Вы тут

Мадэль Полі Канабіс: Не варта навязваць свае ўяўленні пра прыгажосць


Індустрыя моды — цікавы і адначасова складаны свет, дзе недастаткова мець толькі прывабную знешнасць. Тая ж прафесія мадэлі часта асацыіруецца выключна з подыумам, сафітамі, здымкамі для часопісаў і вялікімі заробкамі. Ці так гэта насамрэч? Пра закуліссе і перспектывы ў дадзенай сферы «Чырвонка. Чырвоная змена» паспрабавала даведацца ва ўдзельніцы шматлікіх конкурсаў прыгажосці Полі Канабіс. Яна — добры прыклад таго, што можна зрабіць сябе насуперак усім, калі верыць, мець розум і ведаць, чаго па-сапраўднаму жадаеш.


— Свет уратуецца прыгажосцю, сказаў некалі класік. Калі перанесці пасыл на рэальнае жыццё, то як гэта працуе? І што вас матывуе на ўдзел у разнастайных конкурсах?

— Мой самы галоўны матыў — дастойна прадставіць краіну, таму што мне хочацца, каб людзі ганарыліся тым, што яны беларусы. Хачу, каб за дзяржаву выступалі менавіта нашы дзяўчаты, а не мадэлі з іншых краін, бо ў нас вельмі шмат прыгажунь. Таксама мяне матывуе і імкненне распавесці, што такое конкурсы, таму што яны не толькі пра прыгажосць. Зразумела, дзяўчына павінна быць з цікавай і прыемнай знешнасцю, але ж гэта далёка не галоўнае. Кастынг мы праходзім на этапе перад тым, як трапляем на само спаборніцтва. А там цябе ўжо ацэньваюць зусім па іншых характарыстыках, напрыклад, па ўменню паводзіць сябе з іншымі людзьмі, бо мае значэнне не толькі тваё стаўленне да суддзяў, але і да астатніх канкурсантак, нават да пакаёўкі ў атэлі. Важна, які прыклад ты падаеш іншым. Пасля, калі ты перамагаеш і атрымліваеш карону, то з ёй прыходзіць і вялікая адказнасць. Ты павінна адпавядаць мноству крытэрыяў, натхняць і матываваць іншых людзей змяняцца да лепшага і змяняць свет вакол сябе.

— Ведаю, што конкурсы прыгажосці таксама маюць пэўныя сацыяльныя пасылы. На што вы арыентуецеся, выбіраючы чарговы для ўдзелу?

— Гэты момант для мяне вельмі важны. Трэба ўлічваць і тое, які тып каралевы шукаюць. Бо на адным конкурсе чакаюць дзяўчыну, якая ўмее пранікнуцца чужымі праблемамі, паколькі ёсць сацыяльная скіраванасць, а значыць, будзе шмат дабрачынных мерапрыемстваў, паездак у дамы састарэлых, дамы-інтэрнаты і г. д. У другім патрэбна такая канкурсантка, якая проста будзе ззяць на сцэне і ніхто не зможа адвесці ад яе вачэй. Іншымі словамі, гэта ўжо арыентацыя на іншы тыпаж. Першая наўрад ці пераможа ў другім конкурсе, як і наадварот. Калі казаць пра сацыяльную скіраванасць, то для ўдзельніц гэта магчымасць даведацца шмат цікавага. Вось займаецца хтосьці аховай навакольнага асяроддзя, але не мае ўяўлення, як спыніць вайну ва ўсім свеце, а калі трапляе на конкурс, то можа набыць новыя веды па тым кірунку, у якім зацікаўлены. Пасля гэта можа выліцца нават у нейкія праекты ў сваёй краіне. Глядзіце, тая ж тэма экалогіі не ўспрымалася мной блізка і маштабна да моманту ўдзелу ў конкурсе «Міс Зямля». Але ў працэсе падрыхтоўкі да яго нам трэба было на працягу месяца кожны дзень рэалізоўваць нейкае дзеянне, звязанае з аховай навакольнага асяроддзя. За гэты час я памяняла ўсе лямпачкі напальвання ў сябе і ў сяброў дома на энергазберагальныя, стала сартаваць смецце асобна, арганізавала збор батарэек у пад'ездзе. Бо яны вельмі шкодныя, напрыклад, адна забруджвае два кубаметры зямлі і забівае дваццаць тысяч дажджавых чарвякоў, двух вожыкаў. Таксама мы садзілі дрэвы, ездзілі на смеццеперапрацоўчы завод. Пасля конкурсу карысныя звычкі засталіся ў маім жыцці.

— Якія яшчэ тэмы сацыяльнай накіраванасці вас цікавяць сёння?

