Вы тут

Калі разрад можа стаць смяротным


Электратраўму, несумяшчальную з жыццём, атрымаў на сваім лецішчы ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці мужчына 1957 года нараджэння. Гамяльчанін рыхтаваўся да рыбалкі. Прынаду — дажджавых чарвякоў — ён вырашыў не накапаць рыдлёўкай, як гэта звычайна робіцца, а здабыць дзякуючы металічнаму штыру, да якога пры дапамозе кабеля падвёў 220 вольт ад разеткі...


Pixabay.com

Такім чынам мужчына спрабаваў аблегчыць сабе работу. Калі чарвякі пачалі з’яўляцца на паверхні, рыбак выцягнуў штыр, не адключыўшы яго ад электрасеткі. Электрычны разрад, які прызначаўся для чарвякоў, «прайшоўся» па чалавеку — мужчына загінуў.

Па дадзеным факце Веткаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка. На месцы здарэння працавалі і спецыялісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці. Судовыя эксперты выявілі на целе пацярпелага электраметкі, характэрныя для паражэння электрычным токам, — пашкоджаныя ўчасткі скуры, праз якія адбыўся ўваход і выхад электрычнага разраду.

Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці, удар электрычным токам часцей за ўсё адбываецца ў выніку няшчасных выпадкаў або парушэння тэхнікі бяспекі падчас карыстання электрычнасцю. «Ступень праяўлення электратраўмы залежыць ад шэрагу фактараў, да якіх адносяцца метэаралагічныя ўмовы: у прыватнасці, спёка, падчас якой узмацняецца потавыдзяленне і зніжаецца супраціўленне дзеянню току, павышаная вільготнасць, — удакладнілі ў Дзяржкамітэце судэкспертыз. — Акрамя таго, уплываюць стан здароўя і ўзрост чалавека: старыя і дзеці, а таксама людзі з шэрагам хранічных захворванняў больш уразлівыя да дзеяння току. Яго сіла з’яўляецца больш паражальнай, чым напружанне. Калі сіла току малая, а напружанне вялікае, то судакрананне выклікае болевы эфект і, як правіла, не прыводзіць да смяротных зыходаў. Ад значэння сілы току, які праходзіць праз чалавека, залежыць эфектыўнасць згубнага ўздзеяння электрычнасці на арганізм. Таму пры карыстанні электрычнасцю неабходна заўсёды выконваць тэхніку бяспекі і не дазваляць малым дзецям самастойна карыстацца электрапрыборамі».

— З пачатку 2021 года на падкантрольных Дзяржэнергагазнагляду аб’ектах у краіне адбыўся 21 няшчасны выпадак удару электрычным токам: 9 здарэнняў адбылося на вытворчасці і 12 у быце, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржэнергагазнагляду Андрэй ЛЯГОЦІН. — Усяго пацярпелі 23 чалавекі, з якіх 15 загінула, пяцёра атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы. Варта адзначыць, што летась за аналагічны перыяд адбылося 14 няшчасных выпадкаў удару электрычным токам (5 на вытворчасці і 9 у быце).

Як адзначаюць у Дзяржэнергагазнаглядзе, найбольш частымі прычынамі няшчасных выпадкаў электратраўматызму сярод насельніцтва з’яўляюцца ажыццяўленне рыбнай лоўлі токаправоднымі вудзільнамі ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы, пранікненне на энергааб’екты з мэтай крадзяжу камплектуючых або ў ходзе дзіцячых гульняў. На вытворчасці ж такімі прычынамі звычайна з’яўляюцца пашырэнне рабочага месца, невыкананне тэхнічных мерапрыемстваў, звязаных з бяспекай правядзення работ, у тым ліку невыкананне праверкі адсутнасці напружання на токаправодных частках, парушэнне правілаў аховы электрычных сетак пры выкананні работ у ахоўных зонах ліній электраперадачы.

Вераніка КАНЮТА


  • У мэтах прадухілення няшчасных выпадкаў электратраўматызму Дзяржэнергагазнагляд рэкамендуе:
  • не выкарыстоўваць самаробныя электрычныя прыборы і падаўжальнікі, электрычныя прыборы і падаўжальнікі з відавочнымі пашкоджаннямі ізаляцыі, штэпсельных злучэнняў, корпуса;
  • не залазіць на апоры паветраных ліній электраперадачы;
  • не адчыняць дзверы, не пранікаць унутр і не падымацца на трансфарматарныя падстанцыі;
  • не падымацца на дрэвы, дзе паміж галінамі праходзяць правады паветраных ліній электраперадачы;
  • не набліжацца да абарванага провада паветранай лініі электраперадачы, які ляжыць на зямлі, бліжэй чым на восем метраў;
  • не накідваць на правады паветраных ліній электраперадачы разнастайныя прадметы;
  • не гуляць каля трансфарматарных падстанцый і пад лініямі электраперадачы;
  • не пакідаць малых дзяцей без нагляду каля трансфарматарных падстанцый і пад лініямі электраперадачы;
  • знаходзячыся на рыбалцы, не лавіць рыбу ў вадаёмах паблізу і пад паветранымі лініямі электраперадачы;
  • не праходзіць з паднятай уверх раскладзенай вудай пад правадамі паветраных ліній электраперадачы;
  • не парушаць патрабаванні забараняльных плакатаў, устаноўленых у месцах праходжання паветраных ліній электраперадачы праз аўтамабільныя дарогі і вадаёмы;
  • не спыняцца, не запраўляць і не рамантаваць аўтатранспарт і сельскагаспадарчую тэхніку пад паветранымі лініямі электраперадачы;
  • не ажыццяўляць рамонт электраўстановак і электраабсталявання самастойна, давяраць правядзенне дадзеных работ толькі кваліфікаваным спецыялістам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».