Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Зной­дзе­на ста­ра­жыт­ная ма­не­та ча­соў Ісу­са

Такія выкарыстоўвалі паломнікі, якія ехалі да святога Іерусалімскага храма дзве тысячы гадоў таму.

У Іерусаліме ў музеі «Вежа Давіда» падчас кансервацыйных работ знайшлі старажытную манету біблейскага перыяду Другога храма, так званы тырыйскі шэкель. Пра гэта паведаміла выданне Express.

Такімі манетамі плацілі храмавы падатак на Песах або іншыя іудзейскія святы. Манеты чаканілі ў старажытным фінікійскім горадзе Цір у перыяд Другога храма.

Упершыню манету знайшлі ў 1980-х гадах, але пасля таго яе схавалі ў скрыню для артэфактаў і няправільна размясцілі. Цяпер, праз 40 гадоў, падчас работ па захаванні музея «Вежа Давіда» ў Старым горадзе Іерусаліма зноў выявілі гэтую манету.

Па словах экскурсавода Элі Ілана, на адным баку манеты адчаканены твар вялікага фінікійскага бажаства Мелкартома. Гэта галоўны бог Тыра і галоўная фігура ў фінікійскім пантэоне. На адваротным баку манеты намаляваны арол, які і дапамог археолагам вызначыць яе паходжанне.


Створаны на траціну менш каларыйны прадукт

Расійскія навукоўцы распрацавалі рэцэпт каўбасы, амаль на траціну менш каларыйнай у параўнанні з арыгінальным далікатэсам. Пры гэтым смак прадукту застаўся традыцыйны, сцвярджаюць яго стваральнікі з Валгаградскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

За арыгінальны рэцэпт навукоўцы ўзялі каўбасны хлеб «Чайны». Прадукт складаўся з фаршу, малака і шэрагу спецый. Каб захаваць прывабнасць прадукту для пакупніка, але зрабіць яго больш карысным, даследчыкі ўнеслі ў рэцэпт некалькі змен.

Спачатку навукоўцы знізілі тлустасць за кошт замены сумесі для фаршу з ялавічыны і свініны мясам індычкі. Далей замест свінога сала яны ўнеслі ў састаў 5 працэнтаў парашку тапінамбуру. Гэта шматгадовая расліна, клубні якога (з іх і зроблены парашок) нагадваюць помесь бульбы і каранёў імбіра. У складзе каранёў тапінамбуру змяшчаецца каля 70 працэнтаў інуліну.

Па словах навукоўцаў, унясенне 5 працэнтаў парашку тапінамбуру замест свінога сала стабілізуе кансістэнцыю фаршу за кошт уласцівасці інуліну імітаваць кансістэнцыю тлушчу. Менавіта такая канцэнтрацыя захоўвае арыгінальны смак прадукту. Павелічэнне вільгацезвязвальнай і вільгацеўтрымлівальнай здольнасці фаршу абумоўлена ўласцівасцямі інуліну.

У ходзе даследаванняў навукоўцы параўналі фізіка-хімічныя паказчыкі кантрольнага ўзору, іншымі словамі, чайнай каўбасы, і новага прадукту. Масавая доля тлушчаў у каўбасе з парашком тапінамбуру стала меншая ў два разы. Затое бялкоў і вугляводаў стала больш на траціну. Гэта знайшло адлюстраванне і ў энергетычнай каштоўнасці, якая знізілася на 30 працэнтаў, з 232 кілакалорый на 100 грамаў да 163 кілакалорый.

Абодва ўзоры мелі смак і пах, уласцівыя звычайнай каўбасе, а таксама светла-ружовы колер.


Небяспечныя бактэрыі выяўлены ў некаторых павукоў

З прычыны такога ўкусу ў чалавека могуць не толькі апухнуць канечнасці, але і пачацца працэс некрозу тканак.

Навукоўцы выявілі, што ядавітыя павукі небяспечныя не толькі ядам, які яны ўпырскваюць пад скуру ахвяры, але і бактэрыямі на іклах. Апошняе даследаванне заолагаў пацвердзіла гіпотэзу, што яд не стэрылізуе іклы членістаногіх, інфармуе Scіence alert.

Раней абаронцы жывёл заяўлялі, што гэта няпраўда: маўляў, людзі самі заносяць бактэрыі, расчэсваючы месца ўкусу. Група навукоўцаў вырашыла раз і назаўсёды разабрацца з тэорыяй. Каманда сабрала ўзоры ядаў псеўдаўдоў, а таксама Amaurobіus sіmіlіs і Eratіgena atrіca, якія жывуць у садках і на лужках.

У лабараторыі навукоўцы прааналізавалі іх хеліцэры (прыдаткі каля ротавай поласці) на наяўнасць бактэрый, а ў псеўдаўдоў збіралі яд. Аналіз РНК выявіў вялікую колькасць мікробаў: 12 з 22 былі патэнцыяльна патагенныя для чалавека.

Самая вялікая пагроза заключаецца ў тым, што ад пэўных тыпаў гэтых бактэрый вельмі цяжка пазбавіцца звычайнымі лекамі. Па словах навукоўцаў, гэта, у прыватнасці, вынік нашай празмернай залежнасці ад антыбіётыкаў. Знішчыць «супербактэрыі» павукоў можна шляхам курса ціпрафлаксаціну, прынамсі, пакуль.


Навукоўцы заявілі аб карысці плётак

Яны палягчаюць сацыяльныя сувязі і дазваляюць пазнаваць свет скрозь прызму вопыту іншых людзей, паведаміў партал MedіcalXpress са спасылкай на навукоўцаў з Дартмуцкага каледжа ЗША.

«Гэта адмысловы спосаб наладзіць адносіны паміж людзьмі, важнай рысай якога з'яўляецца ўзаемадавер'е. Такі абмен інфармацыяй спрыяе ўстанаўленню сацыяльных сувязяў, якія ўмацоўваюцца па меры далейшых зносін», — адзначылі спецыялісты ў сваім даследаванні.

Яны вызначалі згаданую функцыю плётак з дапамогай эксперыментальнай гульні. Удзельнікаў дзялілі на групы і давалі грошы. Гульня стварала супярэчнасць паміж эгаістычнымі і сумеснымі паводзінамі. Пры гэтым інфармацыю ўдзельнікам падавалі дазіравана, каб яны маглі назіраць толькі за паводзінамі некалькіх іншых гульцоў сваёй групы.

Навукоўцы лічаць, што плёткі не варта адносіць да «беспадстаўнай балбатні». Высновы каманды пра ролю плётак дапасоўваюцца да стварэння «агульнай рэальнасці», дзе сябры і калегі часта знаходзяць агульныя повязі, устанаўліваюць саюзы, абменьваюцца асабістай інфармацыяй і абмяркоўваюць паводзіны іншых для дасягнення сацыяльна прымальных дзеянняў.

«Плёткі могуць быць карысныя, таму што яны дапамагаюць людзям вучыцца на вопыце іншых, а таксама дазваляюць суразмоўцам збліжацца падчас зносін», — рэзюмуюць даследчыкі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».