Вы тут

Засушлівы сезон


Пастаноўка, заяўленая як «яўрэйская рапсодыя», сутнасна ўяўляе сабой трагікамедыю, прыпраўленую своеасаблівым нацыяналь-ным каларытам. Аўтар літаратурнай асновы — Таццяна Жданава, даўняя партнёрка тэатральнай установы, актрыса і драматург, чые творы ставіліся на розных пляцоўках. П’еса «Хамсін», па яе словах, — персанальны дэбют у «дарослым» тэатры.


Галоўны герой Манфрэд (Алег Радкевіч) з дачкой Кларай (Марыя Барэйка).

Першая «спроба пагаварыць з гледачом больш сур’ёзна», як сама драматург апісвае новую работу, абярнулася відавочнай удачай. Прынамсі, мяркуючы па жывой рэакцыі прысутных на відовішчы гледачоў, гэта быў адназначны фурор. Зусім без недахопаў, аднак, не абышлося, але пра ўсё па парадку. Падзеі адбываюцца познім летам у Ізраілі сярэдзіны мінулага стагоддзя.

У тую пару, калі на Блізкім Усходзе пануе хамсін — знішчальны афрыканскі вецер, які нясе за сабой пылавыя буры і страшэнную спёку.

Нягледзячы на ўсю бязлітаснасць, хамсін з’яўляецца звычайнай і, што самае ўражлівае, сезоннай прыкметай мясцовага клімату. Штогод напрыканцы лета пясок з пустынь Паўночнай Афрыкі засцілае сабой увесь рэгіён, перашкаджаючы яго насельнікам дыхаць. Сухавей руйнуе сельскую гаспадарку, а часам перарастае ў сапраўднае прыроднае бедства. З гэтай прычыны з’ява цвёрда замацавалася ў фальклоры шматлікіх блізкаўсходніх народаў і нярэдка фігуруе ў творах мастацтва, народжаных гарачай зямлёю.

Датычыцца гэта таксама і Ізраіля, дзе больш-менш рэгулярна выходзяць фільмы, публікуюцца вершы і выконваюцца песні з такой назвай. Інакш кажучы, арабскае слова «хамсін» для ізраільцяніна не пусты гук, а вялікая вобразная сістэма і разам з тым цэлы стос успамінаў. У рэшце рэшт гэта рэальнасць жыцця для некалькіх пакаленняў ізраільскіх жыхароў. А вось для сярэдняга беларускага слыху такое запазычанне будзе нязвыклым і многім нічога не скажа. Адно толькі гукавы склад прываблівае сваёй арганічнай ямбічнасцю.

Таму вельмі прыемна і, галоўнае, цікава бачыць у афішы беларускіх тэатраў гэткую небеларускую лексіку. Інтрыгоўнае слова заўсёды было і, пэўна, назаўсёды застанецца для большасці носьбітаў мовы экзатызмам, бо апісвае з’явы, магчымыя толькі ў канкрэтнай частцы свету. Якім жа чынам незвычайны кліматычны феномен паказаны на сцэне? Як гэты моцны вобраз выкарыстоўваецца для падмацавання агульнай ідэі новай пастаноўкі? Шчыра кажучы, без належных у такой сітуацыі старання і вынаходлівасці.

Падумайце самі, хамсін тут фігуруе выключна як фон для аповеду, але сапраўднай дэкарацыяй так і не становіцца. Жорсткі і бескампрамісны прыродны катаклізм, што трымае ў заложніках цэлыя краіны, нібыта павінен быў адбіцца на сцэнаграфіі, ён літаральна просіцца атрымаць яскравую візуалізацыю. У выніку ж маем два бытавыя вентылятары, якія ў сваім стандартным рытме час ад часу раздзьмуваюць кавалкі празрыстага флёру ды ў патрэбныя моманты — сцэнічны дым. Зразумейце правільна, гэта таксама выглядае дастаткова эфектна!

Але ж звесці настолькі вобразна багатую з’яву да двух вентылятараў…

Канешне, неабавязкова — а ў межах такой «камернай» пастаноўкі нават і шкодна — выкарыстоўваць дарагія дэкарацыі і спецэфекты, але ніхто і не просіць. Мінімалістычны падыход, які абрала мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка, цалкам мае месца быць: ды сёння ў такім рэчышчы афармляецца большасць спектакляў! Тым не менш, адносна бясконцага мастацкага патэнцыялу з’явы-першапрычыны знойдзенае візуальнае рашэнне можна лічыць проста скупым. Акрамя таго, праславутыя вентылятары ніяк не прыхаваны, хаця, верагодна, варта было б.

Аднак не сцэнаграфіяй адзінай жыве чалавек. Якім жа чынам хамсін уплецены ў аповед? На ўзроўні драматургіі ён выступае гэткім трыгерам, спускавым механізмам для распачынання дыялогу. Вецер прыносіць з сабой душы бацькоў галоўнага героя, заможнага адзіночкі Манфрэда, і яны наведваюць яго ў снах. Начныя бацькоўскія візіты становяцца падставай для глыбокай самарэфлексіі пастаяльца прыватнага пансіёна ў Тэль-Авіве, абуджэння цікавасці да сябе і навакольных. Атачэнне ж, знаходзячыся пад уздзеяннем гарачых вятроў, таксама адкрываецца гледачам. Па ходзе дзеяння кожнаму з насельнікаў пансіёна будзе прапанавана магчымасць выказацца.