— Булінг, стандартызацыя прыгажосці... Аднак не варта навязваць свае ўяўленні пра прыгажосць. Я не ведаю прычыны, аднак у школе адчувала непрыманне сябе іншымі дзецьмі. Але ж ім часам і прычына не патрэбная альбо яны могуць яе нават не ўсведамляць. Проста мае мары, імкненні адрозніваліся ад іхніх. Плюс я была высокая і худая, а калі ты не такі, як іншыя, то з цябе могуць здзекавацца. Таму ўсё, што ў мяне складвалася, у тым ліку і сяброўства, адбывалася ўжо ў іншых кампаніях.

— Пайсці ў мадэлі — уласнае жаданне ці ідэя бацькоў?

— Перш за ўсё маё ўласнае, паколькі я вельмі нервавалася з-за таго, што высокая і худая. Мяне аддалі ў мадэльную школу, каб павысіць самаацэнку і паказаць, што гэта не недахоп, а наадварот, можа стаць перавагай, і ў будучым у дадзеным рэчышчы можна пабудаваць кар'еру. Вядома, я не ставіла сабе мэту быць супермадэллю, але пачала працаваць — і справа мяне зацягнула.

— А калі з'явілася ўпэўненасць, што вы паспяховая ў тым, чым займаецеся?

— Я думаю, гэтае адчуванне ўзнікла тады, калі пачала ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці. Я атрымлівала ўзнагароды і разумела, што нечага дасягнула. Калі ж гаварыць пра мадэльны бізнес, то тут пунктам такога адліку стаў кантракт у Мілане, бо такога кшталту работу я лічыла для сябе паказчыкам мадэльнага прафесіяналізму. Потым ужо пачаліся здымкі для вокладак часопісаў і іншыя моманты. Усё складваецца з дэталяў, і чым іх больш, тым больш ты разумееш, што ўжо маеш што паказаць і расказаць пра сябе.

— Раскажыце пра сваю сям'ю.

— Тата ў мяне займаецца бізнесам, а мама была рэжысёрам дзіцячай тэатральнай студыі, дзе я таксама займалася. Мама заўсёды падтрымлівала мяне ў любых эксперыментах і пошуках сябе. Так, калі ў 12 гадоў я захацела пафарбаваць валасы ў зялёны колер, то яна мне нават дапамагла гэта зрабіць. Цяпер на падобнае мяне ўжо не цягне. Я засяроджана на сваёй рэалізацыі.

— У вас здараюцца перыяды нявер'я ў сабе?

— Ва ўсіх бываюць узлёты і падзенні. Перамагае той, хто ўстае на адзін раз больш, чым падае. Бо такое жыццё. Ты не можаш пастаянна быць на пазітыве, адчуваць сябе ўпэўнена. Але нават калі здараюцца дрэнныя дні, то не трэба расстройвацца. Варта проста разумець, што ўсё пройдзе.

— А ў што верыце, акрамя як ва ўласныя сілы?

— У сяброўства, у сілу ведаў і ў тое, што ўсяго можна дасягнуць працай. Усе мэты трэба разбіраць, раскладваць на крокі і дзейнічаць, бо няма нічога немагчымага. Любую мару можна здзейсніць, калі правільна да яе падысці.

— Раскажыце, адкуль узялося захапленне эканомікай?

— Яшчэ ў дзяцінстве я думала пра тое, што буду вучыцца на фінансіста. І маё жаданне рэалізавалася. Мяркую, гэта звязана з тым, што эканамічная адукацыя можа спатрэбіцца ў любой сферы дзейнасці. Тая ж сусветная эканоміка — для мяне проста космас.

Я ведаю цану адукацыі. Лічу, што вучоба ва ўніверсітэце — гэта аснова, хоць, зразумела, яна патрабуе часу, але там рыхтуюць якасных спецыялістаў.

— Яшчэ нечым цікавіцеся?

— Магу і кніжку пачытаць, і на вечарынцы з сябрамі пабыць, але гэта не кожны дзень. Бываюць перыяды, калі я некалькі дзён сяджу дома, а потым назапашваецца энергія і хочацца ў кампанію. Усе мае захапленні базіруюцца ў сферы шоу-бізнесу, конкурсаў прыгажосці, фатаграфіі. Я займаюся вакалам, хаджу на танцы, брала ўрокі акцёрскага майстэрства. Мне падабаецца вывучаць замежныя мовы. Хачу вывучыць іспанскую, кітайскую і арабскую мовы. Думаю, калі б ведала іх, то была б шчаслівая...

— Якой вы бачыце сябе гадоў праз дзесяць?

— Шляхоў кар'ернага развіцця ў мадэльным бізнесе шмат. Усе ведаюць тыя ж прыклады Наомі Кэмпбел, Кейт Мос і іншых. Але мне ў перспектыве хацелася б стварыць свой конкурс прыгажосці. Праз дзесяць гадоў я бачу сябе бізнес-лэдзі, і думаю, што ў мяне ўжо нават з'явіцца сям'я. Увогуле, хочацца самастойна развівацца ў шоу-бізнесе, а таксама дапамагаць іншым дзяўчатам дабівацца сваіх мэт: ажыццяўляць свае мары ў сферы прыгажосці.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.