Вы тут

«Уцякаў Іван так шпарка ад сям'і, ад гаспадаркі...»


Гэта — як «Ойча наш»: кадры вырашаюць усё (ці многае?), а таму работу з імі нельга пускаць на самацёк.

У сталіцы вось для гэтага адмысловыя курсы адкрылі — для кадравікоў. Цэлы месяц вучылі іх — і тэорыі, і практыцы... У канцы ўжо рабочыя пытанні пайшлі. Самае злабадзённае: вось набіраем мы людзей на работу, а ці можна пры гэтым высветліць, нармальны чалавек перад табой ці, мякка кажучы, не вельмі? «Можна, — адказвае выкладчык (на курсах найлепшыя былі!), — калі задаць яму нейкае простае пытанне... Ну вось пра Кука, напрыклад. Ён, як вядома, здзейсніў тры кругасветныя падарожжы. Спытайце, у час якога загінуў?» Голас з месца: «А можна пра нешта іншае, бо школу ж мы скончылі даўно, з геаграфіяй было не вельмі...»


Выкладчык, кажуць, усё зразумеў і адразу ж пераключыўся на гусей. Пытанне для жанчын: гусь, стоячы на дзвюх лапах, важыць чатыры кілаграмы, колькі заважыць на адной? Для мужчын: над полем пралятала чарада. Адну з гусей паляўнічы падстрэліў. Колькі засталося?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, асобныя з кадравічак (бландзінкі на курсах таксама былі) пабеглі ўзважвацца — спачатку на дзвюх нагах, потым на адной... Ну а мужчыны, як водзіцца, пасля вучобы на паляванне пайшлі, каб на свае ўласныя вочы ўбачыць, што пасля ўдалага стрэлу гусь сапраўды застаецца адна: астатнія разлятаюцца.

...Такім чынам пытанні ў выкладчыка і насамрэч былі вельмі простыя (з той жа серыі: «Мы з вамі пройдзем тэст на ІG?» — «А гэта не дужа далёка?» — «Дзякуй. Вы ўжо прайшлі»)... Які гэтым разам аказаўся конкурсны здымак Анатоля Клешчука? Ну вядома ж, розным: нехта глянуў на яго і нічога такога не ўбачыў — не выдаў, а нехта (як, напрыклад, спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны) — заявіла, што

Гэту фотку Анатоля

Падпісаць бяруся:

«Ясь чакаў суседку Волю

А «падгрэблі» гусі».

Трэба разумець, неспадзеўкі? Ад чаго ў мужчыны і твар такі (можна яшчэ раз глянуць на здымак)?.. Ці ўсё ж іншая прычына маецца?

Ну вядома ж, і нават не адна, — выказвае здагадку спадарыня Таццяна Новік з Клецка, бо добра ведае, што гусі — птушкі разумныя, што ў іх — адмысловы слых, што тыя лёгка адрозніваюць сваіх ад чужых... Даслоўна: «Вось у мяне, напрыклад, гусі варту нясуць: як толькі нехта набліжаецца, яны адразу ж голас падаюць!»

Дык чаму б не ўжыць гэта на карысць не толькі сваёй сям'і ці гаспадаркі, але і краіны ўвогуле? — пытае спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка. Ну сапраўды,

На ахову вадаёмаў

Трацім грошыкаў

мільёны...

Абышлося мо б танней

Зрабіць робатаў-гусей:

Не было б тады нідзе

Браканьераў на вадзе!

«Народ прыкмячаў — чый бераг, таго і рыба. Значыць, чужынцаў да яе гусі дакладна не падпусцяць, — лічыць так і спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. Ад яго ж радкі:

Адступае, бач, Валер...

А таму што браканьер!

Ён тайком ад рыбнагляду

Панаставіў тут прыладаў...

Але ж гусак чарада

Знае добра: іх вада!

Гвалт паднялі —

аж да неба!

Уцякаць злачынцу трэба!

Падзяляюць гэтую думку і сужэнцы Астроўскія з Мінска:

Людзі чулі і чыталі —

Гусі Рым уратавалі!

Вось бы й нам знайсці

вядомых

На ахову вадаёмаў!

Бо яны ж амаль

спрадвеку —

Як рабы ў чалавека.

