Вы тут

Глыбокае — горад-сад вішнёвы


Вішні пладаносіць ў сярэдзіне лета, і любяць яе ўсюды. Таму «вішнёвыя сталіцы» ёсць у многіх краінах. У Літве гэта горад Жагарэ, у Харватыі — Лаўран, у ЗША — Трэвер-сіці, у Расіі — Уладзімір. У Беларусі «вішнёвай сталіцай» лічыцца гарадок Глыбокае ў Віцебскай вобласці, недалёка ад Полацка. Менавіта сюды ў сярэдзіне і канцы ліпеня едуць па сапраўдныя беларускія вішні. Мы таксама вырашылі з'ездзіць у Глыбокае ў «вішнёвы сезон» — пакаштаваць экалагічна чыстыя ягады і ўдакладніць, як правільна выбіраць вішні і што з іх варта гатаваць


Чаму менавіта Глыбокае?

Кліматычныя ўмовы Беларусі падыходзяць для вырошчвання вішні, у нас выдатна пладаносяць сарты сярэдняга тэрміну паспявання. У асноўным садаводы выкарыстоўваюць сарты беларускай селекцыі (Вянок, Грыёт Беларускі, Жывіца, Заранка, Ласуха і г. д.). Але самы, напэўна, старажытны і самы аўтэнтычны з тых, што дайшлі да нашых дзён, сорт беларускай вішні з'явіўся якраз у Глыбокім у пачатку мінулага стагоддзя. Першыя вішнёвыя сады заклаў у ваколіцах Глыбокага памешчык-селекцыянер Баляслаў Лапыр. Свой сорт аматар садоўніцтва назваў без вынаходстваў — «Вішнікіслая», а за аснову пры селекцыйнай рабоце ўзяў польскія сарты і спрадвечныя мясцовыя. Галоўнай вартасцю лапыроўскага сорту стала зімаўстойлівасць і здольнасць выдатна плоданасіць, нягледзячы на любыя капрызы надвор'я. З панскага саду «Вішня кіслая» перабралася ў сады навакольных вёсак і хутароў.

Вішні ў Глыбокім прадаюць не толькі на рынку, але і на вуліцах.

— Ягады сапраўды кіслыя?

— Кісла-салодкія, — кажа прадавец на мясцовым рынку. — І яшчэ ў гэтых вішань ёсць адметная рыса — такі, ведаеце, лёгкі смак чарэшні. Калі пакаштуеце — ужо не зблытаеце нашы, глыбоцкія, вішні ні з якімі іншымі.

Мясцовы, глыбоцкі сорт вішні садаводы хваляць за тое, што яна непатрабавальная і марозаўстойлівая. Але вішня сама па сабе — досыць складаная ў вырошчванні культура. Вядома, што прыжываецца больш за 80 % яблыневых пасадак, а вішнёвых — усяго 20-25 %. Дрэўца не любіць скразнякоў, у яго шмат шкоднікаў (напрыклад, вішнёвую кару любяць аб'ядаць зайцы). І ўсё ж кожную вясну, у пару цвіцення вішнёвых садоў, Глыбокае нібы накрывае вэлюм нявесты, а штолета гарадок падобны на вялікі вішнёвы сад. Тут вішнёвыя дрэўцы ёсць без перабольшання каля кожнага жылога дома: ці то прыватны домік, ці то пяціпавярховік.
Вішнёвыя дрэвы — абавязковы атрыбут навакольных вёсак ды хутароў. А ў 2013 годзе, за год да святкавання 600-й гадавіны заснавання гарадка, на ўездзе ў Глыбокае быў пасаджаны вішнёвы сад — 1414 дрэў. Лічба гэтая сімвалічная: упершыню горад згадваецца ў летапісах у 1414 годзе.

— Частку дрэў мы прывезлі з Батанічнага саду, але вельмі многія — менавіта наш, лапыроўскі сорт: саджанцы збіралі і ў самім Глыбокім, і па навакольных вёсках і хутарах, — распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч. — Сад расце і пладаносіць, хоць мы не арыентаваліся на высокія ўраджаі.
Месца для яго было выбрана з пункту гледжання эстэтыкі, але наогул для вішнёвых дрэў яно занадта ветранае, а вішні не любяць скразнякоў. Таму сёлета плануем абсадзіць наш сад жывой агароджай з бэзу, каб стварыць перашкоду для ветру. Так ці інакш, ураджай наш сад дае кожнае лета, і любы ахвотны можа прыйсці туды і паласавацца ягадамі.

На вуліцах «вішнёвай сталіцы» паўсюль «вішнёвы» дэкор.

Самыя экалагічныя

Вішні ў Глыбокім прадаюць на мясцовым рынку і на стыхійных міні-рынках. Збочваеш з цэнтральнай вуліцы, а там у цяньку — вішні ў вёдрах, клапатліва накрытых чыстай марляй, у кошыках, у літровых і паўлітровых слоічках.

— У мяне самыя салодкія, бярыце тут, там далей будуць кіслейшыя, — вітае мяне вясковая бабуля.

Да прыезджых тут прывыклі. Па вішні ў Глыбокае сапраўды едуць і з Мінска, і з Віцебска. Наогул, у Глыбокім летам дастаткова многа прыезджых для беларускай глыбінкі. Людзі едуць адпачываць на азёры. Сама назва мястэчка паходзіць ад старажытнай назвы возера ў межах горада. Хоць з ХІХ стагоддзя яно называецца Кагальскае — гэта значыць «агульнае», «супольнае» (ад «кагал» — яўрэйская абшчына). Тут праходзіла мяжа аседласці: у пазамінулым і ў пачатку мінулага стагоддзя каля 70 % насельніцтва Глыбокага былі яўрэі (з Глыбоччыны, дарэчы, родам знакаміты яўрэйскі лінгвіст і перакладчык Элізэр Бэн-Егуда, які адрадзіў іўрыт у якасці сучаснай гутарковай мовы). А недалёка ад горада знаходзіцца самае глыбокае ў Беларусі возера Доўгае, якое прыцягвае аматараў дайвінгу — у Глыбокім кожнае лета праходзяць розныя дайверскія мерапрыемствы, злёты і фестывалі. Глыбіня Доўгага — больш за 53 метры, і гэта не канчаткова высветленая велічыня: дайверы даследуюць дно, і, магчыма, знойдуць яшчэ больш глыбокія ўчасткі. Так што гасцініцы ў Глыбокім летам не пустуюць, а іх у горадзе пяць. Плюс аграсядзібы па берагах азёр (дзень пражывання з харчаваннем — ад 30 да 50 рублёў).

Але вернемся да глыбоцкіх вішань. На рынках у буйных гарадах можна знайсці вішні з Грэцыі, з поўначы Турцыі, з Украіны і з поўдня Расіі. Але ў цёплых рэгіёнах, з веданнем справы расказваюць жанчыны, што прадаюць глыбоцкія вішні, дрэва садоўнікі вымушаныя апрацоўваць пестыцыдамі ад хвароб і шкоднікаў значна часцей, чым у беларускім клімаце. А спрадвечныя глыбоцкія, лапыроўскія вішні (калі верыць прадаўцам) наогул нічым не апрацоўваюць — яны, маўляў, самыя экалагічныя. Толькі ісці па іх лепш як мага раней.

— Большая частка прадаўцоў гандлюе вішнямі на рынку з 6 да 9 раніцы, — расказала Людміла Карніловіч. — Пазней ужо распрадаюць рэшткі.

Вішні, дарэчы, у Глыбокім даражэйшыя, чым у Мінску — попыт нараджае прапанову, і пяцілітровае вядзерца можа каштаваць 20 рублёў і нават даражэй. Цэны «ўзлятаюць» у дні Вішнёвага фестывалю, які сёлета пройдзе ўжо дзявяты раз, з 22 да 24 ліпеня. Дата фестывалю «плавае» — яна традыцыйна прымеркаваная да піку мясцовага ўраджаю вішань. Перад фестывалем і адразу пасля яго літровы слоічак глыбоцкіх вішань абыдзецца вам у 4-5 рублёў, вядзерца — у 12-15.

Вішні чым буйнейшыя, тым саладзейшыя. Ягады драбнейшыя — таннейшыя, іх купляюць на пірагі і варэнне. Слодыч залежыць і ад колеру — цёмныя ягады саладзейшыя чым ярка-чырвоныя, да таго ж у ягадах цёмнага колеру ўтрымліваецца больш антыаксідантаў. Выбіраць лепш цвёрдыя вішні, але пры слабым націсканні на ягадку (расказалі мне) павінна ўзнікаць адчуванне, што з яе гатовы пырснуць сок. Вельмі важна купіць спелыя (але не пераспелыя) вішні, таму што гэтыя ягады пасля таго як іх сарвалі з дрэва, больш не даспяваюць. Ну а прыкмета закісання вішань — выразны вінны пах. Ад такой пакупкі варта адмовіцца.

Вішні — ягады сардэчнікаў і «фітаняшак». Яны ўтрымліваюць збалансаваны комплекс вітамінаў (А, К, групы В) і мікраэлементаў (марганец, медзь, жалеза, фосфар, цынк і г. д.), дапамагаюць змагацца са старэннем скуры (паколькі багатая на антыаксіданты) і нармалізуюць работу сэрца (за гэта адказваюць калій і магній). А яшчэ гэтыя ягады памяншаюць ацёкі, расшчапляюць тлушчы, выводзяць таксіны і паляпшаюць метабалізм. Гэта прыроднае гарачкапаніжальнае і заспакаяльнае (у старажытнасці адвар з вішань ужывалі пры эпілепсіі). На рынку ў Глыбокім вам ахвотна раскажуць, што вішні дапамогуць пры склерозе і артрыце (калі з'ядаць у дзень па кілаграму ягад, запіваючы літрам малака), і нават пры ковідзе (па-першае, падтрымаюць імунітэт, па-другое, гэта старадаўні адхарквальны сродак пры захворваннях дыхальных шляхоў).

Той самы Мюнхаўзен

У халадзільніку вішні захоўваюцца каля двух тыдняў. У маразільнай камеры — больш за паўгода (замарожваць вішню трэба без костачак). У слоічках з вішнёвым варэннем — колькі хопіць сілы волі. Калі варыце варэнне без костачак, яно захоўваецца даўжэй. З костачкамі — лепш з'есці на працягу некалькіх месяцаў, таму што ў костачках ёсць сінільная кіслата, якая з цягам часу можа трапіць у сіроп.

— Многія любяць вішнёвае варэнне з костачкамі з-за лёгкага міндальнага смаку, — кажа Людміла Карніловіч. — Але лепш усё ж костачкі выдаліць, а ў варэнне дадаць некалькі міндальных арэшкаў.

Калі варыце варэнне з вішань з костачкамі — пракаліце ягадкі ў некалькіх месцах. І абавязкова дадайце трохі вады, бо свежыя вішні з костачкамі дрэнна даюць сок, раіць бабуля, што гандлюе вішнямі на глыбоцкай вуліцы.

А наогул, з вішань можна гатаваць не толькі варэнне, пірагі і варэнікі. Напрыклад, спакон веку ў Глыбоцкім раёне соляць сала з вішнямі, Глыбоцкі мясакамбінат запатэнтаваў рэцэпт шашлыку ў вішнёвым соку, а Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, які робіць знакамітую глыбоцкую згушчонку, дапоўніў лінейку згушчанага малака згушчонкай «Чэры-брэндзі». На «Вішнёвым
фестывалі», які традыцыйна доўжыцца пяць дзён, можна прадэгуставаць самыя розныя (часам неверагодныя, але абавязкова смачныя, запэўнілі мяне) стравы з вішнямі ад прадпрыемстваў і проста ад мясцовых кулінараў. І, канешне, самі вішні з розных вёсак Глыбоцкага раёна. У 2017 годзе фестываль атрымаў статус міжнароднага: на яго прыязджаюць госці і ўдзельнікі з-за мяжы — з Расіі, Прыбалтыкі і нават Ізраіля (пабрацім Глыбокага — горад Кір'ят-Бялік). Дарэчы, лагатып фестывалю ў 2012 годзе распрацоўвала рэкламнае агенцтва «Крынь», прызёр фестывалю рэкламы «Канскія львы». Канчатковых варыянтаў было некалькі — у тым ліку алень з вішнёвым дрэвам на лбе і вішанькі-ноткі на нотным стане (у выніку быў абраны апошні варыянт). Чаму алень? Аказваецца, у Глыбокім, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і пахаваны... барон Мюнхаўзен.

На старадаўніх могілках у цэнтры Глыбокага краязнаўцы знайшлі незвычайную магілу. На крыжы — надпіс, што тут пахаваныя Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхаўзен, і ўказаны год (1878). І хоць герой кнігі, як пішуць літаратуразнаўцы і гісторыкі, спачыў у 1797 годзе, у Глыбокім вырашылі ўстанавіць помнік «таму самаму Мюнхаўзену» і зрабіць барона часткай гарадской легенды. І ў год 600-годдзя Глыбокага на вуліцы Горкага з'явіўся бронзавы Мюнхаўзен вярхом на ядры — адна са славутасцяў, каля якой любяць фатаграфавацца і госці горада, і мясцовыя жыхары. Ці трэба казаць, што на капелюшы барона — галінка вішні?..

Яшчэ адна гарадская славутасць — помнік... каму б вы думалі? Правільна, вішні! Варыянтаў, як і ў выпадку з лагатыпам, было некалькі, але спыніліся на трох вішаньках на пастаменце. Кажуць, калі пацерці самі вішанькі — гэта да павелічэння сям'і (наведванне помніка вішні — абавязковая частка фотасесіі маладых пасля загса), калі пагладзіць лісцікі — да грошай. Ну а дакрануцца да галінак — да доўгага жыцця.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам.