і дзіўны. Спартыўнага выгляду хлопцы ў скураных куртках і спартыўных штанах чынілі баль на абсягах некалі вялікай краіны, пранікшы ва ўсе сферы жыцця, жорстка ліквідуючы любыя перашкоды на сваім шляху. Часы сёння іншыя, але зрэдку тое мінулае дае аб сабе знаць...


...Раніцай 7 ліпеня 35-гадовая жыхарка вёскі Волма Смалявіцкага раёна выявіла, што дома няма яе 44-гадовага мужа. Жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы. Следча-аператыўная група, якая прыбыла па выкліку, правяла агляд дома з выкарыстаннем магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі. Плямы крыві, раскіданыя рэчы і мэбля сведчылі аб тым, што там адбыўся канфлікт.

Работу на месцы здарэння, як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Алена Крупеніна, каардынаваў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Андрэй Ліс. Пры аглядзе прылеглай да дома тэрыторыі таксама былі выяўлены сляды крыві. Раскапаўшы зямлю ў лесапаласе непадалёк, следчыя выявілі цела зніклага мужчыны. У вобласці галавы ў яго мелася агнястрэльнае раненне.

Пры правядзенні першапачатковых следчых і працэсуальных дзеянняў устаноўлена, што незадоўга да таго ў пацярпелага на глебе асабістых непрыязных адносін адбыўся канфлікт з мясцовым 40-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам. Мужчына нават звяртаўся ў праваахоўныя органы з заявай аб прыцягненні бізнесмена да адказнасці. Апошні ж, з'яўляючыся заўзятым паляўнічым, ведаў, што прыцягненне да адказнасці пагражала яму адабраннем зброі і пазбаўленнем права на паляванне. З гэтай прычыны ён прасіў цяпер ужо загінулага адмовіцца ад прэтэнзій і нават пагражаў яму.

Як устаноўлена следствам, у купальскую ноч, з 6 на 7 ліпеня, індывідуальны прадпрымальнік набыў алкагольныя напоі і з трыма знаёмымі паехаў дадому да свайго апанента «вырашаць праблему». Пры ўжыванні спіртнога паміж мужчынамі зноў узнік канфлікт, падчас якога гаспадар дома быў збіты. Пасля таго, раніцай 7 ліпеня, мужчыны селі ў аўтамабіль і паехалі па дарозе ў бок лесу. Там машына спынілася, праціўнікі выйшлі з аўто, але літаральна праз хвіліну індывідуальны прадпрымальнік падышоў да аўтамабіля, схапіў карабін, які захоўваўся там, і стрэліў у галаву свайму апаненту.

Далей, па інфармацыі следства, ён даручыў аднаму са знаёмых адцягнуць цела загінулага ў лесапаласу і закапаць яго. Аўтамабіль з пырскамі крыві быў вымыты на СТА. Пасля зламыснік паспрабаваў пакінуць тэрыторыю краіны, рушыўшы ў напрамку Расійскай Федэрацыі. Аднак і сам ён, і яго знаёмыя былі аператыўна затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.

Следчымі 40-гадоваму мужчыну прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле «забойства, здзейсненае групай асоб» Крымінальнага кодэкса. Абвінавачаны затрыманы і знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Расследаванне крымінальнай справы даручана следчай групе з ліку вопытных супрацоўнікаў следчага ўпраўлення УСК па Мінскай вобласці. Бізнесмен і яго знаёмыя дапытаныя, з іх удзелам праведзены праверкі паказанняў на месцы, вочныя стаўкі. Прызначана правядзенне шэрагу экспертных даследаванняў. Дапытваюцца сведкі. У найбліжэйшы час па выніках расследавання будзе дадзена канчатковая прававая ацэнка дзеянням усіх фігурантаў дадзенай справы.

Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ

Фота: СК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.