Вы тут

Калі пакусалі насякомыя


Кожны хоць бы раз у жыцці чуў байкі пра тое, як пчолы (восы, шэршні, чмялі) да паўсмерці закусалі каня, які не ўратаваўся ад праследавацеляў нават у рацэ. У медыцынскай літаратуры апісана, як людзі гінулі і ад 100-300 укусаў, аднак летальная доза для дарослага здаровага чалавека — 500-1100 пчаліных укусаў. Але такое можа здарыцца, калі раз'юшыць пчаліны рой. Як паводзіць сябе з небяспечнымі насякомымі, і што рабіць, калі ўкусаў не ўдалося пазбегнуць, расказала загадчык аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Рэгіна Іваноўская.


Якая бывае рэакцыя на ўкусы?

На ўкусы пчол, чмялёў, вос і шэршняў арганізм чалавека адказвае трыма відамі рэакцый. Найперш мясцовай — пачырваненне, ацёк, боль, сверб або моцнае смыленне ў зоне ўкусу, лакальнае павелічэнне лімфатычных вузлоў. Часам укусы робяць знешнасць непазнавальнай. Ацёк на твары асабліва небяспечны, калі ўкус у вобласці вуснаў ці ўнутры ротавай поласці. Гэтак жа небяспечныя ўкусы пад пахай або на геніталіях.

Агульнатаксічная рэакцыя здараецца пры множных укусах — з'яўляюцца дрыжыкі, павышэнне тэмпературы, млоснасць і ваніты, галаўны боль, ламота ў суставах. А вось алергічная рэакцыя можа ўзнікнуць і на адзінкавыя ўкусы ў схільных да такіх рэакцый людзей — крапіўніца, ацёк Квінке ці нават анафілактычны шок.

Крапіўніца ўяўляе з сябе высыпанне, калі пухіры зліваюцца паміж сабой на фоне пачырванення скуры, што суправаджаецца моцным свербам. Ацёк Квінке ( «гіганцкая крапіўніца») — хутка нарастаючы ацёк скуры або слізістых. Ён можа ўзнікаць не толькі непасрэдна ў месцы ўкусу, але і ў любым іншым. Яго «ўпадабаная» лакалізацыя — твар, слізістая абалонка поласці рота, мяккае паднябенне, канечнасці, палавыя органы. Асабліва небяспечны алергічны ацёк гартані.

Пчолы кусаюць толькі раз у сваім жыцці. У іх на канцы джала маецца кручок, ён застаецца ў целе ахвяры разам з часткай брушка. Пчала з вырваным джалам гіне. Чмялі, восы і шэршні могуць уджаліць некалькі разоў. Іх джала — вострая іголачка.

Як суняць боль?

Уважліва агледзьце месца ўкусу. Джала неабходна выдаліць разам з ядавітым мяшочкам, падчапіўшы пазногцем знізу ўверх. Пры гэтым старайцеся не сціскаць яго, каб рэшткі яду не трапілі ў ранку.

Пры агульнатаксічнай рэакцыі на месца ацёку варта пакласці лёд, грэлку з халоднай вадой або рушнік, змочаны ў вадзе, каб паволіць усмоктванне яду. Нельга выкарыстоўваць для мясцовага ахаладжэння сырую зямлю ці гліну — гэта можа прывесці да заражэння слупняком або сэпсісу (заражэння крыві). Для памяншэння ацёку і мясцовага запалення можна выкарыстоўваць гідракарцізонавую або прэднізалонавую мазі. Пацярпеламу рэкамендуецца як мага больш піць.

Пры крапіўніцы назіраецца значнае зніжэнне артэрыяльнага ціску, таму трэба даць пацярпеламу 20-25 кропель кардыяміну або іншага сродку. Алкаголь катэгарычна супрацьпаказаны, бо ён садзейнічае павелічэнню пранікальнасці сасудаў, што прыводзіць да ўзмацнення ацёкаў.

Агульную алергічную рэакцыю змякчае прыём любога антыгістаміннага прэпарату (дымедрол, супрасцін). У астатнім першая дапамога такая ж, як і пры агульнай таксічнай рэакцыі: халодная грэлка да месца ўкусу, 20-25 кропель кардыяміну.

Пры цяжкай агульнай рэакцыі на ўкус у рот або вусны пацярпелага трэба хутка даставіць да ўрача — ацёк можа распаўсюдзіцца на гартань і выклікаць удушша.

Дзе хаваецца небяспека?

Чмялі і шэршні — вялікія і прыгожыя насякомыя. Чмель падобны на велізарную пухнатую пчалу, а шэршань — вельмі вялікая і самая небяспечная з вос. Даўжыня яго дасягае чатырох сантыметраў. Восы і шэршні дружна і агрэсіўна абараняюць сваю калонію, а пчолы — вулей. Рой пчол можа атакаваць чалавека непадалёк ад пчальніка. Дзікія і здзічэлыя пчолы могуць зладзіць вулей у лесе ў дупле дрэва. Таму аматары «дзікага» мёду вельмі рызыкуюць.

Касматыя чмялі будуюць гнёзды пад зямлёй або ў старых пнях. Суполка чмялёў ніколі не бывае шматлікая, і яны нападаюць ў адзіночку. Джаляць чмялі вельмі балюча, таму што ў рану трапляе да 2 мг яду — у 2,5 раза больш, чым пры атацы пчалы.

Пры ўкусе ўсяго аднаго шэршня ў дарослага чалавека могуць здарыцца ацёк, страта прытомнасці і агульнае ўдушша з цяжкай алергічнай рэакцыяй. Значна горш, калі нападае цэлая сям'я шэршняў. У арганізм трапляе такая колькасць яду, што чалавек можа не выжыць.

Таму ў месцах збору такіх насякомых варта захоўваць асцярожнасць. Не трэба непакоіць гнёзды вос і нават падыходзіць блізка непажадана. Памятайце, што пчол і вос прыцягвае водар парфуму, касметыкі і салодкіх прысмакаў — садавіны, варэння, мёду, а таксама яркае адзенне, асабліва з кветачным малюнкам.

Не спрабуйце заўзята адмахвацца ад насякомых. Калі аса села на ваш рукаў, беражліва страсіце яе і не ўздумайце прыстукнуць: пах яду для іншых агрэсараў — сігнал да агульнай атакі. Не хадзіце басанож па траве, асабліва па канюшыне, дзе магчымыя гнёзды чмялёў, і па пяску на пляжы, дзе часта застаюцца кавалачкі ежы, якімі ласуюцца восы і пчолы. У лесе, полі і пры рабоце ў садзе, на агародзе адзявайце галаўныя уборы — насякомае, якое выпадкова заляцела ў валасы, з цяжкасцю выбіраецца і ад злосці джаліць у галаву.

Калі вы патурбавалі пчаліны рой або зламалі асінае гняздо, хуценька пакіньце «месца злачынства». Калі пчолы або восы кінуліся ў пагоню, нырайце пры магчымасці ў ваду ці захутвайцеся з галавой у коўдру, закрывайцеся ў недаступным памяшканні і чакайце, пакуль яны супакояцца.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках