Вы тут

Механізмы вялікага цэлага


Апошнім часам дзейнасць арт-праектаў у сталіцы набыла такі размах, што многія не паспяваеш наведваць, у тым ліку з-за непрацяглага тэрміну работы. Напрыклад, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» ўсяго на два тыдні арганізавана выстаўка «Каля нуля», а таксама экспазіцыі, прысвечаныя 35-годдзю стварэння творчага аб’яднання «Няміга-17» і 70-годдзю з дня нараджэння Лявона Грышука (1951—2020) (да 22 ліпеня паспейце наведаць гэтыя праекты Беларускага саюза мастакоў). Але сёння да ўвагі чытача — развагі пра дзве вартыя выстаўкі, што ладзіліся на пляцоўках «АРТ Фабрыкі» (новая прастора для дэманстрацыі твораў мастацтва) і Нацыянальнага мастацкага музея. Так, была магчымасць убачыць вялікую колькасць работ розных перыядаў знакавых для айчыннага жывапісу і акварэлі аўтараў — Уладзіміра Кандрусевіча і Фелікса Гумена.


Уладзімір Кандрусевіч на адкрыцці выстаўкі «Opus Magnum. Initium». Фота даслана арганізатарамі.

Рух і прастора

Мастак Уладзімір Кандрусевіч — адзін з тых, хто заўсёды на слыху. Самому творцу, здаецца, ужо надакучыла распавядаць пра ўплыў знакамітай дынастыі і разнастайную адукацыю, у тым ліку ў рэстаўрацыйных майстэрнях у Фларэнцыі, дзе ён удасканальваў свае веды ў тэхніцы фрэсак…

Нягледзячы на працу з фрэскамі, а таксама эксперыменты з керамікай, сёння размова пойдзе пра жывапіс. Нядаўна ў галерэі сучаснага мастацтва «АРТ Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2 — гістарычны будынак былой Мінскай фабрыкі-кухні) прадставілі персанальную выстаўку Уладзіміра Кандрусевіча «Opus Magnum. Initium». У праекце былі аб’яднаны работы, што паслужылі натхненнем для вялікага творчага праекта — міксу адразу некалькіх відаў мастацтва: жывапісу, музыкі і танца. Па вызначэнні арганізатараў, сюррэалістычныя сусветы, створаныя аўтарам, сталі адпраўным пунктам для фантазіі міжнароднай каманды аўтараў у рабоце над харэаграфічным перформансам «Opus Magnum», які прэзентавалі на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі. Рэжысёр з Грузіі Тэкла Гелбахіяні ў свой час так уразілася творамі беларускага мастака, што вырашыла «ўзнавіць» іх у рэальным свеце. Над харэаграфічным перформансам па матывах карцін працуе адзін з самых запатрабаваных балетмайстраў Беларусі Сяргей Мікель сумесна з Вольгай Рэпінай. Музычная аснова — плён грузінскага кампазітара, уладальніка мноства ўзнагарод у галіне кінематаграфіі Давіда (Дато) Еўгенідзэ. Поўнафарматная прэм’ера «Opus Magnum» запланавана на восень і ўвойдзе ў рэпертуар тэатра HomoCosmos. Праект праводзіўся пры падтрымцы Пасольства Грузіі ў Беларусі.

Перформанс не стаў харэаграфічнай ілюстрацыяй да твораў Уладзіміра Кандрусевіча. Рэжысёр падкрэслівае, што сцэнарый пастаноўкі будаваўся на яе ўспрыманні карцін: «Вазьміце некалькі чалавек і пастаўце іх перад адной з работ Кандрусевіча. Інтэрпрэтацыя ў кожнага будзе рознай у залежнасці ад узроўню развіцця. Хтосьці бачыць павярхоўна, толькі прыгожыя целы і папяровыя самалёцікі, а іншы мысліць па-філасофску. Я ставіла кампазітару або балетмайстру канкрэтную задачу: што мне хацелася б выявіць у пластыцы, музыцы, ператварыць у прыгожыя рухі, каб цела распавяло аб незямных-зямных радасцях і смутку чалавека».

Узіраючыся ў карціны Уладзіміра Кандрусевіча, сувязь з харэаграфіяй заўважыць нескладана: пластыка, рух чалавечага цела, гульня з прасторай… Сустракаюцца і відавочныя «спасылкі», напрыклад, балерыны на пуантах ці медныя духавыя ў руках анёлаў. Акрамя гэтага, уважлівы, а дакладней інфармаваны, глядач знойдзе і аўтабіяграфічныя згадкі. Экспазіцыя пачыналася з, калі так можна сказаць, аўтапартрэта — рукі з пэндзлем, а завяршалася выявай рук за фартэпіяннай клавіятурай. Як можна зразумець, бацькоўскіх рук.

У ліку таго, што адразу кідаецца ў вочы, — змешванне жанраў і відаў мастацтва. Але даследаванне прыгажосці сучаснага чалавека, погляд на яго як на частку вялікага механізма — галоўнае ў жывапісе Уладзіміра Кандрусевіча. Аголенае (але не толькі) цела стала для аўтара моцным выразным сродкам для паказу многіх праблем сучаснасці, якая больш за ўсё хвалюе жывапісца. Пры гэтым прадстаўленая натура не мае сексуальнага падтэксту — акцэнт на гумарыстычным, гульнявым.

Ледзь не на кожным палатне Уладзімір Кандрусевіч іншасказальна перадае захапленне чалавека, які займеў звышздольнасці. Дарэчы, «Гармонія» (2021) — своеасаблівая мадэль сусвету — перададзена праз барацьбу ў кухоннай ракавіне, што зацягвае ў неймаверны вір. Побач з рознымі механізмамі на карцінах жыццё выглядае яшчэ болей крохкім, і такому ўспрыманню, між іншым, паспрыялі вершы Паўла Міхалькевіча, змешчаныя побач з карцінамі.