І сапраўды — служаць нам рэкі-азёры, служаць стаўкі і балаціны, служаць верай і праўдай, як той казаў, нягледзячы ні на што — сваімі водамі, прыгажосцю, рыбай, месцам для адпачынку...

«Учора на маім тэрмометры было плюс 33, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, — сёння — 31. Значыць, найлепш было б следам за гэным дзедам:

У ваду...

Да падбародка...

Шчасце пакупацца!

...Ад гусей ды ад гарода

Цяжка адарвацца!

Жанчынам — так, — працягвае Валянціна Апанасаўна, — і па гаспадарцы, і ў агародзе шмат работы, але ж я пакуль што спраўляюся. Не разумею тых, што дзень пры дні глядзяць тэлевізар. Ну што ў ім людскае ўбачыш? Амаль нічога, бо скрынка ёсць скрынка... Па мне дык лепей зямлю глядзець, каб на ёй парадачак быў. І каб потым, зімой, у кладоўцы мог набраць сабе гародніны, адкрыць слоічак з малінавым варэннем альбо вінаградным сокам, а летам, цяпер — добрым людзям нарэзаць кветак. Так што плаваць пакуль ну ніяк не выпадае!»

Гэта — хіба гусям? Яны, бач, лёгенька на вадзе трымаюцца, прычым, на думку спадара Міколы Камароўскага з Оршы, даручэнне гаспадыні выконваюць:

Мой каханенькі Ягор

Можа плаваць —

як тапор...

Вы сачыце, мае гусі,

Каб дадому ён вярнуўся.

Трэба разумець, своечасова і жывым-здаровым, бо той (на думку спадарыні Зоі Наваенкі) чалавек хоць і сталы, ды не вельмі абачлівы:

Прыляцелі гусі з броду,

Скалацілі ў рэчцы воду,

Не збаяўся дзед вады.

Ён сказаў: «Такой бяды!»

...Каб яшчэ й трусы надзеў,

Можа б, ён яе й не меў?

А так (паводле спадара Эльяша Банеля з Мінска):

Столькі храбрасці

ў гусей...

Напалохаўся Яўсей!

Мог бы й каменем

на дно...

Дык гусям і там відно.

Трэба разумець, у чыстай вадзе?

Наконт яе цікавая здагадка ад спадара Мікалая Старых з Гомеля: «У знакамітай народнай песні, — піша ён, — на гусей, на гэтых высакародных птушак, узведзены сапраўдны паклёп. На самай справе ўсё было не так, як спяваецца, а так, як сведчыць конкурсны здымак. Ну вось паглядзіце (можна яшчэ раз на фота):

Гусі —

павачкамі з броду!

Не яны муцілі воду!

Скалаціў яе Фядот,

Які крочыў цераз брод...

А як мутная вада,

Тады гускам і бяда.

Іх вінавацяць, прычым у многім: недзе — маючы рацыю, недзе — не (з народнага: «Як гаспадар злодзей, то і чэлядзі не верыць»).

...А зрэшты, можа, нельга так пра Фядота (Яўсея, Ягора і г. д.), бо, напэўна ж, праўду
піша спадарыня Гудачкова:

Гаспадар талковы з Янкі:

Ён з гусямі

ад світанку:

Выганяе на прагулку,

Запускае у рачулку...

Любіць з гусак смажаніну,

І падушкі, і пярыну.

(Стары анекдот: «Што даюць нам гусі?» — пытае настаўніца. — «Яйкі», — адказвае двоечнік. — «А яшчэ што?» — «Многа яек», — настойвае вучань. — «Ну добра, а на чым ты спіш?» — «На падлозе»...)

Гусі і дурні, кажуць, для таго і створаны, каб іх падражніць. Што асобныя і робяць. Сведчаннем таму — цэлы россып дробных, але ж «вясёлых і праўдзівых гісторый». Ад спадарыні Таццяны Новік з Клецка:

Уцякаў Іван так шпарка

Ад сям'і,

ад гаспадаркі.

Думаў збегчы

да Марусі...

Ды яго спынілі гусі:

— Ты куды гэта, Вано?

Не карміў ты нас

даўно...

Брыдка стала Янку тут,

Што хацеў пакінуць кут:

Калі есці просяць гусі,

Тады ну яе з Марусяй!

Во як было! І каб толькі гэтак... Паводле спадара Гаўрыша:

Ноч прабавіў Янка

У сваёй каханкі,

А перад світанкам —

Муж неспадзяванкам...