Малады рабін Альберт (Эдуард Вайніловіч).

Атрымліваецца своеасаблівая групавая тэрапія, удзельнікамі якой становяцца і гледачы. Героі разважаюць аб сваім месцы на планеце, аб сэнсе жыцця, згадваюць найбольш драматычныя моманты біяграфіі, пераасэнсоўваюць стаўленне адзін да аднаго. За плячамі ў іх жудасныя падзеі Другой сусветнай вайны і Халакосту, страты і смерць, валацужніцтва і голад. Пры гэтым, нягледзячы на такое трагічнае і яўна траўматычнае мінулае, героі ўмудраюцца захоўваць здаровую самаіронію і падыходзяць да праблем з характэрнымі яўрэйскімі гумарам і лёгкасцю.

У гэтым сэнсе вельмі трапна падабраны падзагаловак «яўрэйская рапсодыя». Сапраўды, у жанравых адносінах пастаноўка вельмі нагадвае сваёй інтанацыяй аднайменную жартаўлівую песню першай паловы мінулага стагоддзя легендарнага выканаўцы Леаніда Уцёсава (Лазара Вайсбейна). Існуючыя запісы дадзенай кампазіцыі ўяўляюць сабой спалучэнне прачытаных у характэрнай манеры анекдотаў з музычнымі перабіўкамі. Лагічна стасуецца гэта і з азначэннем рапсодыі — музычны твор свабоднай формы з украпінамі народна-песеннага матэрыялу.

Вось так і ў «Хамсіне»: гуллівыя песенныя і танцавальныя нумары чаргуюцца з сур’ёзнымі, часам страшнымі маналогамі, калі героі літаральна выварочваюць душу перад гледачамі. Сярод такіх, аднак, выдзяляюцца і некаторыя жыццесцвярджальныя. Напрыклад, мастак Кірцэль у выкананні Сяргея Шырочына ў пэўны момант выдае з авансцэны гарачую оду беспарадку і неахайнасці, якія ён супрацьпастаўляе нежывому рэгламенту нежывых устаноў. Між іншым, прамова знайшла моцны водгук у сэрцах гледачоў. Такі моцны, што нават выклікала кароткатэрміновыя авацыі. Момант, трэба сказаць, сапраўды вельмі кранальны.

Дарэчы, аўтарамі сцвярджаецца, што некаторыя з рэплік узнаўляюць развагі народнай артысткі Беларусі Галіны Талкачовай, якая пайшла з жыцця летась. Гэткім чынам драматург Таццяна Жданава аддае даніну павагі знакамітай актрысе і сваёй прыяцельцы, ушаноўвае яе памяць. Нягледзячы на ўсю знаходлівасць і густоўна напісаныя фразы, аўтары, магчыма, занадта абапіраюцца на прыём маналогу. Лінія галоўнага героя Манфрэда, яго духоўныя пошукі вырашаюцца выключна з дапамогай прамаўлення кудысьці ў прастору (да гледача) шматслоўных рэплік.

Акрамя таго, акцёр Алег Радкевіч, які адразу і беспамылкова пазнаецца пасля першай жа рэплікі (на працягу доўгіх гадоў ён быў голасам тэлеканала АНТ), увесь спектакль іграе ў адным і тым жа эмацыянальным рэгістры, і гэта значны недахоп. Чаго ж акцёру дакладна не пазычаць, дык гэта выразнасці інтанацый. Найвышэйшы бал за найцудоўнейшае чытанне, спадар Алег! Увогуле, апошняе тычыцца ўсіх артыстаў. Галасы неверагоднай сілы і выразнасці, падмацаваныя добра наладжаным гукам (дзякуй адпаведным спецыялістам), літаральна ліюцца па радах, кладучыся бальзамам на душу.

Паэт Зэйдэль (Валерый  Глазкоў) з нявестай Крысцінай (Мілана Іванова).

Немагчыма пакінуць без увагі і працу светлавікоў ды іх мастацкага кіраўніка — Уладзіслава Рыхтэра. Сэнсава акцэнтныя эпізоды ўдала падкрэсліваюцца каляровымі сафітамі. Часам гэта проста знаходка! Але месцамі, наадварот, мякка кажучы, дзіўнавата… Захапленне «сучаснага» тэатра (у шырокім сэнсе) неонава-дыскатэчнай каларыстыкай бянтэжыць. Са сцэны на сцэну вандруе непрыгожае чырвона-сіняе спалучэнне, прызванае «асучасніць», «амаладзіць», «амасавіць» спектаклі (нічога яно, канешне, не дае, акрамя болю ў вачах). Як бы там ні было, у цэлым светлавое рашэнне пастаноўкі трапляе ў цэль. Асабліва ўражвае момант, калі моцны пражэктар пачынае свяціць цеплынёй непасрэдна на гледачоў…

Вось такім атрымалася заканчэнне 29-га сезона ў Новым драматычным тэатры. Гэта крыху незбалансаванае, дзе-нідзе неахайнае, але дастойнае, тым не менш, завяршэнне перадюбілейнай праграмы. У трупы на чале з пастаноўшчыкам Сяргеем Кулікоўскім будзе яшчэ час удасканаліць асобныя моманты і адтачыць сваё майстэрства. Чакайце наступную прэм’еру ў верасні! А пакуль… спякотны ліпень, закрыццё сезона, «Хамсін» — усё гэта разам як бы прадказвае хуткую тэатральную засуху.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Аляксея Молчана

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.