Некалі аўтар згадваў, што сёння сутнасць айчыннага мастацтва — вызваліцца ад комплексаў і ад адчування правінцыяльнасці, знайсці тое, чым беларускія творцы цікавыя свету — без стаўкі на нацыянальны кантэкст. Творчасць мастака, дзякуючы пэўным спасылкам (пейзажам Мінска, напрыклад), дэманструе, што гэта магчыма. На жаль, пазнаёміцца са змястоўным праектам «Opus Magnum. Initium» можна было на працягу толькі аднаго тыдня. Спадзяёмся на тое, што ў далейшым тэрмін дзеяння выставак у «АРТ Фабрыцы» ўсё ж павялічыцца. Пра іх карысць для ўсіх і гаварыць не варта.

Уладзімір Кандрусевіч «Купалле». 2020 г.

Віцебск і кветкі

Болей — амаль месяц — доўжыўся праект «Фелікс Гумен. Класіка і эксперыменты. Да 80-годдзя майстра акварэлі» ў Мастацкім музеі, у калекцыі якога захоўваецца 317 акварэлей творцы (з іх 300 майстар падарыў у 2014 годзе). Зараз вырашылі прадставіць больш за 70 твораў мастака і яго вучняў. Большая частка дэманстравалася ўпершыню ў раздзелах «Казачны Віцебск Гумена», «Кветкі, плады і іншае», «Дыялог з прыродай», «Прастора эксперымента».

Фелікс Гумен лічыцца выдатным акварэлістам, лідарам унікальнага феномена віцебскай акварэльнай школы другой паловы ХХ стагоддзя. Мастацтвазнаўцы адзначаюць: дзякуючы свайму таленту і творчай апантанасці, Фелікс Гумен узняў статус акварэлі з інтымнай прыкладной тэхнікі да класічных жанраў, такіх як жывапісная станковая карціна, зрабіўшы графічны твор самакаштоўным.

Паказаць, што віцебскі мастак з’яўляецца прыроджаным каларыстам, было мэтай выстаўкі ў Мастацкім. Стыль творцы ярка індывідуальны: работы напоўнены любоўю да жыцця, навакольнага свету, прыроды краю — Віцебшчыны. Штодзённыя рэчы і пейзажныя матывы гарадоў ды вёсак намаганнямі мастака пераўтварыліся ў сімвалы часу: «Вясна ў старым Віцебску» (1980), «Наваполацк. Дзіцячы садок. Зіма» (1975), «Зімні Віцебск» (2009), «Пасёлак Лужасна. Пушысты снег» (2009), «Полацк зімой» (2008), «Зімовае сонца» (1981) — у кожнай з найлепшых пейзажных работ творцы прасочваюцца адметныя рысы мясцовасці, погляд сучасніка на гісторыю і апошнія змены ў ладзе яе існавання.

Фелікс Гумен «Вясна ў старым Віцебску». 1980 г.

У акварэлях мастака гарманічна суіснуюць звыклыя рэчы і з’явы: дрэвы, травы, нябёсы, кветкі, садавіна, прадметы хатняга ўжытку і, як ужо згадвалася, гарадская і вясковая архітэктура. Адзін з любімых жанраў майстра — нацюрморт, аднак матэрыяльны свет для яго не важны, бо цікавасць выклікае пляма, кантраст, экспрэсія колераў, форм і ліній. Фелікс Гумен нічога не прыдумляе: маляўніча ўсё, што пад рукой, нават звычайныя слоікі і бутэлькі. Але сапраўднае захапленне акварэліста — кветкі ў вазах. «Маё мастацтва вельмі аптымістычнае, няма сумных рэчаў. Таму што дзяцінства было добрае», — падкрэслівае творца. Яркая характарыстыка пошукаў — у нечым наіўная, простая кампазіцыя і акцэнт на вобразе, яго схаваных сімвалах, шматзначнасці і, натуральна, колеравым пачатку. Такім чынам, многія карціны мастака складана апісаць, даць ім характарыстыку, растлумачыць кожны знак, лінію, пераход.  У гледача, асабліва незнаёмага з карцінамі Фелікса Гумена, на выстаўцы «Класіка і эксперыменты» была, па вялікім рахунку, толькі адна магчымасць — адчуць радасць і, часам здавалася, боль апавядальніка і потым, мажліва, палюбіць яго акварэлі.

Другая частка выстаўкі — даніна павагі, своеасаблівы амаж майстру ад вучняў, якія сталі вядомымі акварэлістамі: Валянціны Напрэенка-Ляховіч (Віцебск), Мікалая Аўчыннікава (Маладзечна), Фёдара Кісялёва (Магілёў), Міхаіла Міронава, Уладзіміра Рынкевіча, Міхаіла Свістунова, Алены Сеслікавай, Мікалая Мішчанкі (Мінск). Дванаццаць гадоў майстар вучыў моладзь мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта разнастайнасці прыёмаў акварэлі. Больш за сорак яго вучняў і паслядоўнікаў сталі сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Як настаўнік Фелікс Гумен ніколі не прымушаў падапечных ісці тым жа шляхам, што і ён, яго папярэднікі ці карыфеі жанру. Гэта і назіраецца ў прадстаўленых работах творцаў: экспрэсіўным пейзажы «Ліпеньскі захад» (1990) Міхаіла Міронава, пачуццёвым нацюрморце «Півоні» (2009) Алены Сеслікавай, напаўкасмічнай акварэлі «Вечаровае» (1995) Уладзіміра Рынкевіча…

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.