Вы тут

Бізнес-прыгоды «вентылятаршчыкаў» на Гомельшчыне, ці Як менеджары з пыласосамі мімікрыруюць пад камунальнікаў


У мінулым месяцы карэспандэнт «Звязды» падзялілася з чытачамі ўласнай гісторыяй, як у сваёй кватэры ў Мінску яна ледзь не стала ахвярай дзейнасці нядобрасумленных прадпрымальнікаў. Ёй і суседзям па шматпавярховіку настойліва прапаноўвалі сумнеўную паслугу — прачысціць вентыляцыйныя каналы ў кватэры. Не ўсім удалося пазбегнуць камерцыйнай пасткі. Цяпер падобныя «набегі» ўсё часцей здараюцца на Гомельшчыне. Гісторыі чысткі вентыляцыі і «аблягчэння» кішэняў спажыўцоў паслугі — як пад капірку.


Алгарытм дзеянняў менеджараў па продажы паслугі таксама аднолькавы. Мэтавая аўдыторыя камерцыйнага ахопу — пажылыя грамадзяне і маці ў дэкрэтным водпуску, якія застаюцца дома адны. Лічыцца, што гэта і самыя эмацыянальна ўразлівыя катэгорыі грамадзян. Ім прапануюць палепшыць стан вентыляцыі. У выпадку адмовы прадстаўнікі прыватных фірмаў палохаюць гаспадароў нібыта велізарным штрафам ад аварыйных службаў і адключэннем газу з-за небяспечнага стану ў кватэры. Для вырашэння «праблемы» настойліва пераконваюць падпісаць дагавор. Сума — 175 рублёў, гэта цана са зніжкай. Навязваюць паслугу нават таму, хто не з’яўляецца ўласнікам жылля, не мае рэгістрацыі па адрасе. Звяртаюцца і да схемы, калі спачатку вельмі хутка праводзяць нейкую маніпуляцыю ў вентыляцыйнай адтуліне пры дапамозе бытавога пыласоса, а ўжо потым, калі паслуга аказаная і назад ходу няма, патрабуюць паставіць подпіс у дакументах.

«Станоўчы» эфект

Маркетынгавая пастка — у спецыфіцы паслугі. Напрыклад, калі ўтварыўся засор каналізацыі або паўсталі праблемы з ацяпленнем — гэта ў ЖЭС. Вентыляцыя ж не на слыху. Давяраюць нязваным гасцям і таму, што менеджары наўмысна мімікрыруюць пад камунальшчыкаў (выкарыстоўваюць падобную спецвопратку, кажуць, што ад ЖКГ). Гэта асабліва добра «выстрэльвае» сярод людзей пенсіённага ўзросту, якія прывыклі без лішніх пытанняў падпарадкоўвацца распараджэнням адказных службаў. Да таго ж камунальныя паслугі асацыіруюцца ў грамадзян з дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі. Выходзіць, што такія «візіты» псеўдакамунальнікаў дрэнна адбіваюцца на даверы людзей да супрацоўнікаў афіцыйных камунальных прадпрыемстваў. Чым жа кіравацца, каб не трапіць у няёмкае становішча і ў той жа час не адмовіць рэальным камунальным аварыйным службам?

Намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Алег Спірыдонаў звяртае ўвагу:

— Згодна з заканадаўствам, на сённяшні дзень работы па праверцы, прачыстцы, ліквідацыі няспраўнасці прыдамовых вентыляцыйных каналаў уваходзіць у тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў і выконваецца непасрэдна тымі арганізацыямі, якія займаюцца абслугоўваннем гэтых дамоў без спагнання якой-небудзь платы, паколькі плата за тэхнічнае абслугоўванне спаганяецца з грамадзян штомесяц згодна з тымі сумамі, якія выстаўляюцца за аплату жыллёва-камунальных паслуг. У выпадку ўзнікнення праблем грамадзянам неабходна звяртацца непасрэдна ў сваю арганізацыю па абслугоўванні ці пакідаць заяўку ў службе 115.

Яшчэ раз, каб было зразумела

За тым, каб сістэма вентыляцыі працавала спраўна, сочаць спецыялізаваныя арганізацыі на падставе дагавораў, заключаных з прадпрыемствамі ЖКГ раёнаў. Яны ажыццяўляюць планавае абследаванне, пры неабходнасці вентшахты прачышчаюць. Але гэтыя паслугі спецыялісты выконваюць у рамках дагаворных абавязацельстваў бясплатна для жыхароў. Ніякія іншыя арганізацыі не маюць права ўмешвацца ў работу ўнутрыдамовых інжынерных сістэм і вентыляцыі ў прыватнасці, а тым больш патрабаваць за гэта плату.

Спецыялісты прапаноўваюць запомніць некалькі правілаў, як не скаціцца ў «камунальную параною», але і не трапіць у сітуацыю з навязанай платнай паслугай. Па-першае, перад пакватэрным абходам любых афіцыйных дзяржаўных службаў на дзвярах пад’ездаў павінна з’явіцца карэктная аб’ява з датай, назвай арганізацыі, якая праводзіць абследаванне, або той, што замовіла паслугу, звыклым нумарам гарадскога тэлефона для сувязі. Другое правіла — перад пачаткам любых работ у кватэры, якія асабіста ўласнік або арандатар не заказваў, трэба звязацца з дыспетчарам ЖЭСа. Правіла № 3 — нельга падпісваць дакументы, не праверыўшы, хто з імі звяртаецца. Важна крытычна ставіцца да любых аб’яў на пад’ездзе, якія носяць пагрозлівы ці катэгарычны характар.
Не трэба лянавацца тэлефанаваць у ЖКГ па ўдакладненні.

Камунальнікі звяртаюць увагу і на тое, што варта памятаць — ніякіх тэрміновых работ у кватэры, калі толькі гаспадар сам не бачыць іх неабходнасці (адбылося затапленне, адчуваецца пах газу) ніхто не можа навязваць.

Бізнес-прыгоды ў Гомелі

У падобных справах складана даказаць, што факт махлярства меў месца. Распаўсюджвальнікі тавару — афіцыйна зарэгістраваная фірма. У дагаворы ўказаны кошт тавару, пад дакументам чалавек без прымусу ставіць свой подпіс. Такія грамадска-працэсуальныя адносіны разбіраюцца ў судовым парадку. І ёсць у Гомелі тыя, хто вырашыў пайсці такім шляхам. Толькі за апошнія тры дні ў Гомельскую гарадскую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» звярнуліся тры заяўнікі з просьбай прадстаўляць іх інтарэсы ў судзе. Яны маюць намер дабівацца скасавання дагавораў-заяў на выкананне работ па ачыстцы ўнутрыкватэрнай вентыляцыі. Усе заяўнікі-спажыўцы — сталыя людзі. Для іх кошт навязанай паслугі — гэта значная частка пенсіі. Многія прыйшлі па дапамогу праз пэўны час, калі ўжо выйшаў тэрмін аплаты па дагаворы, а за пратэрміноўку па плацяжы пагражае налічэнне пені, — адзначае юрыст-кансультант Гомельскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Андрэй Бабіч.

— Не ўсе пажылыя людзі, якія звярнуліся, разумеюць, што ўвогуле за дагавор яны падпісалі, — тлумачыць Андрэй Іванавіч. — А між тым, акрамя дагавора, усімі падпісана заява на выканне паслугі і акт аб сдачы-прыёмцы выкананых работ па ачыстцы вентыляцыі.

Менеджары-«вентылятаршчыкі» пры выкананні паслугі даюць спажыўцам падпісаць і юрыдычна ўдала складзены дадатак да дагавора. Гэта ліст з друкаваным тэкстам аб тым, што супрацоўнік фірмы-падрадчыка паслугі правёў поўную кансультацыю па ўладкаванні ўнутрыкватэрнай вентыляцыі, распавёў аб тым, якім чынам будзе аказана паслуга, агучыў яе кошт.

— Не ўсе спажыўцы, якія падпісалі падобны дагавор на навязаную ім паслугу, адважацца судзіцца з фірмай, на гэта і разлічваюць падобныя прадпрымальнікі, — дадае Андрэй Бабіч.

Ён адзначае, што ў іску ў суд можна апеляваць да пункта 1-га артыкула № 116 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў»: калі ў момант аказання паслугі спажыўцу не была дадзена ўся неабходная поўная і праўдзівая інфармацыя аб паслузе, ён мае права патрабаваць у судзе скасавання дагавора і вяртання заплачаных грашовых сродкаў.

Спажыўцы могуць настойваць і на тым, што «здзелка» была заключана пад уплывам падману, з прычыны збегу цяжкіх абставін на вельмі не выгадных для сябе ўмовах. Можна апеляваць і да таго, што менеджары кампаніі падаюць сваю паслугу як нешта жыццёва неабходнае. Хай даказваюць, што да іх паслугі вентыляцыя дрэнна працавала ці стала працаваць лепш, чым раней.

Прынамсі, у арганізацыю днямі звярнулася маладая мама з Гомеля. Настасся па той жа схеме трапіла ва ўласнай кватэры ў камерцыйную пастку «вентылятаршчыкаў» і падпісала дагавор. Яна атрымала кансультацыю юрыста, даслала афіцыйную прэтэнзію на адрас прыватнай кампаніі па чыстцы вентыляцыі, нават з’ездзіла ў офіс прадпрыемства. Кажа, дома, на сямейным сходзе ўсё ж такі вырашылі не падаваць іск ў суд, а аплаціць квітанцыю за аказаную паслугу. Гамяльчанка прыняла рашэнне заплаціць, але зрабіла сур’ёзны вывад на будучае. Цяпер для маладой мамы важна папярэдзіць іншых людзей, якія могуць таксама апынуцца ў яе становішчы. Яна, дарэчы, вельмі дапамагла ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу — паказала ўсе дакументы, якія падпісваюць спажыўцы падчас візіту «вентылятаршчыкаў» і сваю прэтэнзію да прыватнай кампаніі з адказам на яе.

На гэтым тыдні ў Гомелі адбудзецца першае судовае пасяджэнне. На ім юрыст Гомельскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» будзе прадстаўляць інтарэсы пажылой сямейнай пары гамяльчан. Спецыяліст па спажывецкіх справах звярнуў увагу, што прыватная кампанія па ачыстцы вентыляцыі зарэгістравана ў Гомелі толькі месяц таму. Трэба рыхтавацца да таго, што гэта толькі пачатак эмацыянальна вострых заяў ад спажыўцоў, якія найбольш уразлівыя ў камерцыйных правілах гульні таварна-грашовых адносін.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў.