Вы тут

Бывай, «Славянскі базар»! Абавязкова сустрэнемся зноў!


У сталіцы Падзвіння прагучалі апошнія акорды XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Карэспандэнт «Звязды» расказвае пра самыя яскравыя эпізоды фэсту, пра тое, што было ўпершыню, асабліва кранула.


Гран-пры — у Казахстана і Чарнгагорыі

Самыя доўгачаканыя падзеі на кожным фестывалі — конкурсы маладых выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячы вакальны.

Перамога на конкурсе маладых выканаўцаў дасталася прадстаўніцы Казахстана Рухіі. Гран-пры найлепшай выканаўцы ўручыў старшыня журы Анатолій Ярмоленка.

А сярод маленькіх зорачак (якім ад 8 да 14 гадоў) Гран-пры заваяваў прадстаўнік Чарнагорыі Комнен Вукавіч.

Арганізатары шмат разоў падкрэслівалі, што прыярытэт пры ацэнцы выступленняў аддаецца артыстам з добрымі вакальнымі данымі, харызмай, а не аматарам зрабіць шоу. Пераможцы гэтых конкурсаў з часам становяцца зоркамі. Напрыклад, беларуска Алёна Ланская, казахскі талент Дзімаш Кудайберген, украінка Таісія Павалій і іншыя. Нагадаем, што журы Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу ўзначаліў сербскі выканаўца Філіп Жмахер. Памеры Гран-пры — адпаведна 20 000 і 5 000 долараў.

Свята скончылася? Ды не!

Цырымонія афіцыйнага закрыцця «Славянскага базару» адбылася 18 ліпеня. Як і ў мінулыя гады, на гэты канцэрт, як і на адкрыццё фэсту, білеты раскупілі задоўга да старту падзеі. Дарэчы, пасля фінішу свята ў Віцебску працягнулася.

Па традыцыі наступны пасля афіцыйнага завяршэння «базару» — так званы дадатковы дзень. І 19 ліпеня гараджане і госці працягваюць атрымліваць асалоду ад мастацтва, ад пакупак, ад адпачынку ў асаблівай атмасферы.

У прыватнасці, у панядзелак увечары у канцэртнай зале «Віцебск», якая адначасова ўмяшчае каля 1,2 тысячы гледачоў, адбыўся сольны канцэрт легендарнага спевака Мікалая Наскова. У 1987 годзе ён выканаў некалькі песень для мастацкага фільма «Востраў загінулых караблёў», многія палюбілі фільм і кампазіцыі. У тым жа годзе артыст быў запрошаны Стасам Наміным у групу «Парк Горкага» як вакаліст і франтмэн.

Ноччу на 20 ліпеня ў Летнім амфітэатры завяршыўся гала-канцэрт «Шансон ТБ — усе зоркі».

Можа, мала?

Афіцыйная частка юбілейнага форуму культуры доўжылася чатыры дні.
У дырэкцыі фэсту мяркуюць, што гэтага дастаткова. Такой жа думкі прытрымліваюцца і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, і кіраўніцтва гарвыканкама. За трыццаць гадоў зроблена выснова, што зацягваць праграму не варта.

Калісьці «Славянскі базар» гасцяваў у Віцебску і ў эфірнай прасторы тэлебачання і радыё па паўтара тыдня і больш. Праз шэсць—сем дзён гараджане пачыналі стамляцца. Апошнія гады праект доўжыцца менш за тыдзень. І, бадай, гэта аптымальны тэрмін.

Яшчэ наконт часу — сёлета цікавым падарункам ад мясцовай улады для ўсіх стаў гадзіннік на ратушы, сімвале горада, які нядаўна запусцілі пасля капітальнага рамонту.

Павіншуюць... матрошку?

Надзвычайным здарэннем на фэсце стала раптоўная хвароба расіяніна Мікалая Баскава, які стаў лаўрэатам Спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Пра тое, што павысілася тэмпература, артыст паведаміў сам у адной з сацыяльных сетак. Яго імянная зорка на Плошчы лаўрэатаў каля амфітэатра залацістым васільком зазіхацела сямнаццатая па ліку. На жаль, спявак не выступіў на канцэрце адкрыцця «базару», як планавалася.

Расіяне ўражвалі шмат разоў: і на сцэнах, і ў музеях, і на выстаўках рамеснікаў. Напрыклад, своеасаблівай сенсацыяй сталі экспазіцыі «Таржок — жывая традыцыя залатой вышыўкі» і «Залатая хахлама — душа Расіі». Культура брацкай краіны прадстаўлена была багата.

У сваю чаргу, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў у размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі шчыра дзяліўся ўражаннямі. Ён згодны са словамі кіраўніка беларускай дзяржавы, якія былі агучаны на цырымоніі адкрыцця фэсту, што тут у першую чаргу цэняць майстэрства ўдзельнікаў. Дзмітрыю Мезенцаву падабаюцца шчырасць віцебскага фестывалю і конкурсаў, сумленнасць і павага да гледача, клопат пра ўсіх, хто прыязджае на «базар». Ужо абмяркоўваюцца праекты, якія ў будучым годзе будуць рэалізоўваць у рамках саюзнага супрацоўніцтва.

Сярод самых цікавых ідэй — святкаванне дня нараджэння... рускай матрошкі. У Віцебску, дзе працавалі заснавальнікі новага мастацтва, будзе вельмі цікава, калі матрошка стане авангарднай. Такую ідэю агучыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падчас круглага стала, прысвечанага юбілею фестывалю. Дыскусія адбылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава.

Дзмітрый Мезенцаў разам з кіраўніком беларускага ўрада Раманам Галоўчанкам, кіраўніцтвам абласной улады адкрывалі рух па вуліцы Гагарына. Там завяршылі капітальны рамонт, які правялі ў рэкордна кароткі тэрмін. Усё зрабілі прыкладна за год, што разы ў чатыры хутчэй, чым прадугледжана нарматывамі. Сакрэт — у зладжанай рабоце, часта на працягу круглых сутак. Сёлета — юбілей першага палёту ў космас, Гагарын нарадзіўся недалёка ад Віцебшчыны, на Смаленшчыне: гэта таксама яднае народы дзвюх краін. Таму сімвалічна, што адкрыццё аб’екта стала міжнароднай акцыяй.

Маладзёжны запал

Ёсць планы арганізаваць у 2022 годзе не адзін, а больш дзён Саюзнай дзяржавы на «базары». І, вядома, будучыня за маладымі. Таму падтрымцы моладзі будзе аддавацца яшчэ большая ўвага.

Сёлета маштабна правялі Дзень моладзі ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску». Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы ўзяў актыўны ўдзел у канферэнцыі Міжнароднага саюза маладзёжных аб’яднанняў. Ён выказаўся наконт магчымасцяў далейшага супрацоўніцтва паміж расійскай і беларускай моладдзю, развіцця маладзёжнага турызму, абмену вопытам у патрыятычным выхаванні. У прыватнасці, расіянам вельмі цікавы вопыт дзейнасці беларускай піянерскай арганізацыі.

У «базарным» Віцебску моладзь падзялілася сваімі энергіяй і талентамі падчас фестывалю «Запальвае моладзь», які ўпершыню стаў працягам традыцыйнага Дня моладзі.

Мелася шмат лакацый, дзе можна было пазнаёміцца з прадстаўнікамі субкультур, паназіраць за тым, як яны спяваюць, танцуюць, займаюцца рознымі відамі спорту.

Асаблівая прымета фэсту: ужо падчас самога фестывалю вядзецца падрыхтоўка да наступнага. Абавязкова дуэт — «Славянскі базар» і сам Віцебск у 2022-м — парадуе і здзівіць усіх ад малога да вялікага. У гэтым галоўны сакрэт 30-гадовага поспеху культурнага свята, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцяў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.