Голы-босы,

у вадзе

Янка ратаваўся,

А інакш — у лебядзе

Ледзь жывым валяўся б.

Спытаеце, прычым тут гусі?

Прытым, што гэта яны сухімі з вады выходзяць, а вось людзі...

Ім век жыць і — век вучыцца, як заўважае спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:

Янка на закуску

Марыў скрасці гуску...

Не на тых нарваўся:

Ў рэчцы аказаўся:

Птушкі гвалт узнялі,

Сцёгны падзяўбалі...

Быў уперад мужыком

Стаў Іванам-гусаком.

Што, напэўна ж, лагічна: хто парася ўкраў, таму ўвушшу вішчыць. І няма, не бывае такіх «спяцоў», каб дапамаглі, каб ад віску потым пазбавілі...

Так што «хваробу» лепш папярэдзіць, чым потым лячыць, і плывец — на думку спадара Ягора Жылука з Мар'інай Горкі — якраз тое ў вадзе і робіць:

Выхваляецца Міхед:

— Я ўжо не дармаед!

Курсы вырашыў

адкрыць,

Дзе гусей

навучаць... плыць.

Ці ўмею гэта сам?

Ні на ёту,

Ні на грам...

Згадзіцеся, ёсць такія «майстры»: самі не ўмеюць, але іншых вучаць і, калі прыцісне, чаго не прыдумаюць?!

Ініцыятыва (а ўсё новае —
гэта, вы ж помніце, забытае старое?) ад спадара Касмачэўскага:

— Гусі, гусі!

— Га-га-га...

— Есці хочаце?

— Ага!

— Ну тады здавайце

Мяса, пух і яйкі...

Як маглі мы

гэтак жыць?..

Толькі б зноўку

не «прыплыць»!

Хай бог бароніць! Хай усё будзе добра. Хоць тут, бывае, не згадаць: і благое, і добрае, усё ў «адным флаконе». (Дыялог двух мужчын-суседзяў: «Кажуць, што ты да маёй жонкі ходзіш... Нядобра гэта» — «А з вамі, Івановымі, хіба разбярэш? Жонка кажа, што добра, ты — што не»...

Вось і на здымку (паводле спадарыні Юліі Максімавай):

Выраслі ў бабусі

На падворку гусі...

Іх цяпер баіцца дзед

І ў сваточкі не ідзе.

Гора. Трэба разумець, і для бабусі (хоць які целяпей, ды ўдваіх ляпей), і для дзеда?

Аднак чарговы конкурсны агляд мы завершым не гэтым: іншыя радкі ў запасе маюцца — ад даўніх і пастаянных удзельнікаў традыцыйнай «звяздоўскай» гульні. Ад тога ж спадара Валерыя Гаўрыша:

Накасіўшыся,

Яўсей

Углядаецца ў гусей:

Маўляў, з яблыкам адну

Прыгатую

і умну!

...Дам, браток,

табе параду:

Не марнуй у рэчцы час.

Гуска —

страва на Каляды —

А цяпер гуркі якраз...

Ад спадарыні Валянціны Гудачковай:

Змалку марыў Ясь

пра мора —

Неабсяжныя прасторы,

Узбярэжжы, пляжы,

дамы...

Ёсць жа —

сажалка з гусямі...

Ды ці варта наракаць?

Трэ, што маеш,

шанаваць!

Магчыма, гэта і спрэчная выснова, ва ўсякім разе з яе нагоды можна шмат што сказаць... І пачуць. Але ж гэта ўжо іншым разам, бо зараз самы час падвесці вынікі.

Нагадаем, што на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды», за 22 мая) быў сімпатычны (са спіны) раварыст, які вёз на багажніку «лысае» запасное кола да машыны...

Паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра яго — напісалі: спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Таццяна Новік з Клецка, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды і Валерый Гаўрыш...

З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» (год першага выдання 1917-ы!..) накіроўваецца ў горад Чавусы.

Хочаце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, тады варыянтаў два: прасцейшы — аформіць падпіску, больш складаны — уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, паварушыць мазгамі, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных) не больш, чым з васьмі радкоў, і...

Ну чаму б не выйграць?

Марыць не шкодна. Шкодна, кажуць, не марыць. Пішыце!

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.

Грамадства

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму.