Вы тут

Крысціна Асадчая — баец студэнцкага атрада матросаў-ратавальнікаў


Студэнтка, спартсменка і проста прыгажуня! А галоўнае — вельмі сумленны, адказны, рашучы чалавек. Дзяўчына з Гомеля свой летні адпачынак прамянала на аператыўныя дзяжурствы. Крысціна Асадчая — баец студэнцкага атрада матросаў-ратавальнікаў, якія сёлета заступілі на службу на вадаёмах Гомельшчыны. Яна на сваім прыкладзе паказала,
як гэта — першай у рэгіёне выступіць у падобным статусе.


Сёння ў яе паслужным спісе — звыш 350 гадзін нясення службы. Месца работы — каскад азёраў у мікрараёне Валатава Чыгуначнага раёна Гомеля. На змене — дзевяць гадзін два дні запар, потым адзін выхадны. Сочыць за работай байцоў на дзяжурстве дасведчаны ратавальнік, старшына ратавальнага паста і кіраўнік Гомельскай цэнтральнай раённай арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Мікалай Раманаў. Работа, вядома, напружаная фізічна (рэжым дзяжурства на вадаёмах прыходзіцца і на «гарачыя» гадзіны пік), але і вельмі складаная маральна. Вытрымае не кожны хлопец, не тое што дзяўчына. Але скідка на слабы пол — гэта не пра Крысціну. Яна — студэнтка факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Ф. Скарыны, перайшла на трэці курс. З дзяцінства займалася рознымі відамі спорту. Давялося ёй паспрабаваць сябе ў рабоце з дзецьмі ў секцыі па таэквандо, якім некалі займалася. Добра плавае з ранняга дзяцінства. Удасканальваць спартыўныя навыкі працягвае і на занятках у басейне. Яшчэ на першым курсе Крысціна загарэлася ідэяй трапіць у падраздзяленне студэнцкага атрада матросаў-ратавальнікаў.

— Мне расказалі, што дзяўчат там няма, але, вядома ж, мяне гэта не спыніла. Хутчэй, нават наадварот — вырашыла, што стану першай. Сёлета запісалася загадзя, калі атрад толькі фарміраваўся, і мяне ўзялі, — кажа студэнтка. Адзначае, што яе родныя таксама падтрымалі рашэнне ўступіць у рады ратавальнікаў на вадзе. Дарэчы, бацька Крысціны — афіцэр МНС, узначальвае Гомельскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях.

— Мабыць, жаданне прыносіць карысць і дапамагаць людзям перадалося мне ад таты. Ён, вядома ж, падтрымаў маё ўступленне ў атрад, кажа, што мы практычна калегі, і ганарыцца мною. Гэта вельмі прыемна, — дадае дзяўчына.

Для яе галоўнае, што новы вопыт дае магчымасць адчуць ступень адказнасці за іншых людзей, нясе і пачуццё ўпэўненасці, што ў экстраннай сітуацыі яна не разгубіцца.

Перад тым як выйсці на работу, Крысціна вытрымала курс спецыяльнай падрыхтоўкі. Як і ўсе байцы, здавала плаванне, уменне трымацца на вадзе, ныраць, кіраваць лодкай. Экзамен прымалі ратавальнікі абласной арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе.

— Нашаму атраду прыходзіцца быць напагатове і на сушы, і на вадзе. Адзін чалавек патрулюе з лодкі на працягу дзвюх гадзін, другі — кантралюе сітуацыю з берага, затым змяняемся, — тлумачыць ратавальніца. — Пачынаецца змена з абавязковага інструктажу па тэхніцы бяспекі. Пад кіраўніцтвам старшыны ратавальнага паста загружаем лодку выратавальным рыштункам і прыступае да нясення службы, — ужо па-вайсковаму рапартуе дзяўчына.

Старшына ратавальнага паста на каскадзе азёраў у мікрараёне Валатава, старшыня Гомельскай цэнтральнай раённай арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Мікалай Раманаў кажа, што без перабольшання сёлета падабралася вельмі моцная каманда адказных і ўважлівых матросаў-ратавальнікаў з ліку байцоў студэнцкага атрада.

— Гэтыя маладыя людзі адважыліся на высакародную місію. Яны вельмі смелыя, бо не кожны вырашыцца несці адказнасць за жыцці іншых, выпрабоўваць свае сілы і нервы, каб быць на варце чалавечага жыцця. Гэта спартыўныя, падрыхтаваныя маладыя людзі, плыўцы, весляры, прадстаўнікі воднага пола, кандыдаты ў майстры спорту. Яны фізічна вельмі моцныя, — дадаў Мікалай Раманаў.

Дасведчаны ратавальнік падкрэслівае: не менш важны навык, які адточваеца ў падобнай рабоце — гэта ўменне пераконваць людзей выконваць правілы бяспекі. Нават тых, хто настроены агрэсіўна і паводзіць сябе неадэкватна. Маладую змену тут вучаць усім тонкасцям і асаблівасцям нясення службы на вадзе, нацэльваюць на работу на апярэджанне, бо важна пагаварыць з людзьмі, растлумачыць рызыкі, прадухіліць парушэнні.

— Нагрузка тут немалая. У зоне ўвагі могуць знаходзіцца сотні людзей. Акцэнт робім на недапушчэнні трагічных выпадкаў. Толькі ў мінулым месяцы выпісалі 10 папярэджанняў, а вусных, вядома, значна больш. Для большай эфектыўнасці службы ў летні перыяд варта павялічваць колькасць ратавальнікаў, — лічыць Мікалай Раманаў.

Між тым байцы студэнцкага атрада матросаў-ратавальнікаў, якія былі сёлета адабраныя для службы, — добрая падмога ў рабоце супрацоўнікаў ратавальных станцый. Вядома, у гарачыя летнія месяцы на вадаёмах павялічваецца колькасць адпачывальнікаў, рэжым нясення службы ратавальнікаў на вадзе напружаны. Таму ініцыятыва БРСМ па стварэнні студатрадаў байцоў-ратавальнікаў — вельмі актуальная. Увогуле падобныя атрады фарміруюцца на Гомельшчыне трэці год запар. Гэта першая такая практыка ў нашай краіне і абсалютна новая для краіны летняя форма занятасці маладых людзей. Сёлета да работы матросаў-ратавальнікаў прыступілі пятнаццаць студэнтаў. Як будзе развівацца дадзеная ініцыятыва моладзі ў наступным годзе і ці пяроймуць прыклад Гомельшчыны іншыя рэгіёны, пакажа час.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ

Загаловак у газеце: Сапраўдны баец

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках