Вы тут

Аблічча паэта, якое праступае праз гады


Узгоркі, быццам пакрытыя коўдрай, пашытай з розных лапікаў усіх адценняў зялёнага, упрыгожаныя каронамі лясоў і рачулкай, у якой адбіваюцца карункі аблокаў, што адплываюць у толькі ім знаным напрамку, векавыя ліпы, дубы, лістоўніцы, што быццам стаяць на варце часу… Цудоўная мясціна, дзе 139 гадоў таму прыйшоў у свет будучы класік айчыннай літаратуры Янка Купала, днямі 49-ы раз сустракала гасцей: пісьменнікаў, артыстаў, музейшчыкаў дый проста аматараў творчасці беларускага генія.


Выступленне музычнага калектыва «Арацэя». Фота Міхаіла Крыжаноўскага.

Тут быццам сканцэнтравана асаблівая чароўнасць, жыццядайная сіла беларускай зямлі — яна дае неверагоднае натхненне праз любоў да роднага слова, наваколля, людзей. У вёсцы Сяледчыкі (цяпер яна ўвайшла ў склад Вязынкі, яе імем названа адна з галоўных вуліц) жыла паэтэса Зінаіда Бандарына, якая напісала кнігу пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы. Многія сучасныя пісьменнікі маюць тут лецішчы.

— Штогод бяру ўдзел у свяце Купалы. Хоць і не імкнуся выступаць са сцэны, але прыязджаю заўсёды, каб пабыць з Купалам, — распавядаў празаік і літаратуразнаўца Міхась Казлоўскі. — Мясціны гэтыя поўняцца адчуваннем духу нацыянальнага класіка, ён тут — ва ўсім. Але асабліва — у прыродзе, у паветры, у подыху часу. Хоць памяняць можна ўсё, але прыроду змяніць цяжка…

Вязынка прытуліла сям’ю будучага паэта ў 1881—1883 гадах. Зусім маленькім хлопчыкам запомніўся ён мясцовым жыхарам. На жаль, вярнуцца сюды дарослым яму больш не давялося. Толькі ў мроях спачываў тут душою — нядзіўна, што мастакі выяўлялі паэта ўжо сталага ўзросту сярод гэтых лугоў, на беразе рэчкі, пад вязынскім небам.

Дамінантай музейнага комплексу стала хатка, сцены якой памятаюць маленькага Яся. Экспазіцыю напоўнілі арыгінальныя прадметы канца ХІХ стагоддзя: калі жыхары навакольных вёсак даведаліся пра прыезд жонкі Янкі Купалы і ў музей, які неўзабаве мусіў прымаць наведвальнікаў, пачалі прыносіць свае рэчы.

— Сям’я Луцэвічаў належала да дробнай шляхты, што мы і пастараліся паказаць у афармленні інтэр’ера. Чырвоны кут упрыгожыў абраз Маці Божай Вострабрамскай, на сцяне — някідкі, але падабраны з густам гадзіннік, недалёка ад уваходу ў галоўную залу — дабротны куфар для захоўвання рэчаў, — распавядала падчас экскурсіі галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Надзея Саевіч. — А яшчэ захаваліся ўспаміны, што бацька будучага паэта быў выдатным паляўнічым —гэта сімвалізуюць рогі, якія ўпрыгожваюць сцяну пакоя.

Уяўленне пра тое, як выглядалі маёнтак і мясцовая гаспадарка ў даўнія часы, можна скласці па фота, якія багата прадстаўлены ў экспазіцыі: сядзібны дом атачалі фруктовы сад з клёнавай і ліпавай альтанкамі, вялікі кветнік. Каля стайні быў брукаваны двор, мелася вяндлярня, дзе рабілі вэнджаныя сыры і кумпякі.

Абразок Святога Юзафа.  Фрагмент часовай экспазіцыі. Фота Яны Будовіч.

Канцэпцыю залы распрацавала загадчык экспазіцыйнага аддзела музея Янкі Купалы Марыя Барткова. Яна ж — аўтар выстаўкі, створанай да стагоддзя з дня падпісання Рыжскай дамовы. Часовая экспазіцыя размяшчаецца непадалёк — у рэканструяваным вязынскім свіране. Задума арганізатараў выстаўкі спалучыць той далёкі час з цяперашнім рэалізавалася і праз тое, што замест зерня ў яго сховішчы сабраны памяткі тутэйшага жыцця ў 1920—1930-я гады. У арыгінале гэтыя дакументы захоўваюцца ў нашчадкаў сям’і Замбжыцкіх, якая валодала маёнткам. Цяпер яны раскіданы па ўсім свеце…

— Падпісанне Рыжскай дамовы спыніла вайну, але падзяліла Беларусь на дзве часткі. Малая радзіма Янкі Купалы стала недасяжнай для яго, бо апынулася на тэрыторыі Польшчы. Мы вырашылі назваць выставу адмысловым радком з верша Янкі Купалы: «За слупамі з арламі» — так ён казаў пра землі, якія парэзала мяжа: Даўгінаўскі гасцінец, Вільня, радзіма жонкі паэта — самае дарагое было ўжо на другім баку мяжы… — распавядала Марыя Барткова наведвальнікам. — А радзіма матулі Янкі Купалы апынулася зусім побач з польска-савецкай мяжой, і фурман, які вазіў Купалу, — Разымблюм — згаданы ў знакамітым вершы «Па Даўгінаўскім гасцінцы»: «Стань, Разымблюм! Акопы ўжо!». Адметна, што гэта быў рэальны чалавек — супрацоўнікі музея адшукалі пра яго звесткі ў архіве…

Цудоўныя мясціны збіралі дзяцей і ўнукаў апошняга гаспадара Вязынкі Юзафа Замбжыцкага — ён вельмі ганарыўся тым, што менавіта ў яго доме нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы паэт. У багатай бібліятэцы Вязынкі захоўвалася яго першая кніга «Жалейка» з дароўным аўтографам і фотаздымак 1908 года. На жаль, гэтай сямейнай каштоўнасці ўратаваць не ўдалося. Адзіная каштоўнасць з маёнтка, якая захавалася, — абраз святога Юзафа. Нашчадкі вывезлі яго, калі ад’язджалі за мяжу. Гэта адбылося ў 1948 годзе, тады гаспадара ўжо не было ў жывых, — ён катэгарычна адмовіўся пакідаць радзіму. На выстаўцы можна ўбачыць копію абраза, якую перадала з Польшчы ўнучка Юзафа Замбжыцкага Алімпія.

У дзень свята зноў гучала на землях маёнтка класічная музыка, як і раней, калі тут прынята было арганізоўваць вечары класічнай музыкі ў салоне, — гралі і Манюшку, і Шапена.

— Асаблівасць сёлетняй урачыстасці ў тым, што ўпершыню ў ёй бяруць удзел артысты і салісты аркестра Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яны стварылі адмысловую купальскую праграму «Росквіт зямлі». Рэжысёр імпрэзы Дар’я Пататурка брала ўдзел у традыцыйным свяце гукання вясны, што сёлета адзначалася ў Вязынцы ў канцы сакавіка. Ёй прыйшла ідэя правесці тут і купальскае святкаванне. Не сумняваюся, што яно спадабаецца прысутным: глядач тут асаблівы, — падзялілася ўражаннямі дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Падчас стварэння агульнага партрэта Янкі Купалы. Фота Яны Будовіч.

— Наш канцэрт — гэта эклектыка розных жанраў: і народныя песні, і сучасныя, і арыі з оперы. Самым складаным падчас падрыхтоўкі музычнай праграмы святкавання было знайсці творы беларускіх аўтараў на купальскую тэматыку, звязаную з тэмай кахання, — распавядала рэжысёр Дар’я Пататурка. — У сучаснага кампазітара Канстанціна Яськова ёсць цудоўная містэрыя «Кросны Макашы» — яе і задзейнічалі, як і фрагмент з балета «Анастасія» Вячаслава Кузняцова — у апрацоўцы.

А таксама песні Юрыя Семянякі «Летняя ночка купальная» і «Ты мне вясною прыснілася»; зрабілі апрацоўку твора «Пойдзем, пойдзем лугам» — атрымалася акапэльная песня. Не забыліся і на класічныя элементы: музыканты ігралі ІІ частку са «Струннага квартэта» Уладзіміра Кур’яна. Выкарысталі апрацоўкі народных песень, напрыклад, Анатоля Багатырова. Стваральны працэс — гэта заўжды пошук: новых гучанняў, іншага прачытання, а галоўнае — душэўны падыход да твораў. Бо ўсе яны — пра каханне…

Захапляльныя нумары з чытаннем вершаў і выкананнем песень падрыхтавалі вакальная група «Суседкі» Заскавіцкага сельскага Дома культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна», Мінскае гарадское аддзяленне СПБ, музычны калектыў «Арацэя».

Адмысловую праграму распрацавалі музейшчыкі для дзяцей. Можна было навучыцца плесці купальскія вянкі з падрыхтаваных загадзя галінак і траў. Пакуль дарослыя слухалі песні, побач умельцы праводзілі майстар-класы для малых. Навуковы супрацоўнік Карына Рагачэўская курыравала стварэнне артаб’екта — агульнага партрэта Песняра. За яго аснову быў узяты сапраўдны партрэт паэта мастака Івана Раманоўскага, пляменніка Янкі Купалы. Карціна гэтая захоўваецца ў фондах купалаўскага музея.

— Мы паспраблавалі замяніць чорны фон на чорныя квадрацікі, каб атрымалася штосьці кшталту «карціны па нумарах», якія зараз папулярныя, кшталту размалёўкі, — расказвала Карына Рагачэўская.

Кожны ўдзельнік свята мог размаляваць любы кавалачак карціны, а ў выніку атрымаўся партрэт Песняра агульнага аўтарства. Аблічча паэта, якое паступова вымалёўвалася, захапляла неверагодна. Быццам скрозь напластаванні гадоў, здалёк, постаць паэта набліжалася да прысутных, каб нагадаць пра повязь часоў і покліч зямлі, самаахвярнае служэнне народу…

— Вязынка — сакральнае месца для культуры Беларусі, гэта духоўнае апірышча, нацыянальная святыня. Пісьменнікі ўсіх пакаленняў пабывалі тут. Не так шмат цяпер замежных гасцей, але мы згадваем тыя часы, калі з усяго Савецкага саюза, многіх краін Еўропы прыязджалі творцы, каб дакрануцца да калыскі Янкі Купалы. Мы верым, што гэтая традыцыя адновіцца, — выказала спадзяванне Алена Ляшковіч. — Калісьці была ў Славакіі, тады адкрывалі мемарыяльную дошку Янкі Купалы ў Браціславе. Да мяне падышоў вядомы славацкі паэт Яраслаў Рэзнік — ён якраз удзельнічаў тут, у Вязынцы, у святкаванні стагоддзя Янкі Купалы — і сказаў: «Да гэтай пары я захоўваю ў душы самыя цёплыя ўспаміны пра Беларусь і Янку Купалу»… Веру, што мы здольныя арганізаваць міжнароднае свята. У наступным годзе будзе юбілей: 140 гадоў Янку Купалу і 50 гадоў, як пачалася традыцыя адзначаць свята Купалы ў Вязынцы. Упэўнена, што свята адбудзецца шырокае.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.